ПІРАМЕ́ТРЫЯ (ад піра... + метрыя),

сукупнасць аптычных (бескантактных) метадаў вымярэння тэмпературы. Метады П. заснаваны на законах цеплавога выпрамянення або законах тэрмічнай раўнавагі; яны не патрабуюць непасрэднага кантакту з даследуемым целам (дазваляе вымяраць т-ры аддаленых цел) і не маюць абмежавання вымярэння.

Вымярэнне т-р па інтэнсіўнасці суцэльнага спектра выпрамянення праводзіцца на падставе Кірхгофа закону выпрамянення і Планка закону выпрамянення. У залежнасці ад спектральнага складу выпрамянення існуюць метады П.: радыяцыйныя або сумарнага выпрамянення, яркасныя і па спектральным размеркаванні выпрамянення, у т. л. т.зв. каляровы метад. Гэтыя метады выкарыстоўваюць для вызначэння т-ры цвёрдых цел і вадкасцей. Метады П. газаў і плазмы заснаваны на вымярэнні інтэнсіўнасці спектральных ліній. Яны забяспечваюць макс. дакладнасць, калі вядомы абс. імавернасць адпаведнага энергет. пераходу і канцэнтрацыя атамаў. Калі канцэнтрацыя атамаў невядомая, выкарыстоўваюць метад адносных інтэнсіўнасцей, у якім т-ру вызначаюць па адносінах інтэнсіўнасцей 2 спектральных ліній або па спектральным размеркаванні інтэнсіўнасцей шэрагу ліній Т-ра плазмы вызначаецца па форме ці шырыні спектральных ліній, якія залежаць ад т-ры непасрэдна (Доплера эфект) або ўскосна (Штарка з’ява).

На Беларусі даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1961 у Ін-це фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену, Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Свет Д.Я. Оптические методы измерения истинных температур М., 1982;

Гордов АН., Жагулло О.М., Иванова А.Г. Основы температурных измерений. М., 1992;

Снопко В.Н. Основы методов пирометрии по спектру теплового излучения. Мн., 1999.

В.​М.​Снапко.

т. 12, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНА́РНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць метадаў вырабу паўправадніковых прылад і інтэгральных схем шляхам фарміравання іх структур з аднаго боку монакрышт. паўправадніковай падложкі. Грунтуецца на стварэнні ў прыпаверхневым слоі падложкі абласцей з розным тыпам праводнасці або з рознай канцэнтрацыяй дамешкаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць структуру паўправадніковай прылады ці інтэгральнай схемы. Забяспечвае выраб у адзіным тэхнал. працэсе вял. колькасці ідэнтычных прылад з высокай узнаўляльнасцю параметраў, высокую прадукцыйнасць і інш.; займае вядучае месца ў тэхналогіі вырабаў мікраэлектронікі.

Асн. аперацыі: нанясенне тонкай дыэлектрычнай плёнкі (звычайна аксіду крэмнію SiO2) на паверхню крышт. паўправадніка (крэмнію, германію, арсеніду галію); выдаленне пры дапамозе фоталітаграфіі ці электроналітаграфіі пэўных абласцей гэтай плёнкі (стварэнне тэхнал. маскі); лакальнае ўвядзенне ў крышталь праз атрыманую маску донарных ці акцэптарных дамешкаў (легіраванне). Усе вобласці выходзяць на адзін (рабочы) бок падложкі, што дае магчымасць праз вокны ў SiO2 рабіць іх камутацыю ў адпаведнасці з зададзенай схемай пры дапамозе плёначных метал. праваднікоў. Адрозніваюць планарна-эпітаксіяльную тэхналогію (уключае аперацыю эпітаксіяльнага арыентаванага нарошчвання на паверхню монакрышт. падложкі тонкага слоя крэмнію) і яе ўдасканаленую разнавіднасць — ізапланарную тэхналогію (з павялічанай якасцю ізаляцыі абласцей).

