СУЛЬФІ́ДЫ (ад лац. sulphur, sulfur cepa),

хімічныя злучэнні серы з больш электрададатнымі элементамі, пераважна металамі; адносяцца да металідаў. Бінарныя С. агульнай ф-лы M2Sn (М — метал, n — валентнасць металу) могуць разглядацца як солі серавадароднай к-ты H2S (гл. Серавадарод). С. пашыраны ў прыродзе; С. прыродныя — адзін з класаў мінералаў, найб. шырока выкарыстоўваюць — пірыт, сфалерыт, малібдэніт, кінавар.

С. падзяляюць на 3 асн. групы. С. шчолачных, шчолачназямельных металаў і магнію — солепадобныя, бясколерныя гіграскапічныя рэчывы. Маюць высокія т-ры плаўлення (напр., С. кальцыю CaS t 2525 °C). Многія раствараюцца ў вадзе з раскладаннем (гідралізуюцца). У паветры акісляюцца да сульфатаў. С. пераходных металаў — крышт. тугаплаўкія рэчывы (напр., С. лантану LaS tпл 2190 °C, цэрыю CeS tпл 2450 °C). Не раствараюцца ў вадзе, хімічна ўстойлівыя. С. p-элементаў і блізкія да іх С. цынку ZnS, кадмію CdS, ртуці HgS — крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе, раствараюцца ў мінер. к-тах, акісляюцца ў паветры пры награванні. Шэраг элементаў утварае полісульфіды, у якіх атамы серы злучаныя паміж сабой. Асабліва схільныя да ўтварэння полісульфідаў калій, натрый, амоній і шчолачназямельныя элементы. Пры награванні яны лёгка раскладаюцца на простыя С. і серу. Атрымліваюць С. ўзаемадзеяннем простых рэчываў у вакууме ці інертнай атмасферы, H2S з металамі, іх аксідамі і гідраксідамі, аднаўленнем сульфатаў. Прыродныя С. выкарыстоўваюць для атрымання металаў, сернай к-ты і сульфатаў (пірыт), сінт. — у гарбарнай прам-сці для дублення скуры (С. барыю BaS, натрыю Na2S), як люмінафоры і паўправадніковыя матэрыялы (напр., ZnS, CdS), ZnS як кампанент літапону, у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднікамі (полісульфіды кальцыю і барыю).

Літ.:

Самсонов Г.В., Дроздова С.В. Сульфиды. М., 1972.

А.​П.​Чарнякова.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МІЯ ЦВЁРДАГА ЦЕ́ЛА,

навука аб сінтэзе, фізіка-хім. уласцівасцях і выкарыстанні рэчываў, якія знаходзяцца ў цвёрдым агрэгатным стане.

Як самаст. галіна хіміі сфарміравалася ў 1970-я г. на базе даследаванняў механізму і кінетыкі хім. рэакцый з удзелам цвёрдых цел, у т. л. найб. пашыраных з іх — тапахім. рэакцый (хоць бы 1 рэагент у цвёрдым стане). Асн. задача Х.ц.ц. — сінтэз рэчываў у цвёрдым стане пэўнага саставу, з зададзенай структурай (што вызначае рэакцыйную здольнасць цвёрдага цела). Састаўной часткай Х.ц.ц. з’яўляецца атрыманне інфармацыі аб уплыве структуры цвёрдых цел на іх рэакцыйную здольнасць і ўласцівасці, вывучэнне механізму дыфузіі ў цвёрдых целах і фазавых пераходаў. Да рэакцый, якія вывучаюцца і выкарыстоўваюцца на практыцы з удзелам цвёрдых цел, адносяцца: працэсы абпальвання, аднаўлення, хларавання руд металаў, цэментацыя сталі; прыгатаванне каталізатараў; сінтэз і ачыстка паўправадніковых матэрыялаў, тэмплатны сінтэз цвёрдых цел; атрыманне нанапорыстых мембран і цэалітаў і інш. Найб. пашыраныя метады даследавання: рэнтгена- і электронаграфія, электронная мікраскапія, тэрмічны аналіз, спектральныя метады (напр., ядзерная спектраскапія), ізатопны метад вывучэння дыфузіі і інш.

