САПЕ́ГІ,

буйны магнацкі род герба «Ліс» у ВКЛ, прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. Лічыўся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам ВКЛ. Беларусы па паходжанні, напачатку былі праваслаўнымі, у 2-й пал. 16 ст. частка іх далучылася да пратэстанцтва, аднак ужо ў канцы 16 ст. С. прынялі каталіцтва. У 17—18 ст. складаліся радаводы С., дзе сцвярджалася пра іх быццам бы княжацкае паходжанне ад Нарымонта, сына Гедзіміна. У 18—19 ст. некат. даследчыкі выводзілі С. ад трокскага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. А.​Банецкі, Ю.​Вольф і У.​Сямковіч у сваіх даследаваннях даказалі, што С. паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х г. з полацкіх баяр. Першапачаткова вял. маёнткі С. знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакоў. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 С. страцілі Гарадзішча і Апакоў, якія адышлі да Масквы, а ў выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 страцілі і Ельню. У родапачынальніка Сямёна былі 4 сыны, з якіх Багдан і Іван сталі пачынальнікамі 2 гал. ліній роду — чарэйска-ружанскай і коданскай. Багдан (да 1450—пасля 1512) у выніку шлюбу з князёўнай Фядорай Друцкай-Сакалінскай атрымаў Чарэю і інш. маёнткі — ядро ўладанняў С. у Полацкім і Віцебскім ваяв. Іван (каля 1450—1517) атрымаў за службу маёнткі на Браслаўшчыне (Друю, Іказнь, Пагост), Кодань каля Брэста і інш. Старэйшая, чарэйска-ружанская лінія роду займала больш трывалыя пазіцыі ў дзярж. колах, малодшая мела меншае паліт. значэнне. У апошняй чвэрці 17 ст. род яшчэ больш узвысіўся. Кароль Ян III Сабескі, каб супрацьдзейнічаць магутнаму роду Пацаў, даваў вышэйшыя дзярж. пасады С., якія, умацаваўшы сваё становішча, выступілі супраць караля. У гэты час пашырылася незадаволенасць усеўладствам і злоўжываннямі С. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхты ВКЛ. На сойме 1696 ёй удалося правесці канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у т. л. ў кантролі над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. І хоць сойм 1697 пацвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж С. і шляхтай працягваўся. У 1700 ён набыў характар грамадзянскай вайны. 18.11.1700 пад Алькенікамі (на Пд ад Вільні, цяпер г. Вільнюс) адбылася рашучая бітва паміж атрадамі С. і шляхты. Войска С. было разбіта, самі яны пазбаўлены пасад, некат. з іх пакінулі краіну. У час Паўночнай вайны 1700—21 С. сталі на бок шведскага караля Карла XII і падтрымлівалі шведскага стаўленіка караля Станіслава Ляшчынскага. Шляхта працягвала ваяваць супраць С. і заключыла з царом Пятром I дагавор аб рас. ваеннай і грашовай дапамозе. Тады С. пайшлі нават на стварэнне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, якія дзейнічалі супраць шляхты ва ўсх. частцы Беларусі. У 1702 гэтыя атрады былі разбіты. У 1704 рас. армія ачысціла Беларусь ад шведскіх і сапегаўскіх атрадаў. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў С. паменшаў, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі гал. пасады ў цэнтр. і мясц. адміністрацыі ВКЛ. 14.9.1700 германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду С. тытул князёў «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Памылковымі з’яўляюцца звесткі пра наданне Івану Сямёнавічу С. графскага тытула ад германскага імператара Максіміляна II 6.1.1572 і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4.5.1572. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў Метрыку ВКЛ у 1744 канцлерам Янам Фрыдэрыкам С. і, такім чынам, сталі дзярж. дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. У 1768 па патрабаванні С. сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх С. князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча. Княжацкі тытул С. быў пацверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822, у Аўстрыі ў 1840, у Расіі ў 1874. С. збіралі б-кі (гл. Сапегаў бібліятэкі), архівы, калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некат. прадстаўнікоў роду С. у паўстанні 1830—31 іх маёнткі ў Беларусі былі канфіскаваны царскім урадам. У 1915—18 С. прэтэндавалі на трон ВКЛ, якое меркавалася адрадзіць пасля магчымай перамогі Германіі ў 1-й сусв. вайне; С. мелі кантакты з нац. арг-цыямі на акупіраванай ням. войскамі тэр. Літвы і Беларусі, у т. л. з беларускімі. У 1918—39 у Польшчы С. — землеўладальнікі, дыпламаты, службоўцы. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі.

