ПЯЎЦО́Ў Іларыён Мікалаевіч (7.12.1879, б.мяст. Анатоль, Брэсцкая вобл. — 25.10.1934),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1932). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1902). З 1902 акцёр у розных трупах і т-рах Масквы і інш. гарадоў, у т. л. «Т-ва новай драмы» падкіраўніцтвам У.Меерхольда (1902—05), Маскоўскага драм.т-ра (1915—20). З 1922 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, 1-й Студыі Маскоўскага маст.акад.т-ра, Маскоўскім маст.акад. т-ры 2-м. З 1925 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.Пушкіна. Яго выкананне вызначалася псіхалагічна тонкай перадачай характараў герояў, іх унутр. стану, выразнай пластыкай і майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Цар Фёдар Іаанавіч («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Іван Карамазаў, князь Мышкін («Браты Карамазавы», «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Той («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.Андрэева), Павел I («Павел I» Дз.Меражкоўскага), Генадзь Дубровін («Вогненны мост» Б.Рамашова), Красільшчыкаў («Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага), прафесар Барадзін («Страх» А.Афінагенава), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. Здымаўся ў кіно («Чапаеў» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ Генадзь Мікалаевіч (н. 4.5.1931, Масква),
рас. дырыжор. Нар.арт. Расіі (1966). Нар.арт.СССР (1976). Герой Сац. Працы (1990). Ганаровы чл. Шведскай каралеўскай акадэміі (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954, кл. дырыжыравання М.Аносава, кл.фп. Л.Аборына). У 1951—60 і 1978—83 дырыжор, у 1965—70 і ў 2000—01 гал. дырыжор Вял.т-ра ў Маскве. У 1961—91 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Вял.сімф. аркестра Цэнтр. тэлебачання і радыё. У 1974—85 гал. дырыжор Маскоўскага муз.т-ра, з 1982 — сімф. аркестра Мін-ва культуры СССР. З 1974 гал. дырыжор шэрагу замежных арк. Выкананне вылучаецца бездакорнай стылістычнай дакладнасцю, яркай артыстычнасцю. У рэпертуары побач з класічнымі шырока прадстаўлены творы рас. і сучасных зах.-еўрап. кампазітараў, у т. л. С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, П.Хіндэміта, Ф.Пуленка і інш.Пад яго муз.кіраўніцтвам адбыліся прэм’еры твораў Р.Шчадрына, К.Хачатурана і інш. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія Расіі 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦА II РУХ 1703—11, аўстра-венгерская вайна,
вызваленчая вайна ў Венг. каралеўстве падкіраўніцтвамРакацы Ферэнца II супраць панавання ў краіне аўстр.Габсбургаў. Пачаўся ў маі 1703 як працяг паўстання сялян на ПнУ Венгрыі (з 1697). Паўстанцы (куруцы; пераважна сяляне, збеглыя і дэмабілізаваныя салдаты, а таксама гараджане, дваране і асобныя прадстаўнікі родавай знаці; паводле нац. прыналежнасці — венгры, славакі, закарпацкія ўкраінцы, валахі) у пач. 1704 вызвалілі ад габсбургскіх войск амаль усе славацкія землі, у ліп. 1704 — Трансільванію, у снеж. 1705 — Задунайскі край. Ракацы выдаў дэкрэт аб вызваленні прыгонных сялян-паўстанцаў і членаў іх сем’яў ад феад. павіннасцей, стварыў структуры самаст.венг. дзяржавы (прыдворны савет, канцылярыя, рэгулярная армія і інш.), абапіраўся на фін., дыпламат. і ваен. дапамогу франц. караля Людовіка XIV. Пасля паражэнняў венг. войск у 1708 і 1710 у крас. 1711 у г. Сатмар (цяпер Сату-Марэ, Румынія) падпісаны мірны дагавор (куруцы канчаткова капітулявалі ў маі—чэрв. 1711), Венгрыя зноў страціла незалежнасць.
