міжурадавыя арганізацыі па эканам., сац., культ. і інш. гуманітарных галінах, створаныя на аснове міжнар. дагавора і звязаныя з ААНміжнар. пагадненнямі. Іх сувязь з ААН разглядаецца як фактар, закліканы вызначаць такі кірунак дзейнасці дадзенай установы, які адпавядае асноватворным мэтам і прынцыпам ААН. Тым не менш С.ў. ААН — самаст.міжнар. арг-цыі. Структура, кампетэнцыя і інш. пытанні арганізацыі С.у. ААН вызначаны ў міжнар.-прававым парадку дагаворамі, пагадненнямі або ўстаноўчымі актамі, рэгламентамі дзейнасці іх органаў. Істотнае значэнне для дзейнасці С.у. ААН мае Канвенцыя аб прывілеях і імунітэтах С.у. ААН, зацверджаная Ген. Асамблеяй ААН 21.5.1947. Да С.у. ААН поўнасцю прыдатны палажэнні Статута ААН аб суверэннай роўнасці дзяржаў-членаў, аб іх найгалоўнейшых абавязках «развіваць сяброўскія адносіны паміж нацыямі на аснове павагі прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў...».
На 1.1.2001 існуе 15 С.у. ААН: Сусветны паштовы саюз, Міжнародны саюз электрасувязі, Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Сусветная арганізацыя аховы здароўя, Сусветная метэаралагічная арганізацыя, Міжнародная марская арганізацыя, Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці, Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыяААН, Сусветны банк (уключае Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця і Міжнародную фінансавую карпарацыю), Міжнародную асацыяцыю развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны фонд сельскагаспадарчага развіцця, Міжнародную арганізацыю працы, Арганізацыю Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАВЕ́РСТВА,
рэлігійная плынь, якая ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку расколу ў Рускай праваслаўнай царкве і адмовы часткі насельніцтва прызнаць царк. рэформы патрыярха Нікана. Па рэліг. дагматыцы стараверы не адрозніваліся ад рэфармаванай правасл. царквы, але захоўвалі старую абраднасць: 8-канцовы крыж, 2-пальцавае хрышчэнне, двайная (сугубая) алілуя і інш., а таксама стары побыт. Падзяляліся на 2 буйныя галіны — папоўцаў і беспапоўцаў. Больш радыкальныя беспапоўцы адмовіліся ад ін-та свяшчэнства, таму афіцыйная правасл. царква лічыць гэтую плынь ератычнай, якая нібыта трапіла пад уладу антыхрыста. Прычынамі рознагалосся паміж галінамі сталі спрэчкі па пытаннях культу і адносін да ўлад. На Беларусь стараверы сталі перасяляцца ў 1650-я г. з Памор’я і Ноўгарада. Беспапоўцы аселі пераважна на паўн. землях (Лепель, Полацк, Віцебск, Сянно і інш.), папоўцы пасяліліся на ПдУ Беларусі (Магілёў, Чэрыкаў, Гомель, Ветка). Апошнія былі пераважна заможныя сяляне, рамеснікі, купцы. Найбольшым пасяленнем папоўцаў і ўвогуле старавераў на Беларусі было мяст. Ветка. Царскія войскі двойчы іх адтуль выганялі. У сав. час адносіны да С. былі такімі ж, як і да інш. канфесій. На 1.1.2001 зарэгістраваны 34 абшчыны старавераў (каля 20 тыс.чал.). У 1998 зарэгістраваны Цэнтральны савет Дрэўлеправаслаўнай паморскай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.