Найб. вядомыя:

Багдан Сямёнавіч (да 1450 — пасля 1512), старэйшы сын Сямёна, заснавальнік чарэйска-ружанскай галіны роду. У 1471—88 пісар гаспадарскі (велікакняжацкі) Казіміра IV Ягелончыка. У 1494—1500 намеснік і дзяржаўца мцэнскі і любецкі, пасля акольнічы смаленскі, з 1503 намеснік высакадворскі У 1504 і 1507 у складзе пасольстваў у Маскве, дзе ў 1507—08 быў зняволены як заложнік за сям’ю М.​Глінскага.

Іван Сямёнавіч (Івашка Сапежыч; каля 1450—1517), 2-і сын Сямёна, пачынальнік коданскай галіны роду С. Пісар гаспадарскі Казіміра IV Ягелончыка з 1488. Пасол у Маскву ў 1497, 1498, 1499, у Рым у 1501, дзе дамогся ад папы зацвярджэння мітрапаліта Іосіфа I Балгарыновіча, там далучыўся да Фларэнційскай царк. уніі. з 1501 канцлер вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1502 пасол да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 — у Маскву, заключыў 6-гадовае перамір’е, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03. Маршалак гаспадарскі з 1504. Пасля абрання на трон Жыгімонта I Старога (1506) тытулаваўся найвышэйшым сакратаром ВКЛ. У 1505 зноў пасол у Маскву, аднак прадоўжыць тэрмін перамір’я не ўдалося. Намеснік віцебскі ў 1508—14 (з 1511 ваявода). Пасол у Маскву ў 1508, заключыў мір, якім скончана вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08. У 1512 вёў перагаворы ў Польшчы з кароннаю радаю аб дапамозе ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. Удзельнічаў у кампаніі 1514 пад кіраўніцтвам гетмана К.​Астрожскага. Ваявода падляшскі з 1514. Заклаў асновы латыфундыі коданскай лініі роду. У 1504 заснаваў мяст. Іказнь і Іказненскі замак, збудаваў мяст. Кодань з замкам (на левым беразе Буга каля Брэста).

Іван Багданавіч (каля 1480—1546), сын Багдана Сямёнавіча. Пісар гаспадарскі ў 1507—16, маршалак гаспадарскі ў 1515—41, ваявода віцебскі ў 1520—41 і падляшскі з 1529; староста драгічынскі ў 1529—41 і з 1545. Пасол у Маскву ў 1508, 1531—32, 1536, у Турцыю ў 1534.

Павел Іванавіч (каля 1490—1579), сын Івана Сямёнавіча. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Дзяржаўца браслаўскі ў 1517—47, маршалак гаспадарскі ў 1519—57, ваявода падляшскі ў 1556—58 і навагрудскі з 1558. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37, Лівонскай вайне 1558—83 у 1561. Быў праціўнікам Люблінскай уніі 1569, але акт уніі падпісаў.

Мікалай Паўлавіч (каля 1525—1.11.1599), сын Паўла Іванавіча. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Кёнігсбергскім ун-тах. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, у пераможнай Ульскай бітве 1564. Маршалак гаспадарскі ў 1566—76, ваявода мінскі ў 1578—88, брэсцкі ў 1588 і віцебскі з 1588. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569.

Багдан Паўлавіч (каля 1530—1-я пал. 1593), сын Паўла Іванавіча. Падкаморы бельскі ў 1566—69, староста гомельскі ў 1572—82, кашталян брэсцкі ў 1579—85 і смаленскі ў 1585—88, ваявода мінскі з 1588.

Леў Іванавіч (4.4.1557—7.7.1633), канцлер ВКЛ, гл. Сапега Л.І.

