шматразовыя напады Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, у т. л. землі Беларусі, у канцы 13 — пач. 15 ст. Упершыню прэтэнзіі Ордэна на пэўныя землі ВКЛ выказаны ў 1245, калі імператар Фрыдрых II выдаў вял. магістру Ордэна Генрыху фон Гогенлоэ прывілей, які даваў яму правы на землі, што ён здабудзе ў Куроніі, Літве і Земгаліі. Напачатку падставай для паходаў на ВКЛ быў язычніцкі стан балцкага насельніцтва, якое, згодна з устанаўленнямі крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзіі Ордэна на землі ВКЛ падмацоўваліся і граматай (фальшывай?) кн. Міндоўга, якой ён быццам бы завяшчаў сваю дзяржаву Тэўтонскаму ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Войны Ордэна супраць ВКЛ пачаліся пасля падпарадкавання ім прусаў у 1283. Да 1309 быў заняты каланізацыяй Прусіі і ўнутраным яе ўмацаваннем, таму далейшую агрэсію праводзіў адносна невял. сіламі. Гал. аб’ектам яго нападаў была Жамойць, дзе апорнымі іх базамі сталі збудаваныя на Нёмане і Балтыйскім узбярэжжы замкі Мемельбург, Рагніт, Скірстымонія і інш. Паходы арганізоўвалі ордэнскія ўлады ўсіх узроўняў. Баявыя дзеянні цягнуліся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў перамяжоўваліся больш буйнымі паходамі — да некалькіх тыдняў. У 1290—94 крыжакі штогод рабілі не менш як 2 паходы. Часам яны нападалі на Гродна, якое літвіны выкарыстоўвалі як базу для нападаў на Прусію і Польшчу. Паходы на Гродна праведзены ў 1284, 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). Прыгранічныя напады рыцараў на ВКЛ адбываліся і ў часы іх ваен. дзеянняў з Польшчай у 1309—43. Пераважна яны нападалі на Жамойць, а таксама на Гродна (1311, 1328), Навагрудак (1314). У адказ войскі ВКЛ учынялі паходы на крыжацкія замкі і ўладанні. Буйнейшы з іх праведзены сумесна з польскімі войскамі на Брандэнбург у 1326 пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага. Прывілеем 1337 імператар Людовік IV Баварскі перадаў вял. магістру Тэўтонскага ордэна і яго пераемнікам часткі зямель ВКЛ — Жамойць, Куронію і Русь. Пасля замірэння Ордэна з Польшчай (1343) маштабнасць і колькасць яго нападаў на землі ВКЛ павялічыліся. Некалькі разоў яны штурмавалі Вільню, Трокі, рабілі рэйды ў Верхняе Панямонне (да мяст. Дзяляцічы), нападалі на Беліцу (1377), Ліду (1384), Брэст (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князі ВКЛ Альгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды аказвалі моцнае супраціўленне Ордэну з-за ваен. дзеянняў на усх. і паўд. рубяжах краіны. Найб. значная бітва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнічалі атрады з Полацка, Віцебска, Смаленска, Брэста і інш. гарадоў. 29.10.1379 Кейстут і Ягайла заключылі перамір’е з Ордэнам, які абавязаўся 10 гадоў не нападаць на «рускія» землі ВКЛ. Але ў хуткім часе пагадненне было парушана і напады крыжакоў адбыліся ў 1382 і 1383. З часу хрышчэння літоўскай часткі насельніцтва ВКЛ ў выніку Крэўскай уніі 1385 рэлігійныя падставы агрэсіі Ордэна зніклі, паходы крыжакоў на пэўны час спыніліся. Яны аднавіліся пасля таго, як Вітаўт паводле Салінскага дагавора 1398 абяцаў перадаць Ордэну Жамойць узамен на падтрымку яго ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Невыкананне ўмоў гэтага дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў (у 1402 да Салечнікаў, у 1403 да Ашмян). Рымскі папа Баніфацый IX булай ад 9.9.1403 забараніў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ паклалі Рацёнжскі дагавор 1404 і Грунвальдская бітва 1410, хоць яшчэ да Мельнскага міру 1422 вяліся ваенныя дзеянні Ордэна з Польшчай і ВКЛ на тэр. Прусіі. Гл. таксама Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;
Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў Наш край. Мн., 1997. Вьш. 2;
Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской: Пер. с лат.М., 1997;
Lietuvių, karas su kryżinoćiais. Vilnius, 1964;
Lowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII — XV // Lowmiański H. Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКІ Максім (сапр.Пешкаў Аляксей Максімавіч; 28.3.1868, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 18.6.1936),
рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ганаровы акадэмік АНБССР (1932). З 1878 працаваў служкай, грузчыкам, пекарам, дворнікам і інш. З 1884 жыў у Казані, удзельнічаў у нелегальных народніцкіх гуртках. У 1888—89 і 1891—92 вандраваў па Расіі. За ўдзел у арганізацыі падп. друкарні ў 1901 высланы з Ніжняга Ноўгарада. Удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905. У 1906 выехаў у Амерыку, потым — у Італію, жыў на в-ве Капры (1906—13). У 1913 вярнуўся ў Расію. Узначальваў выд-ва «Всемирная литература» (1918—24). У 1924—31 жыў у Сарэнта (Італія). З 1931 уСССР. Засн. шэраг часопісаў, кніжных серый, у т. л. «Жыццё выдатных людзей», «Бібліятэка паэта» і інш. Ініцыятар 1-га з’езда (1934) і 1-ы старшыня Саюза сав. пісьменнікаў. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне ідэйна-эстэт. прынцыпаў сав. л-ры.
У друку ўпершыню выступіў з апавяданнем «Макар Чудра» (1892). У яго ранняй творчасці спалучаліся рамантызм і рэалізм. У алегарычных творах («Песня пра Сокала», 1895, «Песня пра буравесніка», 1901) адлюстраваліся погляды Горкага на рэвалюцыю. Шырокі рэзананс меў зб. «Нарысы і апавяданні» (т. 1—3, 1898—99). Урэаліст. творах (раманы «Фама Гардзееў», 1899; «Трое», 1900—01, і інш.) паказаў Расію напярэдадні 20 ст.У драме «Мяшчане» (паст. 1902), п’есах «На дне» (1902), «Дачнікі» (1904), «Дзеці сонца» (1905), «Варвары» і «Ворагі» (1906) адлюстраваў перадрэвалюцыйныя працэсы ў рас. грамадстве. У рамане «Маці» (1907) спачувальна паказаў нарастанне рэв. руху ў Расіі. Аповесці «Лета» і «Гарадок Акураў» (1909), «Жыццё Мацвея Кажамякіна» (1910—11) пра рус. сялянства і мяшчанства. Патрыятычнымі настроямі прасякнуты «Казкі пра Італію» (1911—13), цыкл апавяданняў «Па Русі» (1912—17). У публіцыстычнай кн. «Несвоечасовыя думкі» (асобнае выд. 1918) крытыкаваў узяты У.І.Леніным курс на рэвалюцыю, сцвярджаў пра яе дачаснасць і разбуральныя вынікі. Напісаў аўтабіягр. трылогію («Дзяцінства», 1913—14; «У людзях», 1916; «Мае універсітэты», 1923), раман «Справа Артамонавых» (1925), п’есы «Ягор Булычоў і іншыя» (паст. 1932), «Дасцігаеў і іншыя» (1933), «Васа Жалязнова» (1936, 1-я рэд. 1910), у якіх зноў звярнуўся да паказу жыцця Расіі да 1917. Аўтар літ. партрэтаў «Леў Талстой» (1919), «У.Г.Караленка» (1923), «Сяргей Ясенін» (1927) і інш. Апошні твор — няскончаны раман-эпапея «Жыццё Кліма Самгіна» (ч. 1—3, 1927—31, ч. 4, 1937) у надзвычай згушчанай, насычанай форме адлюстраваў падзеі перадрэвалюцыйных дзесяцігоддзяў.
Горкі першы з рус. пісьменнікаў звярнуў увагу на бел. л-ру, даў высокую ацэнку творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Пераклаў на рус. мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе», які назваў нацыянальным гімнам беларусаў. Цікавіўся бел. фальклорам. З 1896 у сваяцкіх адносінах з сям’ёй А.Я.Багдановіча. У 1929 учас вяртання на радзіму на ст. Негарэлае яго сустракалі Я.Купала, Ц.Гартны, А.Александровіч, у 1931 — К.Крапіва, П.Галавач і інш. На бел. мову творы Горкага перакладалі Т.Гардзялкоўская, К.Чорны, М.Гарэцкі, Э.Самуйлёнак, П.Глебка, К.Крапіва, М.Лынькоў, А.Куляшоў, Я.Брыль, Э.Агняцвет, З.Астапенка, С.Баранавых, В.Вітка, Ю.Гаўрук, А.Зарыцкі, М.Лобан, М.Машара, Я.Скрыган, Т.Хадкевіч, У.Хадыка, А.Якімовіч. П’есы Горкага неаднаразова ставіліся і на сцэнах бел. т-раў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—25. М., 1968 — 76;
Архив А.М.Горького. Т. 1—14. М., 1939—76;
Бел.пер. — Зб. твораў. Т. 5—13, 16—20, 23—24. Мн., 1935—38 (т. 1—4, 14—15, 21—22 не выд.);
Архіп і Лявонка. Вільня, 1910;
Зброднік. Канавалаў, Чалкаш. Мн., 1930;
Справа Артамонавых. Мн., 1941;
Маці. Мн., 1941;
Дзяцінства. Мн., 1949;
У людзях. Мн., 1952;
Мае універсітэты. Мн., 1953;
Казкі. Мн., 1968.
