рэчывы расліннага (тлустыя алеі) або жывёльнага паходжання, якія складаюцца пераважна з трыгліцэрыдаў — поўных эфіраў гліцэрыны і тлустых кіслот. Агульная ф-ла трыгліцэрыдаў R′OCOCH2—CH(OCOR″)—CH2OCOR‴, дзе R′, R″, R‴ — радыкалы тлустых кіслот. У састаў Т. уваходзяць трыгліцэрыды неразгалінаваных насычаных, а таксама мона- і поліненасычаных тлустых кіслот з цотным (ад 4 да 26) лікам атамаў вугляроду. Т. маюць таксама ды- і монагліцэрыды (1—3%; гл.Гліцэрыды), фосфаліпіды, глікаліпіды і дыольныя ліпіды (0,5—3%), свабодныя тлустыя к-ты, стэрыны і іх эфіры (0,05—1,7%), вітаміны A, D, E і K. Разам з вугляводамі і бялкамі Т. ўваходзяць у састаў жывёльных і раслінных арганізмаў (гл.Тлушчавы абмен).
Жывёльныя Т. — цвёрдыя або вадкія рэчывы, шчыльн. 900—970 кг/м³. Цвёрдыя Т. ёсць у тканках наземных млекакормячых і птушак, вадкія — у тканках марскіх млекакормячых і рыб, а таксама ў касцях і капытах наземных жывёл. У састаў цвёрдых Т. уваходзяць пераважна трыгліцэрыды насычаных кіслот (пальміцінавай C15H31COOH і стэарынавай C17H35COOH) і монаненасычанай C17H33COOH алеінавай к-ты. Вадкія Т. маюць значную колькасць трыгліцэрыдаў поліненасычаных кіслот. Т. плавяцца ў інтэрвале т-р (напр., для свінога Т. tпл22—48 °C, для барановага — 44—55 °C), кіпяць з раскладаннем у высокім вакууме (пры ціску ~0,1 Па tкіп-250 °C). Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў; у вадзе не раствараюцца, утвараюць з ёй устойлівыя эмульсіі (напр., малако). Пры дзеянні перагрэтай вадзяной пары, мінер. кіслот і ферментаў Т. гідралізуюцца з утварэннем гліцэрыны і свабодных тлустых кіслот, пры дзеянні шчолачаў — амыляюцца (гл.Амыленне); па падвойных сувязях ненасычаных кіслот далучаюць вадарод (гл.Гідрагенізацыя), галагены і інш. Атрымліваюць Т. вытопліваннем з сала-сырцу пераважна сухім (бязводны) ці мокрым (у прысутнасці гарачай вады пад ціскам) спосабамі. Выкарыстоўваюць жывёльныя Т. як харч. прадукты і сыравіну для атрымання такіх прадуктаў, у вытв-сці мыла і мыйных сродкаў, тлустых кіслот, гліцэрыны, касметычных сродкаў, змазачных матэрыялаў, як дабаўкі да высыхальных алеяў у вытв-сці пакостаў і алкідных смол, у медыцыне (крыніца вітаміну A) і сельскай гаспадарцы (падкормка для жывёл).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЕЛА́НДЖЭЛА, Мікеланджэла Буанароці (Michelangelo Buonarroti; 6.3.1475, Капрэзе-Мікеланджэла, Італія — 18.2.1564),
італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Адраджэння. Вучыўся жывапісу ў Д.Гірландайо ў Фларэнцыі (1488), скульптуры ў Бертольда ды Джавані ў маст. школе ў садзе К.Медычы пры манастыры Сан-Марка (1489—92). Зазнаў уплывы Джота ды Бандоне, Данатэла, Мазачыо, Якопа дэла Кверчы, ант. скульптуры. Працаваў у Фларэнцыі, Балонні, Рыме. Ужо ў ранніх работах вызначыліся гал. рысы яго творчасці — манументальнасць, унутр. напружанасць і драматызм вобразаў, дынамічнасць кампазіцыйнага вырашэння, майстэрскае выяўленне прыгажосці цела чалавека: рэльефы «Мадонна каля лесвіцы», «Бітва кентаўраў» (абодва каля 1490—92), статуя «Вакх» (1496—97), скульпт. група «Аплакванне Хрыста» («П’ета») у саборы св. Пятра (каля 1498—99) і інш. У каласальнай статуі «Давід» (1501—04) і кардоне для размалёўкі Палацца Век’ё «Бітва пры Кашыне» (1504—06) М. ўвасобіў гераічны парыў і грамадз. доблесць фларэнційцаў, якія выступілі супраць тыраніі Медычы. Вяршыня яго творчасці — размалёўка скляпенняў Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1508—12). Жывапісны цыкл, які ўключае сцэны з Кнігі Быцця ў цэнтр.