На Беларусі даследаванні па Х.ц.ц. праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, БДУ і інш. Значны ўклад у фарміраванне і развіццё Х.ц.ц. зрабілі Б.В.Ерафееў, М.М.Паўлючэнка, В.В.Свірыдаў, А.І.Лесніковіч.

Літ.:

Дельмон Б. Кинетика гетерогенных реакций: Пер. с фр. М., 1972;

Гилевич М.П., Покровский И.И. Химия твердого тела. Мн., 1985;

Вест А.Р. Химия твердого тела: Теория и приложения: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1988;

Крапухин В.В., Соколов И.А., Кузнецов Г.Д. Технология материалов электронной техники: Теория процессов полупроводниковой технологии. М., 1995.

Т.​М.​Вараб’ёва.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЧАТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, якія не дэфармуюцца і не разбураюцца пры высокіх т-рах пад уздзеяннем мех. нагрузак. Гарачатрываласць вызначаецца ў асноўным межамі паўзучасці і працяглай трываласці, дасягаецца падборам хім. саставу матэрыялу (сплаву) у спалучэнні з пэўнымі ўмовамі крышталізацыі і тэрмічнай апрацоўкі.

Гарачатрывалая сталь мае акрамя жалеза хром, нікель, марганец і інш. Яе мех. ўласцівасці павышаюць легіраваннем (малібдэн, вальфрам, ванадый, ніобій і інш.), загатоўкай з наступным старэннем. Выкарыстоўваецца на выраб дэталей паравых установак высокага ціску, клапанаў авіярухавікоў, турбінных і кампрэсарных дыскаў і інш. Гарачатрывалыя сплавы ствараюцца на нікелевай, кобальтавай, жалезахроманікелевай аснове. Патрэбную іх структуру (з раўнамерным размеркаваннем часціц інтэрметалічных злучэнняў, барыдаў) атрымліваюць гомагенізавальным гартаваннем і старэннем, легіраваннем тугаплаўкімі хім. элементамі і элементамі-ўмацавальнікамі (тытан, алюміній, ніобій, бор), а таксама памяншэннем колькасці свінцу, волава, сурмы, вісмуту, серы. Вырабы, прызначаныя для працяглай эксплуатацыі пры т-ры больш за 800 °C, дадаткова апрацоўваюць алітаваннем, эмаліраваннем, на іх наносяць тугаплаўкія вокіслы і інш. Гарачатрывалыя сплавы ідуць на выраб дэталей паравых і газавых турбін, газатурбінных рухавікоў, энергет. машын і інш. Гарачатрывалы чыгун — аўстэнітны, з шарападобнай формай графіту, легіраваны нікелем, хромам і марганцам. З яго атрымліваюць вырабы, якія эксплуатуюцца пры павышаных т-рах (да 600 °C) і нагрузках у агрэсіўных асяроддзях: галоўкі поршняў, выхлапныя калектары рухавікоў унутр. згарання, карпусы турбанагравальнікаў і інш. Да гарачатрывалых матэрыялаў адносяцца таксама тугаплаўкія металы, металакераміка, некаторыя кампазіцыйныя матэрыялы.

На Беларусі гарачатрывалыя матэрыялы даследуюцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі. Створаны эканомналегіраваныя гарачаўстойлівыя маркі сталі (выкарыстоўваюцца для вырабу тэрмічных печаў, шклаформаў і інш.), накіравана закрышталізаваныя эўтэктычныя сплавы (больш гарачаўстойлівыя, чым вядомыя прамысловыя), даследаваны высокалегіраваныя сплавы на жалезнай, алюмініевай і нікелевай асновах.

Г.​Г.​Паніч.

т. 5, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),

струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e​1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d​1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.

Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст. — інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел. нар. муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.​Грыдзюшка, У.Захараў, В.​Жывалеўскі.

