ВО́ЧНЫ ЦВЕТ (Anagallis),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, як занесеныя ў Паўн. Амерыцы; 1 від — у тропіках абодвух паўшар’яў. На Беларусі пераважна ў паўд. і паўд.-зах. раёнах трапляюцца зрэдку як пустазелле на палях, агародах, пустках, каля дарог вочны цвет палявы (Anagallis arvensis) і вельмі рэдка як пустазелле, а таксама на сухіх схілах і ў хмызняках вочны цвет блакітны (Anagallis foemina).

Адна-, двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым распасцёртым ці ўзнятым сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, супраціўнае, найчасцей сядзячае. Кветкі звычайна адзіночныя на доўгіх кветаножках у пазухах лістоў, з кола- або лейкападобным чырв. блакітным ці белым вяночкам. Плод — шарападобная каробачка. Лек. (мачагонны, патагонны, жаўцягонны, слабільны сродак) і ядавітыя расліны. Садовыя формы некаторых відаў (напр., гібрыдная буйнакветная Anagallis grandiflora) вырошчваюць як дэкаратыўныя.

Вочны цвет палявы.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПАДЗЕ́ННЕ МА́ТКІ,

частковы або поўны выхад маткі за палавую шчыліну; заключная ўскладненая стадыя апушчэння сценак похвы і маткі. Бывае пры парушэнні цэласці ці тонусу мышцаў тазавага дна, расслабленні апарата, які звязвае матку і мышцы пярэдняй брушной сценкі, пры павышаным унутрыбрушным ціску. Гэтаму садзейнічаюць частыя роды дзяцей з вял. вагой, цяжкая фіз. праца, гарманальныя і дыстрафічныя парушэнні тканак. Найчасцей хварэюць пажылыя (старэй за 60 гадоў) жанчыны.

Пры няпоўным выпадзенні маткі матка з шыйкай часткова выходзіць за межы палавой шчыліны, пры поўным усё цела маткі знаходзіцца за межамі палавой шчыліны. Спалучаецца з апушчэннем мачавога пузыра і пярэдняй сценкі прамой кішкі. Выпадзенне маткі праяўляецца адчуваннем пабочнага цела ў палавой шчыліне, ацёкам, іншы раз трафічнымі язвамі шыйкі, сценак похвы і маткі, болямі і цяжарам унізе жывата, расстройствамі мочаспускання і рэфекацыі (цяжкасць ці немагчымасць мочаспускання, нетрыманне мачы і газаў). Лячэнне хірургічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗКАСЦЬ БІЯЛАГІ́ЧНЫХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,

уласцівасць структураваных высокадысперсных асяроддзяў біял. паходжання (клетачнай цытаплазмы, ліквору, лімфы і плазмы крыві і інш.), супраціўляцца перамяшчэнню адной іх часткі адносна другой. У большасці выпадкаў вызначаецца структурнай вязкасцю і ў адрозненне ад нармальных (ньютанаўскіх) вадкасцей (вада, спірт, вазелінавы алей і інш.) лічыцца анамальнай — назіраюцца адхіленні паводле тыпу тыксатрапіі. У анамальных вадкасцях (напр., высокадысперсных біял. асяроддзях і растворах біяпалімераў) за кошт сіл счэплівання часцінак або макрамалекул узнікаюць трывалыя прасторавыя структуры, якія выклікаюць рэзкае павышэнне вязкасці. Абсалютная вязкасць цытаплазмы вагаецца ад 2 да 50 спз (1 спз = 10​−3н∙с/м²), яна мяняецца ў розных частках клеткі і ў розныя перыяды жыцця, залежыць ад т-ры і ўздзеяння апрамянення. Вязкасць крыві ў чалавека ў норме 4—5 спз, пры паталагічных працэсах вагаецца ад 1,7 да 22,9 спз, што паказвае САЭ (скорасць асядання эрытрацытаў).

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДО́ГРАФ (ад грэч. hodos шлях, рух, кірунак + ...граф),

1) у механіцы — крывая лінія, утвораная канцом вектар-функцыі, значэнні якой пры розных значэннях аргумента адкладзены ад агульнага пачатку (пункт 0). Калі, напр., становішча рухомага пункта M вызначаецца радыус-вектарам r→, то гадограф вектара r→ — траекторыя руху гэтага пункта. Гадограф дае геам. ўяўленне пра змяненне ў часе некат. вектар-функцыі і пра скорасць гэтага змянення, якая накіравана па датычнай да гадографа, напр., скорасць v→ пункта M накіравана па датычнай да гадографа вектара r→, паскарэнне w→ — па датычнай да гадографа вектара скорасці v→.

2) У сейсмалогіі — графік залежнасці паміж адлегласцю і часам, на працягу якога сейсмічныя ваганні распаўсюджваюцца ад цэнтра землетрасення або выбуху да пункта назірання. Аналіз формы гадографа выкарыстоўваецца пры даследаваннях будовы Зямлі, для разведкі карысных выкапняў і інш.

Гадографы: 1 — радыус-вектара r→; 2 — скорасці v→.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАФІ́ТЫ [ад гала... + ...фіт(ы)],

расліны, якія растуць на моцна засоленых глебах: па берагах мораў, на саланцах, саланчаках і інш. Марфалагічна часта падобныя да сукулентаў, але адрозніваюцца ад іх высокім асматычным ціскам (да 100 і больш атмасфер). Падзяляюцца на 3 групы. Эўгалафіты, або сапраўдныя галафіты (т.зв. салянкі), маюць пераважна мясістае лісце і сцёблы; цытаплазма ў іх клетках вельмі ўстойлівая да высокіх канцэнтрацый солей, якія назапашваюцца ў іх у вял. колькасці (салярос, сведа і шэраг пустынных паўкустоў). Крынагалафіты выдзяляюць назапашаныя ў іх солі пры дапамозе асаблівых залозак, якія ўкрываюць лісце і сцёблы. У сухое надвор’е на іх утвараецца налёт солей (напр., кермек, тамарыкс). Углікагалафітаў каранёвая сістэма мала пранікальная для солей, таму ў тканках яны не назапашваюцца ў вял. колькасці (некаторыя віды палыну і інш.). Сярод культ. раслін сапраўдныя галафіты адсутнічаюць. Гл. таксама Солевынослівасць раслін.