На Беларусі распрацоўкамі ў галіне П.т. і выкарыстаннем яе ў вытв-сці займаюцца ў НВА «Інтэграл».

Літ.:

Технология СБИС: Пер. с англ. К.Н. 1—2. М., 1986;

Сугано Т., Икома Т., Такэиси Ё. Введение в микроэлектронику: Пер. с яп. М., 1988;

Taur У. The incredible shrinking transistor // IEEE Spectrum. 1999. July.

В.​У.​Баранаў.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА ЎЛА́СНАСЦІ,

сукупнасць прававых норм, якія замацоўваюць прыналежнасць маёмасці пэўным асобам, устанаўліваюць аб’ём і змест правоў уласніка, спосабы і межы іх ажыццяўлення, а таксама гарантуюць ахову і абарону правоў і інтарэсаў уласніка. Побач з паняццем П.ў. як сукупнасці юрыд. норм (П.ў. ў аб’ектыўным сэнсе) існуе паняцце П.ў. ў суб’ектыўным сэнсе як устаноўленая заканадаўствам мера дазволеных паводзін уласніка па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю. Уласнік правамоцны ажыццяўляць у адносінах маёмасці, што яму належыць, любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, грамадскай карысці і бяспецы, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, гіст.-культ. каштоўнасцям і не ўшчамляюць правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў інш. асоб. Ён мае права адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць інш. асоб, перадаваць ім права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, застаючыся ўласнікам, аддаваць маёмасць у залог, распараджацца ім іншым чынам. Уласнік нясе цяжар утрымання маёмасці, што яму належыць, і рызыкі выпадковай яе гібелі або псавання, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам. Змест правамоцтваў уласніка вызначаецца цывільным, канстытуцыйным, зямельным, фінансавым і інш. галінамі права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь замацоўвае 2 формы ўласнасці: дзярж. і прыватную. Суб’ектамі права дзярж. уласнасці выступае Рэспубліка Беларусь (рэсп. ўласнасць) і адм.-тэр. адзінкі (камунальная ўласнасць). Законам вызначаюцца віды маёмасці, якая можа знаходзіцца толькі ў дзярж. уласнасці. Суб’ектамі права прыватнай уласнасці з’яўляюцца фіз. і недзярж. юрыд. асобы. Правы ўсіх уласнікаў абараняюцца аднолькава. Дзяржава гарантуе стабільнасць адносін уласнасці.

І.​П.​Кузьміч.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДАКАРЫСТА́ННЕ,

сукупнасць усіх форм і відаў выкарыстання прыродных рэсурсаў, уздзеяння чалавецтва на геаграфічную абалонку Зямлі і мерапрыемстваў па захаванні прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў грамадскай вытворчасці. Паводле накіраванасці і эфектыўнасці ўздзеяння на прыроду П. падзяляюць на рацыянальнае і нерацыянальнае. Рацыянальнае П. забяспечвае эканомную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў і ўмоў, раўнавагу паміж эканам. развіццём грамадства і ўстойлівасцю навакольнага асяроддзя, захаванне здароўя людзей, ахову і ўзнаўленне эстэт. уласцівасцей ландшафтаў, урадлівасці глебы, чысціні паверхневых і падземных вод, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш. Нерацыянальнае П. выклікае зніжэнне якасці і спусташэнне прыродных рэсурсаў, узнаўленчых сіл прыроды, пагаршэнне і забруджванне навакольнага асяроддзя. Бывае таксама інтэнсіўнае П. — эксплуатацыя прыродных рэсурсаў з хуткасцю, блізкай да хуткасці іх самааднаўлення (для аднаўляльных рэсурсаў), або эксплуатацыя значнай ч. агульнага запасу неаднаўляльных рэсурсаў; і экстэнсіўнае П., калі аднаўляльныя прыродныя рэсурсы выкарыстоўваюцца з хуткасцю значна меншай, чым хуткасць іх самааднаўлення, а неаднаўляльныя — выкарыстоўваюцца ў нязначнай ч. ад іх агульнага запасу. Таксама П. — комплексны навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў грамадствам, узаемаадносіны паміж прыроднымі рэсурсамі і ўмовамі жыцця і дзейнасці чалавека, аптымізацыю гэтых адносін і мерапрыемствы па захаванні і ўзнаўленні асяроддзя жыцця. П. ўключае элементы прыродазнаўчых, грамадскіх і тэхн. навук, дзе гал. значэнне мае аналіз антрапагенных уздзеянняў на прыроду з пункту гледжання захавання прыроды і здароўя людзей. Гл. таксама Прыродаахоўныя нормы, Прыродных рэсурсаў кадастр.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБАТЫЗАВА́НЫ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС (РТК),