ч. плафона, манум. фігуры прарокаў і сівіл на бакавых частках скляпення, выявы продкаў Хрыста і біблейскія эпізоды ў распалубках, ветразях і люнетах, стварае грандыёзна ўрачыстую кампазіцыю, што ўспрымаецца як гімн фізічнай і духоўнай прыгажосці, сцвярджае бязмежнасць творчых магчымасцей Бога і створанага па яго падабенству чалавека. Размалёўкі ў Сіксцінскай капэле, як і інш. жывапісныя творы М., вызначаюцца дакладнасцю пластычнай лепкі, напружанай выразнасцю малюнка і кампазіцыі, вытанчанай гамай прыглушаных колераў. У 1505—45 працаваў над афармленнем пахавальні папы Юлія II у царкве Сан-П’етра ін Вінколі ў Рыме: статуі «Звязаны раб», «Раб памірае», «Раб абуджаецца», «Атлант» (усе 1513—19), «Майсей» (1515—16), а таксама 4 няскончаныя фігуры рабоў (1532—34), якія даюць уяўленне аб творчым працэсе мастака. З 1520-х г. светаадчуванне М. набыло трагічны характар і глыбокі песімізм, абумоўленыя крушэннем ілюзій аб стварэнні адзінай моцнай дзяржавы, стратай у Італіі паліт. і грамадз. свабод, крызісам рэнесансавага гуманізму. Гэта ярка выявілася ў вобразным ладзе скульпт.-арх. ансамбля ў пахавальні роду Медычы ў Новай сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі: прасякнутыя адчуваннем цяжкага роздуму, бязмэтавасці складаных рухаў, пазбаўленыя партрэтных рысаў статуі герцагаў Ларэнца і Джуліяна, фігуры «Раніца», «Дзень», «Вечар», «Ноч», якія сімвалізуюць незваротнасць руху часу (усе 1520—34). Сярод інш. твораў: фрэска «Страшны Суд» на алтарнай сцяне Сіксцінскай капэлы (1536—41), размалёўкі капэлы Пааліна ў Ватыкане (1542—50), бюст «Брут» (1537—38), скульпт. кампазіцыі «П’ета» (да 1550—55) для фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ і няскончаная «П’ета Ранданіні» (1555—64), якая прызначалася для ўласнага надмагілля. У позні перыяд працаваў пераважна ў архітэктуры. Пабудовы М. вызначаюцца павышанай пластычнасцю, унутр. дынамізмам і напружанасцю арх. мас, вял. ролю маюць рэльефнае аздабленне сцен, актыўная святлоценявая арганізацыя іх паверхні пры дапамозе высокіх пілястраў, падкрэслена аб’ёмных карнізаў, аконных і дзвярных парталаў. Аўтар праектаў і кіраўнік буд-ва б-кі Лаўрэнцыяны ў Фларэнцыі (1523—34), сабора св. Пятра і ансамбля пл. Капітолія ў Рыме (з 1546, работы завершаны са зменамі пасля смерці М.). Як літаратар сфарміраваўся пад уплывам літ.-эстэт. і філас. ідэй фларэнційскіх паэтаў 15 ст. (Л.Медычы, Л.Пульчы), неаплатонікаў і Дж.Саванаролы. Пісаў пераважна мадрыгалы і санеты. Лірыка М. адметная складанасцю формы, глыбінёй думкі. Тэмы прыгажосці, якую ён трактаваў як боскі пачатак у чалавеку, кахання, якое змагаецца са старасцю і смерцю, адзіноцтва мастака ў варожым да яго свеце, бацькаўшчыны пад уладай тырана набылі ў творах М. высокі грамадз. пафас і трагічнае гучанне. Літ. творы, высока ацэненыя сучаснікамі, пры жыцці М. не публікаваліся (першае выданне — «Вершы», 1623). Творчасць М. падрыхтавала станаўленне маньерызму, зрабіла вял. ўплыў на развіццё прынцыпаў барока і ўсяго еўрап. мастацтва. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне, Давід, Італія, Манументальнае мастацтва.
