бачныя на прасвет відарысы (узор, малюнак, штрыхоўка, тэкст) на паперы, якія наносяцца ў працэсе яе вырабу; своеасаблівая марка вытворцы паперы. Атрымліваюцца ў працэсе адлівання паперы з дапамогай валіка — эгуцёра, на сетцы якога нанесены рэльеф (філігрань) адпаведнай выявы.
Упершыню вадзяныя знакі з’явіліся ў Італіі ў 13 ст. З 2-й чвэрці 16 ст. першыя вадзяныя знакі зроблены на мясц. паперы ў Вільні. У 2-й пал. 16—17 ст. мясцовымі вадзянымі знакамі пазначана прадукцыя паперняў Радзівілаў у Слуцку, Любані, Алыку, Кавячынскіх у Нясвіжы і Уздзе, Сапегаў у Гальшанах і інш.Асн. сюжэтамі вадзяных знакаў на паперы мясц. вырабу ў 16—19 ст. былі гербы шляхецкіх родаў, у 18—19 ст. — таксама выявы чалавечых фігур, жывёл, птушак і інш.
У наш час вадзяныя знакі наносяцца на паперу, якая ідзе на выраб грошай, дакументаў, каштоўных папер, каб пазбегнуць падробак. Папера з вадзянымі знакамі ў выглядзе падоўжных і папярочных палос («вежэ») выкарыстоўваецца на форзацы і вокладках кніг. Вадзяныя знакі вывучаюцца філіграналогіяй. У кнігазнаўстве дапамагаюць дакладна датаваць рукапісы і старадрукаваныя выданні.
Г.Я.Галенчанка, У.М.Сацута.
Вадзяныя знакі на паперы: 1 — Полацкага евангелля (15 ст.); 2 — «Апостала» (1460); 3, 4 — Біблейскага зводу (1-я пал. 16 ст. і 1514); 5 — мінеі (16 ст.); 6, 7 — «Псалтыра» Ф.Скарыны (1517 і 1522); 8 — рукапіснага збору з прадмовай В.Цяпінскага (1570-я г.); 9 — рукапісу твораў І.Кунцэвіча (каля 1610); 10 — паслання слуцкага архіепіскапа М.Казачынскага (1753).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСАРЫЁН (Bessarion; 2.1.1403?, г. Трабзон, Турцыя — 18.11.1472),
візантыйскі царк. дзеяч, гуманіст. У 1423 прыняў манаства пад імем Вісарыён. Вывучаў філасофію і інш. навукі пад кіраўніцтвам Пліфана. З 1437 епіскап Нікеі (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Прымкнуў да лацінафільскай групоўкі візант. знаці, лічыў неабходным саюз Візантыі з Захадам у мэтах сумеснай барацьбы супраць туркаў. На Фларэнційскім саборы 1438—45 спрыяў заключэнню уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі (1439). Перайшоў у каталіцтва, у 1439 прызначаны кардыналам. Пасля правалу уніі ў Візантыі вымушаны перасяліцца ў Італію (1440). Пасля падзення Канстанцінопаля (1453) быў адным з ініцыятараў крыжовага паходу супраць туркаў, дзеля чаго ездзіў з пасольствам да германскага імператара Фрыдрыха III і франц. караля Людовіка XI. Беспаспяхова выстаўляў сваю кандыдатуру на папскі прастол. У 1463 прызначаны патрыярхам Канстанцінопаля. У філас. поглядах быў паслядоўнікам Платона. У працы «Супраць паклёпніка на Платона» сцвярджаў, што ў трыядзе Платона (Бог, розум, сусветная душа) ужо быў зародак хрысц. вучэння аб Тройцы. На думку Вісарыёна, у канцэпцыі паходжання свету Платон таксама блізкі да хрысціянства, бо вучыў пра ўзнікненне «ўсяго з нічога». Значная роля Вісарыёна ў прапагандзе грэч. культуры ў Італіі. Пераклаў з грэч. мовы на латынь 14 кніг «Метафізікі» Арыстоцеля, «Метафізіку» Тэафраста, творы Ксенафонта, прамовы Дэмасфена. У 1468 перадаў у дар Венецыянскай рэспубліцы сваю унікальную бібліятэку грэч. рукапісаў.