Літ.:
Летопись жизни и творчества А.М.Горького. Вып. 1—4. М., 1958—60;
Десницкий М.В. А.М.Горький: Очерки жизни и творчества. М., 1959;
Михайловский Б., Тагер Е. Творчество М.Горького. 3 изд. М., 1969;
Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;
Ивашин В.В. М.Горький и белорусская литература начала XX в. Мн., 1956;
Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;
Максім Горкі і Беларусь: Зб.арт. і ўспамінаў. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой украс. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 уЗах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, уЗах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, упач. 1950-х г.уасн. завяршыўся выезд беларусаў уінш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л.Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў уасн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГІ,
буйны магнацкі род герба «Ліс» уВКЛ, прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. Лічыўся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам ВКЛ. Беларусы па паходжанні, напачатку былі праваслаўнымі, у 2-й пал. 16 ст. частка іх далучылася да пратэстанцтва, аднак ужо ў канцы 16 ст. С. прынялі каталіцтва. У 17—18 ст. складаліся радаводы С., дзе сцвярджалася пра іх быццам бы княжацкае паходжанне ад Нарымонта, сына Гедзіміна. У 18—19 ст. некат. даследчыкі выводзілі С. ад трокскага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. А.Банецкі, Ю.Вольф і У.Сямковіч у сваіх даследаваннях даказалі, што С. паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х г. з полацкіх баяр. Першапачаткова вял. маёнткі С. знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакоў. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 С. страцілі Гарадзішча і Апакоў, якія адышлі да Масквы, а ў выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 страцілі і Ельню. У родапачынальніка Сямёна былі 4 сыны, з якіх Багдан і Іван сталі пачынальнікамі 2 гал. ліній роду — чарэйска-ружанскай і коданскай. Багдан (да 1450—пасля 1512) у выніку шлюбу з князёўнай Фядорай Друцкай-Сакалінскай атрымаў Чарэю і інш. маёнткі — ядро ўладанняў С. у Полацкім і Віцебскім ваяв. Іван (каля 1450—1517) атрымаў за службу маёнткі на Браслаўшчыне (Друю, Іказнь, Пагост), Кодань каля Брэста і інш. Старэйшая, чарэйска-ружанская лінія роду займала больш трывалыя пазіцыі ў дзярж. колах, малодшая мела меншае паліт. значэнне. У апошняй чвэрці 17 ст. род яшчэ больш узвысіўся. Кароль Ян III Сабескі, каб супрацьдзейнічаць магутнаму роду Пацаў, даваў вышэйшыя дзярж. пасады С., якія, умацаваўшы сваё становішча, выступілі супраць караля. У гэты час пашырылася незадаволенасць усеўладствам і злоўжываннямі С. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхты ВКЛ. На сойме 1696 ёй удалося правесці канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у т. л. ў кантролі над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. І хоць сойм 1697 пацвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж С. і шляхтай працягваўся. У 1700 ён набыў характар грамадзянскай вайны. 18.11.1700 пад Алькенікамі (на Пд ад Вільні, цяпер г. Вільнюс) адбылася рашучая бітва паміж атрадамі С. і шляхты. Войска С. было разбіта, самі яны пазбаўлены пасад, некат. з іх пакінулі краіну. УчасПаўночнай вайны 1700—21 С. сталі на бок шведскага караля Карла XII і падтрымлівалі шведскага стаўленіка караля Станіслава Ляшчынскага. Шляхта працягвала ваяваць супраць С. і заключыла з царом Пятром I дагавор аб рас. ваеннай і грашовай дапамозе. Тады С. пайшлі нават на стварэнне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, якія дзейнічалі супраць шляхты ва ўсх. частцы Беларусі. У 1702 гэтыя атрады былі разбіты. У 1704 рас. армія ачысціла Беларусь ад шведскіх і сапегаўскіх атрадаў. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў С. паменшаў, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі гал. пасады ў цэнтр. і мясц. адміністрацыі ВКЛ. 14.9.1700 германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду С. тытул князёў «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Памылковымі з’яўляюцца звесткі пра наданне Івану Сямёнавічу С. графскага тытула ад германскага імператара Максіміляна II 6.1.1572 і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4.5.1572. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў Метрыку ВКЛу 1744 канцлерам Янам Фрыдэрыкам С. і, такім чынам, сталі дзярж. дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. У 1768 па патрабаванні С. сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх С. князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча. Княжацкі тытул С. быў пацверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822, у Аўстрыі ў 1840, у Расіі ў 1874. С. збіралі б-кі (гл.Сапегаў бібліятэкі), архівы, калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некат. прадстаўнікоў роду С. упаўстанні 1830—31 іх маёнткі ў Беларусі былі канфіскаваны царскім урадам. У 1915—18 С. прэтэндавалі на трон ВКЛ, якое меркавалася адрадзіць пасля магчымай перамогі Германіі ў 1-й сусв. вайне; С. мелі кантакты з нац. арг-цыямі на акупіраванай ням. войскамі тэр. Літвы і Беларусі, у т. л. з беларускімі. У 1918—39 у Польшчы С. — землеўладальнікі, дыпламаты, службоўцы. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі.
Найб. вядомыя:
Багдан Сямёнавіч (да 1450 — пасля 1512), старэйшы сын Сямёна, заснавальнік чарэйска-ружанскай галіны роду. У 1471—88 пісар гаспадарскі (велікакняжацкі) Казіміра IV Ягелончыка. У 1494—1500 намеснік і дзяржаўца мцэнскі і любецкі, пасля акольнічы смаленскі, з 1503 намеснік высакадворскі У 1504 і 1507 у складзе пасольстваў у Маскве, дзе ў 1507—08 быў зняволены як заложнік за сям’ю М.Глінскага.
Іван Сямёнавіч (Івашка Сапежыч; каля 1450—1517), 2-і сын Сямёна, пачынальнік коданскай галіны роду С. Пісар гаспадарскі Казіміра IV Ягелончыка з 1488. Пасол у Маскву ў 1497, 1498, 1499, у Рым у 1501, дзе дамогся ад папы зацвярджэння мітрапаліта Іосіфа I Балгарыновіча, там далучыўся да Фларэнційскай царк. уніі. з 1501 канцлер вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1502 пасол да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 — у Маскву, заключыў 6-гадовае перамір’е, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03. Маршалак гаспадарскі з 1504. Пасля абрання на трон Жыгімонта I Старога (1506) тытулаваўся найвышэйшым сакратаром ВКЛ. У 1505 зноў пасол у Маскву, аднак прадоўжыць тэрмін перамір’я не ўдалося. Намеснік віцебскі ў 1508—14 (з 1511 ваявода). Пасол у Маскву ў 1508, заключыў мір, якім скончана вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08. У 1512 вёў перагаворы ў Польшчы з кароннаю радаю аб дапамозе ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. Удзельнічаў у кампаніі 1514 пад кіраўніцтвам гетмана К.Астрожскага. Ваявода падляшскі з 1514. Заклаў асновы латыфундыі коданскай лініі роду. У 1504 заснаваў мяст. Іказнь і Іказненскі замак, збудаваў мяст. Кодань з замкам (на левым беразе Буга каля Брэста).
Іван Багданавіч (каля 1480—1546), сын Багдана Сямёнавіча. Пісар гаспадарскі ў 1507—16, маршалак гаспадарскі ў 1515—41, ваявода віцебскі ў 1520—41 і падляшскі з 1529; староста драгічынскі ў 1529—41 і з 1545. Пасол у Маскву ў 1508, 1531—32, 1536, у Турцыю ў 1534.
Павел Іванавіч (каля 1490—1579), сын Івана Сямёнавіча. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Дзяржаўца браслаўскі ў 1517—47, маршалак гаспадарскі ў 1519—57, ваявода падляшскі ў 1556—58 і навагрудскі з 1558. Удзельнічаў увайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37, Лівонскай вайне 1558—83у 1561. Быў праціўнікам Люблінскай уніі 1569, але акт уніі падпісаў.
Мікалай Паўлавіч (каля 1525—1.11.1599), сын Паўла Іванавіча. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Кёнігсбергскім ун-тах. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, у пераможнай Ульскай бітве 1564. Маршалак гаспадарскі ў 1566—76, ваявода мінскі ў 1578—88, брэсцкі ў 1588 і віцебскі з 1588. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569.
Багдан Паўлавіч (каля 1530—1-я пал. 1593), сын Паўла Іванавіча. Падкаморы бельскі ў 1566—69, староста гомельскі ў 1572—82, кашталян брэсцкі ў 1579—85 і смаленскі ў 1585—88, ваявода мінскі з 1588.
Леў Іванавіч (4.4.1557—7.7.1633), канцлер ВКЛ, гл.Сапега Л.І.
Андрэй Іванавіч (каля 1565—1611), малодшы брат канцлера Л.І.Сапегі. Староста аршанскі з 1588, кашталян віцебскі ў 1600—05, ваявода мсціслаўскі з 1605. У 1596 удзельнічаў у задушэнні паўстання С.Налівайкі, у вайне з Расіяй 1609—18.
Андрэй Паўлавіч (каля 1560 — да 11.10.1621), сын Паўла Іванавіча. У 1590-я г. вучыўся ў Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Падчашы ВКЛу 1588—92, кашталян мінскі ў 1592—97, ваявода полацкі ў 1597—1613 і смаленскі з 1621.
Павел Стафан (1565—19.7.1635), сын Багдана Паўлавіча. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Выбіраўся паслом на соймы. Канюшы ВКЛу 1593—1623, падканцлер ВКЛ з 1623.
Ян Пётр (1569—15.10.1611), сын Паўла. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у баях з крымскімі татарамі, у вайне са Швецыяй 1600—29. Ужн. 1607 са згоды канцлера Л.А.Сапегі прапанаваў Ілжэдзмітрыю II сваю дапамогу ў авалоданні маскоўскім тронам. Уліп. 1608 з войскам перайшоў маскоўскую мяжу. 25.8.1608 заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак з яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Лжэдзмітрыя II. 2.10.1608 разбіў войска І.Шуйскага пад Рахманавам, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. Улют. 1610 заняў Дзмітраў. 1.3.1610 пацярпеў паражэнне ад М.В.Скопіна-Шуйскага, учэрв. 1610 далучыўся да Лжэдзмітрыя II у Калузе. Уліп. 1610 рушыў на Маскву. 27.7.1610, калі быў скінуты з трона цар Васіль Шуйскі і ўстанавілася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перагаворы пра перадачу ўлады Лжэдзмітрыю II. Уліп. 1611 заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаўль-Залескі, 15.8.1611 штурмам узяў Белы Горад у Маскве.
Мікалай (каля 1581—14.3.1644), сын Мікалая Паўлавіча. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Бранева), ун-тах Вены, Трыра, Майнца, Парыжа. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар, харунжы ВКЛу 1627—38, ваявода мінскі ў 1638 і брэсцкі ў 1638—42, кашталян віленскі з 1642.
Аляксандр Дажбог (Багдан, Тэадат; 1585 — студз. 1635), сын Рыгора. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу. Падкаморы віцебскі з 1606, староста аршанскі з 1610, кашталян віцебскі ў 1613—15, староста прапойскі і чачэрскі з 1622, крычаўскі (да 1631), чашнік ВКЛу 1631—32. Удзельнічаў у баях за Смаленск учасвайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, у вайне з туркамі ў 1621, са шведамі ў 1627.
Ян Станіслаў (25.10.1589, г. Маладзечна — 10.4.1635), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, Вюрцбургскім, Падуанскім, Балонскім ун-тах. Пасол на соймы. Староста слонімскі з 1605, падстолі ВКЛу 1611—17, маршалак дворны ў 1617—21, маршалак вялікі з 1621.
Андрэй Станіслаў (1592—25.3.1646), сын Яна Пятра. Староста ўсвяцкі ў 1612—23 і ваўкавыскі з 1645, кашталян трокскі ў 1641—44 і віленскі з 1644. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Удзельнічаў у войнах з туркамі (1621), шведамі (1622—28).
Казімір Леў (15.7.1609, Вільня — 19.1.1656), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Мюнхене, Інгальштацкім, Лёвенскім, Балонскім ун-тах. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар і вял. пісар ВКЛу 1631—37, маршалак дворны ў 1637—45, падканцлер з 1645. Адміністратар Брэсцкай эканоміі, староста рагачоўскі. Удзельнічаў увайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Павел Ян (1609—30.12.1665), сын Яна Пятра. Удзельнічаў увайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Абозны вялікі ВКЛу 1638—45, падстолі ВКЛу 1645—46, ваявода віцебскі ў 1646—56, ваявода віленскі і гетман вялікі з 1656. Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛу 1649. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Казімір Ян Павел (1642—13.3.1720), сын Паўла Яна. Вучыўся ва ун-тах Граца і Лёвена. З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛу 1659—61, падстолі ў 1661—63, падскарбі дворны ў 1663—70, ваявода полацкі у 1670—81, гетман польны ў 1681—83, гетман вялікі ў 1683—1703 і 1705—08, ваявода віленскі ў 1682—1703 і з 1705, староста брэсцкі. Падтрымліваў караля Міхала Вішнявецкага, стаў лідэрам апазіцыі да ўсемагутных у 1670-х г. Пацаў. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў. Устанавіў рэжым улады С. ў ВКЛ. Упаўн. вайне 1700—21 стаў на бок шведаў.