Тв.:
Рус.пер. — Неизмеримы гения деянья: Стихотворения. М., 1997.
Літ.:
Либман М.Я. Микеланджело Буонарроти. М., 1964;
Микеланджело: Жизнь. Творчество. М., 1964;
Микеланджело и его время. М., 1978;
Алпатов М. Поэзия Микеланджело // Алпатов М. Эподы по истории западноевропейского искусства. М., 1963;
Балдини У. Микеланджело — скульптор: Пер. с итал. М., 1979;
Кристофанелл и Р. Дневник Микеланджело неистового: Пер. с итал. М., 1985;
Хойзингер Л. Микеланджело: Очерк творчества: Пер. с нем. М., 1996.
Т.В.Пешына.
Мікеланджэла. П’ета. Сабор св. Пятра. Каля 1498—99.Мікеланджэла. Стварэнне Адама. Фрагмент размалёўкі Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЮНЬЁН (Réunion),
уладанне Францыі (заморскі дэпартамент) на аднайменным в-ве з групы Маскарэнскіх а-воў у зах.ч. Індыйскага ак. Уваходзяць а-вы Рэюньён (пл. 2350 км²), Трамлен, Басас-да-Індыя, Жуан-ды-Нова і Еўропа. Агульная пл. 2,5 тыс.км². Нас. 720,9 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — франц., выкарыстоўваюцца крэольская і хіндзі. Адм. ц. — г.Сен-Дэні. Падзяляецца на 24 камуны. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. В-аў Р. складаецца з 2 вулканічных масіваў: паўн.-зах. з патухлым вулканам Пітон-дэ-Неж (выш. 3069 м) і паўд.-ўсх. з дзеючым вулканам Фурнез (выш. 2631 м). Ёсць голыя лававыя палі, стараж. вулканічныя цыркі, участкі плато; узбярэжжы нізінныя і раўнінныя. Клімат трапічны пасатны. На ўзбярэжжы т-ры паветра ад 28 °C у студз. да 20 °C у ліп. На падветраных паўн.-ўсх. схілах гор выпадае да 4000 мм ападкаў за год, на ПдЗ — каля 700 мм. Шмат кароткіх горных рэк. Бываюць разбуральныя ўраганы (снеж.—красавік). Пад лесам (тамарынд, жалезнае і аліўкавае дрэвы, дрэвападобныя папараці і ліяны) і хмызнякамі 35% тэр. На ПдЗ участкі саваннаў, у гарах — лугі. Шмат птушак. Разнастайная марская фауна. Ёсць некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва (больш за 60%) — рэюньёнцы, або крэолы, народ пераважна змешанага франка-афра-малагасійскага паходжання, нашчадкі франц. каланістаў, афр. і малагасійскіх рабоў. Жывуць таксама індыйцы (каля 27%), афрыканцы, мальгашы, кітайцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (86%), ёсць індуісты, мусульмане, будысты. Сярэднегадавы прырост нас. каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 288 чал. на 1 км. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, дзе шчыльнасць дасягае 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 70% насельніцтва. У прам-сці занята 19% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 8, у сферы паслуг — 73%. Значнае беспрацоўе (каля 35%), эміграцыя ў Францыю.
Гісторыя. Адкрыты ў пач. 16 ст.партуг. мараплаўцам П. ды Машкарэньяшам. З сярэдзіны 17 ст. каланізацыю вострава вялі французы, якія назвалі яго Бурбон. У 1810—15 востраў захапіла Вялікабрытанія. Пасля вяртання Францыі востраў атрымаў назву Р. (франц. «ўз’яднанне»), У 1946 Р. атрымаў статус «заморскага дэпартамента», у 1974 — унутр. аўтаномію, створаны Ген. і Рэгіянальны саветы, з 1982 паўнамоцтвы апошняга значна пашыраны.
Гаспадарка. Р. — с.-г. краіна з монакультурнай арыентацыяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 4,8 тыс.дол. (1998). Вытв-сцьэл. энергіі 1,1 млрд.кВт∙гадз (1996); каля 55% яе атрымліваюць на электрастанцыях, якія працуюць на імпартаваных нафтапрадуктах, каля 45% — на ГЭС. Гал. галіна прам-сці — перапрацоўка цукр. трыснягу (8 цукр. з-даў выпускаюць 222 тыс.т цукру, 1998).
Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці рому, сокаў, ванілі, араматычных эсенцый, кансерваў (пладова-агароднінных і рыбных), алею, мясных вырабаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, буд. матэрыялаў. Часткова на экспарт працуюць швейныя, абутковыя, металаапр. і электронныя прадпрыемствы. Лясная прам-сць і дрэваапрацоўка. Развіты разнастайныя рамёствы і выраб сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 тыс.га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 50 тыс.га, пад пашай каля 10 тыс.га. Арашаецца 6 тыс.га. Ёсць буйныя плантацыі і дробныя сялянскія гаспадаркі. Асн. культура — цукр. трыснёг, займае каля 35 тыс.га, штогадовы збор 2—3 млн.т. Экспартнае значэнне мае вырошчванне ванілі і для парфумернай прам-сці Францыі эфіраносаў (пеларгонія, ветыверыя, іланг-іланг). Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, бульбу, маніёк, агародніну, тытунь. У 1998 атрымана 17 тыс.т збожжа. Субтрапічнае садоўніцтва (манга, папайя, грэйпфрут, гуява і інш.). Вінаградарства. У горных раёнах развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы 26, авечак і коз 33, свіней 87. Рыбалоўства і промысел амараў. Важнае месца займае замежны турызм, на востраве развітая сетка інфраструктуры для турыстаў. У 1998 Р. наведала 370,3 тыс.чал., пераважна з Францыі. Унутр. транспарт аўтамабільны. На востраве 2,8 тыс. аўтадарог, у т. л. 2,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Асн. порт Ле-Пор. Каля г. Сен-Дэні міжнар. аэрапорт. У 1998 экспарт склаў 171,8 млн.дол., імпарт — 2,35 млрд.дол. У экспарце пераважаюць цукар (63%), ром і патака, парфумерныя эсенцыі, рыбапрадукты; у імпарце — машыны, паліва, харч. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёр — Францыя (74% экспарту, 67% імпарту), яна аказвае Р. пастаянную эканам. дапамогу. Грашовая адзінка — франц. франк.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСК,
горад, цэнтр Смаленскай вобл. Расіі, на берагах р. Дняпро. 353 тыс.ж. (2000). Рачная прыстань, вузел чыгунак і аўтадарог. Важны трансп. цэнтр на шляхах з Расіі ў Беларусь і Зах. Еўропу. Прам-сць: маш.-буд. (ВА «Аналітпрыбор» і «Іскра», НВА «Тэхнапрыбор», з-дыавіяц., «Вымяральнік», аўтаагрэгатны, сродкаў аўтаматыкі, гандл. абсталявання, халадзільнікаў, электралямпавы), лёгкая (ільнокамбінат, трыкатажная, панчошная, абутковая ф-кі і інш.), харч. (мясакамбінат, лікёра-гарэлачны, піваварны з-ды, 2 малаказаводы, макаронная ф-ка), буд. матэрыялаў. Мэблевы камбінат. 7 ВНУ. Планетарый.