Літ.:
Удальцова З.В. Жизнь и деятельность Виссариона Никейского // Византийсккй временник. 1976. Т. 37;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІІ МАСТА́ЦКІЯ,
установы (найчасцей дзярж.), якія з’яўляюцца навукова-творчымі цэнтрамі ў пытаннях класічных мастацтваў, а таксама вышэйшыя (часам прыватныя) маст. школы.
Першапачаткова акадэміі мастацкія, што ўзніклі ў Італіі ў 16 ст., былі свабоднымі аб’яднаннямі мастакоў, якія вывучалі мастацтва антычнасці, прыёмы майстроў Адраджэння і вял. значэнне надавалі малюнку як асн. форме мастацтва. Першая ўласна акадэмія мастацкая створана ў Парыжы ў 1648 як Каралеўская акадэмія жывапісу і скульптуры, дзе на аснове прынцыпаў класіцызму былі распрацаваны правілы т.зв. «вялікага стылю» прыдворнага арыстакратычнага мастацтва. На ўзор парыжскай створаны акадэміі мастацкія ў Вене (1692), Берліне (1694), Лондане (1768) і інш.
У 1757 створана першая рас. акадэмія мастацкая (Пецярбург; існавала да 1918). У ёй вучыліся і мастакі з Беларусі Л.Альпяровіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, А.Гараўскі, Ф.Гарэцкі, Ф.Дмахоўскі, К.Кукевіч, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, Б.Тамашэвіч, І.Трутнеў, І.Хруцкі і інш. У 19 ст. многія акадэміі мастацкія ператварыліся ў цэнтры афіц. мастацтва і праваднікоў ідэаліст. эстэтыкі, сталі тормазам у развіцці прагрэсіўнага мастацтва. Паміж мастакамі-рэалістамі і прадстаўнікамі акад. мастацтва ішла барацьба (гл.Перасоўнікі). Пецярбургская акадэмія мастацкая, як і многія інш., захавала сваё значэнне як школа прафес. майстэрства. У 19 ст. на Захадзе акадэміямі часам наз. прыватныя маст. студыі (акадэмія Жуліяна ў Парыжы) і інш. У 1933 у Ленінградзе створана як ВНУУсерас. акадэмія мастацкая, рэарганізаваная ў 1947 у акадэмію мастацкую СССР (Масква), з 1991 Расійская акадэмія мастацтваў. На Беларусі працуе (з 1991) Беларуская акадэмія мастацтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ,
працэс выкарыстання гаручых газаў у розных галінах тэхнікі і на быт. патрэбы. Садзейнічае росту эфектыўнасці вытв-сці, паляпшэнню сан.-гігіенічных умоў працы і побыту.
Зараджэнне газіфікацыі адносіцца да 18 — пач. 19 ст., калі сталі скарыстоўваць газ для асвятлення гарадоў у Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі і інш. краінах. З развіццём газавай прамысловасці пачалося планамернае і мэтанакіраванае выкарыстанне прыроднага газу ў хім. прам-сці, металургіі, машынабудаванні, энергетыцы, буд-ве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і інш.Найб. развіта ў ЗША, Расійскай Федэрацыі, Канадзе, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ФРГ, Нідэрландах, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Алжыры, Лівіі і інш.
На Беларусі шырокая прамысл. і бытавая газіфікацыя пачалася з 1960, пасля буд-ва магістральнага газаправода Дашава—Мінск. Да 1964 прыродны газ атрымалі Брэст, Гродна, Баранавічы, Бярозаўская ДРЭС, Ваўкавыскі цэментны і Бярозаўскі вапнавы з-ды, на пач. 1971—52 гарады рэспублікі. Агульная працягласць газаправодаў на Беларусі каля 17 тыс.км (1995). Звадкаваны нафтавы газ пастаўляецца з Расійскай Федэрацыі. У 1995 прыродны газ выкарыстоўваўся ў 97 гарадах і пасёлках, амаль у 700 населеных пунктах. З агульнай колькасці рэалізаванага прыроднага газу выкарыстана: прамысл. прадпрыемствамі і электрастанцыямі 83%, камунальна-бытавымі прадпрыемствамі і насельніцтвам каля 8% (гл.табл.).