Літ.:
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991. С. 135—141.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЕЛІ́НІ (Rossellini) Раберта (8.5.1906, Рым — 3.6.1977),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе. У першых фільмах «Белы карабель» (1941, падкіраўніцтвам Ф. Дэ Рабертыса), «Пілот вяртаецца» і «Чалавек з крыжам» (абодва 1942) імкнуўся наблізіць маст. кінематограф да дакументальнага. Фільм «Рым — адкрыты горад» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1946) стаў маніфестам неарэалізму ў кіно. Значным быў і трагічны па гучанні антыфаш. фільм «Пайза» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі). Тэма маральнай дэградацыі, звязанай з грамадскім спадам канца 1940-х г., адлюстравана ў карцінах «Германія, год нулявы», «Машына забівае дрэнных» (абедзве 1948), «Дзе свабода?» (1953). Зняў шэраг фільмаў на рэліг. тэматыку: «Францыск, менестрэль Божы», «Стромбалі, зямля Божая» (абодва 1950), «Еўропа, 51» (1952). Пасля творчага крызісу вярнуўся да патрыят. і антыфаш. тэматыкі: «Генерал Дэла Раверэ» (1959, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «У Рыме была ноч», «Няхай жыве Італія!» (абодва 1960). У сярэдзіне 1960-х г. працаваў на тэлебачанні, дзе зняў шэраг фільмаў пра гіст. дзеячаў («Сакрат», 1970; «Блез Паскаль», 1971; «Дэкарт», 1973, і інш.) і гіст. падзеі («Гісторыя амерыканскай рэвалюцыі», 1971; «Італія, год першы», 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г.п. Рудзенск і раёне падкіраўніцтвам Рудзенскага падп. райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 12 груп (75 чал., кіраўнік М.П.Пакроўскі); 1-я Рудзенская (кіраўнікі В.І.Шкурдзюк, М.В.Данільчык), 2-я Рудзенская (С.М.Малашонак, С.І.Шэлег), у вёсках Азярычына (М.Т.Шайбак), Голацк (А.А.Сачак), Дудзічы (В.П.Адамовіч), Дукарка (В.В.Мешчаракоў, К.В.Людчык, А.Р.Гарбацэвіч), Караваева (С.З.Саранча), Каробавічы (В.Д.Рагатка), Крыстамполле (Н.Г.Андрэеў, І.Г.Шэлег), Сяргеевічы (Ф.Н.Макарэвіч), Цітва (С.К.Доўнар, В.К.Мароз), на торфазаводзе «Дукора» (П.С.Рак, Ф.А.Стуканаў). Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, трымалі сувязь з партызанамі, рыхтавалі для іх кадры, збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання і медыкаменты, разведданыя, зрывалі эканам. мерапрыемствы акупантаў, выводзілі са строю тэлегр. лінію, абсталяванне торфазавода, узрывалі склады, масты, чыг. збудаванні і інш. Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САМАПО́МАЧ»,
кааператыўна-гаспадарчы часопіс. Выдаваўся ў кастр. 1932 — чэрв. 1939 у Вільні на бел. мове. Рэдактар А.Клімовіч. Рэдакцыя прапагандавала ідэі вытв. і спажывецкай кааперацыі, аказвала арганізац.-практычную дапамогу сялянам у сац. абароне, павышэнні культуры земляробства, гаспадарання ў цэлым. У перадавіцах «У чым сіла кааперацыі?», «Нам патрэбна школа працы», «Жыць хочам і будзем жыць», у публікацыях «Як залажыць кааператыў», «Методыка кааперацыі» і інш. матэрыялах аб каап. руху ў Балгарыі, Чэхаславакіі, Літве засяроджвалася ўвага на вопыце і ўзорах каап. працы, даваліся практычныя парады па арганізацыі каап. дзейнасці, гучаў заклік да грамадскай салідарнасці. Часопіс друкаваў матэрыялы з розных рэгіёнаў Зах. Беларусі, у якіх удзельнікі каап. руху дзяліліся здабыткамі сваіх арганізацый, інфармавалі пра перашкоды і недахопы ў іх працы. Вял. ўвагу аддаваў задачам аб’яднання бел. кааператываў падкіраўніцтвам аднаго бел. цэнтра. У раздзеле «Сельская гаспадарка» з агранамічнымі парадамі па культуры земляробства, садоўніцтва, пчалярства выступалі Клімовіч, Л.Войцік (З.Верас), М.Караленка, С.Яновіч. На старонках часопіса ўзнімаліся пытанні стану бел. асветы і адукацыі. Выйшлі 92 нумары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУЗО́Р’Е»,
бел. рок-група. Створана ў 1977 на базе аднайм. камсамольска-маладзёжнай кавярні Мінска, з 1981 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гукарэжысёр У.Пучынскі. З 1983 вак.-інстр. ансамбль падкіраўніцтвам А.Несцяровіча. З 1986 аднавіла дзейнасць як «С.». У першым складзе: У.Пучынскі, Ан.Казлоўскі і В.Пучынскі (гітара), А.Філатаў (барабан). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі В.Аліпава, А.Брынцаў, Н.Дзянісава, Вольга Нікалаеня (вакалісты), Ал.Казлоўскі (бас-гітара), А.Растопчын (гітара), А.Несцяровіч і Вас.Нікалаеня (піяніна). Для «С.» характэрна экспрэсная манера выканання, разгорнутыя аранжыроўкі. Рэпертуар складаўся з уласных твораў, твораў прафес. аўтараў. Упершыню ў бел. поп-музыцы звярнулася да «Полацкага сшытка», паэзіі Міколы Гусоўскага («Песня пра зубра» Несцяровіча і Ан.Казлоўскага). Сярод папулярных песень: «На шляху дзікіх гусей» У.Будніка, «Стары мост», «Вясенні дзень», «Капітан», «Ва ўсе часы» В.Пучынскага. Выпусціў магнітаальбом «Рок-тэрапія» (1984), міньён «Сузор’е» (1986), альбом «Вераснёўская рака» (1987). Гран-пры Усесаюз. конкурсу паліт. песні (1978, Рыга), дыпламант Усесаюзнага конкурсу «Крымскія зоры» (1981, Ялта).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПЕР-ЭВМ,
клас звышпрадукцыйных электронных вылічальных машын для рашэння складаных задач. Па сваіх магчымасцях параўноўваецца з мозгам чалавека.
