туркменскі паэт.Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Туркменскі ун-т (Ашхабад, 1961). Друкаваўся з 1946. Першы зб. вершаў — «Крыніца маёй сілы» (1951). У кнігах паэзіі «Спаборніцтва» (1972), «Жыццё» (1975), «Вясенні вецер» (1977), «Зямля» (1978), «На паўдарозе» (1979) роздум пра сэнс жыцця, месца мастака ў ім, пра грамадзянскі ідэал. Аўтар зб.літ.-крытычных арт. «Літаратура і жыццё» (1981), эсэ «Летнія запісы» (1986) і інш. Шматлікія яго творы сталі нар. песнямі. Пераклаў на туркм. мову вершы Н.Гілевіча, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, В.Жуковіч, Х.Жычка, М.Маляўка, Ю.Свірка, М.Танк, Л.Філімонава. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,
старажытная дзяржава на тэр. сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн. Індыі ў 1—4 ст.н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст.н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.
Літ.:
Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;
Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;
Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЁЛА ((Loyola) Ігнацій) (сапр. Іньіга Лопес дэ Ракальдэ; Lopez de Racalde; 23.10.1491 ?, замак Лаёла, каля г. Аспейтыя, Іспанія — 31.7.1556),
іспанскі тэолаг, заснавальнік ордэна езуітаў. Першапачаткова афіцэр на службе віцэ-караля Навары. Стаўшы інвалідам у выніку ранення (1521) у час вайны з Францыяй, адмовіўся ад ваен. кар’еры. У 1522—23 як пустэльнік жыў у гроце Манрэса ля падножжа гор Мантсерат, у гэты час стварыў «Духоўныя практыкаванні» (у 1548 ухвалены папам Паўлам III). Пасля паломніцтва ў Іерусалім (1523—24) вывучаў тэалогію ў Барселоне, Алькале, Саламанцы, з 1528 — ў Сарбонскім ун-це ў Парыжы. 15.8.1534 разам з аднадумцамі заснаваў ордэн езуітаў, зацверджаны папам Паўлам III у 1540; стаў яго першым генералам (з 1541). Распрацаваў «Правілы сціпласці», якія рэгламентавалі паводзіны членаў ордэна. У 1622 кананізаваны каталіцкай царквой.
Літ.:
Быков А. И.Лойола: Его жизнь и общественная деятельность: Биогр. очерк. 2 изд. СПб., 1894.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМНІ́ЦКІ ((Łomnicki) Тадэвуш) (18.7. 1927, г. Падгайцы, Украіна — 22.2.1992),
польскі акцёр. Скончыў студыю пры т-ры «Стары» ў Кракаве (1947). Вучыўся ў Вышэйшай школе тэатр. і кінамастацтва ў Варшаве (1951—53), з 1969 выкладаў у гэтай школе (у 1971—81 рэктар, з 1974 праф.). З 1947 у т-рах, у т. л. варшаўскіх: «Вспулчэсны», «Нарадовы», «На Волі» і інш. Характарны акцёр. Выконваў драм. і камед. ролі: Кардыян («Кардыян» Ю.Славацкага), Ян («Першы дзень свабоды» Л. Кручкоўскага), Глумаў [«На ўсякага мудраца хапае прастаты» (на польск. сцэне — «Запіскі падлюгі») А. Астроўскага], Прысыпкін («Клоп» У.Маякоўскага), Артура Уі («Кар’ера Артура Уі» Б. Брэхта) і інш. Ставіў спектаклі. З 1946 здымаўся ў кіно: «Пакаленне» (1955), «Пан Валадыеўскі» (1969; Залаты медаль на Міжнар. кінафестывалі ў Маскве), «Чалавек з мармуру» (1977), «Дом вар’ятаў» (1984) і інш. Аўтар п’ес «Ной і яго звярынец» (1948), «Пустазелле і пшаніца» (1951), кінасцэнарыяў, успамінаў «Тэатральныя сустрэчы» (1984). Дзярж. прэмія Польшчы 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛАНЦУ́Г»,
бел. народны танец. Муз. памер 2/4, 4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тым часам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЦІ́НСКІ (Ігар Васілевіч) (н. 11.1. 1930, г. Магілёў),
бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1951). З 1951 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. У 1963—94 рэжысёр (1975—80 гал. рэжысёр), з 1994 на студыі літ.-драм. праграм Нац.дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод роляў: Гільём («Салавей» З.Бядулі), Брыгадзір Янка («Крылы» А.Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К.Губарэвіча), Пракурор (1000 франкаў узнагароды» В.Гюго), Пэра («Пані міністэрша» Б.Нушыча). Яго пастаноўкі радыёспектакляў вылучаюцца глыбокім зместам, жыццёвай пераканаўчасцю, эмацыянальнай насычанасцю: «Спартак» паводле Р.Джаваньёлі (1987), «Палескія рабінзоны» паводле Я.Маўра (1989), «Дарога на дваіх» (1996), «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» (усе паводле М.Калошкі), «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А.Сыскаўца, «Лівень» паводле А.Жука (усе 1997), «Час дыназаўра» паводле Л.Шчэрбача (1998). Паставіў лірычна-дакумент. радыёаповесць Г.Пашкова «Палескія вандроўнікі» (1998; Дзярж. прэмія Беларусі 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСКО́Ў (Іван Антонавіч) (19.6.1941, г. Гомель — 28.6.1994),