Створана ў 1991 у Маскве ў выніку зліцця Дзярж. камернага хору СССР (існаваў з 1971) і Дзярж. сімфанічнага аркестра Мін-ва культуры СССР (існаваў з 1957). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор капэлы В.Палянскі. Капэла ўяўляе сабой арган. адзінства двух муз. арганізмаў, якія захоўваюць пэўную творчую самастойнасць (маюць уласныя канцэртныя праграмы, гастрольныя планы, здзяйсняюць запісы). Дзякуючы асаблівай сінт. структуры калектыў мае магчымасць выконваць узоры класічнай музыкі — месы і араторыі, рэквіемы і кантаты, прызначаныя для выканання салістамі, хорам і аркестрам, у т. л. «Глорыя» А.Вівальдзі, «Месія» Г.Ф.Гендэля, месы В.А.Моцарта і Ф.Шуберта, рэквіемы Л.Керубіні, Дж.Вердзі, Моцарта, І.Брамса, А.Брукнера, «Званы» С.Рахманінава, «Вяселейка» І.Стравінскага, многія оперы ў канцэртным выкананні. Капэла — першы выканаўца многіх твораў А.Шнітке, М.Сідзельнікава, С.Губайдулінай і інш. Выступленням капэлы ўласцівыя глыбіня інтэрпрэтатарскіх канцэпцый, высокая ансамблевая культура, бездакорнае пачуццё стылю, каларыстычнае багацце гукавой палітры. Аркестр быў створаны як оперна-сімф. аркестр Усесаюзнага радыё і тэлебачання (арганізатар і першы маст. кіраўнік С.Самасуд), з 1981 яго ўзначальваў Г.Раждзественскі, пад кіраўніцтвам якога калектыў на высокім узроўні выканаў у канцэртах і запісаў на радыё ўсе сімфоніі Брукнера, Дз.Шастаковіча, А.Анегера, Шнітке і інш. Хор (арганізатар і кіраўнік Палянскі) набыў найб. вядомасць пасля ўдзелу ў Міжнар. конкурсе поліфанічных хароў «Гвіда д’Арэца» ў Італіі, дзе стаў лаўрэатам. Яго рэпертуар вялікі і разнастайны, выкананне адметнае высокай вакальна-харавой тэхнікай, прыгожым роўным гучаннем, крышталёвай яснасцю і дакладнасцю інтанавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),
міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс.чл., у т. л. 3500 тыс.чл.ВЛКСМ). Бел.камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв. вайны і інш. З 1935 пал уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікаць міжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.
Літ.:
Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТЭР (англ. cutter),
невялікае (водазмяшчэннем да 400 т) самаходнае, звычайна быстраходнае, судна. Паводле прынцыпу руху адрозніваюць К. водазмяшчальныя, глісіруючыя, на падводных крылах і паветр. падушцы. Існуюць К. для перавозкі людзей (пасажырскія, раз’язныя, турысцкія) і невял. грузаў (грузавыя), для нясення ахоўнай (міліцэйскія, пагранічныя), мытнай, лоцманскай, выратавальнай службы, выканання баявых задач і інш. мэт.