Літ.:
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX стст. Брэст, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДО́СІЙ КАСО́Й (? — сярэдзіна 1570-х г.),
рэлігійны вальнадумец і прапаведнік у Маскоўскай дзяржаве і ВКЛ; адзін з кіраўнікоў рэфармацыйнага руху ва Усх. Еўропе. Ідэолаг радыкальнай антыправасл. ерасі — феадасіянства. У 1554 прыцягнуты да следства па справе рус. вальнадумца М.Башкіна і зняволены ў адзін з маскоўскіх манастыроў. Уцёк на Беларусь, дзе жыў у 1550—60-я г. (спачатку ў Віцебску). Крытыкаваў царк. абраднасць, афіц. веравучэнне, правасл. царкву як сац.ін-т і духавенства як носьбіта ўласцівых царкве заганаў. Адмаўляў боскую прыроду Хрыста, не верыў у святых і цуды, у замагільнае жыццё і ўваскрэсенне мёртвых, крытыкаваў шанаванне абразоў, асуджаў феад.адносіны і ўладу, заклікаў да грамадскага непадпарадкавання. Выступаў за роўнасць народаў і веравызнанняў. Ідэі Ф.К. мелі шырокую падтрымку сярод гар. нізоў Беларусі і ўвогуле ВКЛ. Феадасіянства стала агульнаславянскай з’явай і адыграла немалую ролю ў генезісе антыфеад. тэндэнцый у ходзе Рэфармацыі ў ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай, уяўляла небяспеку для духоўнай манаполіі правасл. царквы. Пад пагрозай расправы Ф.К. з аднадумцамі прымусілі пакінуць Віцебск. Самыя познія звесткі пра Ф.К. датуюцца сярэдзінай 1570-х г., калі ён прапаведаваў на Валыні. Прадаўжальнікам феадасіянскіх традыцый на Беларусі быў С.Лован.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЛА ЭФЕ́КТ,
узнікненне ў правадніку з токам, змешчаным у магн. поле, электрычнага поля (холаўскай рознасці патэнцыялаў), накіраванага перпендыкулярна да шчыльнасці току і знешняга магн. поля. Адкрыты Э.Г.Холам у 1879. Тлумачыцца дзеяннем Лорэнца сілы на паток носьбітаў зараду (электронаў, дзірак, іонаў). Выкарыстоўваецца для вымярэння індукцыі магн. поля, вызначэння знака зараду рухомых носьбітаў зараду і іх канцэнтрацыі.
У магнетыках да звычайнага Х.э. дадаецца ферамагнітны (спантанны, ці анамальны) Х.э., абумоўлены намагнічанасцю правадніка. У двухмерным правадніку (таўшчыня меншая за сярэднюю даўжыню хвалі дэ Бройля электрона) з токам, змешчаным у магутнае магн. поле (калі энергія цыклатроннага руху электрона праводнасці большая за сярэднюю энергію цеплавога руху), назіраецца квантавы Х.э. — адносіны холаўскай рознасці патэнцыялаў да сілы току ступеньчатым чынам залежаць ад велічыні магн. поля і канцэнтрацыі электронаў. Адкрыты ў 1980 К. фон Клітцынгам. Выкарыстоўваецца ў метралогіі для стварэння эталона эл. супраціўлення.
Літ.:
Кучис Е.В. Гальваномагнитные эффекты и методы их исследования. М., 1990;
Клитцинг К. фон. Квантованный эффект Холла: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1986. Т. 150, вып. 1;
Штермер Х. Дробный квантовый эффект Холла: Пер. с англ. // Там жа. 2000. Т. 170, № 3.
М.А.Паклонскі.
Да арт.Хола эфект. Схема вымярэння холаўскай рознасці электрычных патэнцыялаў UH : 1 — праваднік электрычнасці; 2 — токавыя кантакты; 3 — холаўскія кантакты, — шчыльнасць току, — індукцыя знешняга магнітнага поля (перпендыкулярная плоскасці рысунка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ТА, Броз Ціта (Broz Tito) Іосіп (25.5.1892, в. Кумравец, Харватыя — 4.5.1980), дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Маршал (1943), тройчы Нар. герой (1944, 1972, 1977), Герой Сац. Працы (1950) Югаславіі. Удзельнік 1-й сусв. вайны (на баку Аўстра-Венгрыі) і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі (дзе быў у палоне). Чл. (з 1920), ген. сакратар (з 1940), старшыня (з 1966) Камуніст. партыі Югаславіі (з 1952 Саюз камуністаў Югаславіі). У час народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 галоўнакаманд. Нар.-вызв. арміяй і партыз. атрадамі (1941—45), старшыня Нац.к-та вызвалення Югаславіі (1943—45). Узнагароджаны сав. ордэнам «Перамога». Кіраўнік урада (1945—63), прэзідэнт (1953—80) Югаславіі. У перыяд часовага (1948—55) разрыву сав.-югасл. міждзярж. і міжпарт. сувязей Ц. актывізаваў кантакты з краінамі—членамі НАТО, супрацьстаяў ідэалаг. і паліт. націску СССР і прапанаваў уласную мадэль сацыяліст. грамадства, засн. на дэцэнтралізацыі кіраўніцтва гасп. дзейнасцю. На міжнар. арэне прыхільнік пазаблокавай палітыкі, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху. З 1955 адрадзіў дружалюбныя адносіны з СССР пры прызнанні апошнім своеасаблівасці югасл. мадэлі сацыялізму і неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. У 1965 наведаў Беларусь.
Тв.:
Рус.пер. — Избранные статьи и речи, май 1941 — окт. 1979 г.М., 1987.
