Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́ (Marais) Жан (сапр.Вілен-Марэ; Villain-Marais; 11.12.1913, г. Шэрбур, Францыя — 9.11.1998),
французскі акцёр. Працаваў у тэатры, з 1941 у кіно. Вядомасць атрымаў пасля фільма «Вечнае вяртанне» (1943). Талент М. раскрыўся ў фільмах рэж. Ж.Както («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Двухгаловы арол», 1947; «Арфей», 1949, і інш.). Выконваў ролі ад герояў-палюбоўнікаў да рамант., загадкавых, фантаст. персанажаў: фільмы «Руі Блаз» (1947, у сав. пракаце «Небяспечнае падабенства»), «Граф Монтэ-Крыста» (1953), «Паўночныя палюбоўнікі» (1955, у сав. пракаце «Разбітыя мары»), «Белыя ночы» (1957), «Капітан Фракас» (1961), «Жалезная маска» і «Парыжскія тайны» (абодва 1962), серыя пра Фантамаса (1964—66), «Асліная шкура» (1971), «Самы блізкі сваяк» (1986). Аўтар кніг «Мае простыя ісціны» (1957), «Гісторыя майго жыцця» (1975), «Апавяданні» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ Павел Уладзіміравіч (4.9. 1904, Масква — 15.12.1979),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1963). У 1922—24 у Студыі пад кіраўніцтвам Ю.Завадскага. З 1925 у МХАТ. З 1947 выкладаў у Школе-студыі імя У.І.Неміровіча-Данчанкі (з 1961 праф.). Выканальніцкае майстэрства было адметнае пластычнасцю, завершанасцю, выверанасцю сцэн. малюнка, у камед. ролях — непасрэднасць, лёгкасць. Сярод роляў: князь Дзмітрый Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Малчалін («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Джынгль («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Чарльз Сэрфес («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.Уайльда) і інш. З 1927 здымаўся ў кіно: «Цырк» (1936), «Іван Грозны» (2-я серыя, 1958) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952.
Літ.:
Павел Массальский: Документы. Статьи. Воспоминания. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯГКО́Ў Андрэй Васілевіч (н. 8.7.1938, С.-Пецярбург),
расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1976). Нар.арт. Расіі (1986). Скончыў Ленінградскі хіміка-тэхнал.ін-т (1961), Школу-студыю МХАТ (1965). З 1965 у маскоўскім т-ры «Сучаснік», з 1977 у МХАТ (з 1989 імя А.Чэхава). Стварае вобразы тонкай псіхалагічнай распрацоўкі, афарбаваныя мяккім гумарам і іроніяй: Рэпецілаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Вайніцкі, Трыгорын, Кулыгін («Дзядзька Ваня», «Чайка», «Тры сястры» А.Чэхава), Барон («На дне» М.Горкага), Валерый («Мішаў юбілей» А.Гельмана і Р.Нельсана) і інш. З 1965 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Браты Карамазавы» (1969), «Іронія лёсу, ці З лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Летаргія» (1983), «Пасляслоўе» (1984), «Ад зарплаты да зарплаты» (1985), «Апошняя дарога» (1986), «Кантракт са смерцю» (1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯНЬШО́Ў Уладзімір Валянцінавіч (н. 17.9.1939, Баку),
расійскі кінарэжысёр, акцёр. Засл. дз. маст. Расіі (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1965). Для творчасці характэрна імкненне да раскрыцця асобы ў востраканфліктных сітуацыях, у якіх адначасова надае сюжэту і героям лірычную і гумарыстычную афарбоўку. Паставіў фільмы «Розыгрыш» (1977), «Масква слязам не верыць» (1980, прэмія «Оскар» 1981), «Каханне і галубы» (1984), «Шырлі-мырлі» (1995), «Царэвіч Аляксей» (1997). Зняўся ў фільмах «Чалавек на сваім месцы» (1973), «Апошняя сустрэча» (1974), «Асабістае меркаванне» (1977), «Пасля разводу», «Прыезд» (абодва 1982), «У пошуках зорак», «Магістраль» (абодва 1983), «Дарагі Эдысан», «Перахоп» (абодва 1986), «Дзе знаходзіцца «нофелэт»?» (1987), «Горад Зеро» (1988), «Ойча наш» (1989), «Каб выжыць» (1991), «Рускі рэгтайм» (1993), «Царэвіч Аляксей» (1997), «Кітайскі сервіз» (1999) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1978. Дзярж. прэмія СССР 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КУР Павел Аляксеевіч (26.2.1909, Вільня — 1.12.1982),