К. баявыя — караблі ваенныя з найменшымі габарытамі і асадкай, прызначаныя для дзеянняў у прыбярэжных раёнах мора, на рэках і азёрах. Есць у ВМС многіх дзяржаў. Паводле асн. ўзбраення і функцыян. задач адрозніваюць К.: мінныя (самы ранні тып К., які з’явіўся ў рус.ВМФ у час рус.-тур. вайны 1877—78), тарпедныя (з’явіліся ў 1-ю сусв. вайну спачатку ў Вялікабрытаніі і Італіі), артыл. (пашыраная разнавіднасць — бранякатэр, у СССР будаваліся да 1984), вартавыя (патрульныя), дэсантныя, процімінныя (К.-тральшчыкі), процілодачныя, ракетныя (найб. позні тып, будуюцца з сярэдзіны 20 ст.). На Беларусі К. (бранякатэры, К.-тральшчыкі, вартавыя, мінныя, глісеры і паўглісеры) былі пашыраны ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій, у т. л. ў 1930-я г. будаваліся ў г. Пінск для польскай Пінскай флатыліі.
К. наз. таксама карабельную шлюпку на 10—14 вёслаў, часам аснашчаную двухмачтавым парусам з кліверам, фокам і гротам, а таксама рухавіком.
Літ.:
Белавин Н.И. Боевые катера. М., 1987;
Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994;
Широкорад А. Речные линкоры // Воин. 1996. № 8.
У.Я.Калаткоў. Р.К.Паўловіч.
Малы браніраваны катэр Дняпроўскай ваеннай флатыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВІТА́Н (Ісак Ільіч) (30.8.1860, г. Кібартай, Літва — 4.8.1900),
расійскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—85) у А.Саўрасава і В.Паленава, з 1898 выкладаў у гэтым вучылішчы. З 1884 экспанент, з 1891 чл.Т-ва перасоўных выставак (гл.Перасоўнікі). З 1897 чл.маст. аб’яднання і «Мюнхенскі Сецэсіён». Зазнаў уплыў мастакоў барбізонскай школы. Жыў пераважна ў Маскве. Працаваў у Крыме, на Волзе, у Фінляндыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі. Майстар камернага, лірычнага пейзажа, т. зв. пейзажа настрою. Імкнуўся да раскрыцця найтанчэйшых станаў прыроды, цэласнасці эмацыянальнага вобраза. У 1880-я г. ствараў кампазіцыі з дакладна пабудаванымі прасторавымі планамі, звязанымі ўраўнаважаным колеравым ладам («Вечар. Залаты Плёс», «Пасля дажджу», абодва 1889). Пазней перадача канкрэтных ландшафтаў змянілася ўвасабленнем тыловых рыс, характару рус. прыроды («Вячэрні звон», «Каля віру», абодва 1892). Святлонасычанасць, празрыстасць чыстых колераў, унутр. дынаміка некаторых работ блізікія да стылістыкі імпрэсіянізму («Бярозавы гай», 1885—89; «Сакавік», 1895). У вял. кампазіцыях гэтыя якасці з’яўляюцца сродкам дасягнення мажорнай звонкасці колеру, якая спалучаецца з устойлівай вызначанасцю форм («Свежы вецер. Волга», 1891—95; «Залатая восень», 1895). Творчасць 1890-х г. развівалася ў рэчышчы агульных стылістычных пошукаў рус. мастацтва; вызначалася імкненнем да абагульненасці пісьма, плоскасна-дэкар., вострасілуэтнага вырашэння кампазіцыі, некаторай драматызацыі пейзажнага матыву («Над вечным спакоем», 1894; «Змярканне Стагі», 1899; «Летні вечар», 1900). Скончыў жыццё самагубствам.
Літ.:
И.И.Левитан: Письма. Документы. Воспоминания. М., 1956;
Федоров-Давыдов А.А. И.И.Левитан: Жизнь и творчество. М., 1966.