Вядомы з 863. Узнік як цэнтр слав. племя крывічоў на стараж.гандл. шляху «з варагаў у грэкі». З 882 у складзе Кіеўскай дзяржавы. З 1-й пал. 12 ст.адм. і культ. цэнтр Смаленскага княства, меў сваю епіскапскую кафедру. У 2-й пал. 12 ст. абвастрылася саперніцтва С. з Полацкам. У 1229 разам з Полацкам і Віцебскам заключыў гандл. і паліт. пагадненне з Рыгай (гл. Дагавор 1229). У 1404—1514 у складзе ВКЛ. Важны цэнтр бел. летапісання, тут створаны Смаленскі летапіс, «Смаленскія граматы XIII—XIV стст.», Смаленская хроніка, Беларуска-літоўскі летапіс 1446. Смаленскі полк удзельнічаў у Грунвальдскай бітве 1410. У 15—17 ст. цэнтр Смаленскага ваяводства. Адбылося Смаленскае паўстанне 1440. З 1514 у складзе Рус. дзяржавы. У 1596—1602 узведзена каменная крапасная сцяна. У 1611 заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Рэчы Паспалітай. У 1654 узяты рус. войскамі. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 пакінуты ў складзе Расіі. У 1708 утворана Смаленская губерня. У 1719—26 цэнтр Смаленскай прав. Рыжскай губ., у 1776—96 — Смаленскага намесніцтва. У вайну 1812 каля С. адбылася Смаленская бітва 1812. Будаўніцтва у 2-й пал. 19 ст. Рыжска-Арлоўскай (1868), Маскоўска-Брэсцкай (1870) і Разана-Уральскай (1899) чыгунак садзейнічала эканам. развіццю горада. У 1918 цэнтр Заходняй камуны. У С. ў 1918 дзейнічаў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), 30—31.12.1918 у С. адбыўся Першы з’езд КП(б)Б, які абвясціў утварэнне БССР, у 1918—39 знаходзіўся акр.ваен. камісарыят Беларускай ваен. акругі. У 1920 у С. выдавалася газ. «Савецкая Беларусь». У 1922—23 і 1925—27 дзейнічала Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле нар. асветы, якая супрацоўнічала з Бел. студэнцкім зямляцтвам у С. (існавала ў 1924—29 пры Смаленскім ун-це). У С. ў розны час жылі і працавалі бел. пісьменнікі М.І.Гарэцкі, Я.Купала, вучоныя У.М.Дабравольскі, А.М.Ляўданскі, І.М.Хозераў і інш. З 1929 цэнтр Заходняй, з 1937 — Смаленскай вобл. У Вял.Айч. вайну пасля Смаленскай бітвы 1941 захоплены ням.-фаш. войскамі. Вызвалены ў выніку Смаленскай аперацыі 1943. У 1985 С. прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».
На левым беразе Дняпра знаходзіцца старая ч. горада — Смаленскі крэмль з Успенскім саборам (17 ст.). Пасля вайны 1812 С. развіваўся паводле плана (1818), які спалучаў прамавугольную планіроўку цэнтра з сістэмай радыяльных вуліц стараж.ч. горада. Сярод арх. помнікаў: цэрквы Пятра і Паўла на Гарадзянцы (1146, перабудавана ў 1753—57, рэстаўрыравана ў 1962—63; побач — палаты уніяцкага епіскапа, 1632), Іаана Багаслова на Варажках (12 ст., перабудавана ў 18 ст.), Міхаіла Архангела (Свірская, 1191—94), Узнясенская (1694—98, арх. Г.Вахрамееў, паводле чарцяжоў Пятра I; паўн. прыдзел — 1764, арх. М.Ф.Казакоў); ансамбль Троіцкага манастыра з саборам (1738—40, арх. І.Калінік) і званіцай (1770-я г.); барочны Праабражэнскі сабор Аўраміева манастыра (1755); будынак б. дваранскага сходу (1825, арх. А.Мельнікаў, класіцызм) і інш. Помнікі 12—13 ст. маюць рысы Полацкай школы дойлідства і Смаленскай школы дойлідства. У С. гіст. і арх.-маст. музей-запаведнік, музей скульптуры імя С.Канёнкава, маст. галерэя (калекцыя абразоў 14—16 ст., рус. і зах.-еўрап. мастацтва), музеі Вял.Айч. вайны, смаленскага лёну. Манументы Айч. вайны 1812 (1842, 1912); помнікі: М.Глінку (1885, скульпт. А.Бок, ажурная рашотка з нотнымі знакамі па творах Глінкі, паводле праекта І.Багамолава), М.Мікешыну (1990), Ф.Каню (1991). Т-ры: драмы, лялек; філармонія.
Літ.:
Смоленск: Крат. энцикл. Смоленск, 1994;
Смоленск и Гнездово (К истории древнерус. города). М., 1991;
Раппопорт П.А., Смирнова А.Т. Архитектурные достопримечательности Смоленска. М., 1976;
Никерова О.В. Смоленск. Смоленск, 2000.