І.​Дз.​Назіна.

Да арт. Гітара. Гітарыст Мастак В.​А.​Трапінін. 1823.

т. 5, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,

агнястрэльная зброя, у якой перазараджанне і чарговы выстрал выконваюцца аўтаматычна за кошт энергіі парахавых газаў або энергіі інш. крыніц. Адзін з асн. і масавых відаў сучаснага ўзбраення, якім аснашчаюцца амаль усе віды войскаў. Паводле канструкцыі бывае самазарадная (аўтам. перазараджаецца і робіць толькі адзіночныя стрэлы) і самастрэльная (стрэлы чэргамі і бесперапынна). Падзяляецца на стралковую (калібр да 20 мм), да якой адносяцца аўтам. пісталеты, пісталеты-кулямёты, аўтаматы, самазарадныя і аўтам. вінтоўкі і карабіны, ручныя, станковыя, буйнакаліберныя кулямёты, і артылерыйскую — аўтам. пушкі (калібр больш за 20 мм). Падача патронаў магазінная (са спец. скрынак-магазінаў) і стужачная (з гнуткіх металічных стужак). Гал. асаблівасць аўтаматычнай зброі — высокая скарастрэльнасць і вял. шчыльнасць агню.

Першыя праекты аўтаматычнай зброі з’явіліся ў 1863 у ЗША, у 1889 у Расіі. Паводле прынцыпу дзеяння аўтаматыкі аўтаматычная зброя падзяляецца на 4 тыпы: сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі аддачы рухомага ствала, затвор у час стрэлу трывала счэплены, аўтаматыка такіх сістэм бывае з доўгім або кароткім ходам ствала (пісталет ТТ, кулямёт Максіма); сістэмы зброі, якія выкарыстоўваюць аддачу затвора пры нерухомым ствале, затвор у час стрэлу не счэплены са ствалом або счэплены напаўсвабодна, адваротны рух затвора і зараджанне робіцца сілай зваротнай спружыны (пісталеты-кулямёты ППШ-41, ППС-43 і інш.); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі адводу парахавых газаў з канала ствала ў газавую камеру праз адводную адтуліну ў ствале (аўтамат, кулямёт М.​Ц.​Калашнікава, кулямёт В.​А.​Дзегцярова і інш.); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі інш. крыніц, у прыватнасці рознага роду рухавікоў (напр., амер. 20-мм авіяц. пушка «Вулкан»).

т. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ ДЫНА́МІКА,

раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух газападобных і вадкіх асяроддзяў з улікам сціскальнасці і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Сучасная газавая дынаміка вывучае таксама цячэнне газаў пры высокіх т-рах, што суправаджаецца хім. (дысацыяцыя, гарэнне і інш.) і фіз. (іанізацыя, выпрамяненне і інш.) працэсамі. Да газавай дынаміцы адносяцца таксама радыяцыйная газавая дынаміка, дынаміка плазмы, дынаміка выбуху і дэтанацыі, дынамічная метэаралогія і інш. Газавая дынаміка цесна звязана з тэрмадынамікай.

Газавая дынаміка займаецца вывучэннем сіл, якія дзейнічаюць на самалёт, снарад, ракету, на лапаткі турбін, вызначэннем найбольш прыдатных (абцякальных) формаў гэтых цел, разлікам соплаў, дыфузараў, эжэктараў, эксперым. даследаваннямі ў аэрадынамічных трубах, мадэляваннем на ЭВМ і інш. Тэарэт. разлікі пераносяцца на натуру метадамі падобнасці тэорыі. Найб. важная характарыстыка газавых патокаў — лік Маха: M = ​v/a (v — скорасць газу, a — скорасць гуку ў газе). Пры скарасцях газаў, меншых за скорасць гуку ў газе (M<1), сціскальнасць газу надае патоку толькі якасныя змены, а пры скарасцях газу, большых за скорасць гуку ў газе (M>1), рух цела суправаджаецца ўзнікненнем ударнай хвалі і рэзкім ростам супраціўлення руху. Вялікі ўклад у развіццё газавай дынамікі зрабілі вучоныя: расійскі С.​А.​Чаплыгін, савецкія С.​А.​Хрысціяновіч, А.​А.​Дарадніцын, Л.​І.​Сядоў, ням. Л.​Прандтль, Т.​Маер, англ. Дж.​І.​Тэйлар і інш.

