атрад насякомых. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у лясах на дрэвах, у гнёздах насякомых і птушак, на глебе, пад камянямі, у лясным подсціле, жылых памяшканнях, бібліятэках, музеях. На Беларусі адзначаны кніжная вош (Liposcelis divinatorius), С. хатні, або пылавая вош (Trogium pulsatorium), С. двухпалосы (Amphigerontia bifasciata) і інш.
Даўж. цела 1—5 мм. Афарбоўка бледна-бурая, белая. Вусікі ніткападобныя. Ротавы апарат грызучы і сысучы. Большасць маюць перапончатыя бясколерныя або з цёмнымі плямамі і перавязямі крылы. У шэрагу відаў крылы ўкарочаныя ці адсутнічаюць. Ногі бегальныя, лапкі 2—3-членікавыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год даюць некалькі пакаленняў. Кормяцца жывымі і адмерлымі расліннымі тканкамі (адсюль назва), некат. грыбамі, водарасцямі, лішайнікамі, псуюць бат. і энтамалагічныя калекцыі, паперу, кнігі, сухія кармавыя запасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПО́РАЎСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Івацэвіцкага р-наў Брэсцкай вобл.Засн. ў. 1991 (пашыраны ў 1999) для аховы унікальных мезатрофных нізінных балот, эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў з комплексамі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 19 384 га (2000). Ландшафты старажытна-алювіяльных нізінных раўнін з шырокімі і слаба дрэніраванымі поймамі і надпоймавымі тэрасамі, азёрамі, катлавінамі. Разнатраўна-гіпнава-асаковыя лугі і гіпергідрафільныя травяністыя фітацэнозы займаюць 74%, лясы (карэнныя пушыстабярозавыя, чорнаальховыя, хваёвыя) і хмызнякі — 9,6% тэрыторыі. У флоры 543 віды раслін, з іх 11 у Чырв. кнізе: венерын чаравічак сапраўдны, пылкагалоўнік чырвоны, тайнік яйцападобны і інш. У фауне 20 відаў млекакормячых, 112 — птушак, 6 — рэптылій, 8 — амфібій, з іх 22 у Чырв. кнізе: паганка малая, бугаі вялікі і малы, бусел чорны, падворлік малы, арлан-белахвост, чарапаха балотная, чмялі мохавы і Шрэнка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙМЫ́Р, Таймырскі паўвостраў. На Пн азіяцкай ч. Расіі, у Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе, паміж Енісейскім зал. Карскага м. і Хатангскім зал. мора Лапцевых. Крайні паўн. пункт Т. — мыс Чэлюскін, паўд. мяжа — паўн. ўступ Сярэднесібірскага пласкагор’я. Пл. каля 400 тыс.км², даўж. каля 1000 км, шыр. больш за 500 км. Берагі пераважна нізкія, моцна парэзаныя. У цэнтр.ч. — горы Быранга (выш. да 1146 м), якія працягваюцца з ПнЗ на ПдУ. Паўн.-Таймырская і Паўн.-Сібірская нізіны. Радовішчы кам. вугалю. Клімат суровы. арктычны. Ападкаў 115—230 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Найб. рэкі: Пясіна, Верхняя і Ніжняя Таймыра, Хатанга. Шмат азёр, найб.Таймыр. На Пн арктычныя і высакагорныя пустыні і паўпустыні, у сярэдняй ч. тундра, на крайнім Пд лесатундра. У складзе жывёльнага свету: заяц-бяляк, пясец, ліс, воўк, паўн. алень, белы мядзведзь; у моры — бялуха, нерпа, морж; летам шмат птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУКА́НАВЫЯ, перцаедныя (Rhamphastidae),
сямейства птушакатр. дзятлападобных. 5—7 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Гняздуюцца ў дуплах. 1 від занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 63 см, маса да 300 г. Афарбоўка апярэння кантрастная, пераважае чорны колер з яркімі ўчасткамі жоўтага, зялёнага. чырв. і інш.; у дробных відаў пераважаюць адценні зялёнага. Дзюба вял. (часам амаль роўная даўж. цела), лёгкая ( з пнеўматычнымі поласцямі), сціснутая з бакоў, ярка афарбаваная, загнутая ўніз; краі зазубраныя. Язык доўгі, вузкі, яго канец і краі махрыстыя. Крылы кароткія, шырокія. Хвост у большасці відаў кароткі. Ногі вял., моцныя. Расліннаедныя, могуць паядаць таксама насякомых, малюскаў. яшчарак і інш. Манагамы. Адкладваюць да 4 яец. Лёгка прыручаюцца. Аб’ект промыслу.