Смаленск. Гістарычны цэнтр горада.Смаленск. Успенскі сабор (злева), Манумент Айчыннай вайны 1812.Смаленск. Царква Пятра і Паўла на Гарадзянцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна каляровай металургіі, якая ўключае прадпрыемствы па здабычы алюмініевай сыравіны і вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду), металічнага алюмінію, крэмнію, алюмініева-крэмніевых сплаваў (сілуніту), фторыстых соляў і інш. (больш за 200 відаў прадукцыі). Па аб’ёме вытв-сці і выкарыстанні алюміній у сусв. эканоміцы займае 1-е месца сярод каляровых металаў. Алюмініевая сыравіна — баксіты, нефелін-апатытавыя і алунітавыя руды, нефелінавыя канцэнтраты і інш. (гл.Алюмініевыя руды). Адна з найб. энергаёмістых галін металургіі (на вытв-сць 1 тметал. алюмінію патрэбна каля 18 тыс.кВт∙гадз электраэнергіі), таму яе размяшчэнне залежыць ад наяўнасці крыніц таннай электраэнергіі.
Узнікла ў 1886, калі быў адкрыты спосаб атрымання алюмінію электролізам гліназёму (ЗША, Францыя). Хуткае развіццё алюмініевай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. звязана з вынаходствам гідрахім. спосабу вытв-сці гліназёму з баксітаў і вял. попытам на алюміній, асабліва ў сувязі з ростам авіяцыі. У б.СССР алюмініевая прамысловасць створана ў 1932—33 на энергет. базе першых буйных гідраэлектрастанцый (Волхаўскі і Дняпроўскі алюм. з-ды; пазней пабудаваны буйныя прадпрыемствы на Урале і ў Сібіры). Хуткі рост алюмініевай прамысловасці выклікаў павелічэнне здабычы баксітаў у свеце. Пасля 2-й сусв. вайны знойдзены багатыя радовішчы баксітаў у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, пазней — у Аўстраліі. Сусв. здабыча баксітаў 92,5 млн.т (1984), найб. — у Аўстраліі і Гвінеі (49% сусв. рэсурсаў), на Ямайцы. Буйнейшыя вытворцы гліназёму — Аўстралія, ЗША Ямайка. Асн. імпарцёры баксітаў і гліназёму — ЗША, Канада, Японія, Нарвегія. Вытв-сць першаснага алюмінію (ступень ачысткі 99,7%) у свеце пастаянна расце, складае каля 16 млн.т (1984), сканцэнтравана ў ЗША, краінах б.СССР, Канадзе і інш. Акрамя першаснага вырабляюць значную колькасць алюмінію высокай ачысткі. Буйныя экспарцёры алюмінію — Канада, Нарвегія, імпарцёры — Японія, ЗША, ФРГ. Вытв-сцю алюмінію займаюцца больш за 80 кампаній (1982), 6 з іх вядучыя транснацыянальныя («Алкэн алюмініум», «Алюмінум компані оф Амерыка», «Рэйналдс металс», «Кайзер алюмінум энд кемікал», «Пешынэ», «Свіс алюмініум»), якія кантралююць 60% здабычы баксітаў, 65% вытв-сці гліназёму, 55% вытв-сці алюмінію.
Сучасная алюмініевая прамысловасць выкарыстоўвае новыя тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі нефелін-апатытавых рудаў і нефелінавых канцэнтратаў на гліназём, содапрадукты, цэмент і інш., вядзе пошук новых эканам. тэхналогій атрымання алюмінію з небаксітавых відаў сыравіны. Буйныя запасы такой сыравіны ў ЗША (160 млрд.т), Нарвегіі, Іране, Іспаніі, ФРГ. На Беларусі — багатае радовішча небаксітавай сыравіны — даўсаніту (Заазерскае, паблізу Мазыра) і каалінітавыя гліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬ,
горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). У 1586 Л.Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л. адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав. горада, ён быў узяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс.ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс.чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
шматгаліновая вытв-сць у прамысл.-гасп. комплексе краіны, якая працуе пераважна на мясц. сыравіне, прамысл. адходах і задавальняе ў першую чаргу патрэбы мясц. насельніцтва. Выпускае прадметы быт. прызначэння, у т. л. ганчарны, стальны і чыгунны эмаліраваны посуд, разнастайную мэблю, швейныя, трыкат., скургалантарэйныя вырабы, тавары быт. хіміі, гумавы і валены абутак, муз. інструменты. вырабы маст. промыслаў, дзіцячыя цацкі, а таксама с.-г. машыны, буд. матэрыялы, сан.-тэхн. і мед. абсталяванне і інш. На Беларусі М.п. бярэ вытокі ад нар. промыслаў і дробнай вытв-сці, якая ў 1920—30-я г. ўваходзіла ў сістэму прамысл. кааперацыі. Пазней пабудаваны больш магутныя прадпрыемствы дзярж. уласнасці. У 1960 прадпрыемствы прамысл. кааперацыі перададзены ў распараджэнне мясц. Саветаў, створана Гал. ўпраўленне М.п., а ў 1965 — Мін-ва М.п. БССР. На 1.1.1972 М.п. Беларусі аб’ядноўвала 187 прамысл. прадпрыемстваў. У працэсе рэарганізацыі галіновых міністэрстваў у 1993 утвораны Бел.дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»). М.п. уключае вытв. аб’яднанні, з-ды і ф-кі рэсп. і камунальнай уласнасці. Асн.вытв. магутнасці і б.ч. буйных прадпрыемстваў М.п. (93 у 1999) падпарадкаваны канцэрну «Белмясцпрам». З іх 32 прадпрыемствы рэсп. уласнасці (21 дзярж., 1 арэнднае, 10 акц. т-ваў) і 61 прадпрыемства камунальнай уласнасці Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абл. (аб’яднаны ў спец.абл. аб’яднанні, падпарадкаваныя адначасова «Белмясцпраму» і аблвыканкомам Саветаў). М.п. дае 1% аб’ёму валавой прадукцыі прам-сці Беларусі, а па таварах нар. спажывання — 2%. Асн. галіны вытв-сці: металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, хімічная, будматэрыялаў, лёгкая. Найб. прадпрыемствы: Барысаўскі з-д «Чырвоны металіст», Гомельскі завод «Эмальпосуд», Мазырскае вытв. мэблевае аб’яднанне, з-д імя М.Гастэлы (Мінск), Полацкі з-дс.-г. абсталявання, Слуцкі з-д «Эмальпосуд», Магілёўскае ВА «Ольса», Маладзечанская ф-камуз. інструментаў, вытв. фірма «Бархім» (Баранавічы), Калінкавіцкі з-дбыт. хіміі, Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, акц. т-вы «Барбытхім» (Барысаў), «Белмасткераміка» (Радашковічы), «Гомельпласт», «Музінструмент-Барысаў», «Мінская люстэркавая ф-ка», «Гомельская люстэркавая ф-ка», «Ваўмет» (Ваўкавыск) і інш. У 1999 прадпрыемствы канцэрна «Белмясцпрам» (23 358 работнікаў) вырабілі стальнога эмаліраванага посуду 1570 т, сінт. мыйных сродкаў 3697 т, піяніна — 3360 шт., набораў для кухні «Вязынка» 1789 шт., валенага абутку 352 000 шт. і інш. Частка прадукцыі М.п. (піяніна, электрагітары, мэбля, буд. матэрыялы і інш.) экспартуецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРАМСКА́Я ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 13.8.1944. Пл. 60,1 тыс.км², нас. 795 тыс.чал. (1997), гарадскога 66%. Цэнтр — г.Кастрама. Найб. гарады: Буй, Нерахта, Шар’я, Мантурава, Галіч, Нея.