На Беларусі даследаванні па газавай дынаміцы пачаліся ў 1960-я г. ў АН Беларусі і БДУ. Вынікі даследаванняў па газавай дынаміцы выкарыстоўваюцца ў фізіцы плазмы, балістыцы, ракета- і турбамашынабудаванні і інш.

Літ.:

Абрамович Г.Н. Прикладная газовая динамика. Ч. 1—2. 5 изд. М., 1991;

Зельдович Я.Б., Райзер Ю.П. Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966.

Л.​Я.​Мінько.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІЧНЫЯ ПЕ́СНІ, масленіцы, масленкі,

жанр каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх еўрап. народаў. Паводле сезоннай прымеркаванасці адносяцца да веснавых песень: завяршаюць зімовы і пачынаюць веснавы песенны цыкл. У розных народаў існуюць у розных версіях адпаведна веснавому ці зімоваму характару святкавання: пераважна веснавой (бел.-ўкр.), па-зімоваму карнавальнай (паўд.-славянскай), мяшанай (рускай). Веснавыя версіі змыкаюцца з гуканнямі вясны, зімовыя з праводзінамі зімы. У бел. каляндарна-песенным фальклоры М.п. ўваходзяць у веснавы цыкл (спяваюцца «як на вясну пацягне»). Пашыраны пераважна на Падняпроўі і Паазер’і. Тыповы сюжэт М.п. — «масленіца-ласуха» (пасля якой настае вял. пост) і «масленіца-падманка» («казалі, масленкі сем нядзель // ажно тыя масленкі — адзін дзень. // Адна нядзелька — і тая караценька»). Многія сюжэты пераклікаюцца з веснавымі карагодамі (жарт. проціпастаўленне адносін да нялюбага старога і мілага «роўніцы»). Для раёнаў цэнтр. Паазер’я найб. характэрны М.п., што спяваліся ў час гушкання на арэлях. Іх напевы спалучаюць у сабе інтанацыі веснавых гуканняў са свабодным рытмам «гушкальнага размаху». Тыповыя прыпевы — «гу-та-та», «гу-ля-лё» або «масленіца, масленіца». На Падняпроўі М.п. нярэдка маюць аднолькавыя тыпавыя напевы з веснавымі гуканнямі. У паўн. раёнах Віцебшчыны М.п., як і само святкаванне, набліжаюцца да рус. варыянтаў «праводзін зімы». Для зах. рэгіёна спецыфічныя М.п. з тыпалагічна акрэсленымі напевамі не ўласцівы і іх замяняюць умоўна прымеркаваныя да гэтага часу лірычныя і апавядальныя песні (т.зв. «запусныя»), якія не нясуць рытуальнай функцыі і выконваюцца ў «бяседзе» («у час гасцявання»).

Публ.:

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

Літ.:

Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Пашина О.А. Календарно-песенный цикл у восточных славян. М., 1998.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГІЯНА́ЛЬНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,