Бенядзікт Павел (каля 1643—12.8.1707), сын Паўла Яна. З 1657 вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Грацы (Аўстрыя), з 1664 — у Лёвенскім ун-це (Іспанскія Нідэрланды). З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛу 1663—65, стольнік у 1665—70, крайчы ў 1670, падскарбі дворны ў 1670—76, падскарбі вялікі з 1676, староста слонімскі. На элекцыйным сойме 1674 быў маршалкам і садзейнічаў абранню на трон Яна III Сабескага, што спрыяла ўстанаўленню гегемоніі С. уВКЛ. У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 яго армія разбіта. Усак. 1702 перайшоў на бок шведаў.
Казімір Уладзіслаў (1650—29.4.1703), сын Яна Фрыдэрыка. Вучыўся ў езуіцкіх навуч. установах у Львове і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на соймы. Падстолі ВКЛу 1685—86, стольнік у 1686, падскарбі надворны ў 1686—89, трокскі кашталян у 1689—97 і ваявода з 1697.
Уладзіслаў Юзафат (5.11.1652, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 13.3.1733), сын Крыштофа Францішка. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Любліне і Брунсбергу, ун-тах Прагі і Вены. Удзельнічаў у вайне 1673—74 супраць туркаў. Чашнік ВКЛу 1681—84, крайчы ў 1684—99, ваявода мінскі ў 1699—1709 і брэсцкі з 1709. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ.
Ежы Станіслаў (1668—12.10.1732), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў Вільні і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах супраць туркаў. Выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛу 1686, стольнік ВКЛу 1686—1703 і з 1709, ваявода мсціслаўскі ў 1732.
Міхал Францішак (1670—19.11.1700), сын Казіміра Яна. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Варшаве і Брунсбергу. У 1689 паступіў на службу ў аўстрыйскае войска, удзельнічаў у войнах супраць туркаў, ген.-маёр (1692). У 1696 вярнуўся ў ВКЛ. Канюшы ВКЛ з 1690, адначасова ген. артылерыі з 1698, староста ашмянскі з 1699. У 1700 атрымаў ад аўстр. імператара чын ген.-фельдмаршала-лейтэнанта і тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Камандаваў сапегаўскімі войскамі ў вайне супраць шляхты — «рэспубліканцаў». У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 капітуляваў і быў засечаны шляхтай.
Міхал Юзаф (1670—6.3.1738), сын Бенядзікта Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Варшаве. Выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛу 1687—92, стражнік у 1692—98, пісар польны ў 1698—1730, ваявода падляшскі з 1728, ген.-маёр войска ВКЛ (1710), ген.-лейт. кавалерыі (1714), ген.-лейт. саксонскага войска (1733).
Аляксандр Павел (8.9.1672—4.1.1734), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, у 1685—89 у Парыжы. Чашнік ВКЛу 1692, маршалак дворны ў 1692—98, маршалак вялікі ў 1698—1703, 1705—08 і з 1713.
Ежы Феліцыян (лют. 1680—3.9.1750), сын Францішка Стафана. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу і за мяжой. Ген.-маёр (1708). Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛу 1717, ваявода мсціслаўскі з 1742.
Ян Фрыдэрык (18.10.1680, в. Дабратычы, Брэсцкі пав. — 6.7.1751), сын Казіміра Уладзіслава. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Брэсце, Любліне і Варшаве. Кашталян мінскі ў 1711—12, трокскі ў 1716—35, канцлер ВКЛ з 1735. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодані (Торунь, 1720), гіст.-генеалагічны нарыс роду С. (Варшава, 1730) і інш.У Кодані сабраў вял. б-ку, у Коданскім касцёле стварыў партрэтную галерэю С.
Ян Казімір (?—22.2.1730), дзярж. і ваенны дзеяч; гл.Сапега Я.К.
Антоні Казімір (1689—16.5.1739), сын Ежы Станіслава. Вучыўся ў Парыжы. Стольнік ВКЛу 1706—09, кашталян трокскі з 1737. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Аўтар дыярыуша (не надрукаваны).
Ігнацы (?—15.4.1758), сын Уладзіслава Юзафата. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Чашнік ВКЛу 1740—44, падскарбі надворны ў 1744—50, ваявода мсціслаўскі з 1750.
Кароль Юзаф (?—20.3.1768), сын Уладзіслава Юзафата. Выбіраўся паслом на соймы. Пісар польны ВКЛу 1730—48, ваявода брэсцкі з 1748.
Пётр Павел (28.1.1701, г. Дрэздэн, Германія — 23.1.1771), сын Яна Казіміра. У 1726 з дапамогай імператрыцы Кацярыны I быў заручаны з дачкой А.Д.Меншыкава Марыяй, стаў царскім камергерам. У 1728 выехаў у Рэч Паспалітую, стольнік ВКЛу 1732—44, ваявода смаленскі з 1744. Далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 выехаў у Славакію.
Міхал Антоні [10 або 12.3.1711, г. Кралявец (Калінінград, Расія) — 11.10.1760], сын Аляксандра Паўла. З 1732 выбіраўся паслом на соймы. Лоўчы ВКЛу 1739—46, ваявода падляшскі ў 1746—52, падканцлер ВКЛ з 1752. Староста мсціслаўскі з 1757.
Аляксандр Міхал (12.9.1730—28.5.1793), сын Казіміра Лявона. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любартаве. З 1746 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Абозны ВКЛу 1748—50, ген.-маёр (1750), падскарбі дворны ў 1750—54, ваявода полацкі ў 1754—75, гетман польны ВКЛу 1762—75, канцлер з 1775. У 1792 па прапанове караля далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і быў абраны яе маршалкам уВКЛ.
Казімір Нестар (14.2.1757, г. Брэст — 25.5.1798), сын Яна. У 1767—72 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве, пазней у ваеннай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, у Страсбургу. З 1772 палкоўнік артылерыі войска ВКЛ, у 1773—93 ген. артылерыі. З 1778 выбіраўся паслом на соймы. З 1778 чл. Пастаяннай Рады. Староста брэсцкі з 1783. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 абраны маршалкам канфедэрацыі ВКЛ, прыхільнік рэформ. Удзельнічаў упаўстанні 1794.
Францішак (28.8.1772, Варшава — 30.5.1829), сын Аляксандра Міхала. Вучыўся ў Віленскай гал. школе (ун-це). Ген. артылерыі ВКЛу 1793—95, шэф карпусоў артылерыі і інжынераў. Удзельнік паўстання 1794. Атрымаў чын ген.-лейтэнанта, камандаваў дывізіяй. Пасля задушэння паўстання прысягнуў Кацярыне II.
Аляксандр Антоні (3.9.1773, г. Страсбург, Францыя — 8.91812), сын Юзафа. Атрымаў хатнюю адукацыю. Ажыццявіў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчы і Літве, а таксама ў Альпы, на Балканы і Валынь. Аўтар працы «Мінералогія» (1800—01), падручніка па неарган. хіміі, нарыса па крышталяграфіі. Вывучаў этнаграфію славенцаў, харватаў, баснійцаў, герцагавінцаў. Вынікі даследаванняў апублікаваў у працы «Падарожжа ў славянскіх краінах у 1802 і 1803 гг.» (1811) у форме лістоў да Ж.Э.Жылібера. У 1807 арганізаваў знаходжанне Напалеона ў Варшаве, стаў афіцэрам яго гвардыі, камергерам. 1.7.1812 увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага.
Яўстафій Каэтан (7.8.1797, Вільня — 16.11.1860), сын Францішка. Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, паручнік у штабе галоўнакамандуючага ген. Я.Скшынецкага, адзначаны залатым крыжам «Віртуці Мілітары». Пасля паражэння паўстання ў эміграцыі ў Францыі. Адхіліў прапанову Мікалая I прыняць канфіскаваныя маёнткі ўзамен за вернападданую прысягу, у выніку чаго музейныя зборы, б-кі і архівы С. вывезены ў С.-Пецярбург.
Адам Стафан (14.5.1867, г. Красічын, Польшча — 23.7.1951), сын Адама. Вучыўся ў Вене, Інсбруку. З 1911 біскуп кракаўскі. З 1925 мітрапаліт кракаўскі, з 1926 архібіскуп мітрапаліт. Утварыў арг-цыю католікаў «Акцыя каталіцка» і касцельную дабрачынную арг-цыю «Карытас». Учас 2-й сусв. вайны звязаны з падп. рухам. З 1946 кардынал.
Літ.:
Sapiehowie: Materiały historycznogenealogiczne i majątkowe. T. 1—3. Pb., 1890—94;
Labarre de Raillicourt D. Histoire des Sapieha, 1440—1970. Paryż, 1970;
Polski słownik biograficzny. T. 34—35. Wrocław etc., 1993—94;
Dom Sapieżyński. Warszawa, 1995;
Dzieje rodu Sapiehów. Warszawa, 1999.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Сапегі. Багдан Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Іван Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Ян Пётр Сапега. Гравюра В.Гондзіуса. 17 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Леў Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Павел Ян Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Ян Фрыдэрык Сапега. Партрэт невядомага мастака. Каля 1720.Да арт.Сапегі. Міхал Антоні Сапега. Партрэт сярэдзіны 18 ст.Да арт.Сапегі. Аляксандр Міхал Сапега. Партрэт 2-й пал. 18 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Нестар Сапега. Партрэт Ю.Пічмана.Да арт.Сапегі. Францішак Сапега. Партрэт 19 ст.Да арт.Сапегі. Яўстафій Каэтан Сапега. Партрэт 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСК,
горад, цэнтр Смаленскай вобл. Расіі, на берагах р. Дняпро. 353 тыс.ж. (2000). Рачная прыстань, вузел чыгунак і аўтадарог. Важны трансп. цэнтр на шляхах з Расіі ў Беларусь і Зах. Еўропу. Прам-сць: маш.-буд. (ВА «Аналітпрыбор» і «Іскра», НВА «Тэхнапрыбор», з-ды авіяц., «Вымяральнік», аўтаагрэгатны, сродкаў аўтаматыкі, гандл. абсталявання, халадзільнікаў, электралямпавы), лёгкая (ільнокамбінат, трыкатажная, панчошная, абутковая ф-кі і інш.), харч. (мясакамбінат, лікёра-гарэлачны, піваварны з-ды, 2 малаказаводы, макаронная ф-ка), буд. матэрыялаў. Мэблевы камбінат. 7 ВНУ. Планетарый.