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Туканавыя: 1 — тока, або вялікі; 2 — туканчык ізумрудны, або зялёны; 3 — тукан рыбны; 4 — арасары зялёны; 5 — арасары стракаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РЫКАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Створаны 10.6.1983, адкрыты 27.11.1986 у г.Чэрыкаў Магілёўскай вобл.Пл. экспазіцыі 318 м², больш за 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Мае раздзелы: стараж. перыяд, міжваен. перыяд (1915—41), Леменская школа-камуна, Вял. Айч. вайна, пасляваенны перыяд. Сярод экспанатаў зуб і поўсць маманта, жал. сякера 16 ст. з археал. помнікаў раёна, абразы канца 18 — пач. 19 ст., экспазіцыя «Сялянская хатка» з прадметамі побыту, прыладамі працы, нар. адзеннем, вырабамі ткацтва і вязання канца 19 — пач. 20 ст., калекцыя ручнікоў з вёсак раёна, у т. л. адселеных пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У экспазіцыі Вял.Айч. вайны карта-схема абарончых баёў у 1941 на Чэрыкаўшчыне, матэрыялы пра дзейнасць падполля і партыз. рух, злачынствы ням. фашыстаў, макеты партыз. лагера і баёў партызан, матэрыялы пра землякоў Герояў Сав. Саюза. У раздзеле прыроды ўзоры карысных выкапняў, чучалы дзікіх птушак і жывёл Чэрыкаўшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВЫ́ ДУЛЕ́БЫ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Бялыніцкім і Клічаўскім р-нах Магілёўскай вобл.Засн. ў 1998 для аховы каштоўных прыродных комплексаў, што ўключаюць балотны і лясны масівы, якія выконваюць водаакумуляцыйную ролю для вытокаў каскада рэк. Пл. 26 600 га. Рэльеф — плоская, флювіягляцыяльная раўніна. Глебы дзярнова-падзолістыя (75%), тарфяністыя і тарфяна-балотныя (25%). Вярховыя і пераходныя балоты (Дулебскае і Вялікае) займаюць 11% плошчы, пусткі — 11%, лясы (хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і інш.) — 76%. У флоры 705 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з іх 12 у Чырв. кнізе: цыбуля мядзведжая, купальнік горны, пылкагалоўнік чырвоны, пальчатакарэннік майскі, шпажнік чарапіцавы, касач сібірскі і інш. У фауне 170 відаў наземных пазваночных, у т. л. 38 — млекакормячых, 118 — птушак, 8 — амфібій, 6 — рэптылій, з іх 22 віды ў Чырв. кнізе: барсук, рысь, мядзведзь буры, змеяед, пугач, курапатка белая, журавель шэры, сыч касманогі, рапуха чаротная і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПІЧА́НСКАЯ ПУ́ІПЧА,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Дзятлаўскім, Мастоўскім і Шчучынскім р-нах Гродзенскай вобласці. Засн. ў 2002 для захавання ў прыродным стане унікальных прыродных ландшафтаў з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 15 153 га. Плоская пойма з рэдкімі ўзвышшамі ці хвалістая тэраса з дзюнамі і інш. Глебы дзярнова-забалочаныя, поймавыя, дзярнова-падзолістыя, пясчаныя, тарфяна-балотныя і інш. Лясы шыракалістыя, яловыя высокаўзроставыя. У флоры 754 віды вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. ў Чырв. кнізе гарлянка пірамідальная, купальнік горны, пустапялёстнік зялёны, зубніца клубняносная, касач сібірскі і інш. У фауне 29 відаў млекакормячых, 11 — амфібій і рэптылій, 30 — рыб, 136 — птушак, 220 — беспазваночных; у Чырв. кнігу занесены: барсук, арэшнікавая соня, ручаёвая стронга, рыбец, вусач, вялікая белая чапля, чорны бусел, крахаль вялікі, падворлік малы, каршачок, пустальга звычайная, журавель шэры, сявец залацісты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫБЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е, Тыбет,
адно з найбольш высокіх і вялікіх нагор’яў Зямлі. Займае паўд.ч.Цэнтр. Азіі, пераважна на тэр. Кітая. Абмежавана горнымі сістэмамі: на З — Памір і Гіндукуш, на Пн — Куньлунь, на У — Сіна-Тыбецкія горы, на Пд — Гімалаі. Пл. каля 2 млн.км². У рэльефе спалучаюцца горныя хрыбты выш. да 6000—7000 м, раздзеленыя шырокімі, плоскімі або слабаўзгорыстымі раўнінамі выш. 4000—5000 м.
