СМАЛЕ́НСК,

горад, цэнтр Смаленскай вобл. Расіі, на берагах р. Дняпро. 353 тыс. ж. (2000). Рачная прыстань, вузел чыгунак і аўтадарог. Важны трансп. цэнтр на шляхах з Расіі ў Беларусь і Зах. Еўропу. Прам-сць: маш.-буд. (ВА «Аналітпрыбор» і «Іскра», НВА «Тэхнапрыбор», з-ды авіяц., «Вымяральнік», аўтаагрэгатны, сродкаў аўтаматыкі, гандл. абсталявання, халадзільнікаў, электралямпавы), лёгкая (ільнокамбінат, трыкатажная, панчошная, абутковая ф-кі і інш.), харч. (мясакамбінат, лікёра-гарэлачны, піваварны з-ды, 2 малаказаводы, макаронная ф-ка), буд. матэрыялаў. Мэблевы камбінат. 7 ВНУ. Планетарый.

Вядомы з 863. Узнік як цэнтр слав. племя крывічоў на стараж. гандл. шляху «з варагаў у грэкі». З 882 у складзе Кіеўскай дзяржавы. З 1-й пал. 12 ст. адм. і культ. цэнтр Смаленскага княства, меў сваю епіскапскую кафедру. У 2-й пал. 12 ст. абвастрылася саперніцтва С. з Полацкам. У 1229 разам з Полацкам і Віцебскам заключыў гандл. і паліт. пагадненне з Рыгай (гл. Дагавор 1229). У 1404—1514 у складзе ВКЛ. Важны цэнтр бел. летапісання, тут створаны Смаленскі летапіс, «Смаленскія граматы XIII—XIV стст.», Смаленская хроніка, Беларуска-літоўскі летапіс 1446. Смаленскі полк удзельнічаў у Грунвальдскай бітве 1410. У 15—17 ст. цэнтр Смаленскага ваяводства. Адбылося Смаленскае паўстанне 1440. З 1514 у складзе Рус. дзяржавы. У 1596—1602 узведзена каменная крапасная сцяна. У 1611 заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Рэчы Паспалітай. У 1654 узяты рус. войскамі. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 пакінуты ў складзе Расіі. У 1708 утворана Смаленская губерня. У 1719—26 цэнтр Смаленскай прав. Рыжскай губ., у 1776—96 — Смаленскага намесніцтва. У вайну 1812 каля С. адбылася Смаленская бітва 1812. Будаўніцтва у 2-й пал. 19 ст. Рыжска-Арлоўскай (1868), Маскоўска-Брэсцкай (1870) і Разана-Уральскай (1899) чыгунак садзейнічала эканам. развіццю горада. У 1918 цэнтр Заходняй камуны. У С. ў 1918 дзейнічаў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), 30—31.12.1918 у С. адбыўся Першы з’езд КП(б)Б, які абвясціў утварэнне БССР, у 1918—39 знаходзіўся акр. ваен. камісарыят Беларускай ваен. акругі. У 1920 у С. выдавалася газ. «Савецкая Беларусь». У 1922—23 і 1925—27 дзейнічала Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле нар. асветы, якая супрацоўнічала з Бел. студэнцкім зямляцтвам у С. (існавала ў 1924—29 пры Смаленскім ун-це). У С. ў розны час жылі і працавалі бел. пісьменнікі М.​І.​Гарэцкі, Я.​Купала, вучоныя У.​М.​Дабравольскі, А.​М.​Ляўданскі, І.​М.​Хозераў і інш. З 1929 цэнтр Заходняй, з 1937 — Смаленскай вобл. У Вял. Айч. вайну пасля Смаленскай бітвы 1941 захоплены ням.-фаш. войскамі. Вызвалены ў выніку Смаленскай аперацыі 1943. У 1985 С. прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».

На левым беразе Дняпра знаходзіцца старая ч. горада — Смаленскі крэмль з Успенскім саборам (17 ст.). Пасля вайны 1812 С. развіваўся паводле плана (1818), які спалучаў прамавугольную планіроўку цэнтра з сістэмай радыяльных вуліц стараж. ч. горада. Сярод арх. помнікаў: цэрквы Пятра і Паўла на Гарадзянцы (1146, перабудавана ў 1753—57, рэстаўрыравана ў 1962—63; побач — палаты уніяцкага епіскапа, 1632), Іаана Багаслова на Варажках (12 ст., перабудавана ў 18 ст.), Міхаіла Архангела (Свірская, 1191—94), Узнясенская (1694—98, арх. Г.​Вахрамееў, паводле чарцяжоў Пятра I; паўн. прыдзел — 1764, арх. М.​Ф.​Казакоў); ансамбль Троіцкага манастыра з саборам (1738—40, арх. І.​Калінік) і званіцай (1770-я г.); барочны Праабражэнскі сабор Аўраміева манастыра (1755); будынак б. дваранскага сходу (1825, арх. А.​Мельнікаў, класіцызм) і інш. Помнікі 12—13 ст. маюць рысы Полацкай школы дойлідства і Смаленскай школы дойлідства. У С. гіст. і арх.-маст. музей-запаведнік, музей скульптуры імя С.​Канёнкава, маст. галерэя (калекцыя абразоў 14—16 ст., рус. і зах.-еўрап. мастацтва), музеі Вял. Айч. вайны, смаленскага лёну. Манументы Айч. вайны 1812 (1842, 1912); помнікі: М.​Глінку (1885, скульпт. А.​Бок, ажурная рашотка з нотнымі знакамі па творах Глінкі, паводле праекта І.​Багамолава), М.​Мікешыну (1990), Ф.​Каню (1991). Т-ры: драмы, лялек; філармонія.

Літ.:

Смоленск: Крат. энцикл. Смоленск, 1994;

Смоленск и Гнездово (К истории древнерус. города). М., 1991;

Раппопорт П.А., Смирнова А.Т. Архитектурные достопримечательности Смоленска. М., 1976;

Никерова О.В. Смоленск. Смоленск, 2000.

Смаленск. Гістарычны цэнтр горада.
Смаленск. Успенскі сабор (злева), Манумент Айчыннай вайны 1812.
Смаленск. Царква Пятра і Паўла на Гарадзянцы.

т. 15, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)