Вядомы з 863. Узнік як цэнтр слав. племя крывічоў на стараж.гандл. шляху «з варагаў у грэкі». З 882 у складзе Кіеўскай дзяржавы. З 1-й пал. 12 ст.адм. і культ. цэнтр Смаленскага княства, меў сваю епіскапскую кафедру. У 2-й пал. 12 ст. абвастрылася саперніцтва С. з Полацкам. У 1229 разам з Полацкам і Віцебскам заключыў гандл. і паліт. пагадненне з Рыгай (гл. Дагавор 1229). У 1404—1514 у складзе ВКЛ. Важны цэнтр бел. летапісання, тут створаны Смаленскі летапіс, «Смаленскія граматы XIII—XIV стст.», Смаленская хроніка, Беларуска-літоўскі летапіс 1446. Смаленскі полк удзельнічаў у Грунвальдскай бітве 1410. У 15—17 ст. цэнтр Смаленскага ваяводства. Адбылося Смаленскае паўстанне 1440. З 1514 у складзе Рус. дзяржавы. У 1596—1602 узведзена каменная крапасная сцяна. У 1611 заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Рэчы Паспалітай. У 1654 узяты рус. войскамі. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 пакінуты ў складзе Расіі. У 1708 утворана Смаленская губерня. У 1719—26 цэнтр Смаленскай прав. Рыжскай губ., у 1776—96 — Смаленскага намесніцтва. У вайну 1812 каля С. адбылася Смаленская бітва 1812. Будаўніцтва у 2-й пал. 19 ст. Рыжска-Арлоўскай (1868), Маскоўска-Брэсцкай (1870) і Разана-Уральскай (1899) чыгунак садзейнічала эканам. развіццю горада. У 1918 цэнтр Заходняй камуны. У С. ў 1918 дзейнічаў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), 30—31.12.1918 у С. адбыўся Першы з’езд КП(б)Б, які абвясціў утварэнне БССР, у 1918—39 знаходзіўся акр.ваен. камісарыят Беларускай ваен. акругі. У 1920 у С. выдавалася газ. «Савецкая Беларусь». У 1922—23 і 1925—27 дзейнічала Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле нар. асветы, якая супрацоўнічала з Бел. студэнцкім зямляцтвам у С. (існавала ў 1924—29 пры Смаленскім ун-це). У С. ў розны час жылі і працавалі бел. пісьменнікі М.І.Гарэцкі, Я.Купала, вучоныя У.М.Дабравольскі, А.М.Ляўданскі, І.М.Хозераў і інш. З 1929 цэнтр Заходняй, з 1937 — Смаленскай вобл.УВял.Айч. вайну пасля Смаленскай бітвы 1941 захоплены ням.-фаш. войскамі. Вызвалены ў выніку Смаленскай аперацыі 1943. У 1985 С. прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».
На левым беразе Дняпра знаходзіцца старая ч. горада — Смаленскі крэмль з Успенскім саборам (17 ст.). Пасля вайны 1812 С. развіваўся паводле плана (1818), які спалучаў прамавугольную планіроўку цэнтра з сістэмай радыяльных вуліц стараж.ч. горада. Сярод арх. помнікаў: цэрквы Пятра і Паўла на Гарадзянцы (1146, перабудавана ў 1753—57, рэстаўрыравана ў 1962—63; побач — палаты уніяцкага епіскапа, 1632), Іаана Багаслова на Варажках (12 ст., перабудавана ў 18 ст.), Міхаіла Архангела (Свірская, 1191—94), Узнясенская (1694—98, арх. Г.Вахрамееў, паводле чарцяжоў Пятра I; паўн. прыдзел — 1764, арх. М.Ф.Казакоў); ансамбль Троіцкага манастыра з саборам (1738—40, арх. І.Калінік) і званіцай (1770-я г.); барочны Праабражэнскі сабор Аўраміева манастыра (1755); будынак б. дваранскага сходу (1825, арх. А.Мельнікаў, класіцызм) і інш. Помнікі 12—13 ст. маюць рысы Полацкай школы дойлідства і Смаленскай школы дойлідства. У С. гіст. і арх.-маст. музей-запаведнік, музей скульптуры імя С.Канёнкава, маст. галерэя (калекцыя абразоў 14—16 ст., рус. і зах.-еўрап. мастацтва), музеі Вял.Айч. вайны, смаленскага лёну. Манументы Айч. вайны 1812 (1842, 1912); помнікі: М.Глінку (1885, скульпт. А.Бок, ажурная рашотка з нотнымі знакамі па творах Глінкі, паводле праекта І.Багамолава), М.Мікешыну (1990), Ф.Каню (1991). Т-ры: драмы, лялек; філармонія.
Літ.:
Смоленск: Крат. энцикл. Смоленск, 1994;
Смоленск и Гнездово (К истории древнерус. города). М., 1991;
Раппопорт П.А., Смирнова А.Т. Архитектурные достопримечательности Смоленска. М., 1976;
Никерова О.В. Смоленск. Смоленск, 2000.
Смаленск. Гістарычны цэнтр горада.Смаленск. Успенскі сабор (злева), Манумент Айчыннай вайны 1812.Смаленск. Царква Пятра і Паўла на Гарадзянцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯГА́ЙЛА (у праваслаўі Якаў, у каталіцтве Уладзіслаў; 1352?—1.6.1434),
вялікі князь ВКЛ [1377—81, 1382—92], кароль Польшчы [1386—1434]. Заснавальнік дынастыі Ягелонаў. Старэйшы сын вял. князя ВКЛАльгерда і цвярской князёўны Ульяны Аляксандраўны. Альгерд прызначыў Я. спадчынным уладальнікам трона ВКЛ. Вял. князем стаў у маі 1377. Адразу ўступіў у канфлікт з уплывовым дзядзькам, князем троцкім Кейстутам, які намагаўся захапіць велікакняжацкі трон. У адрозненне ад Кейстута, які быў прыхільнікам барацьбы на 2 франты — з крыжакамі і рус. княствамі, Я. намагаўся замацаваць усх. тэрыторыі нават за кошт часовай уступкі Жамойці крыжакам. У 1380 Я. заключыў з Залатой Ардой дагавор, накіраваны супраць Маскоўскага княства, і планаваў удзел уКулікоўскай бітве 1380. Крыжакі выкарысталі дынастычную барацьбу і заключылі перамір’е ў 1379 з Кейстутам, а ў 1380 з Я. У 1381 Кейстут захапіў уладу ў Вільні, аднак учэрв. 1382 Я. вярнуў сабе сталіцу, учас перагавораў захапіў Кейстута, які паводле загаду Я. быў задушаны ў Крэўскім замку. Я. абапіраўся на дапамогу Тэўтонскага ордэна, якому ў 1382 перадаў палову Жамойці і заключыў з ім перамір’е на 4 гады. Яго стрыечны брат Вітаўт увосень 1382 уцёк з Крэўскага замка да крыжакоў і заключыў з імі саюз. У 1383 Я. вёў вайну з крыжакамі, адбіў у іх гарады Коўна і Трокі. У 1383—84 вёў перагаворы з маскоўскім вял. князем Дзмітрыем Іванавічам Данскім аб саюзе супраць крыжакоў; саюз меркавалася ўмацаваць шлюбам Я. з дачкой Дзмітрыя, аднак гэты план не быў здзейснены. Я. паразумеўся з Вітаўтам, і той вярнуўся ў ВКЛ, дзе атрымаў ад Я. Падляшша і г. Гародню. Для барацьбы супраць крыжакоў Я. заключыў Крэўскую унію 1385. У 1386 прыняў каталіцтва, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і стаў каралём Польшчы (Уладзіслаў II). У 1387 здзейсніў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду літоўцаў-язычнікаў і заснаваў Віленскае біскупства для Літвы і Беларусі (для Жамойці пазней утворана ўласнае біскупства). Яго намаганні падпарадкаваць ВКЛ польскай кароне выклікалі незадаволенасць большай часткі бел. і літ. феадалаў на чале з Вітаўтам. Вайна вялася некалькі гадоў і скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і вял. князем ВКЛ (фармальна з 1401). Улада Я. ў ВКЛ станавілася намінальнай, хаця ён меў тытул вярх. князя (які амаль ніколі не ўжываўся). Пастаянныя канфлікты з Тэўтонскім ордэнам прывялі да стварэння ваен. саюза паміж Польшчай і ВКЛ. У выніку заключана новая, Віленска-Радамская унія 1401. УВялікай вайне 1409—11 з ордэнам саюзнікі атрымалі перамогу. У вырашальнай Грунвальдскай бітве 1410 галоўнакамандуючым быў Я. Пасля разгрому крыжакоў ён падпісаў Тарунскі мір 1411, паводле якога Жамойць перадавалася пажыццёва Вітаўту. Гарадзельская унія 1413 замацавала саюзныя адносіны паміж Польшчай і ВКЛ. У Польшчы Я. пацвердзіў ранейшыя прывілеі шляхты (1388), гарантаваў недатыкальнасць шляхецкіх маёнткаў (1422), забараніў сумяшчаць адм. і суд. пасады, у 1400 аднавіў Кракаўскі ун-т. Каб забяспечыць спадчыннасць трона для свайго старэйшага сына Уладзіслава, Я. ў 1430 яшчэ раз пацвердзіў правы шляхты і забараніў арышт шляхціцаў. Я. вёў актыўную палітыку ў дачыненні да «Свяшчэннай Рым. імперыі», Чэхіі і Венгрыі. Выступаў супраць гусітаў, падтрымліваў ідэю уніі каталіцкай і правасл. цэркваў. На Канстанцкім саборы 1414—18 дэлегацыя Я. дамагалася дыпламат. замацавання перамогі над Тэўтонскім ордэнам. Аднак канчатковае вырашэнне тэр. пытання адбылося пасля новай вайны з крыжакамі на тэр. ордэна. Паводле Мельнскага дагавора 1422 Жамойць замацавана за ВКЛ, невял. тэрыторыі атрымала і Польшча. У 1429 Я. падтрымаў план Вітаўта абвясціць ВКЛ каралеўствам, зыходзячы з разліку, што каралеўская карона пасля смерці Вітаўта пяройдзе да яго сына Уладзіслава. Аднак пад націскам каралеўскай рады Я. адмовіўся ад падтрымкі гэтага плана. Пасля смерці Вітаўта ў 1430 Я. прызнаў абранне на велікакняжацкі трон у Вільні свайго брата Свідрыгайлы, што выклікала незадавальненне польскіх паноў. У 1431 адбыўся ваенны канфлікт: польскае войска спрабавала захапіць Валынь. У 1432 у выніку перавароту вял. князем ВКЛ стаў Жыгімонт Кейстутавіч. Пачалася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой Я. падтрымаў Жыгімонта. 15.10.1432 у Гародні адноўлена дзярж. унія Польшчы і ВКЛ. Прывілеем 1432 і Прывілеем 1434 Я. і Жыгімонт ураўнавалі ў маёмасных і асабістых правах феадалаў-католікаў і праваслаўных уВКЛ. Пасля смерці Я. каралём Польшчы стаў яго сын Уладзіслаў III Варненчык.