раздзел геалогіі, што вывучае геал. будову і гісторыю развіцця асобных рэгіёнаў (краін, кантынентаў, акіянаў, складкавых сістэм, платформ або іх частак). Гал. задачы Р.г.: комплекснае геал. даследаванне рэгіёнаў (геал. будова, стратыграфічная паслядоўнасць і ўзрост адкладаў, іх рэчыўны састаў і ўмовы намнажэння, эфузіўныя і інтрузіўныя ўтварэнні, метамарфізм, тэктагенез, фарміраванне і размеркаванне радовішчаў карысных выкапняў і інш.) і параўнальны аналіз геал. будовы і гісторыі развіцця асобных рэгіёнаў для высвятлення будовы і эвалюцыі зямной кары кантынентаў і Зямлі, таксама заканамернасці размяшчэння ў ёй карысных выкапняў. Гал. метады Р.г.: геалагічная здымка, глыбокае і звышглыбокае свідраванне, комплекс геафіз. (электра-, траві-, магніта-, сейсмаметрыя і інш.), геахім., петраграфічных, палеанталагічных даследаванняў, розныя віды дыстанцыйнага зандзіравання (аэрафота і касм.) і інш. Вынікі рэгіянальных геал. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры гідрагеал. і інжынерна-геал. дзейнасці, у пошуках карысных выкапняў, прадстаўляюцца ў выглядзе геалагічных карт, карт карысных выкапняў, таксама тэктанічных, геахім., палеагеаграфічных, літолага-фацыяльных і інш. карт, справаздач, тлумачальных запісак.

Першыя рэгіянальныя геал. даследаванні адносяцца да 2-й пал. 18 ст., сістэм, характар яны набылі з пач.: 19 ст. пасля распрацоўкі Агульнай стратыграфічнай шкалы фанеразойскіх адкладаў. Найб. вядомыя вучоныя ў галіне Р.г.: англ. Р.​І.​Мурчысан, франц. Ф.​Вернёйль, рус. А.​А.​Кейзерлінг, Р.​П.​Гельмерсен, А.​П.​Карпінскі, А.​Дз.​Архангельскі, У.​А.​Обручаў, М.​С.​Шацкі, М.​М.​Страхаў, В.​Я.​Хаін і інш.

На Беларусі даследаванні па Р.г. праводзяць арг-цыі ВА «Белгеалогія». Значны ўклад у развіццё Р.г. зрабілі П.​А.​Туткоўскі, Г.​Ф.​Мірчынк, А.​М.​Жырмунскі, Г.​І.​Гарэцкі, А.​С.​Махнач, А.​В.​Фурсенка, М.​М.​Цапенка, Л.​М.​Вазнячук, С.​С.​Маныкін і інш.

Літ.:

Милановский Е.Е. Геология России и ближнего зарубежья (Северной Евразии). М., 1996.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 13, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НЕ-ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, цыянавыя водарасці (Cyanophyta, або Cyanomycota),

аддзел водарасцей. З кл.: храакокавыя, хамесіфонавыя і гармагоніевыя водарасці. Паводле будовы клетак (у т. л. арганізацыі ядзернага апарату, саставу і генет. уласцівасцей) адносяцца да пракарыётаў, а таксама да бактэрый і наз. цыянабактэрыямі. Адначасова С.-з.в. ўключаюць у бат. класіфікацыю, якая з’яўляецца філагенетычнай, і наз. цыянапракарыётамі. Каля 150 родаў, 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з дакембрыю (узрост некат. з іх больш за 3 млрд. гадоў). На Беларусі 327 відаў, разнавіднасцей і форм з 55 родаў: асцыляторыя, насток, мікрацысціс, афанізаменон, глеятрыхія, глеякапса, фармідыум, калотрыкс, спіруліна, афанатэцэ, сінехакокус і інш.

Аднаклетачныя, каланіяльныя і шматклетачныя (ніткаватыя) арганізмы, мікраскапічныя, часта ўтвараюць буйныя скопішчы ў выглядзе корак і кусцікаў выш. да 20 см (у трапічных морах). Афарбоўка ад сіне-зялёнай да чырвонай. Фотасінтэзуючыя, маюць хларафіл a, караціноіды і асобныя пігменты — фікабіліпратэіды Для С.-з.в. характэрна адсутнасць жгуцікавых стадый і палавога працэсу.