бел.акцёр. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). З 1932 у БДТ-1 (з 1944 Бел.дзярж.т-р імя Я.Купалы). Выканаўца роляў шырокага дыяпазону. Мастацтву ўласцівы дакладнасць сцэн. малюнка, драм. тэмперамент, шчырасць, мяккія сакавітыя інтанацыі. Стварыў шмат разнапланавых характараў: у бел. драматургіі — Нодэльман, Даніла Дрыль, Скробат («Канец дружбы», «Партызаны», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Аляксандр Сяргеевіч («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Верхаводка («Гэта было ў Мінску» А.Кучара); класічнай — Меркуцыо («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), настаўнік філасофіі, Валер («Мешчанін у дваранах», «Скупы» Мальера), Крогстад («Нора» Г.Ібсена), Пеця Трафімаў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Гарэцкі, Дармедонт («Ваўкі і авечкі», «Позняе каханне» А.Астроўскага), Мітрафанушка («Недаростак» Дз.Фанвізіна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ЕЎ Грыс (Рыгор Дзамбалатавіч; 15.10.1913, с. Рук, Паўднёвая Асеція — 17.11.1999),
асецінскі паэт, драматург, перакладчык. Нар. паэт Паўн. Асеціі (1973). Скончыў Маск. тэатр.ін-т (1935), вучыўся на Вышэйшых літ. курсах пры Літ. ін-це імя М.Горкага (1955—57). З 1935 акцёрПаўн.-Асецінскага драм.т-ра, у 1946—48 яго дырэктар. Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў вершаў «У крылатыя гады» (1933), «Салдат» (1948), «Жыццё і смерць» (1963), «Сем чэркесак» (1967) і інш., драм. твораў у вершах (трагедыя «Чэрмен», 1949). Паэзія П. адметная музыкальнасцю, кампазіцыйнай стройнасцю, дакладнай апрацоўкай формы. Пераклаў на асецінскую мову асобныя вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, некат. творы У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава.
Тв.:
Рус.пер. — Стихи. М., 1959;
Пятый кинжал: Стихи. Баллады. Поэмы. Орджоникидзе, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБА́ЛЬЧАНКА Аляксандр Аляксеевіч (н. 5.12.1911, Кіеў),
бел. балетмайстар, дзеяч самадз. мастацтва. Нар.арт. Беларусі (1959). Вучыўся ў тэатр. студыі пры Гомельскім траме (1931—35) пад кіраўніцтвам Е.Міровіча і К.Алексютовіча. У 1935—37 акцёр Гомельскага калгасна-саўгаснага т-ра, адначасова ў 1936—41 і 1945—58 кіраўнік танц. калектыву Гомельскага клуба чыгуначнікаў, у 1958—82 балетмайстар і маст. кіраўнік Гомельскага нар. ансамбля песні і танца, у 1945—82 адначасова маст. кіраўнік Гомельскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў. Яго пастаноўкі адметныя глыбокім сцэнічным увасабленнем самабытнага нар. мастацтва, пераканальным рэжысёрскім вырашэннем, яркай тэатральнасцю. Сярод іх: вак.-харэагр. кампазіцыі, у т. л. «Над светам голуб міру пралятае», «Беларусь — мая песня», «Непераможная і легендарная», «З песняю — у дарогу»; тэматычныя праграмы; танцы, у т. л.бел.нар. «Лявоніха», «Мяцеліца», «Таўкачыкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РЫН Іван Васілевіч (19.1.1817, С.-Пецярбург — 25.8.1885),
рускі акцёр і педагог. Вучань і паслядоўнік М.Шчэпкіна. Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1837), з 1862 выкладаў у ім. З 1837 у трупе Малога т-ра. Пачынаў з амплуа «першага палюбоўніка», з канца 1850-х г. перайшоў ад героіка-рамантычнага рэпертуару да характарных роляў. Найб. значныя ролі: Чацкі (1839), Фамусаў (1864; «Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра, 1857; С. — рэжысёр). З інш. роляў: Петручыо, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы» і «Многа шуму з нічога» Шэкспіра), Мурамскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна). З 1874 кіраваў драм. класам Маскоўскай кансерваторыі. Са студэнтамі опернага класа кансерваторыі ажыццявіў на сцэне Малога т-ра першую пастаноўку оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1879). Аўтар п’ес, якія ставіліся ў правінцыі.