сукупнасць тэхнал. абсталявання, прамысловых робатаў і сродкаў іх аснашчэння, якая функцыянуе аўтаномна. Структура РТК залежыць ад прызначэння, выбару абсталявання і робатаў, характару вытв-сці. Паводле віду тэхнал. працэсу адрозніваюць РТК для мех. апрацоўкі вырабаў, халоднай штампоўкі, коўкі, ліцця, прасавання пластмас, тэрмічнай апрацоўкі, зваркі, зборкі, кантролю і г.д. РТК для работы ў складзе гібкіх вытв. сістэм (напр., гібкі вытворчы модуль, дапоўнены прамысл. робатам) павінны аўтаматызавана пераналаджвацца.

Асн. крытэрый адбору тэхнал. абсталявання пры арганізацыі РТК — ступень яго аўтаматызацыі: яна павінна быць дастатковай, каб без значных канструкцыйных пераробак забяспечыць работу ў аўтам. рэжыме, а прамысл. робат — у макс. ступені змяншаць удзел чалавека ў выкананні аперацый. У сістэмах кіравання звычайна выкарыстоўваюць многапрацэсарныя прыстасаванні лічбавага праграмнага кіравання, якія даюць магчымасць лёгка і хутка прыстасоўваць РТК да змены ўмоў работы. Работа РТК характарызуецца аб’ёмам партый прадукцыі, якія могуць выпускацца без пераналадкі комплексу, і наменклатурай (пералікам) выпускаемых відаў прадукцыі.

Літ.:

Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;

Белянин П.Н., Идзон М.Ф., Жогин А.С. Гибкие производственные системы. М., 1988;

Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;

Робототехника и гибкие автоматизированные производства. Кн. 1—9. М., 1986.

А.​В.​Самойленка.

Схемы рабатызаваных тэхналагічных комплексаў з прамысловым робатам: а — убудаваным у станок (1, 3 — сістэмы кіравання робата 4 і станка 2; 5 — тактавы стол); б — убудаваным у гібкі вытворчы модуль (1 — станок, 2 — робат, 3 — стэлаж з загатоўкамі і апрацаванымі дэталямі).

т. 13, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОБАТАТЭХНІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць апрацоўчых і інш. машын, прамысловых робатаў, транспартнага і дапаможнага абсталявання, прызначаных для аўтам. выканання тэхнал. аперацый. Звычайна мае сістэму праграмнага кіравання на базе ЭВМ ці мікрапрацэсара, што дае магчымасць яго хуткай пераналадкі на апрацоўку інш. вырабу заменай інструменту або праграмы.