Літ.:
Krzyźaniakowa J., Ochmański J. Władysław II Jagiello. Wroclaw etc., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫРЫЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. diriger напраўляць, кіраваць),
кіраванне калектывам музыкантаў (аркестрам, хорам, ансамблем, опернай ці балетнай трупай і інш.) у працэсе падрыхтоўкі і ў час публічнага выканання ім муз. твора; адзін з відаў музычна-выканальніцкага мастацтва. Здзяйсняецца дырыжорам, які імкнецца перадаць калектыву сваю інтэрпрэтацыю задумы кампазітара, забяспечвае ансамблевую стройнасць і тэхн. дасканаласць выканання пры ўзнаўленні тэксту партытуры. Мастацтва Д. заснавана на спец. сістэме жэстаў рук; вял. ролю ў ім адыгрываюць таксама твар дырыжора, яго позірк, міміка. Значнае месца займае ў Д. тактаванне — абазначэнне (пераважна правай рукой) метрарытмічнай структуры музыкі; левай рукой звычайна даюцца ўказанні ў сферы дынамікі, фразіроўкі (у практыцы, аднак, пашырана свабоднае ўзаемапранікненне функцый абедзвюх рук). Д. патрабуе ад дырыжора шырокай адукаванасці, грунтоўнай муз.-тэарэт. падрыхтоўкі, тонкага слыху, добрай муз. памяці, актыўнай мэтанакіраванай волі.
Д. вядома з глыбокай старажытнасці. Напачатку ў нар.-хар. практыцы функцыі дырыжора выконваў адзін са спевакоў — запявала. У старажытнасці ў Егіпце, Грэцыі, пазней у краінах сярэдневяковай Еўропы хорам кіравалі з дапамогай хейраноміі — умоўных рухаў рук і пальцаў. З 15 ст. для адбівання такта выкарыстоўвалі палачку-батуту. У капэлах звычайна капельмайстры спалучалі Д. з выкананнем партыі генерал-баса (на клавесіне ці аргане) ці 1-й скрыпкі. З 2-й пал. 18 ст. па меры адмірання генерал-баса, скрыпач-канцэртмайстар становіцца адзіным кіраўніком ансамбля (у 20 ст. — пры выкананні музыкі 17—18 ст.). Як самаст. від мастацтва Д. склалася ў 2-й чвэрці 19 ст. Сярод першых дырыжораў, што карысталіся дырыжорскай палачкай, І.Мозель, К.М.Вебер, Л.Шпор. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Д. (побач з Л.Бетховенам, Г.Берліёзам, Ф.Лістам, Ф.Мендэльсонам) — Р.Вагнер. Паступова склаўся тып дырыжора-выканаўцы, які не з’яўляецца адначасова і кампазітарам (першы — Г.Бюлаў). Сярод буйнейшых замежных дырыжораў 19—20 ст. Г.Рыхтэр, Г.Малер, Г. фон Караян (Аўстрыя), А.Нікіш, Я.Ферэнчык (Венгрыя), Ф.Мотль, Ф.Вейнгартнер, К.Мук, Р.Штраус, Б.Вальтэр, В.Фуртвенглер, О.Клемперэр, Г.Абендрот, К.Мазур, К.Зандэрлінг (Германія), А.Тасканіні, К.Абада (Італія), П.Манцё, Ш.Мюнш, А.Клюітэнс, І.Маркевіч (Францыя), Т.Бічэм, А.Боўлт, А.Коўтс (Вялікабрытанія), В.Бярдзяеў, Г.Фітэльберг (Польшча), В.Менгельберг (Нідэрланды), Л.Стакоўскі, Дж.Сел, Л.Бернстайн (ЗША), Э.Ансермэ (Швейцарыя), Д.Мітропулас (Грэцыя), В.Таліх (Чэхія, Славакія), Л.Матачыч (Югаславія), Дж.Джарджэску (Румынія). У Расіі найб. вядомыя дырыжоры 18—2-й пал. 19 ст. — В.Пашкевіч, І.Хандошкін, М.Балакіраў, Э.Напраўнік, А. і М.Рубінштэйны, 20 ст. — М.Галаванаў, С.Кусявіцкі, А.Пазоўскі, С.Рахманінаў, С.Самасуд, В.Сафонаў, В.Сук, пазней А.Гаўк, В.Гергіеў, В.Дударава, І.Зак, К.Іваноў, К.Кандрашын, Д.Кахідзе, Дз.Кітаенка, М.Малько, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Н.Ніязі, Г.Раждзественскі, Н.Рахлін, Я.Свягланаў, Ю.Сіманаў, К.Сімяонаў, У.Співакоў, Ю.Фаер, У.Федасееў, Б.Хайкін, Ю.Цемірканаў, А.Янсанс і інш. На Беларусі ў 19 ст. вылучыліся І.Дабравольскі, Ю.Дашчынскі, браты В. і Д.Стафановічы, у 20 ст. — хар. дырыжоры М.Дрынеўскі, А.Кагадзееў, Н.Ламановіч, І.Мацюхоў, Г.Пятроў, В.Роўда, Г.Цітовіч, Р.Шырма, Л.Яфімава, нар. аркестра — І.Жыновіч, Дз.Захар, М.Казінец, оперна-сімф. — І.Абраміс, А.Анісімаў, Б.Афанасьеў, Я.Вашчак, І.Гітгарц, Н.Грубін, В.Дуброўскі, Т.Каламійцава, М.Калядка, Л.Любімаў, Л.Лях, У.Машэнскі, Г.Праватораў, Ю.Цырук, А.Энгельбрэхт, Ю.Яфімаў, эстр. аркестра — Ю.Бяльзацкі, Б.Райскі, Э.Рознер, М.Фінберг і інш. Харавых і оперна-сімф. дырыжораў рыхтуе Бел. акадэмія музыкі, Бел.ун-т культуры.
Літ.:
Вагнер Р. О дирижировании: Пер. с нем. СПб., 1900;
Ольхов К.А. Теоретические основы дирижерской техники. 2 изд. Л., 1984;
Хайкин Б. Беседы о дирижерском ремесле. М., 1984;
Когадеев А.П. Техника хорового дирижирования. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,
рэальныя гістарычныя асобы, якія, паводле паданняў, за сваю адданасць рэлігіі надзелены здольнасцю рабіць цуды, за што пасля смерці былі ўшанаваны царквой. У 1984 усталявана святкаванне Сабора беларускіх святых у 1-ю нядзелю пасля св. Тройцы (Сёмухі). У Сабор увайшлі 15 святых. Міна Полацкі(?—1116), епіскап полацкі. Учас яго епіскапства прыняла пострыг Ефрасіння Полацкая. Ушаноўваецца правасл. царквой як адзін з першых архіпастыраў, які спрыяў распаўсюджванню хрысціянства на Беларусі. Дзень памяці 3 ліпеня; Марцін Тураўскі (?—1150), манах. Вядомы са «Сказання пра Барыса і Глеба» (канец 11 — пач. 12 ст.). Жыў адзін у пустыні. Калі захварэў, у келлю з’явіліся св. пакутнікі Барыс і Глеб і дапамаглі яму. Блажэннага пакутніка Тураўскага сталі шанаваць адразу пасля смерці. Дзень памяці 10 ліпеня; Расціслаў Мсціславіч (1100-я г. — 1167), князь смаленскі і кіеўскі. Заснаваў у Смаленску самастойную епіскапію. Дзень памяці 27 сакавіка; Ефрасіння Полацкая (каля 1101—1167); Дыянісій Полацкі(? — 1182), епіскап полацкі, манах Кіева-Пячэрскай лаўры. Лічыцца, што з яго бласлаўлення на св. зямлю адправілася Ефрасіння Полацкая, ён быў ініцыятарам яе кананізацыі. Дзень памяці ў 3-ю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы; Кірыла Тураўскі (каля 1130 — каля 1182); Лаўрэнцій Тураўскі (каля 1113 — пасля 1190), манах. У 1182—94 узначальваў тураўскую кафедру. Праславіўся глыбокай верай і адданасцю царкве, сваёй здольнасцю вылечваць людзей. Дзень памяці 11 лютага; Елісей Лаўрышаўскі (?—1250), сын вял. князя ВКЛ Траняты, займаў высокую пасаду пры двары вял. князя ВКЛ Міндоўга. Потым пайшоў у пустэльню і разам з правасл. манахам заснаваў каля Новагародка лаўру. Мошчы яго тварылі цуды. Дзень памяці 5 лістапада; Сімяон Полацкі (1220—89), епіскап полацкі. Паходзіў з полацкіх князёў. Раздаў шмат угоддзяў цэрквам і манастырам; быў дабрадзейны да жабракоў, сірот, няшчасных і пакрыўджаных. Дзень памяці 6 лютага; Віленскія пакутнікі Іаан, Антоній і Яўстафій (?—1347). Дні памяці 27 красавіка і 26 ліпеня; Юльянія Альшанская (?—1550), дачка правасл. магната Рыгора Альшанскага. Культ Юльяніі Альшанскай адыграў значную ролю ва ўмацаванні рэліг. свядомасці правасл. жыхароў Беларусі. Дні памяці 6 ліпеня і 11 кастрычніка; Соф’я Слуцкая (1585—1612), апошняя княгіня з роду слуцкіх князёў Алелькавічаў, нашчадкаў вял. князя ВКЛ Альгерда. Дзякуючы дзейнасці княгіні Слуцк яшчэ пры яе жыцці меў асаблівае значэнне ў рэліг. жыцці Беларусі, быў цвярдыняй праваслаўя. Дзень памяці 1 красавіка; Афанасій Брэсцкі (каля 1595—15.9.1648); Макарый Канеўскі (1606—78), ігумен пінскі, загінуў пакутніцкай смерцю, абараняючы праваслаўе. Дні памяці 26 мая і 20 верасня; Гаўрыіл Беластоцкі (1684—90), дзіця; паводле падання, быў выкрадзены мясц. арандатарам, тайна вывезены ў Беласток і закатаваны. Заступнік хворых і гаротных дзяцей. Дзень памяці 3 мая; Георгій Каніскі (1717—95); Праведны Іаан Кармянскі (1893—1917), іераманах, вызначаўся дабрынёй, міласэрнасцю і празорлівасцю. Мошчы знаходзяцца ў Пакроўскай царкве ў в. Карма Добрушскага р-на. Дні памяці 31 мая і 9 верасня.
У Сабор не ўвайшлі асобы, пра якіх не захавалася дастаткова звестак або якія жылі на землях, што не ўваходзяць утэр. сучаснай Беларусі. Але без іх немагчыма ўявіць сабе гісторыю бел. царквы: св. пакутнік Макарый, мітрапаліт кіеўскі; Меркурый, воін смаленскі; прападобныя Аўрамій і Яфрэм смаленскія; свяціцель Кіпрыян, мітрапаліт кіеўскі, літоўскі, маскоўскі і ўсяе Русі і інш. Нараджэннем або служэннем сваім апасродкавана з Беларуссю звязаны роўнаапостальскі Мікалай Японскі, свяціцель Ціхан, патрыярх маскоўскі, дабраверны князь Цімафей-Даўмонт і інш. 28.10.1999 на пасяджэнні Сінода Бел.правасл. царквы здзейснена кананізацыя «ў ліку мясцоваўшаноўваемых святых 23 новапакутнікаў», клірыкаў Мінскай епархіі 1-й пал. 20 ст. Дзень памяці 28 кастрычніка.
З каталіцкіх святых на Беларусі ўшаноўваюць Казіміра (5.10.1458—4.3.1484), сына караля Польшчы і вял.кн.ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, патрона Вільні і Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі, апекуна зямель ВКЛ. Дзень памяці 4 сакавіка; Андрэя Баболю (30.11.1591—16.5.1657); Ю.А.Каліноўскага (1.9.1835—15.11.1907); М.М.Кольбе (8.1.1894—14.8.1941). Да уніяцкіх святых прылічаны Іасафат Кунцэвіч (1580—12.11.1623).