Літ.:
Уэст Р. Иосип Броз Тито: Власть силы: Пер. с англ. Смоленск, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙКА Леанід Вікенцьевіч (н. 1.3.1944, в. Сакаўка Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (2003). Скончыў БДУ (1970), дзе і працаваў (выкладчык, дацэнт, нам. дэкана гіст. ф-та). З 1981 дырэктар Дома навукі і культуры ў Варшаве, саветнік Пасольства СССР у Польшчы. З 1986 дацэнт, праф. Мінскай Вышэйшай парт. школы (з 1990 Ін-т паліталогіі і сац. кіравання). З 1989 старшыня т-ва «Беларусь—Польшча». З 1993 гал. рэдактар час. «Беларуская мінуўшчына», адначасова з 1996 заг. кафедры дыпламат. і консульскай службы БДУ. Даследуе гісторыю пасляваен. Польшчы і інш. краін Цэнтр. Еўропы, міжнар.адносіны. Адзін з аўтараў і рэдактараў падручнікаў, даведнікаў і навуч. дапаможнікаў «Крыжовы шлях» (1993), «Беларусазнаўства» (1997), «Чыны, рангі, званні. Пратакольнае старшынства ў Беларусі і за мяжой» (1998). «Асновы дыпламатыі. Дыпламатычная служба» (2001), «Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі» (2003) і інш.
Тв.:
Мировая социалистическая система: Даты, факты, коммент. Мн., 1986 (разам з В.В.Бянькоўскім);
Испытание на прочность: О-во польско-сов. дружбы: становление и развитие. Мн., 1989;
Испытание властью: Уроки и выводы из деятельности ПОРП. Мн., 1991;
Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Новая социал-демократия. Трансформация левой партии в Польше. Мн., 2001;
Политическое развитие Польши в 70—80-е гг. XX в. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАВЫЗНА́ННЕ,
1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэліг. вучэння якой-н. царквы. У краінах, дзе ажыццёўлена свабода сумлення, усім грамадзянам дадзена права свабодна выбіраць любое з веравызнанняў, арганізоўвацца ў рэліг. суполкі, выяўляць у набажэнствах і пропаведзях свае рэліг. перакананні. Рэліг. свабода, упершыню абвешчаная ў час Франц. рэвалюцыі 1789—99, з цягам часу пашырылася на інш. краіны. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае «права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў».
2) Рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізац. структуру. Падрабязна распрацаванае з дагматычнымі ўстанаўленнямі, выкладзенае ў спец. палажэннях веравучэнне наз.канфесіяй. У сучасным разуменні веравызнанне — прыналежнасць да пэўнай царквы ў веравучэнні і абраднасці. Звычайна тэрмін «веравызнанне» ўжываецца ў дачыненні да рэліг. кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу — хрысціянства, іудаізм, іслам, будызм. На Беларусі дзейнічаюць арг-цыі і абшчыны, вернікі якіх належаць да праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай, стараверскай, новаапостальскай цэркваў, евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, сведкаў Іеговы, іудзейскай, мусульманскай рэлігій і інш. Веравызнанні і іх дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНА́ў праве,
адносіны асобы да сваіх проціпраўных дзеянняў і іх шкодных вынікаў, выяўленыя ў форме намеру або неасцярожнасці; неабходная ўмова юрыд. адказнасці. Калі ў дзеяннях асобы няма віны, яна вызваляецца ад адказнасці. У крымінальным праве перадумовай віны з’яўляюцца наяўнасць у асобы свядомасці і дасягненне ёю ўстаноўленага законам узросту крымін. адказнасці. Злачынства прызнаецца наўмысным, калі асоба, якая яго ўчыніла, усведамляла грамадска небяспечны характар сваіх дзеянняў або бяздзеянняў, прадбачыла іх грамадска небяспечныя вынікі і жадала (прамы намер) або свядома дапускала (ускосны намер) іх надыход. Неасцярожным злачынствам лічацца проціпраўныя дзеянні асобы, калі яна прадбачыла магчымасць наступлення іх грамадска небяспечных вынікаў, але легкадумна разлічвала на іх прадухіленне (злачынная саманадзейнасць) або не прадбачыла магчымасці іх наступлення, хоць павінна была і магла іх прадбачыць (злачынная нядбайнасць). У цывільным праве віна — умова адказнасці за правапарушэнне: невыкананне або неналежнае выкананне дагаворнага ці іншага абавязацельства, учыненне незаконнай здзелкі, нанясенне маёмаснай шкоды і г.