У склад найпрасцейшага Р.к. ўваходзяць адзінка вытв. абсталявання (тэхнал., кантрольна-вымяральнага, выпрабавальнага і інш.), прамысл. робат (робіць загрузку-выгрузку вырабаў) і кіроўная сістэма. Адзін робат звычайна абслугоўвае 2—3 і больш адзінак вытв. абсталявання. Складаныя Р.к. ўключаюць некалькі простых, аўтаматыз. склад загатовак і трансп. сістэму сувязі паміж комплексамі і складам. Яны могуць адначасова апрацоўваць некалькі розных вырабаў або выконваць некалькі розных аперацый на адным вырабе. Кампаноўка Р.к. ў залежнасці ад размяшчэння тэхнал. абсталявання бывае лінейная, кругавая, лінейна-кругавая; кіраванне — цэнтралізаванае (ад ЭВМ або спец. прыстасавання), дэцэнтралізаванае (ад мясц. прыстасаванняў кіравання, звязаных паміж сабой для ўзаемнай каардынацыі) і камбінаванае. Р.к. з’яўляецца першаснай ячэйкай гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, апрацоўчым або зборачным гібкім вытворчым модулем. Дазваляе значна павысіць каэф. загрузкі і зменнасці абсталявання. Гл. таксама Рабатызаваны тэхналагічны комплекс.

Літ.:

Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;

Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;

Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987.

Г.​І.​Хуцкі.

Робататэхнічны комплекс для свідравання і фасоннага фрэзеравання вырабаў: 1 — гідрафікаваны механізм; 2 — паваротнае прыстасаванне; 3 — панэль, якая апрацоўваецца; 4 — прамысловы робат; 5 — сістэма кіравання; 6 — гідрастанцыя.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́СЬМЕННАСЦЬ,

1) сукупнасць пісьмовых помнікаў якога-небудзь народа ў пэўную гіст. эпоху. Адлюстроўвае сферы чалавечай дзейнасці, найважн. з якіх справаводства, культура, навука, рэлігія. Класіфікуецца паводле сістэм пісьма, якімі карысталіся, напр., грэч., лац., стараслав., стараж.-рус. П. Мае вял. значэнне для вывучэння гісторыі, культуры, л-ры і мовы народаў. У залежнасці ад часу ўзнікнення падзяляецца на старую і маладую П.

Старабел. П., як старарус. і стараўкр., — непасрэднае прадаўжэнне стараж.-рускай. Выступала як самастойная сістэма з 14 ст. Літ.-пісьмовая старабел. мова выконвала ролю агульнадзярж. у ВКЛ. Паводле жанрава-стылявых разнавіднасцей падзяляецца на дзелавую, свецкую і рэлігійную. У помніках дзелавой П. шырэй, чым у інш. жанрах старабел. л-ры, адбілася жывая моўная стыхія свайго часу. Гэта шматлікія граматы і дагаворы, актавыя кнігі і дакументы гар. упраў, магістратаў, гродскіх, земскіх і інш. судоў, розныя інвентары, вопісы і рэвізіі, складзеныя на тэр. Беларусі. Асабліва вядомымі былі Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 (адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных зводаў законаў па ўсіх галінах тагачаснага права), Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 і Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свецкая П. уключала творы літ.-маст. характару арыгінальныя спісы бел. летапісаў (Супрасльскі летапіс, Віленскі летапіс, Слуцкі летапіс, Румянцаўскі летапіс), хронікі і хранографы (Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Вялікая хроніка»), творы мемуарнага жанру («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), перакладныя аповесці («Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана», «Гісторыя пра Атылу», «Александрыя», «Троя»), Помнікі рэліг. П. — пераклады на бел. мову біблейскіх кніг, жыціі, і апокрыфы, царк. і манастырскія статуты, тлумачальныя, прапаведніцкія і палемічныя творы (гл. Палемічная літаратура), творы гамілетычнай л-ры. Яны пашыраліся ў рукапіснай і друкаванай форме («Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Біблія» Ф.​Скарыны, «Катэхізіс» С.​Буднага, «Евангелле» В.​Цяпінскага, «Казанне святога Кірылы» С.​Зізанія, «Апакрысіс» Хрыстафора Філалета, «Казанне двое...» Л.​Карповіча, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», палемічныя творы І.​Пацея і інш.). Найб. помнікаў старабел. П. (у рукапісах і ў друкаванай форме) прыпадае на 16—пач. 17 ст. У мінулым на Беларусі, апрача старабел., бытавалі царк,слав., польская, лац., араб., яўрэйская П. Пасля Брэсцкай уніі 1596 з прычыны інтэнсіўнага выцяснення бел. мовы са сферы грамадскага і культ. ўжытку і забароны яе (паводле сейма 1697) у якасці дзярж. паменшала колькасць твораў, напісаных кірыліцай. У канцы 17—18 ст. створаны толькі паасобныя помнікі бел. П. традыц. тыпу.