Раўніны Т.н. складзены з пясчанікаў, вапнякоў, кварцытаў, гліністых сланцаў, хрыбты — з гранітаў і гнейсаў. Паўн.ч. ўтварылася ў перыяд герцынскай, сярэдняя — ціхаакіянскай, паўд. — альпійскай складкавасцей. У перыяд альпійскай складкавасці адбылося агульнае падняцце Т.н. На паўд. ускраіне, уздоўж паўн. схілаў Гімалаяў — тэктанічны прагін. Многія раёны сейсмічныя, ёсць гарачыя крыніцы, у т. л. мінеральныя. Радовішчы золата, каляровых металаў, каменнага вугалю, гаручых сланцаў, жал. руды, сурмы, мыш’яку, каменнай солі і інш. Клімат рэзка кантынентальны, халодны. Сярэдняя гадавая т-ра 0—5 °C.
Ападкаў на Пн 100—200 мм, на Пд 500—700 мм за год. Бываюць моцныя вятры. На раўнінах зіма бясснежная. У далінах на ПдУ клімат больш мяккі, ападкаў да 400 мм за год. Снегавая лінія на выш. 5000—6000 м (самая высокая на Зямлі), ледавікі найб. у Каракаруме. Рачная сетка рэдкая, рэкі горныя, парожыстыя, ледавіковага і снегадажджавога жыўлення, багатыя гідраэнергіяй. На Пн рэкі ўпадаюць у бяссцёкавыя салёныя азёры. найб. Намца; на Пд і У вытокі вял. рэк Азіі: Інд, Брахмапутра, Салуін. Хуанхэ, Янцзы, Меконг і іх прытокаў. Пераважае расліннасць высакагорных пустынь і паўпустынь на маламагутных горна-пустынных глебах. У паўн.ч. нагор’я і на ПдЗ — нізкая травяная расліннасць, значныя тэр. заняты друзавай або саланчаковай пустыняй. Характэрныя прадстаўнікі расліннасці — тыбецкая асака і балотніца. На Пд трапляюцца ўчасткі горных стэпаў. Лясы на крайнім У (елка, хвоя, бяроза) і ў далінах на ПдУ (тугайныя лясы — лаза, таполя, ціс, падуб, хвойныя). Жывёльны свет: на Пн характэрны капытныя — як, кулан, антылопы аронга і ада, архар, блакітны баран. Ёсць мядзведзі, воўк, ліс, шакал, зайцы, пішчухі. тарбаган; з птушак — барадач-ягнятнік. гімалайскі сіп, арлан-даўгахвост, тыбецкі улар, тыбецкая саджа і інш. На Пд (асабліва ў далінах) трапляюцца тыгр, кабарга, газель, выдра, янот, малпы макакі; з птушак — каршун, сава, сокал і інш. Пра насельніцтва і гаспадарку гл. ў арт.Тыбецкі аўтаномны раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДСКІ ЭКАЛАГІЧНЫ РУХ.
Першай афіцыйнай арганізацыяй грамадскага прыродаахоўнага руху на Беларусі з’яўляецца Беларускае таварыства аховы прыроды, засн. ў 1962. З яго ўдзелам вырашаліся многія наспелыя прыродаахоўныя праблемы: абследаванне і аднаўленне старадаўніх паркаў, добраўпарадкаванне і азеляненне гарадоў і інш. населеных пунктаў, аднаўленне і добраўпарадкаванне крыніц, вылучэнне водаахоўных зон рэк і вадаёмаў, захаванне полеахоўных палос, ахова жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу, фарміраванне ў насельніцтва экалагічнага светаўспрымання, беражлівых адносін да прыроды.