д. Форма віны, як правіла, не ўплывае на памеры цывільна-прававой адказнасці. Калі ў надыходзе неспрыяльных вынікаў вінаваты абодва бакі, то ўлічваецца віна аднаго і другога. Пры невыкананні або неналежным выкананні абавязацельства па віне абодвух бакоў суд адпаведна змяншае меру адказнасці даўжніка. У асобных выпадках цывільнае права прадугледжвае адказнасць пры адсутнасці віны правапарушальніка. Напр., арг-цыя або грамадзянін абавязаны пакрыць шкоду, нанесеную крыніцай павышанай небяспекі, за выключэннем выпадкаў, калі шкода ўзнікла ў выніку неадольнай сілы або намеру пацярпелага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎПТМАН (Hauptmann) Герхард (15.11.1862, Оберзальцбрун, цяпер г. Шчаўна-Здруй, Польшча — 6.6.1946),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у г. Брэслаў, Іенскім ун-це, вывучаў скульптуру ў Рыме (1883—84). З пазіцый натуралізму напісаны яго драмы «Перад усходам сонца» (1889), «Свята перамір’я» (1890); «Адзінокія» (1891), сац. п’есы «Возчык Геншэль» (1898), «Роза Бернд» (1903), «Пацукі» (1911) і сац.-гіст. драма «Ткачы» (1892; пра паўстанне сілезскіх ткачоў 1844). Аўтар сатыр. камедыі «Бабровае футра» (1893), гіст. трагедыі «Фларыян Геер» (1896; пра сял. паўстанне 1524—25). Цікавасць да гіст. і міфалагічных тэм, цяга да ірацыяналізму ў драмах «Зімовая балада» (1917), «Белы выратавальнік» (1920), раманах «Юродзівы Эмануэль Квінт» (1910), «Ерэтык з Сааны» (1918), «Востраў Вялікай маці» (1924). Драма «Перад захадам сонца» (1932) сцвярджае гуманіст. ідэалы. Аўтар аўтабіягр. тэтралогіі ў вершах «Атрыды» (выд. 1941—48) на сюжэт грэч. легенды. Яго негатыўныя адносіны да нацыянал-сацыялізму выявіліся ў фантаст. паэме «Вялікі сон» (1942). Нобелеўская прэмія 1912. П’есы Гаўптмана ставіліся на Беларусі: «Эльга» — т-рам імя Я.Купалы (1926), «Ткачы» — на Бел. тэлебачанні (1970).
Тв.:
Рус.пер. — Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1910—12;
Пьесы. Т. 1—2. М., 1959.
Літ.:
Сильман Т. Герхард Гауптман, 1862—1946. Л.;
М., 1958;
Герхард Гауптман: Библиогр. указ. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. (1891—1983). Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОТ Мікалай Якаўлевіч (30.4.1852, Хельсінкі — 4.6.1899),
расійскі філосаф, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), вывучаў філасофію ў Германіі (1875—76). З 1876 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та, Новарасійскага ун-та ў Адэсе (з 1883) і Маскоўскага ун-та (з 1886). З 1889 адзін з арганізатараў і рэдактар час. «Вопросы философии и психологии». Логіку вызначаў як навуку пра пазнанне, а пазнавальную дзейнасць — як сукупнасць «псіхічных абаротаў». У сацыялогіі адмаўляў суб’ектыўны метад, імкнуўся стварыць аб’ектыўную форму прагрэсу. Эвалюцыяніраваў ад пазітывісцкага адмаўлення навук. значэння філасофіі («Адносіны філасофіі да навукі і мастацтва», 1883) да спробы стварыць самастойную філас. сістэму. Сваю філас. пазіцыю называў «монадуалізмам» («Пра душу ў сувязі з сучаснымі вучэннямі аб сіле», 1886). Па сутнасці яна была плюралістычнай канструкцыяй, заснаванай на прызнанні двух ці больш зыходных субстанцыяльных пачаткаў, аб’яднаных на нейтральнай аснове. Абараняў прынцып свабоды волі («Крытыка паняцця свабоды волі і сувязі з паняццем прычыннасці», 1889), імкнуўся даказаць узаемадзеянне псіхічных і матэрыяльных працэсаў, увёў паняцце псіхічнай энергіі («Жыцёвыя задачы псіхалогіі», 1890; «Паняцце душы і псіхічнага жыцця ў псіхалогіі», 1897, і інш.).
Тв.:
Психология чувствований в ее истории и главных основах. СПб., 1879—1880;
К вопросу о реформе логики. Нежин, 1882;
О научном значении пессимизма и оптимизма как мировоззрений. Одесса, 1884;
Джордано Бруно и пантеизм. Одесса, 1885;
Философия и ее общие задачи: Сб. статей. СПб., 1904.