Новая бел. П. пачала складвацца ў пач. 19 ст. на аснове пераважна лацінскага алфавіта, на змену якому прыйшоў рус. грамадзянскі шрыфт. У 19 ст. ў неспрыяльных культ.-гіст. умовах яна развівалася слаба, запаволена. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 культ.-грамадскія і стылістычныя функцыі бел. П. значна пашырыліся. У наш час найб. актыўнымі сферамі яе ўжытку з’яўляюцца маст., грамадска-публіцыстычная і навук. л-ра.

2) Сукупнасць пісьмовых сродкаў зносін, якая ўключае графіку, алфавіт і арфаграфію пэўнай мовы або групы моў, аб’яднаных адной сістэмай пісьма, ці адным алфавітам.

Літ.:

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАСЦЬ,

1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.

2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст. адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр. абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст. старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст. валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.

3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж. адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б. дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл. Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).

В.​Л.​Насевіч, В.​П.​Панюціч.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,

сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.

Літ.:

Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.

А.​А.​Цітавец.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛЮСТРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,

сукупнасць палажэнняў, катэгорый і прынцыпаў, якія выражаюць агульныя заканамернасці эвалюцыйнага развіцця ўсіх формаў адлюстравання ў неарганічнай і жывой прыродзе, у сац. рэальнасці. Зыходны прынцып адлюстравання тэорыі: вынікі пазнання павінны быць адносна адэкватныя сваёй крыніцы — арыгіналу. У якасці гнасеалагічнага прынцыпу адлюстраванне прызнавалася і ў стыхійным матэрыялізме, але разглядалася як пасіўнае, мёртвае «фатаграфаванне» навакольнага свету. Дыялектыка разглядае яго як складаны і супярэчлівы працэс узаемадзеяння пачуццёвага і рацыянальнага пазнання, мысліцельнай і практычнай дзейнасці. Пры гэтым свядомасць у сваім развіцці не вычэрпваецца паняццем адлюстравання, паколькі ўключае ў сябе творчасць і прадбачанне.

У распрацоўцы адлюстравання тэорыі вылучаюць 2 канцэпцыі: функцыянальную і атрыбутыўную. Прыхільнікі першай канцэпцыі сцвярджаюць, што ў неарганічных аб’ектах ёсць толькі перадумовы ўласцівасці адлюстравання, але не яго актыўнае праяўленне. Прыхільнікі другой настойваюць на ўсеагульнасці ўласцівасцяў адлюстравання. Збліжэнню гэтых канцэпцый садзейнічае ўсведамленне суадносін катэгорыі адлюстравання з агульнанавук. паняццем інфармацыі, далейшай распрацоўкай прынцыпу глабальнага эвалюцыянізму ў навуцы і сінергетыцы.

Катэгорыі і прынцыпы адлюстравання тэорыі ўвайшлі ў філас. абгрунтаванне тэорыі функцыянальных сістэм, канцэпцыі сістэмагенезу ў біялогіі, распрацаванай П.​К.​Анохіным. Асн. прынцыпы адлюстравання тэорыі процілеглыя прынцыпу тоеснасці мыслення і быцця, які з’яўляецца зыходным для філас. сістэм аб’ектыўнага ідэалізму, а ў шэрагу філас. вучэнняў (напр., у Спінозы, Спенсера) трактуецца ў духу паралелізму паміж зместам свету і зместам яго пазнання (гл. таксама Пазнанне).

Літ.:

Коршунов А.М. Теория отражения и современная наука. М., 1968;

Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;

Петушкова К.П. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1988.

В.​Я.​Петушкова.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)