бел. пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1964), Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). З 1971 жыў і працаваў у Якуціі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Дэбютаваў у 1956 вершамі. Аўтар зб-каў паэзіі «Стыхія» (1966), «Белае неба» (1969), «Кружное лета» (1973), паэм «Жывыя галасы» (1964), «Трыццаць» (1973), «Кульгавы» (1975), «Кульга» (1985), зб-каў апавяданняў «Івановы» (1979), «Чароўны камень» (1983), аповесці «Вяртанне Адысея» (1973), апавядання для дзяцей «Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду» (1976). Пісаў нарысы, эсэ, артыкулы, рэцэнзіі. У яго творах роздум над гісторыяй і сучаснасцю, заклапочанасць лёсам роднай зямлі. Распрацоўваў гіпотэзу пра угра-фінскія карані ўсх. славян, прыйшоў да высновы, што літва не была балцкім племем (артыкулы «Племя пяці родаў», 1989; «Нашчадкі таямнічае літвы», 1991; «Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойці», «Жамойцкі тупік», «З маўклівых прадонняў», усе 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫЯ АДКЛА́ДЫ,
геалагічныя адклады, што ўзніклі ў выніку дзейнасці ледавіка і яго расталых вод на сушы. Падзяляюцца на ўласна ледавіковыя (гл.Марэна), флювіягляцыяльныя, лімнагляцыяльныя адклады. Л.а. лічыцца і абломкавы матэрыял, перанесены айсбергамі і адкладзены ў моры (ледавікова-марскія ці марынагляцыяльныя адклады). Флювіягляцыяльныя адклады ўтварыліся ў працэсе перамыву марэн і марэназмяшчальных пластоў ільду расталымі ледавіковымі водамі. Гэта пяскі, часта буйназярністыя, са жвірам і галькай. У месцах, дзе такі перамыў адбываўся ва ўмовах гідрастатычнага ціску, узнікалі магутныя пясчана-жвіровыя акумуляцыі з дамешкамі валунна-галечнай сумесі. Флювіягляцыяльныя адклады складаюць водна-ледавіковыя раўніны, зандры, озы, камы. Лімнагляцыяльныя адклады (стужачныя гліны, супескі, суглінкі, тонка- і дробназярністыя пяскі) сфарміраваліся ў прыледавіковых азёрах, у надледавіковых і ўнутрыледавіковых вадаёмах, а таксама ў адкрытых ледавіковых лагчынах. Беларусь — тыповая вобласць акумуляцыі Л.а. З Л.а. звязаны радовішчы цагельнай сыравіны, буд. пяскоў, жвіру, галькі, валуноў, падземных вод. Гл. таксама Ледавіковы комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАКО́Л,
судна, якое пракладвае шлях іншым суднам у льдах замярзаючых басейнаў і служыць для падтрымання навігацыі. Ламае лёд масай свайго корпуса пры напаўзанні нахіленай насавой ч. на край ільдзіны. Ахова корпуса ад бакавога сціскання забяспечваецца ягоспец. формай і павышанай трываласцю, засцярога вінтоў і рулёў — вял. асадкай.
Л. бываюць марскія, у т. л. лінейныя (для далёкіх пераходаў у арктычных морах, даўж. да 150 м, водазмяшчэнне да 23,5 тыс.т), азёрныя і рачныя. Першы ў свеце арктычны Л. «Ермак» пабудаваны ў 1899 пад кіраўніцтвам С.В.Макарава. Найб. магутныя сучасныя Л. — атамныя ледаколы. Ледакольныя флаты маюць Расія, ЗША, Канада, Швецыя, Фінляндыя.
Літ.:
Белкин С.И. Сокрушающие лед. М., 1983;
Безопасность плавания во льдах. М., 1993.
Спосабы разбурэння ледзянога покрыва ледаколам: 1, 2 — з дапамогай крэну корпуса; 3, 4 — з дапамогай насавой баластнай цыстэрны (у яе перапампоўваецца паліва з кармавой цыстэрны пасля насоўвання носа карабля на лёд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙПЦЫГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1409 у г. Лейпцыг. У гады фаш. дыктатуры (1933—45) ун-т быў закрыты. У 1946 аднавіў работу. Ф-ты: права, тэалогіі, гіст., філал., адукацыі, мастацтва і ўсходніх дысцыплін, біял., вет., мед., эканам., сац. навук і філасофіі, матэматыкі і камп’ютэрных дысцыплін, фармацэўтычных дысцыплін і псіхалогіі, хіміі і мінералогіі, фізікі і навук аб Зямлі. У 1995 у Л.у. больш за 18,5 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць ін-ты, лабараторыі, н.-д. ўстановы, б-ка (з 1543; больш за 4,2 млн. тамоў), музеі (муз. інструментаў, медыцыны і прыродазнаўства, стараж. свету, егіпталогіі, манет і манускрыптаў), бат. сад, радыёстанцыя. У розны час у ім вучыліся У. фон Гутэн, Т.Мюнцэр, Г.В.Лейбніц, Г.Э.Лесінг, А.М.Радзішчаў, І.В.Гётэ, І.Г.Фіхтэ., Ф.Шлегель, В.Р.Вагнер, Ф.Ніцшэ і інш.; выкладалі К.Людвіг (уяго лабараторыі працаваў І.П.Паўлаў), А.В.Кольбе, В.Вунт, В.Ф.Оствальд і інш.