Звышвысокая прадукцыйнасць дасягаецца ў асн. за кошт паралельнай архітэктуры: выкарыстання вял. колькасці універсальных і спецыялізаваных працэсараў, паралельнага праграмавання, хуткадзейных звышвялікіх інтэгральных схем. Шматпрацэсарная машына функцыянуе падкіраўніцтвам адзінай аперацыйнай сістэмы. Хуткадзеянне залежыць ад раўнамернасці загрузкі працэсараў, арганізацыі схемы разлікаў (праграмнага забеспячэння). С.-ЭВМ выкарыстоўваецца для навук. мадэліравання, апрацоўкі вынікаў даследаванняў, фінансавай (напр., банкаўскай) інфармацыі, кіравання чыгункай ці інш.трансп. сістэмай, прагнозу надвор’я, праектавання лятальна-касм. апаратаў, ядз. і хім. рэактараў, рашэння задач газа- і гідрадынамікі, цепла- і масаабмену, энергетыкі, генетыкі чалавека, распазнавання вобразаў і інш.
На Беларусі і ў Расіі паводле праграмы «СКІФ» (галаўныя арг-цыі НДА «Кібернетыка» Нац.АН Беларусі і Ін-т праграмных сістэм Рас.АН) распрацавана С.-ЭВМ з хуткадзеяннем 20 млрд. аперацый з плавальнай коскай за секунду, дзе рэалізавана паралельная архітэктура і шэраг арыгінальных рашэнняў у апаратным і праграмным забеспячэнні, што дае магчымасць павышэння хуткадзеяння да трыльёнаў аперацый за секунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЗЕНГА́ЎЗА РЭФО́РМА,
сістэма эканам. мерапрыемстваў у каралеўскіх сталовых эканоміяхВКЛ у 1760—70-я г., праведзеных па ініцыятыве і падкіраўніцтвам надворнага падскарбія ВКЛ А.Тызенгаўза. Рэформа прадугледжвала: аднаўленне ў эканоміях фальваркаў з паляпшэннем апрацоўкі зямлі і выкарыстаннем зах.-еўрап. тэхнікі; арганізацыю ў эканоміях мануфактур, заснаваных на дармавой працы каралеўскіх сялян; стварэнне разгалінаванай сістэмы сухапутных шляхоў і сплаву па рэках для стымулявання гандлю. Т.р. пачалася ў 1765 з перамеру зямлі. Для сялян была створана своеасаблівая сістэма страхавання («камунальныя магазіны» з рэзервовым запасам збожжа і «камунальныя касы»). У выніку рэформы сяляне эканомій пазбавіліся злоўжыванняў з боку арандатараў і трымальнікаў, набылі магчымасць пашыраць сваё землекарыстанне за кошт прыёмнай зямлі, са згоды адміністрацыі мелі права на перадачу зямлі па спадчыне. Значна выраслі даходы скарбу ВКЛ. Але павышэнне прыбыткаў было вынікам не толькі ўдасканалення гаспадаркі, але і дадатковага абцяжарання сельскага насельніцтва, якое не прыняло рэформу. Узмацненне павіннаснага абкладання сялян у выніку прывяло да пагаршэння эканам. становішча феадальна-залежнага насельніцтва эканомій. Рэформа не была канчаткова рэалізавана ў сувязі з унутрыпаліт. (адхіленне Тызенгаўза ад пасады і інш.) і знешнепаліт. (падзелы Рэчы Паспалітай) падзеямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЗДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Уздзенскім р-не Мінскай вобл.падкіраўніцтвам Уздзенскіх падп.парт.к-та (сакратар С.П.Шыбко), райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, Мінскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 6 груп (больш за 150 чал.) у г. Узда, вёсках Бярвішчы (кіраўнік І.А.Дубовік), Возера (Е.М.Курбыка), Магільна (Г.В.Суслава), Нізок (П.Ф.Валожын), Цялякава (М.Д.Шымановіч). Падпольшчыкі наладзілі сувязь з Мінскім падполлем, стварылі партыз. атрад (камандзір М.М.Нікіцін). Члены падполля ў бальніцы г. Узда і падп. шпіталі ў в. Данілавічы лячылі параненых сав. байцоў, выраблялі халодную зброю для ваеннапалонных, што рыхтаваліся да ўцёкаў з канцлагераў Мінска, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, паперу для лясных друкарняў, бланкі ням. пропускаў, разведданыя, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па вывазе насельніцтва на работы ў Германію, праводзілі дыверсіі на працуючых прадпрыемствах. За час вайны загінула каля 30 падпольшчыкаў.