(Beer); 5.9.1791, Фогельсдорф, каля Берліна — 2.5.1864], французскі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік франц. вялікай оперы. Вучыўся ў М.Клеменці (фп.),
К.Ф.Цэльтэра, Б.А.Вебера, Г.І.Фоглера (тэорыя музыкі і кампазіцыя) і інш. З 1816 жыў у Італіі, з 1824 у Парыжы, з 1842 у Берліне (у 1842—46 генерал-музік-дырэктар т-ра «Каралеўскія відовішчы»). Першы поспех М. прынесла рамант. опера «Роберт-Д’ябал» (паст. 1831). Характэрныя рысы вял. оперы (гіст. тэматыка, кантрастнасць вобразаў, складаныя перапляценні гісторыка-сац. і лірычных драматургічных ліній, эмацыянальная насычанасць музыкі, пышная дэкаратыўнасць спектакля) найб. поўна выявіліся ў операх «Гугеноты» (паст. 1836), «Прарок» (паст. 1849), «Дынора» (паст. 1859), «Афрыканка» (паст. 1865; дзве апошнія маюць некат. рысы лірычнай оперы). Стыль вял. оперы М. стварыў разам з драматургам-лібрэтыстам Э.Скрыбам. З інш. твораў: араторыя «Бог і прырода» (1811), хары, песні, рамансы, музыка да драм. спектакляў і інш. Шырока карыстаўся прыёмамі сімф. развіцця, узбагаціў трактоўку хору, аркестра, імкнуўся аб’яднаць дасягненні розных нац. оперных школ. Яго творчасць паўплывала на эвалюцыю еўрап. опернага мастацтва.
Літ. тв.: Briefwechsel und Tagebücher. Bd. 1—3. Berlin, 1960—75.
Літ.:
Соллертинский И.И. Мейербер. М., 1962;
Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX вв.: Очерки. М., 1962. С. 350—366;
Becker H. G.Meyerbeer in Selbstzeugnissen und Bilddokumenten. Reinbek bei Hamburg, 1980;
Becker H. und G. G.Meyerbeer Ein Leben in Briefen. Leipzig, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ АЛІМПІ́ЙСКІ КАМІТЭ́Т (MAK; International Olympic Committee),
вышэйшы кіруючы орган сучаснага алімп. руху. Створаны 23.6.1894 (Парыж) па ініцыятыве П. дэ Кубертэна. МАК арганізуе Алімпійскія гульні. У першы склад МАК выбраны прадстаўнікі Аргенціны, Багеміі, Бельгіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Новай Зеландыі, Расіі, Францыі і Швецыі; яны сталі арганізатарамі нац.алімп. к-таў (НАК) у сваіх краінах. Статутны дакумент МАК — Алімпійская хартыя. У абавязкі МАК уваходзіць рэгулярнае правядзенне зімовых і летніх Алімп. гульняў, іх пастаяннае ўдасканаленне, кіраванне развіццём аматарскага спорту ў свеце. МАК прымае рашэнні аб прызнанні НАК і міжнар.спарт. федэрацый (МСФ); вызначае праграму Алімп. гульняў; з’яўляецца вышэйшай інстанцыяй пры вырашэнні пытанняў, звязаных з іх арг-цыяй і правядзеннем; выбірае алімпійскі горад; засноўвае і прысуджае алімп. ўзнагароды. Сесіі МАК збіраюцца штогод, у алімп. годзе двойчы — у час зімовых і летніх гульняў; праводзяцца алімп. кангрэсы. У перыяд паміж сесіямі работай кіруе Выканком МАК. У яго складзе: прэзідэнт (выбіраецца на 8 гадоў), 3 віцэ-прэзідэнты і 5 членаў (на 4 гады). Для кожнай краіны выбіраецца звычайна 1 член МАК. У сістэме МАК ёсць пастаянныя камісіі, якія займаюцца рознымі пытаннямі алімпійскага руху (камісіі па допуску спартсменаў да ўдзелу ў Алімп. гульнях; фінансавая, юрыд., мед., узнагародная, па культ. праграме, прэсе і інш.). Бюджэт складаецца з даходаў ад продажу правоў паказу Алімп. гульняў па тэлебачанні, ахвяраванняў і інш.Афіц. мовы МАК — франц. і англ. Выдае штомесячны бюлетэнь-часопіс «Revue Olympique» («Алімпійскі агляд») на франц., англ. і ісп. мовах, а таксама афіц. даведачную і інш. л-ру.