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІЦТВА
У дарэвалюцыйнай Беларусі будаўніцтвам займаліся пераважна прыватныя падрадныя арг-цыі, рабочыя-сезоннікі. Пабудавана шмат прамысл. прадпрыемстваў, пракладзена густая сетка чыгункі. У 1920 для буд. і рамонтных работ пры СНКБССР створаны Камітэт дзярж. збудаванняў. Вялося буд-ва фабрык запалкавай «Дняпро» ў Рэчыцы, швейнай «Кастрычнік» і абутковай у Мінску, пераабсталяванне прадпрыемстваў па здабычы торфу, аднаўленне прадпрыемстваў харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. З пачаткам індустрыялізацыі пры Савеце нар. гаспадаркі БССР створана рэсп.буд.арг-цыя «Белдзяржбуд» (1923), якая ў 1926 выканала буд. работ больш чым на 2 млн.руб.Упач. 1-й пяцігодкі ў БССР было 10 падрадных буд. арг-цый, якія выконвалі 25% ад агульнага аб’ёму буд. работ, астатнія — гасп. спосабам. У 1928—32 пабудавана больш за 500 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л.Бел. цеплавая электрастанцыя, Гомельскі з-дс.-г. машынабудавання, Магілёўскі з-д штучнага валакна, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Крычаўскі цэментны з-д, Віцебская швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», Мінская кандытарская ф-ка «Камунарка», 109 электрастанцый, 52 МТС, больш за 600 км чыгункі, 604 тыс.м² жылой плошчы, 27 бальніц, 636 школ, 1284 сельскія крамы. У Мінску ўзведзены Дом урада, Універсітэцкі гарадок, Дом друку.
У працэсе ўдасканальвання структуры кіравання капітальным буд-вам «Белдзяржбуд» рэарганізаваны ў «Белбудаб’яднанне» (з 1930 — «Белдзяржтрэст»), у склад якога ўваходзілі спецыялізаваныя буд. арг-цыі: «Белспецсантэхбуд», «Аддзелбуд», Кантора механізацыі буд. работ; у 1930 створаны «Белкамунбуд», «Мінбуд», «Энергабудмантаж». У 1932 падрадным спосабам выканана 38% усяго аб’ёму будаўніцтва рэспублікі. Павышаўся тэхн. ўзровень буд-ва: у 1923 працавала 2,3 тыс.прафес. будаўнікоў, у 1932—77,5 тыс.чал.У 1933—37 (2-я пяцігодка) капіталаўкладанні склалі 318 млн.руб.: у прамысловасць — 69 млн.руб., ус.-г. — 91, транспарт — 101, жыллёвае буд-ва — 49, аб’екты камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, нар. адукацыі, культуры і навукі — 48 млн.руб. Рост капітальнага буд-ва патрабаваў рэарганізацыі яго кіраўніцтва, пераходу да буйной буд. індустрыі, пашырэння падраднага спосабу буд-ва. У 1938—1-й пал. 1941 (3-я пяцігодка) капіталаўкладанні ў 1,6 раза перавысілі іх аб’ём за мінулую пяцігодку, у т. л. прам-сці на 13%, транспарту на 39,6%, жыллёвага буд-ва на 69,4%, буд-ва аб’ектаў сац.-культ. сферы ў 3,7, гандлю і грамадскага харчавання ў 3,2 раза. За гады даваенных пяцігодак у рэспубліцы створана ўласная буйная прамысловасць, карэнна рэканструяваны дзеючыя і пабудаваны новыя прадпрыемствы буд. матэрыялаў, у т. л. Крычаўскі цэментны з-д (100 тыс.т цэменту за год), Гомельскі шклозавод (2 млн.м² аконнага шкла за год), з-ды сілікатнай цэглы ў Клімавічах і Оршы, механізаваныя з-ды па вытворчасці вапны, Магілёўскі з-д па вытворчасці цэглы метадам сухога прасавання і інш. Большасць цагельных і вапнавых з-даў пераведзена на круглагадовую работу, механізаваны працаёмкія работы ў кар’ерах і пры транспарціроўцы прадукцыі. У 1940 выраблена 295 млн. штук цэглы (3% ад агульнай яе вытворчасці ў СССР), 200 тыс.т цэменту (адпаведна — 3,5%). У перадваенны час уведзена ў дзеянне больш за 1700 прамысл. прадпрыемстваў, 1,3 млн.м жылой плошчы, шмат аб’ектаў культ.-быт. прызначэння і інш.Асн. фонды буд. арг-цый у параўнанні з 1928 павялічыліся ў 8 разоў, вырасла механаўзброенасць буд-ва, якая ў 1940 складала 7,3% (у 1928—1,1%). З ростам тэхн. аснашчанасці буд. арг-цыі павялічвалі аб’ём працы механізаваным спосабам, ствараліся ўмовы для выкарыстання хуткасных метадаў і пераходу на кругласутачнае буд-ва. У 1938 створаны Камітэт па справах буд-ва пры СНКБССР, у 1939 — Нар. камісарыят буд-ваБССР (Наркамбуд).
Пасля Вял.Айч. вайны патрэбы аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі абумовілі павелічэнне маштабаў буд. работ. У 1944—45 больш за 60% капіталаўкладанняў накіравана на аднаўленне машынабуд. прамысловасці і транспарту. У 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 машынабуд., 179 тэкстыльных, 263 швейныя і 487 гарбарнаабутковых прадпрыемстваў, 175 прадпрыемстваў буд. матэрыялаў. На развіццё нар. гаспадаркі рэспублікі ў 1946—50 выдзелена 1339 млн.руб. капіталаўкладанняў, у т. л.дзярж. і кааператыўным прадпрыемствам і арг-цыям 911 млн.руб., калгасам 80 млн.руб., насельніцтву на буд-ва ўласных жылых дамоў і кватэр 348 млн.руб. На буд. работы накіроўвалася 80% капіталаўкладанняў. Буд.-мантажныя работы на аб’ектах вытворчага прызначэння складалі 43,9%, невытворчага — 56,1%. На аднаўленне нар. гаспадаркі ў абласцях з улікам ступені разбурэння выдзелена капіталаўкладанняў (без калгасаў; млн.руб.): Брэсцкай — 139, Віцебскай — 141, Гомельскай — 181, Гродзенскай — 67, Магілёўскай — 128, Мінскай — 137, Мінску — 251. У 1945 у буд-ве працавала 50 тыс. рабочых і служачых. Каб забяспечыць вызначаныя тэмпы капітальнага буд-ва, у першую чаргу аднаўлялася і развівалася прамысловасць буд. індустрыі і буд. матэрыялаў. У Мінску пабудаваны з-ды па вытворчасці вежавых кранаў, буд. дэталей, шлакаблочны, лесапільны і дрэваапрацоўчы камбінаты, блокаў і асфальтабетонны, гіпсавы, цагельны №1 і №10, металаканструкцый, камбінат буд. матэрыялаў; у Баранавічах, Пінску, Полацку — з-ды буд. дэталей. У Гомелі пачалі працаваць з-ды шлакаблочны, клінкерны і буд. дэталей. Уведзены ў дзеянне домабуд. камбінат у Рэчыцы, цагельныя з-ды ў Хойніках, Магілёве, Бабруйску, шыферны з-ду Крычаве і інш.У 1946—50 у рэспубліцы пабудавана 245 прадпрыемстваў. У 1945—47 у Беларусі створаны Мін-ва жыллёва-грамадз.буд-ва, Гал. ўпраўленне прамысловага буд-ва, Гал. ўпраўленне па аднаўленні г. Мінска, а таксама буд. арг-цыі саюзных мін-ваў («Аўтапрамбуд», «Белтрактарабуд», «Станкабуд» і інш.). Для буд-ва ў сельскай мясцовасці жылля і грамадскіх пабудоў у 1945 пры СМБССР створана Упраўленне па справах сельскага і калгаснага буд-ва. У 1951—55 унар. гаспадарку Беларусі ўкладзена 2178 млн.руб., з якіх 1307 млн.руб. (60%) — на буд-ва аб’ектаў вытворчасці. У галіны сац.-культ. сферы накіравана 871 млн.руб. капіталаўкладанняў. Пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 147 буйных (мінскія трактарны, гадзіннікавы з-ды, камвольны камбінат, Аршанскі з-д швейных машын і інш.). Вял. ўвага аддавалася далейшаму развіццю буд. індустрыі, механізацыі і індустрыялізацыі буд-ва, ператварэнню буд. вытворчасці ў механізаваны паточны працэс зборкі і мантажу будынкаў і збудаванняў з буйнапамерных элементаў і вузлоў. Пабудаваны мінскія з-ды мінеральнай ваты і ацяпляльнага абсталявання, вапнавы, гіпсавалакністых і жалезабетонных вырабаў, Гарынскі з-д вогнетрывалай цэглы, сілікатны з-ду Оршы, Крычаўскі з-д вапнавай мукі і інш. Колькасць прамысл. прадпрыемстваў буд. індустрыі павялічылася з 17 у 1950 да 28 у 1955. Вытворчыя асн. фонды буд. арг-цый рэспублікі за 1950—55 выраслі ў 5 разоў і склалі 240 млн.руб., у т. л. вартасць буд. машын, механізмаў і аўтатранспарту 160 млн.руб. На буд-ве працавала 395 экскаватараў, 455 пад’ёмных кранаў, 76 аўтапагрузчыкаў і інш. Аснашчэнне падрадных арг-цый тэхнікай і механізмамі дало магчымасць у 1955 выканаць буд.-мантажных работ у аб’ёме 1,5 млрд.руб.У 1955 пачата буд-ва 10 з-даў і 20 палігонаў зборнага жалезабетону, выраблена 106 тыс.м³ жалезабетонных вырабаў, што ў 20 разоў перавышала паказчыкі 1950. На развіццё буд. індустрыі затрачана 57 млн. руб.