Прырода. Паверхня — хвалістая раўніна. На З вобласці Кастрамская нізіна (выш. 80—100 м). З Пд на Пн распасціраецца Галіцкае ўзв. (выш. да 292 м), на ПнУ адгор’і Паўн. Увалаў (выш. да 227 м). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, гаручыя сланцы, фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -12 °C да -14 °C, ліп. 18—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—600 мм. Гал. рака — Волга з прытокамі Кастрама, Унжа, Вятлуга. Буйныя азёры — Галіцкае і Чухламскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у поймах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 60% тэрыторыі (хвоя, елка, бяроза, асіна, вольха). Жывёльны свет: буры мядзведзь, воўк, рысь, лось, ліс, вавёрка, куніца, акліматызаваная андатра.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лёгкая (пераважна льняная), маш.-буд., харч., лясная і дрэваапр., энергетыка, хімічная. Ільняная прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Вытв-сць ільновалакна, тканін, швейных і трыкат. вырабаў у гарадах Кастрама, Нерахта, Буй, скур і абутку ў г. Галіч. Прадпрыемствы па вытв-сці рачных суднаў, станкоў, экскаватараў, абсталявання для дрэваапр., тэкст., хім., харч. прам-сці ў Кастраме, Галічы, Нерахце, Мантураве. Цэнтры лесапілавання, дрэваапрацоўкі, вытв-сці мэблі, паперы — Кастрама, Буй, Шар’я, Макар’еў, Мантурава, Галіч. Развіта харч.прам-сць (малочная, сыраробная, мясная, макаронная і інш.). У Буі і Кастраме з-ды па вытв-сці сінт. смол і пластмас. Вытв-сць электраэнергіі 9,3 млрд.кВт∙гадз (1996). Кастрамская ДРЭС (Валгарэчанск) — адна з буйнейшых у Расіі. Стараж. цэнтр ювелірнага нар. промыслу — Краснае-на-Волзе. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (кастрамская парода буйн. раг. жывёлы) і льнаводства. Авечкагадоўля, птушкагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 1040 тыс.га, у т. л. пад ворывам каля 700 тыс.га. Пасевы збожжавых (жыта, пшаніца, ячмень, авёс), лёну, кармавых культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Даўж. чыгункі 646 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс.км (1996). Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Яраслаўль—Кастрама—Галіч, Волагда—Галіч—Мантурава—Кіраў, аўтадарогі Яраслаўль—Кастрама—Макар’еў—Мантурава, Кастрама—Іванава. Суднаходства па Волзе, у нізоўях рэк Кастрама, Унжа, Вятлуга. Курорт Салігаліч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў цэнтр.ч. Украіны, у міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Утворана 10.1.1939. Пл. 24,6 тыс.км². Нас. 1224,8 тыс.чал. (1996), гарадскога 59%. Цэнтр — г.Кіраваград. Найб. гарады: Александрыя, Светлаводск, Знаменка.
Прырода. К.в. займае паўд.ч. Прыдняпроўскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. — 269 м. Паверхня хвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: буры вугаль, нікелевыя і жал. руды, торф, графіт, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы (граніт, лабрадарыт, кварцыт, мергель). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 420—470 мм за год. Гал. рэкі: Дняпро (з прытокам Інгулец) і Паўд. Буг (з прытокамі Інгул і Сінюха). У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ чаргуюцца з участкамі шэрых і цёмна-шэрых ападзоленых лясных глеб. Стэпы ўзараныя. Пад лесам (дуб, граб, ясень, клён) і хмызнякамі каля 150 тыс.га.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, паліўная, харчовая. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці с.-г. агрэгатаў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, дызельных рухавікоў, радыёпрылад, пішучых машынак. Каляровая металургія прадстаўлена Пабугскім нікелевым з-дам і Светлаводскімі з-дамі чыстых металаў і цвёрдых сплаваў. Здабыча і брыкетаванне бурага вугалю (Дняпроўскі вугальны басейн). На яго базе працуе хім.прам-сць (з-д горнага воску). Здабываюць жал. руду, графіт, граніт, лабрадарыт. Вытв-сць электраэнергіі на Крамянчугскай ГЭС, шэрагу ЦЭС і невял. ГЭС. Развіта харч.прам-сць, пераважна цукровая. Ёсць прадпрыемствы маслатлушчавай, мясной, малочнай, сыраварнай, мукамольнай, кандытарскай, спіртавой прам-сці. Шэраг камбікормавых з-даў, Лёгкая прам-сць (швейная, трыкат., абутковая, гарбарная). Прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (у т. л. мэблевай). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (з-ды шчэбеневы, цагельны, жалезабетонных вырабаў). Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2050 тыс.га, у т. л. пасяўная пл. займае каля 1700 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, ячмень), тэхн. культуры (цукр. буракі, сланечнік, соя, каляндра), бульбу, агародніну. Масівы арашальных зямель. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і авечкагадоўля. Пчалярства. Сажалкавая рыбагадоўля. Гал. чыгункі: Кіеў—Днепрапятроўск, Масква—Адэса, Кіеў—Мікалаеў; аўтадарогі: Кіеў—Адэса, Кіраваград—Мікалаеў, Кіеў—Днепрапятроўск, Харкаў—Адэса. Суднаходства па р. Дняпро. Аэрапорт у г. Кіраваград.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДАПАДЗЕ́Л,
вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.І.Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.У.Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб. напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.В.Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).