1) на Беларусі ў 14—16 ст. (пераважна на Піншчыне) гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феад. павіннасцямі. Першапачатковыя Д. мелі прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, на якой размяшчалася адна сял. гаспадарка — дым. З павелічэннем колькасці насельніцтва і зямлі да 16 ст. яны ўжо не былі аднолькавыя (у сярэднім уключалі 2—4 дымы). Гаспадары асобных Д. часта былі родзічамі, трапляліся і чужыя людзі. Тэр. Д. звычайна мела сваю назву, была акрэслена пэўнымі межамі. Распаду Д. і ўзнікненню сял. гаспадарак у складзе адной сям’і садзейнічала «Устава на валокі» 1557.
2) У Стараж. Русі двор землеўладальніка — дом з гасп. пабудовамі. Д. называлі таксама сельскае паселішча, сяло, вёску. На Беларусі ёсць вёскі з назвамі Дворышча, Дварышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
запасы энергіі рачных патокаў і вадаёмаў сушы. Адносяцца да катэгорыі аднаўляльных энергарэсурсаў. Вызначаюцца ў кілаватах сярэднегадавой эл. магутнасці або ў кілават-гадзінах эл. энергіі за год. Адрозніваюць патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы (колькасць воднай энергіі, якую можна атрымаць, выкарыстаўшы цалкам сцёк рэк на ўсім іх працягу) і тэхн. рэсурсы (магчымыя для выкарыстання па тэхн. умовах, частка патэнцыяльных рэсурсаў). Па некат. ацэнках патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы зямнога шара складаюць 3750 млн.кВт (32 900 млрд.кВт∙гадз) электраэнергіі за год, з іх каля 12 300 (37%) — тэхн. рэсурсы. Энергет. рэсурсы рэк Беларусі: патэнцыяльныя каля 1 млн.кВт (7,5 млрд.кВт∙гадз) выпрацоўкі электраэнергіі за год, тэхн. рэсурсы вызначаюцца ў 2,5—3 млрд.кВт∙гадз за год (30—40% ад патэнцыяльных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГМІ́НА (ад польск. gmina воласць),
нізавая адм.-тэр. адзінка ў Польшчы ў 1809—1954 і з 1973, у т. л. ў Зах. Беларусі ў 1921—39. Захопленыя Польшчай у 1920 землі Беларусі таксама былі падзелены на гміны. Сярэдняя плошча гміны і колькасць населеных пунктаў у ёй у кожным ваяводстве былі розныя. Існавалі сельскія і гарадскія гміны. Сельскай гмінай кіравалі войт, гмінныя рада і ўправа (апошняя складалася з войта і лаўнікаў). Фактычна ўсімі справамі гміны распараджаўся войт. У гарадах Польшчы і Зах. Беларусі існавалі гарадскія гміны. Органамі кіравання іх былі бургамістр (у вял. гарадах наз. прэзідэнт), магістрат і гар. савет. У Польшчы падзел на гміны ліквідаваны ў 1954 і замест іх утвораны грамады. Адноўлены гміны ў 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЙЦЫ, іаняне (Iōnes),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён. Назва ад імя легендарнага героя Іона, якога лічылі родапачынальнікам племя. Займалі тэр. Атыкі, частку в-ва Эўбея, а-вы Хіяс, Самас, Наксас і інш. У 11—9 ст. да н.э. каланізавалі сярэднюю ч.зах. ўзбярэжжа М. Азіі, потым Чорнага і Мармуровага мораў, дзе стварылі саюз 12 гарадоў. У 7—6 ст. да н.э. І. дасягнулі эканам. і культ. росквіту (развіццё рамёстваў, гандлю). У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад кантролем цароў Лідыі, у 2-й пал. 6 ст. да н.э. падпарадкаваны персамі, супраць якіх узнялі ў 500 да н.э. паўстанне. І. лічыліся асн. носьбітамі грэч. культуры. На дыялекце І. захаваліся л-ра (у т. л. паэмы Гамера, творы Герадота) і значная колькасць эпіграфічных помнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕ́ЙС (англ. interface),
сукупнасць тэхн. і праграмных сродкаў для абмену інфармацыяй паміж рознымі прыладамі і блокамі электронных вылічальных машын, вылічальных сістэм, сетак і інш. Мае апаратную частку (забяспечвае мех. і эл. злучэнне), сістэму правіл і пагадненняў аб кадзіраванні, сінхранізацыі і лагічнай арганізацыі перадавальнай інфармацыі, праграмы ці асобныя прыстасаванні для непасрэднага выканання абмену.
Адрозніваюць І. паслядоўны (інфармацыя перадаецца паслядоўна, біт за бітам) і паралельны (многаканальны); унутрымашынны. перыферыйных прылад, міжмашынны, міжсістэмны, міжсеткавы і інш.Асн. характарыстыкі: прапускная здольнасць, частата перадачы сігналаў, колькасць ліній сувязі (каналаў), дапушчальная адлегласць паміж спалучанымі прыладамі і інш. У міні-, мікра-, а таксама персанальных ЭВМнайб. пашыраны паралельны І. тыпу «агульная шына» або «мультышына», па якім перадаюцца адрасы, даныя і сігналы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБАЛАПАДО́БНЫЯ (Pleuronectiformes),
атрад касцістых рыб. 3 падатр., 8 сям., 116 родаў, каля 500 відаў. Пашыраны ў акіянах. Большасць відаў жыве ў тропіках і субтропіках у прыбярэжнай зоне, зрэдку на глыбінях больш за 1 км; некат. заходзяць у рэкі. Донныя рыбы. Падатр. плеўранектападобныя мае найб.колькасцьпрамысл. відаў. Уключае 5 сям. Самае прадстаўнічае — сям. камбалавыя (Pleuronectidae) — 93 віды. Найб. тыповыя рыбы — ліманды, марскія і рачныя камбалы, марскія языкі, палтусы.