У выніку перабудовы кіравання прамысловасцю і буд-вам уБССР на базе Мін-вагар. і сельскага буд-ва і Мін-вабуд-ва створана Гал. ўпраўленне буд-ва пры СМБССР — Галоўбуд БССР, у які ўваходзілі 13 агульнабуд. і 8 спецыялізаваных трэстаў. На развіццё эканомікі рэспублікі станоўча паўплываў пераход ад галіновага да тэр. прынцыпу кіравання краінай, у т. л. буд-вам. У 1956—65 здадзена ў эксплуатацыю 246 буйных прамысл. прадпрыемстваў, асвоена капіталаўкладанняў 3716 млн.руб., у 1961—65—6352 млн.руб. Пабудаваны нафтаперапрацоўчы з-ду Наваполацку, 1-ы Салігорскі калійны камбінат (пачата буд-ва і 2-га), Гродзенскі азотна-тукавы камбінат, Гомельскі суперфасфатны, Светлагорскі штучнага валакна, Лідскі лакафарбавы, Пінскі і Нясвіжскі кармавога біяміцыну, Бабруйскі гумава-тэхнічных вырабаў, Барысаўскі пластмасавых вырабаў з-ды. У 1950—60-я г. ствараюцца Жодзінскі аўтазавод, мінскія маторны і халадзільнікавы з-ды, арганізавана вытворчасць аўтамабільных агрэгатаў і вузлоў на спецыялізаваных Гродзенскім, Баранавіцкім, Барысаўскім і Мінскім з-дах. Мінскі трактарны з-д замест тралёвачных гусенічных трактароў стаў выпускаць універсальныя колавыя трактары «Беларусь». У Гомелі пабудаваны падэталёва спецыялізаваныя з-ды нармалізаваных вузлоў і гідраапаратуры для станкабудаўніцтва, пераабсталяваны станкабуд. з-ды ў Оршы і Маладзечне. У 1965 за кошт уласнай вытворчасці Беларусь амаль поўнасцю пакрывала сваю патрэбнасць у чыгунным ліцці і гарачых штампоўках і на 76% у пакоўках. У выніку буд-ва ў Бабруйску спецыялізаванага з-да гумава-тэхн. вырабаў завоз іх у рэспубліку таксама амаль спыніўся. Увядзенне ў дзеянне Баранавіцкага баваўнянага, 2-й чаргі Аршанскага льнокамбіната, Пінскага з-да па вытворчасці штучнай скуры, Брэсцкага дывановага камбіната, некалькіх ільнозаводаў і цэхаў мачэння лёну і інш. стварыла ўзаемазвязаны комплекс прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці У раёнах найбольшых тарфяных масіваў створаны буйныя высокамеханізаваныя торфапрадпрыемствы «Асінторф» у Віцебскай, «Смалявіцкае», «Чырвоны сцяг», «Бярэзінскае» ў Мінскай, «Васілевіцкае» ў Гомельскай, «Бярозаўскае» ў Брэсцкай абласцях. Уведзена ў дзеянне Васілевіцкая ГРЭС, павялічана магутнасць Бярозаўскай ДРЭС. Асн. фонды эксплуатуемых электрастанцый на 2/3 мелі новыя магутнасці. У 1950 уведзены ў эксплуатацыю газаправод Дашава—Мінск, што дазволіла павялічыць спажыванне ў якасці паліва прыроднага газу. Перадумовай выканання праграмы новага буд-ва, рэканструкцыі і пашырэння дзеючых прадпрыемстваў стала ўдасканаленне структуры падпарадкавання і кіравання буд. комплексам. Да 1957 буд-ва вялі ў асноўным рэсп. арг-цыі: Мін-вабуд-ва, «Белкалгасбуд», «Меліявадгас», «Белгандальбуд», «Дарбуд». Значны аб’ём буд.-мантажных работ выконвалі падрадныя арг-цыі саюзных мін-ваў. Пасля стварэння Савета нар. гаспадаркі СССР адбылася рэарганізацыя кіравання буд-вам у рэспубліцы: мін-вы прамысловага, сельскага, спец. і мантажных работ аб’ядналі больш за 90% нізавых падрадных буд. арг-цый, якія выконвалі больш за 95% аб’ёму капітальнага буд-ва. Створаная ў 1956 новая форма падрадных буд. арг-цый «Міжкалгасбуд» выконвала ўсе віды буд-ва ў калгасах, мела сваю асабістую вытворча-тэхн. базу. З 1958 агульнае кіраўніцтва буд. арг-цыямі калгасаў ажыццяўляў «Галоўкалгасбуд БССР». У раёнах створаны матэрыяльна-тэхн. базы ў выглядзе адзінай сістэмы прадпрыемстваў і гаспадарак, якія забяспечвалі буд. работы. Базы буд. індустрыі былі ў Мінску і ўсіх абл. цэнтрах, а таксама ў Наваполацку, Салігорску, Светлагорску, Оршы, Баранавічах, Лідзе, Барысаве, Мазыры, Пінску. Мін-ву прамысловага буд-ва было падпарадкавана 25, Мін-ву сельскага буд-ва — 10 буд. баз. У іх склад уваходзілі асфальтабетонныя з-ды, рамонтна-мех. майстэрні, сродкі механізацыі, склады для захоўвання цэменту, з-ды таварнага бетону і інш. прадпрыемствы.
У 1965 у Беларусі дзейнічала 361 дзярж. і 112 міжгасп. падрадных буд. арг-цый, у якіх працавала 222,3 тыс.чал. Для паспяховага выканання падрадных работ неабходна было ператварэнне буд. вытворчасці ў механізаваны працэс зборкі і мантажу будынкаў і збудаванняў з вузлоў і дэталей, вырабленых на з-дах. На аснове індустрыялізацыі і комплекснай механізацыі буд-ва, выкарыстання новых эфектыўных буд. матэрыялаў, спецыялізацыі прадпрыемстваў па вытворчасці зборнага жалезабетону аб’ёмы яго выпуску на 13 з-дах Мін-вабуд-ваБССРу 1965 склалі 1183 тыс.м³, 10 з-дах Мін-ва сельскага буд-ва — 196 тыс.м³ зборных дэталей і канструкцый. Падрадныя арг-цыі па вытворчасці зборнага жалезабетону вырабілі 66 тыс.м³. У выніку выкарыстання зборных канструкцый у розных галінах буд-ва 62,6% падрадных работ у 1965 выканана індустрыяльнымі метадамі. Індустрыялізацыя буд-ва паўплывала на спецыялізацыю і кіраўніцтва падраднымі арг-цыямі, на ўкараненне новай высокапрадукцыйнай тэхнікі і перадавых метадаў вядзення работ. Узбуйненне буд. арг-цый і перавядзенне іх на гасп. разлік дазволіла скараціць тэрмін буд-ва, павысіць прадукцыйнасць працы, знізіць кошт буд.-мантажных работ, павялічыць эфектыўнасць капіталаўкладанняў. Разам з тым у рэспубліцы дзейнічала шмат пярвічных падрадных арг-цый малой магутнасці, якія пры хуткім росце аб’ёмаў зборнага жалезабетону не маглі забяспечыць яго зборку індустрыяльнымі метадамі. У буд-ве заставалася высокай удзельная вага ручной працы. З-за нізкай тэхналогіі вырабу жалезабетону будоўлі атрымлівалі ўцяжараныя канструкцыі, што адмоўна ўплывала на кошт і эканам. паказчыкі аб’екта, патрабавала вял. расходаў сыравіны, матэрыялаў, паліва, прац. рэсурсаў. У канцы 7-й пяцігодкі праявілася памылковая тэндэнцыя скарачэння вытворчасці цэглы, што прычыніла вял. страты эканоміцы рэспублікі ў наступныя гады. Вял. ўвага аддавалася жыллёваму буд-ву. У 1956—65 на Беларусі пабудавана 692, 1 тыс. кватэр агульнай (карыснай) пл. 29,1 млн.м². Новыя кватэры атрымалі 3,1 млн.чал. (36% насельніцтва рэспублікі). Гарадскі жыллёвы фонд у канцы 1965 склаў 32 млн.м². Значныя сродкі накіроўваліся на буд-ва школ, культ.-бытавых і мед. устаноў. У 1966—90 буд. комплекс займаў асаблівае месца ў вырашэнні задач развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл, стварэння эканам. патэнцыялу рэспублікі і яе рэгіёнаў (гл.табл. 1). У гэты час асвоена больш як 121 млрд.руб. капіталаўкладанняў. У 1966—70 пабудавана 78 буйных прадпрыемстваў, у т. л. Лукомская ДРЭС, камбінат сінтэтычнага валакна ў Магілёве, 3-і калійны камбінат у Салігорску, цэлюлозна-кардонны камбінат у Светлагорску, буйныя магутнасці на Полацкім хім. камбінаце «Палімір». Здадзена ў эксплуатацыю жылых дамоў агульнай (карыснай) пл. 20,4 млн.м². У 1967—70 у сельскай мясцовасці пабудавана 127,5 тыс. кватэр (6,8 млн.м²), 600 агульнаадукацыйных школ, бальніц на 1277 ложкаў, 964 камбінаты быт. абслугоўвання і інш.У 9-й пяцігодцы капіталаўкладанняў асвоена ў 1,5 раза больш, чым у 8-й. Пабудавана 97 буйных прадпрыемстваў, у т. л. Беларускі шынны камбінат у Бабруйску, нафтаперапрацоўчы ў Мазыры, з-даўтам. ліній у Баранавічах, прадзільна-нітачны камбінат у Гродне, інструментальны з-ду Оршы і інш.У 1966—90 бел. будаўнікі выканалі буд.-мантажных работ на 69 млн.руб.У 1990 аб’ём буд.-мантажных работ у параўнанні з 1965 вырас у 3,3 раза, у т. л. падрадным спосабам у 4,2 раза. Сярэднегадавыя тэмпы буд.-мантажных работ склалі 8,3%, прырост таварнай прадукцыі прамысловасці буд. канструкцый, дэталей і матэрыялаў — 10,4%. Прадукцыйнасць працы на буд-ве вырасла ў 3 разы. У праектных арг-цыях Беларусі працавала 30 тыс.чал., якія штогод выконвалі праектныя работы на 250 млн. руб.
Ведамасная раз’яднанасць (падпарадкаванне розным мін-вам, ведамствам, мясц. Саветам) абцяжарвала правядзенне адзінай тэхн. палітыкі ў буд-ве. Павышэнне тэхн. ўзроўню буд. вытворчасці дасягалася за кошт пашырэння аб’ёмаў выкарыстання эфектыўных канструкцый і матэрыялаў, індустрыяльнай тэхналогіі буд.-мантажных работ, укаранення эфектыўных сродкаў механізацыі, абсталявання і павышэння на гэтай аснове ўзроўню комплекснай механізацыі мантажна-буд.. работ, больш сучасных метадаў арганізацыі вытворчасці і працы.