На 1.1.2004 у Беларусі зарэгістравана 55 рэспубліканскіх і міжнар. грамадскіх арганізацый, дзейнасць якіх накіравана на прапаганду ідэй аховы навакольнага асяроддзя, гуманных адносін да жывёл, садзейнічанне фарміраванню свядомасці і экалагічна правільных паводзін людзей.
Актыўна працуюць і маюць рэальныя вынікі ў вырашэнні шэрагу прыродаахоўных праблем рэспубліканскія грамадскія арганізацыі.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, праводзіць работу па прыцягненні ўвагі маладых людзей да пытанняў экалагічнай асветы, прапагандзе экалагічных каштоўнасцей і прыродаахоўнай дзейнасці. Экалагічная ініцыятыва «Белая Русь» (аб’яднанне моладзі) вырашае шырокі спектр экалагічных праблем, вядзе асветную дзейнасць, выдае часопіс «Зялёныя навіны», які асвятляе прыродаахоўныя пытанні. Маладзёжная арганізацыя «Ахова птушак Беларусі» праводзіць работу па ахове арнітафауны, арганізуе штогадовыя экалагічныя кампаніі «Птушка года», што дае добрыя вынікі ў справе аховы прыроды і прапаганды экалагічных каштоўнасцей. Працуюць таксама: «Экаправа» — экалагічная арганізацыя па пытаннях прававых форм удзелу грамадскасці ў вырашэнні прыродаахоўных праблем; «Экадом» — экалагічная арганізацыя па пытаннях асветы ў інтарэсах устойлівага развіцця грамадства; «Экасфера» — арганізацыя па пытаннях утылізацыі назапашаных, але непрыдатных для выкарыстання пестыцыдаў і інш. ядахімікатаў; «Беларускі зялёны крыж» — арганізацыя па правядзенні міжнар. экалагічных фестываляў школьнікаў «Дзень Зямлі», «Беларусь» і інш.
У мэтах забеспячэння ўзаемадзеяння прыродаахоўных органаў і грамадскасці пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя дзейнічае Грамадскі каардынацыйны савет, у які ўваходзяць прадстаўнікі 17 грамадскіх арганізацый: «Ахова птушак Беларусі», «Бел. асацыяцыя дзяцей і моладзі», «Бел. грамадская арг-цыя «Інваліды Чарнобыля», «Бел. сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль», «БТАП», «Бел. экалагічная партыя зялёных».
«Зялёны край», «Міжнар. грамадскае аб’яднанне «Бурэнка», «Наасфера», «Некст Стоп-Нью Лайф», «Цэнтр інфарм. падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў», «Экадом», «Экалагічная ініцыятыва «Белая Русь», «Экалагічны менеджмент», «Экалайн», «Экаправа», «Эка-Інфо». Гэта дае ім магчымасць удзельнічаць у працэсе прыняцця важных рашэнняў экалагічнай палітыкі дзяржавы (нац. планаў дзеянняў, праектаў законаў, нарматыўных прававых актаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРЫ́ЛА, вадзяніца (Hydrilla),
манатыпны род кветкавых раслін сям. жабнікавых. Вядомы 1 від — гідрыла кальчаковая (H. verticillata). Пашырана пераважна ў тропіках і субтропіках Еўропы, Азіі, Афрыкі і Аўстраліі; на поўначы Еўропы, у т. л. на Беларусі трапляецца як занесеная або рэліктавая расліна. Часта ўтварае зараснікі ў азёрах Бел. Паазер’я (найб.паўн. і паўн.-ўсх. месцы росту ў Еўропе). Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовая апушчаная ў ваду двухдомная травяністая расліна з доўгім ніткападобным сцяблом даўж. да 3 м і рэдкімі галінкамі, на якіх утвараюцца шчыльныя пупышкі (прыстасаванне для вегетатыўнага размнажэння). Лісце лінейнае, эліпсоіднае або яйцападобнае, сядзячае, па 3—8 у кальчаках, радзей парнае, цёмна-зялёнае, рэдка чырв.-фіялетавае. Цвіце рэдка. Кветкі дробныя, аднаполыя, акружаны пакрывалам, сядзяць па 1 у пазухах лісця, тычынкавыя зеленавата-белыя, аддзяляюцца і ўсплываюць на паверхню, песцікавыя — белаватаплеўкавыя. Плод цыліндрычны, ягадападобны, маланасенны. Прыдатная для аквакультуры, корм для рыб і вадаплаўных птушак.