Размнажэнне вегетатыўнае. Уваходзяць у склад планктону, бентасу прэсных вод і мораў, жывуць на паверхні глебы, у гарачых крыніцах з т-рай вады да 80 °C, у вапнавым субстраце, гарах, Арктыцы і Антарктыцы. З’яўляюцца піянерамі жыцця ў крайніх умовах існавання. Часта знаходзяцца ў сімбіятычных адносінах з іншымі арганізмамі: аднаклетачнымі водарасцямі, што страцілі хларапласты, прасцейшымі, грыбамі (лішайнікі), моха- і папарацепадобнымі, сагаўнікавымі, пакрытанасеннымі. Выконваюць ролю азотфіксатараў і выкарыстоўваюцца як угнаенне (напр., на рысавых палях). Выклікаюць «цвіценне» вады ў вадасховішчах. Некат. ўжываюцца ў ежу (насток, спіруліна), выкарыстоўваюцца для культывавання (напр., для вырабу лекаў).

Літ.:

Громов Б.В. Ультраструктура сине-зеленых водорослей. Л., 1976;

Гусев М.В., Никитина К.А. Цианобактерии. М., 1979;

Komárek J, Anagnostidis K. Cyanoprokaryota. // Süsswasserflora von Mittel europa. Jena etc., 1999. Bd. 19, t. 1.

Т.​М.​Міхеева.

т. 14, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕ́ЧАНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, металакераміка,

вырабы і паўфабрыкаты з парашкоў металаў і металападобных злучэнняў або іх сумесей з неметал. парашкамі. Атрымліваюць спяканнем — тэрмаапрацоўкай, якая ўшчыльняе свабодна рассыпаную або спрасаваную масу парашку, а таксама фіз. працэсамі, што забяспечваюць запаўненне пор. Адносяцца да кампазіцыйных матэрыялаў, вырабленых спяканнем парашкоў.

Для аднакампанентнага цела тэхнал. т-ра спякання tсп = (2/3—4/5)tпл (цвердафазнае спяканне), для многакампанентнага tсп роўная або некалькі большая за т-ру плаўлення (tпл) самага легкаплаўкага кампанента (вадкафазнае спяканне). Аднакампанентныя С.м. на аснове алюмінію з-за аксіднай плёнкі на часцінках парашкоў атрымліваюць вадкафазным спяканнем. Пры вытв-сці высакапорыстых С.м. (фільтраў) спяканне можа быць канчатковай аперацыяй, пры атрыманні высокатрывалых С.м. неабходна дапрасоўка і другаснае спяканне. Выкарыстоўваюць таксама камбінаваную тэрмамех. апрацоўку — гарачае прасаванне і гарачую коўку, а таксама калібраванне спечаных вырабаў для зніжэння допускаў па памерах. На С.м. порыстасцю менш за 10% можна наносіць зносаўстойлівыя, антыкаразійныя і дэкаратыўныя пакрыцці. Пашыраны цеплаўстойлівыя керамічныя кампазіты (керметы) на меднай і жалезнай сувязной фазе з напаўняльнікамі з аксідаў і сіліцыдаў, гарачатрывалыя С.м. на аснове нікелю і кобальту, антыфрыкцыйныя матэрыялы (алюміній-графіт, жалеза-графіт, высокапалімерыграфіт). С.м. выкарыстоўваюцца для вырабу дэталей трансп. сродкаў, машынабудавання, камп’ютэраў, быт. прылад, а таксама ў ядз. тэхніцы як паглынальныя і запавольвальныя элементы, ядз. паліва.

На Беларусі даследаванні па С.м. вядуцца ў Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, Бел. нац. тэхн. ун-це, Канцэрне парашковай металургіі і інш.

Літ.:

Вязников Н.Ф., Ермаков С.С. Металлокерамические материалы и изделия. 2 изд. Л., 1967;

Порошковая металлургия: Спеченные и композицион. материалы: Пер. с нем. М., 1983;

Порошковая металлургия: Материалы, технология, свойства, области применения. Киев, 1985.

А.​П.​Ласкаўнёў.

Спечаныя матэрыялы: порыстая структура, атрыманая пры спяканні парашкоў бронзы БрОФ 10-1 (павелічэнне × 100).

т. 15, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)