Даўж. ад 6 см да 4,7 м, маса ад некалькіх грамаў да 330 кг. Цела несіметрычнае, пляскатае, шырокае і кароткае. Вочы на адным (правым або левым) баку галавы. Плавальнага пузыра няма Брушны бок цела слаба пігментаваны, спінны здольны зменьваць афарбоўку пад колер грунту. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, некат. рыбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФРЫ (ад араб. кафір — няверуючы, няверны),
еўрапейская назва паўд.-афр народа коса. З сярэдзіны 18 ст. К. і роднасныя ім плямёны жылі на тэр. паміж Драконавымі гарамі, рэчкамі Грэйт-Фіш і Умзімкулу. У 1770—1880-я г. вялі ўзбр. барацьбу супраць афрыканераў, з пач. 19 ст. — супраць англічан (т. зв. кафрскія войны); найб. значныя ваен. сутыкненні адбыліся ў 1779—81, 1789—93, 1799—1803, 1811—12, 1818—19, 1834—35, 1846—47, 1850—53, 1858, 1877—79. Да пач. 1880-х г. каланізавана ўся тэр. рассялення коса. Цяпер К. жывуць на У Капскай прав.Паўд.-Афр. Рэспублікі Агульная колькасць 7,39 млн.чал. (1992). Мова — коса (ісікоса). Значная ч. К. прытрымліваецца традыц. вераванняў (культ продкаў і сіл прыроды), ёсць хрысціяне. Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ГЛІ (ням. Kegel),
гульня спарт. тыпу, мэта якой — збіць меншай колькасцю шароў, што пускаюць рукамі, найб.колькасць фігур—кегляў, размешчаных на пляцоўцы ў пэўным парадку і на адлегласці 15—20 м.
Вядомы са стараж. часоў. Радзіма сучасных К. — Германія (17—18 ст.). Як від спорту К. былі пашыраны ў 19—20 ст. у многіх краінах. Сучасныя спарт. К. культывуюцца з 1920. Міжнар. федэрацыя кегельнага спорту засн. у 1952 (Хельсінкі). Нац. чэмпіянаты па спарт. К. праводзяць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Францыя, Японія і інш., чэмпіянаты свету — з 1926, Еўропы — з 1964. У краінах, дзе культывуюць К., ёсць спец. збудаванні — кегельбаны (з 18 ст.), абсталяваныя аўтаматызаванымі дарожкамі для пуску шароў, сігнальна-выліч. прыладамі. Спарт. К. ў ЗША і інш. краінах наз. боўлінг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНО́Н (лац. Xenon),
Xe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 54, ат. м. 131,29; адносіцца да інертных газаў. Прыродны К. (вылучаны з паветра) складаецца з 9 ізатопаў, найб.колькасць (у % па аб’ёме): 129Хе (26,44%), 131Xe (21,18%), 132Хе (26,89%). У атмасферы 0,8610−5% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 (гл.Крыптон), названы ад грэч. xenos — чужы.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп-108,1 °C, шчыльн. 5,85 кг/м³ (0 °C). Першае злучэнне інертных газаў XePtF6 атрымаў амер. хімік Н.Бартлет (1962). Непасрэдна К. узаемадзейнічае толькі з фторам, утварае фтарыды XeF2, XeF4, XeF6, з якіх атрымліваюць інш.хім. злучэнні. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, магутных газаразрадных і імпульсных крыніц святла; фтарыды — як моцныя акісляльнікі і для фтарыравання ў неарган. і арган. сінтэзах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРА (грэч. laura літар. гарадская вуліца, квартал),
назва найбольш буйных і ўплывовых правасл. мужчынскіх манастыроў. Вядомы з 4—6 ст.: Л. наз. манастыры св. Феадосія каля Іерусаліма (Палесціна), св. Афанасія на Афоне (Грэцыя). У Рас. імперыі статус Л. мелі Кіева-Пячэрская лаўра (з 1598), Троіца-Сергіева лаўра (з 1744), Аляксандра-Неўская лаўра (з 1797), Пачаеўская, цяпер у Цярнопальскай вобл. на Украіне (з 1833; у ансамблі барочны Успенскі сабор, 1771—83, арх. Г.Гофман, класіцыстычная званіца, 1861, Троіцкі сабор, 1906, арх. А.Шчусеў). Да 18 ст. Л. падначальваліся непасрэдна патрыярху, з 1721 — сіноду. Карыстаюцца асаблівымі правамі, колькасць манахаў у Л. не абмяжоўваецца. Кіруюць Л. намеснікі ў сане архімандрыта.
Да арт.Лаўра. Успенскі сабор Пачаеўскай лаўры ў Цярнопальскай вобл. (Украіна). 1771—83.