Гэта дазволіла знізіць колькасць працуючых на буд.-мантажных работах. У 1990 фондаўзброенасць буд-ва ў параўнанні з 1965 вырасла ў 2 разы, колькасць буд. машын — у 3,5 раза. У выніку дэстабілізацыі ў кіраўніцтве эканомікай, парушэння сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння тэмпы росту прадукцыйнасці ў буд. комплексе рэспублікі знізіліся. Скарацілася колькасць дзярж. пярвічных падрадных буд. і мантажных арг-цый. У 1985 іх было 1144, у 1990—1090. Размяшчэнне прадпрыемстваў буд. комплексу па рэгіёнах рэспублікі было нераўнамернае, што павялічвала нерацыянальныя трансп. выдаткі. Такое становішча было выклікана недастатковым выдзяленнем капіталаўкладанняў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы буд. комплексу, іх удзельная вага ад агульных аб’ёмаў капіталаўкладанняў у развіццё нар. гаспадаркі ў рэспубліцы была ніжэйшая, чым у цэлым na СССР і ў суседніх рэспубліках. Тым не менш у 1986—90 аб’ёмы капіталаўкладанняў выраслі да 39 млн.руб. і павялічыліся на 37,8%, у сельскай гаспадарцы — на 53,7%, развіццё асабістай базы буд-ва — на 32,7%, магутнасцей прамысловасці — на 22,6%, удзельная вага капіталаўкладанняў у прамысловасці знізілася з 34,6% да 30,8%. Капіталаўкладанні накіроўваліся пераважна ў машынабудаванне і металаапрацоўку (выраслі на 28,9%), лясную, дрэваапрацоўчую і цэлюлозна-папяровую прамысловасць (адпаведна 38,9%), прамысловасць буд. матэрыялаў (38,6%). Працягвалася пераўзбраенне матэрыяльна-тэхнічнай базы, укараненне высокапрадукцыйнага абсталявання. Капіталаўкладанні ў перапрацоўчыя галіны прамысловасці павялічыліся ў 1,7 раза, у лёгкую прамысловасць на 41,1%. Пераважнай формай узнаўлення асн. фондаў у прамысловасці сталі рэканструкцыя і пераўзбраенне. Затраты на іх выкананне ў 1990 склалі 68,9%, на пашырэнне — 13,2%, на новае буд-ва прадпрыемстваў — 17,9%, агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў. У лёгкай прамысловасці затраты на рэканструкцыю і тэхн. пераўзбраенне склалі 87,5%, харчовай — 71,4%, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай — 73,7%, прамысловасці буд. матэрыялаў — 50,9%. Павялічыліся капіталаўкладанні ў невытворчае буд-ва. За кошт усіх крыніц фінансавання яны склалі 30,3% ад агульнага аб’ёму, у т. л. на развіццё культуры выраслі ў 2,9 раза, нар. адукацыі — на 65,5%, жылога буд-ва — на 46,8%. Тым не менш становішча ў буд-ве не адпавядала патрабаванням аздараўлення эканомікі. Зрыў планаў па ўвядзенні ў дзеянне асобных магутнасцей і аб’ектаў стаў адной з прычын нарастаючай матэрыяльнай незбалансаванасці ў нар. гаспадарцы. Бясплатнасць і незваротнасць дзярж. цэнтралізаваных капіталаўкладанняў прывялі да неабмежаванага інвестыцыйнага попыту, які не скараціўся і пасля пераводу прадпрыемстваў на самафінансаванне ва ўмовах існуючай у той часгасп. сістэмы. У выніку непамерна пашыраўся фронт незавершанага буд-ва. З-за празмерна вял. колькасці аб’ектаў, якія будаваліся адначасова, пры тэрмінах буд-ва, што ў 2—3 разы перавышалі нарматыўныя, у канцы 1990 незавершанае буд-ва ў дзярж. і кааператыўных прадпрыемствах і арг-цыях (без калгасаў) да агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў вырасла да 70%, у 1985 гэты паказчык складаў 52%. У 1988 у дзеянне не ўведзены кожны трэці аб’ект дзярж. заказу. З 24 пускавых аб’ектаў дзярж. заказу 1989 здадзены ў эксплуатацыю толькі 11 (46%). У 1990 незавершанага буд-ва аб’ектаў вытворчага прызначэння было на 19% больш, чым у 1989. Рост незавершанага буд-ва суправаджаўся назапашваннем неўстаноўленага абсталявання. На 1.1.1990 запасы неўстаноўленага абсталявання склалі 11% да паступіўшага з пач.буд-ва, з іх 7% замежнае. Акрамя таго, 9% абсталявання было зманціравана, але не ўведзена ў дзеянне.
Пераход капітальнага буд-ва на прынцыпы рыначных адносін змяніў арганізацыю буд. вытворчасці і кіравання, матэрыяльнага забеспячэння, структуры буд. арг-цый, адносіны з субпадрадчыкамі і інш. Адным з гал. кірункаў фарміравання рыначных адносін у капітальным буд-ве стаў адыход ад замацавання заказчыкаў да падрадчыкаў і пераход да рынку падрадных работ. Рыначныя адносіны ў капітальным буд-ве патрабавалі дэцэнтралізацыі яго кіравання. У якасці асновы рэгіянальнай арганізацыі буд-ва створаны буд. аб’яднанні як адзіныя вытворча-гасп. комплексы з замкнутым цыклам буд-ва аб’ектаў, якія знаходзяцца на гасп. разліку і нясуць поўную матэрыяльную адказнасць за арганізацыю буд-ва і ўвод у дзеянне аб’ектаў. Пераход да рыначнай эканомікі ў капітальным буд-ве садзейнічаў фарміраванню форм уласнасці, стварэнню малых прадпрыемстваў і арг-цый, кааператываў, арэндных прадпрыемстваў, што дазволіла арганізаваць праектна-буд. і інш. фірмы з пераходам на конкурснасць пры праектаванні і буд-ве аб’ектаў. На этапе пераходу да рыначных адносін дынаміка і структура інвестыцый складвалася пад уплывам такіх важных працэсаў, як прыватызацыя і раздзяржаўленне дзярж. маёмасці, змяненне галіновай структуры эканомікі, развіццё жорсткай канкурэнцыі паміж таваравытворцамі, барацьба за рынкі рэалізацыі прадукцыі і паслуг. У сферы інвестыцый для пераходнага перыяду характэрным стала зніжэнне аб’ёмаў дзярж. інвестыцый, павышэнне ролі недзярж. крыніц фінансавання, скарачэнне выпуску тавараў вытворчага прызначэння. У гэтых умовах у Беларусі склалася крызісная інвестыцыйная сітуацыя. Адбыўся глыбокі спад інвестыцыйнай актыўнасці (гл.табл. 2). Значнае змяншэнне інвестыцый у асноўны капітал адбылося ў 1990—96. За гэты час індэксы інвестыцый у супастаўных цэнах у працэнтах да папярэдняга года знізіліся і склалі 69% у 1995 да 1994, 95,2% у 1996 да 1995. З 1997 пачаўся пераход да станоўчай тэндэнцыі ў дынаміцы інвестыцый. Іх рост у 1997 да 1996 склаў 119,6%, у 1998 адпаведна — 125%, у 1999—92%, у 2000—102%, у 2001—96,5%, у 2002—106%. Аднак аб’ём інвестыцый уасн. капітал да 1990 склаў у 1995 усяго 39%, у 2001—50%, у 2002—52%. Увод у дзеянне жылых дамоў да базавага 1990 у 1995 склаў толькі 37%, у 2001—57%, у 2002 зноў знізіўся да 53%. Рэзка скараціліся інвестыцыі ў асноўны капітал прамысловасці. Да аб’ёму інвестыцыйных укладанняў 1990 яны знізіліся да 48%. У наступныя гады адбыўся рост інвестыцый уасн. фондаўтваральную галіну, але іх аб’ём у 2002 да ўзроўню 1990 склаў толькі 63%. Асабліва глыбокі крызіс адбыўся ў інвестыцыйнай сферы сельскай гаспадаркі — інвестыцыі ў асн. капітал гэтай галіны ў 2001 склалі ўсяго 8% да ўзроўню 1990. Прычыны гэтага ў значным пагаршэнні якаснага стану вытворчага патэнцыялу і хранічным недахопе фінансавых і інвестыцыйных рэсурсаў (і ўнутраных, і знешніх). Фізічны знос актыўнай часткі асн. фондаў у цэлым па краіне складае больш за 75%, у прамысловасці — 80%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 84%, у буд-ве — 79%, ус.-г. — 79%, на транспарце — 66%. Такая сітуацыя абумоўлена не толькі ўстарэлым вытворчым патэнцыялам (каэфіцыент зносу актыўнай часткі асн. фондаў склаў у 1990 па нар. гаспадарцы 39%, у прамысловасці — 50%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 58%), але недаінвесціраваннем рэальнага сектара эканомікі. Калі ВУП у 2002 у адносінах да 1990 склаў 96,6%, то інвестыцыі толькі 52%. Пры гэтым найб. спад інвестыцый адбываўся ў навукаёмістых, экспартаарыентаваных і фондаўтваральных галінах: у машынабудаванні ў 2 разы, радыёпрамысловасці — у 20 разоў, электроннай прамысловасці больш чым у 11 разоў, у галіне «навука і навуковае забеспячэнне» — амаль у 8 разоў. У той жа час прасочваецца далейшая тэндэнцыя зніжэння інвестыцый у рэальны сектар эканомікі за кошт сродкаў бюджэту і цэнтралізаванага эмісійнага крэдытавання. Скарачаюцца фінансавыя магчымасці суб’ектаў гаспадарання, рэнтабельнасць якіх у прамысловасці (з адносна кароткім вытворчым цыклам) з кожным годам пагаршаецца. Праблемы гэтага ў самой інвестыцыйнай сферы выкліканы тэхналагічнай і ўзнаўленчай структурай укладанняў, значнымі памерамі незавершанага буд-ва. Інвестыцыі на буд.-мантажныя работы складаюць 48%, на абсталяванне, інструмент і інвентар — 33%. У галіновай структуры інвестыцый удзельная вага прамысловасці за 1990—2001 павысілася з 24,4% да 31,2%. Павысілася доля інвестыцый у транспарце, сувязі, жыллёвым буд-ве, камунальнай гаспадарцы, ахове здароўя. Разам з тым у галіновай структуры знізіліся інвестыцыі сельскай гаспадаркі з 2,5% да 2%, культуры — з 0,8 да 0,7%, навукі — з 1,1 да 0,1%. У такой інвестыцыйнай сітуацыі у мэтах забеспячэння высокіх і ўстойлівых тэмпаў росту эканомікі, далейшых рыначных пераўтварэнняў усац. сферы, павышэння канкурэнтаздольнасці і эканам. бяспекі рэспублікі патрабуюцца значныя інвестыцыйныя ўкладанні. Фактычнае становішча сведчыць аб недаінвесціраванні эканомікі ў 2001—03. У сярэднім за гэты перыяд за год асвойвалася 2 млрд. долараў ЗША, г.зн. 66% да неабходнага аб’ёму інвестыцый. Пры абмежаванасці ўнутр. крыніц інвестыцый павялічваецца значэнне знешняга фінансавання, асабліва атрымання прамых замежных інвестыцый (у 1990—2000 аб’ём прамых замежных інвестыцый у Беларусі быў адным з найменшых сярод краін Цэнтр. і Усходняй Еўропы і склаў 1,6 млрд. долараў ЗША).
Літ.:
Малинин С.Н., Иппа М.М. Экономика Белорусской ССР и перспективы ее развития. М., 1960;
Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;
Лис А.Г. Проблемы развития и размещения производительных сил Беларуси. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СЫ,
нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс.чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс.чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх.славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс.км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.
Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст.тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл.Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (узах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.
Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст.уВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч ПаспалітуюВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр.ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш.).
У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл.Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак ут.зв.зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр.тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).
Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.
Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай уВКЛу 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.
Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.
Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш узах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.
Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней увайшлі ў традыц.бел.нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.
Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).
Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.
Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.
Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл.Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел.Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.
Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.
Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.
У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.
І.У.Чаквін.
Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн.чал.Вял. страты панесла Беларусь учас Айчыннай вайны 1812. Упач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31удзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.
У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав.У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ.«Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. Учаспаўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.
Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн.чал.
У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя«Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г.у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыябел.нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час.«Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г.у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ.«Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).
Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.
На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».
Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.
Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.
Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав.). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст.нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.
П.У.Церашковіч.
Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр.рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн.чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн.чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. Улют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой уЛітоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.
Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 уБССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л.БДУ, Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш.У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. Убел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).
І ўсё ж бел.л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. Упач. 1930-х г.уБССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.
Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.
УЗах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).
Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, учас якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн.чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).
Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.
З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.
Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел.нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.
Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.
Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).
Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.
Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць унар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.
Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.
Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.
Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.
У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).
Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.
Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.
Да арт.Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.Да арт.Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.Баплана. Каля 1654.Да арт.Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.Да арт.Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)