НАСО́ВІЧЫ,

вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., на р. Вуць, каля аўтадарогі Гомель—Церахоўка. Цэнтр сельсавета і племзавода «Насовічы». За 21 км на Пд ад г. Добруш, 30 км ад Гомеля, 6 км ад чыг. ст. Зябраўка. 1701 ж., 663 двары (1999). Сярэдняя і муз. школы, школа-сад, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі землякам, настаўнікам і вучням, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік ахвярам Чарнобыля. Каля вёскі археал. помнік Насовічы.

У канцы 16 ст. вядома як вёска Рэчыцкага пав. ВКЛ 3 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Гомельскага пав.; 1378 ж., 239 двароў, 2 школы, бальніца, вінакурны і піваварны з-ды, крама, царква, 7 кірмашоў на год. З снеж. 1926 да 1927 цэнтр Насовіцкага раёна, з 1927 цэнтр сельсавета Гомельскага, з 1931 — Церахоўскага, з 1954 — Добрушскага р-наў, з 1938 у Гомельскай вобл. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Н. 56 чал., 155 чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію, у вер. 1943 вёску спалілі.

В.​П.​Серпікаў.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬ,

гарадскі пасёлак у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Обаль; чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. За 23 км на З ад Шуміліна, 68 км ад Віцебска. 3,3 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў гіст. крыніцах у 1503 як сяло ў Полацкім ваяв. ВКЛ. Належала Зяновічам. З 1772 у Рас. імперыі. З пач. 19 ст. цэнтр Петрапаўлаўскай вол. Полацкага пав. Росту О. садзейнічала пабудова Рыга-Арлоўскай чыгункі (1886). У канцы 19 ст. ў О. царк.-прыходская школа, вадзяны млын, бровар, Обальская драўняна-хімічная мануфактура. З 1922 пачаў выпуск прадукцыі торфазавод. З 1924 О. — цэнтр сельсавета Сіроцінскага (з 1961 Шумілінскага) р-на. У Вял. Айч. вайну ў О. дзейнічала Обальскае камсамольскае падполле. У снеж. 1962 — ліп. 1966 О. у Полацкім р-не. З 30.9.1968 гар. пасёлак.

Обальскі керамічны завод, торфапрадпрыемства, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, дзіцячы сад, Обальскага камсамольскага падполля музей, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну; магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам, помнік архітэктуры 19 ст. — сядзіба.

Г.​М.​Новікава.

т. 11, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕ́СНЯ ПРА МАЙГО́ СІ́ДА»

(«El cantar de Mío Cid»),

помнік іспанскага гераічнага эпасу. Створаны каля 1140, дайшоў у адзіным няпоўным запісе 1307 (апубл. 1779). Гіст. аснову паэмы склалі падзеі Рэканкісты — барацьба іспанцаў з арабамі, якія захапілі Пірэнеі. Гал. герой — доблесны і мудры Сід (ад араб. сеід пан), гіст. прататыпам якога стаў кастыльскі военачальнік Радрыга Дыяс дэ Бівар, празваны Кампеадорам (воінам). У ідэалізаваным вобразе Сіда ўвасобіліся характэрныя рысы змагара за вызваленне радзімы ад маўраў, вернага каралю васала, абаронцы народа ад уціску феад. знаці. Дэмакратызм і народнасць «Песні...» выявіліся ў разнастайнасці яе тэматыкі (паліт., ваен., быт., сямейнай), адсутнасці гіпербалізацыі ў адлюстраванні людзей і падзей, выразнай і яркай мове, блізкай да народнай. Помнік значна паўплываў на далейшае развіццё ісп. л-ры. Вобраз Сіда знайшоў адлюстраванне ў творах П.​Карнеля, М.​Мачада-і-Руіса, навук. працах І.​Гердэра.

Публ.:

Рус. пер. — Песнь о Роланде;

Коронование Людовика;

Нимская телега;

Песнь о Сиде;

Романсеро. М., 1976.

Літ.:

Смирнов А.А. Испанский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.

Т.​У.​Кавалёва.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМІСТЫ́ЧНАЯ ПЯЧО́РА,

карставая гіпсавая пячора на Украіне, на З Падольскага ўзвышша, у міжрэччы рэк Серэт і Збруч. Гарызантальная, месцамі шматпавярховая, з буйнымі гротамі (Зялёны, Перакрыжаванне, Геолагаў і інш.). Па агульнай працягласці падземных хадоў і галерэй (157 км) займае 1-е месца ў Еўропе і 3-е ў свеце. У зах. ч. — азёры. Карнізы, друзы, гіпсавыя кветкі, сталактыты, нацёкі. Трапляецца пячорны жэмчуг. Адкрыта ў 1966. Помнік прыроды. Спелеатурызм.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр Валяўкоўскага с/с і саўгаса «Арловічы». За 36 км ад Дуброўна, 143 км ад Віцебска, 44 км ад чыг. ст. Асінаўка. 352 ж., 128 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат. быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Парк пейзажнага тыпу 19—20 ст. — помнік садова-паркавага мастацтва.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛНІ́СКІ СІЁН,

храм, помнік грузінскага культавага дойлідства ранняга сярэднявечча. Пабудаваны ў 478—493 каля г. Балнісі. Велічная ўнутраная прастора храма падзелена 2 радамі слупоў, злучаных падковападобнымі аркамі, на 3 нефы, якія накрыты агульным 2-схільным дахам. Капітэлі ўпрыгожаны разнымі геам. ўзорамі з выявамі раслін і жывёл. З Пд — 2-апсіднае памяшканне і адкрыты порцік, з Пн — адкрытая галерэя. Побач з Балніскім Сіёнам званіца 17 ст.

Балніскі сіён.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ВАСКРАСЕ́НСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г. Барысаў. Пабудаваны ў 1874 (арх. П.​Мяркулаў). Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка, завершана 9 галоўкамі. Арх.-дэкар. элементы з белай цэглы (какошнікі, ліштвы вокнаў і дзвярэй, раскрапоўка вуглавых пілястраў і інш.) ствараюць маляўнічы кантраст з цёмна-чырвонымі сценамі. У 1907 перад саборам пабудавана званіца (арх. В.​Струеў) з больш сціплым дэкорам фасадаў.

Барысаўскі Васкрасенскі сабор.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНЫ,

пасёлак у Беларусі, у Кліноцкім с/с Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл., на р. Волма. Цэнтр рыбгаса «Волма». За 25 км на З ад г. Чэрвень, 50 км ад Мінска і чыг. ст. Мінск. 395 ж., 157 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей польскага кампазітара С.​Манюшкі, помнік на месцы б. сядзібы Убель, дзе нарадзіўся кампазітар.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПнЗ ад г. Драгічын, 100 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Драгічын. 2080 ж., 830 двароў (1995). Лясніцтва, швейнае атэлье. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (пач. 20 ст.). Курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. Вайну.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЁВА,

урочышча ў Беларусі, каля в. Бялёў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл., помнік прыроды. Купалападобнае ўзвышша выш. да 184 м, пл. 30 км², стромка абрываецца да забалочаных паніжэнняў шыр. 100—600 м. Вылучаецца надзвычай вял. для нізіннага Гомельскага Палесся перападам вышыняў — да 45 м. На паверхні Бялёва субканцэнтрычныя пясчаныя грады выш. 5—10 м. Паходжанне канчаткова не высветлена: мяркуюць, што гэта кальцавы кам ці тэктанічная структура.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)