Л.​В.​Кірыпенка.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎЧЫНСКІЯ,

княжацкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Родапачынальнікам лічаць кн. Мікіту Рапалоўскага. Зваліся таксама Галоўчынскімі-Мікіцінічамі. Валодалі Галоўчынам (адсюль прозвішча), Княжычамі, Водвай, Езднай і інш. Род згас у 1658. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Мацей Мікітавіч (каля 1470 — пасля 1536), сын Мікіты. У ВКЛ прыехаў у 1495 як сакратар дачкі Івана III Алены Іванаўны. Атрымаў маёнтак Княжычы каля Галоўчына і інш. Са сваіх маёнткаў выстаўляў у войска ВКЛ 79 вершнікаў. Яраслаў Мацеевіч (каля 1510—67), маршалак каралеўскі (1549), староста ковенскі (1567). Шчасны Яраславіч (?—1610 або 1611), дзяржаўца любашанскі, кашталян мінскі (1600). Аляксандр Яраславіч (каля 1570 — 12.5.1617), кашталян жамойцкі (1604), староста лідскі (1607), ваявода мсціслаўскі (1614). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Канстанцін Яраславіч (?—1620), кашталян мсціслаўскі (1613). Ян (каля 1570—22.1.1631), чашнік ВКЛ (1624), удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РВАРДСКАЯ ШКО́ЛА,

кірунак амер. паліт. эканоміі, які вывучае прыроду капіталіст. цыклаў і прагназаванне гасп. кан’юнктуры з выкарыстаннем метадаў стат. і матэм. аналізу, т.зв. «эканамічны барометр». Гал. ідэя Гарвардскай школы — магчымасць прадухілення і ліквідацыі крызісаў. Узнікла пасля 1-й сусв. вайны, склалася вакол К-та эканам. даследаванняў (створаны ў 1917 пры Гарвардскім ун-це). Буйны прадстаўнік Гарвардскай школы У.​К.​Мітчэл у сваёй працы «Эканамічныя цыклы. Праблема і яе пастаноўка» (1927) разглядаў эканам. цыклы, узлёты і падзенні дзелавой актыўнасці як больш або менш плаўную змену кан’юнктурных хваль. Ён прапаноўваў ствараць сістэму дзярж. страхавання ад беспрацоўя і ўвесці сістэму індыкатыўнага (рэкамендацыйнага) планавання эканомікі. Погляды Гарвардскай школы атрымалі пашырэнне ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Польшчы, дзе ў 1920-я г. былі створаны кан’юнктурныя ін-ты для вывучэння стат. матэрыялаў з мэтай эканам. прадказанняў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛА́ЧЫК (Nymphaea),

род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічным і ўмераным паясах. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык чыста-белы (N. candida) і больш рэдкі гарлачык белы, або белая вадзяная лілея (N. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.

Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным гарызантальным карэнішчам і плаваючым на паверхні вады круглавата-авальным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, рознага колеру (белыя, ружовыя, блакітныя, ліловыя і інш.), дыяметрам да 30 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва роду) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Харч., кармавыя, дубільныя, лек. і дэкар. расліны. Карэнішча мае крухмал, алкалоід німфеін, дубільныя і інш. рэчывы.

Т.​К.​Марозава.

Гарлачык белы.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛА́ЧЫК ЖО́ЎТЫ (Nuphar),

род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык жоўты жоўты, або жоўтая вадзяная лілея (N. lutea), і вельмі рэдкі гарлачык жоўты малы (N. pumila), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.

Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным тоўстым гарыз. карэнішчам і плаваючым на паверхні вады авальна-эліптычным, глыбока-сэрцападобным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, жоўтыя ці аранжавыя, з моцным пахам, дыяметрам да 2—5 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Лек., кармавыя і дэкар. расліны. Карэнішча мае ядавіты алкалоід нуфарын, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы.

Т.​К.​Марозава.

Гарлачык жоўты.

т. 5, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́Я ВЕ́РХНЯЯ,

прыродная вобласць Зах. Афрыкі, уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал., паміж 10 — 12° паўн. ш. на Пн і 9—10° усх. д. на У. Большую ч. тэр. займае Паўночна-Гвінейскае ўзвышша, пераважныя выш. 500—1000 м, найб. — да 1948 м (г. Бінтымані). Уздоўж акіяна цягнецца нізінная раўніна шыр. 50—200 км. Клімат экватарыяльны і экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячная т-ра 21 — 29 °C, ападкаў ад 1000—1500 мм на Пн да 3000—4000 мм на прыморскай нізіне. Шматлікія мнагаводныя рэкі, самыя вялікія — Нігер, Вольта. Ва ўнутр. раёнах Гвінеі Верхняй высакатраўныя саванны на чырвоных фералітных глебах, па далінах рэк галерэйныя лясы. Вільготныя трапічныя і лістападныя лясы прыбярэжнай раўніны значна зведзены; на забалочаных узбярэжжах мангравыя лясы і хмызнякі. У межах Гвінеі Верхняй поўнасцю або часткова размешчаны Гвінея-Бісау, Гвінея, Сьера-Леоне, Ліберыя, Кот-д’Івуар, Гана, Тога, Бенін, Нігерыя.

т. 5, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)