Андрэй Іванавіч (каля 1565—1611), малодшы брат канцлера Л.​І.​Сапегі. Староста аршанскі з 1588, кашталян віцебскі ў 1600—05, ваявода мсціслаўскі з 1605. У 1596 удзельнічаў у задушэнні паўстання С.​Налівайкі, у вайне з Расіяй 1609—18.

Андрэй Паўлавіч (каля 1560 — да 11.10.1621), сын Паўла Іванавіча. У 1590-я г. вучыўся ў Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Падчашы ВКЛ у 1588—92, кашталян мінскі ў 1592—97, ваявода полацкі ў 1597—1613 і смаленскі з 1621.

Павел Стафан (1565—19.7.1635), сын Багдана Паўлавіча. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Выбіраўся паслом на соймы. Канюшы ВКЛ у 1593—1623, падканцлер ВКЛ з 1623.

Ян Пётр (1569—15.10.1611), сын Паўла. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у баях з крымскімі татарамі, у вайне са Швецыяй 1600—29. У жн. 1607 са згоды канцлера Л.​А.​Сапегі прапанаваў Ілжэдзмітрыю II сваю дапамогу ў авалоданні маскоўскім тронам. У ліп. 1608 з войскам перайшоў маскоўскую мяжу. 25.8.1608 заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак з яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Лжэдзмітрыя II. 2.10.1608 разбіў войска І.​Шуйскага пад Рахманавам, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лют. 1610 заняў Дзмітраў. 1.3.1610 пацярпеў паражэнне ад М.​В.​Скопіна-Шуйскага, у чэрв. 1610 далучыўся да Лжэдзмітрыя II у Калузе. У ліп. 1610 рушыў на Маскву. 27.7.1610, калі быў скінуты з трона цар Васіль Шуйскі і ўстанавілася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перагаворы пра перадачу ўлады Лжэдзмітрыю II. У ліп. 1611 заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаўль-Залескі, 15.8.1611 штурмам узяў Белы Горад у Маскве.

Мікалай (каля 1581—14.3.1644), сын Мікалая Паўлавіча. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Бранева), ун-тах Вены, Трыра, Майнца, Парыжа. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар, харунжы ВКЛ у 1627—38, ваявода мінскі ў 1638 і брэсцкі ў 1638—42, кашталян віленскі з 1642.

Аляксандр Дажбог (Багдан, Тэадат; 1585 — студз. 1635), сын Рыгора. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу. Падкаморы віцебскі з 1606, староста аршанскі з 1610, кашталян віцебскі ў 1613—15, староста прапойскі і чачэрскі з 1622, крычаўскі (да 1631), чашнік ВКЛ у 1631—32. Удзельнічаў у баях за Смаленск у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, у вайне з туркамі ў 1621, са шведамі ў 1627.

Ян Станіслаў (25.10.1589, г. Маладзечна — 10.4.1635), сын канцлера Л.​І.​Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, Вюрцбургскім, Падуанскім, Балонскім ун-тах. Пасол на соймы. Староста слонімскі з 1605, падстолі ВКЛ у 1611—17, маршалак дворны ў 1617—21, маршалак вялікі з 1621.

Андрэй Станіслаў (1592—25.3.1646), сын Яна Пятра. Староста ўсвяцкі ў 1612—23 і ваўкавыскі з 1645, кашталян трокскі ў 1641—44 і віленскі з 1644. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Удзельнічаў у войнах з туркамі (1621), шведамі (1622—28).

Казімір Леў (15.7.1609, Вільня — 19.1.1656), сын канцлера Л.​І.​Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Мюнхене, Інгальштацкім, Лёвенскім, Балонскім ун-тах. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар і вял. пісар ВКЛ у 1631—37, маршалак дворны ў 1637—45, падканцлер з 1645. Адміністратар Брэсцкай эканоміі, староста рагачоўскі. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.

Павел Ян (1609—30.12.1665), сын Яна Пятра. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Абозны вялікі ВКЛ у 1638—45, падстолі ВКЛ у 1645—46, ваявода віцебскі ў 1646—56, ваявода віленскі і гетман вялікі з 1656. Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1649. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.

Казімір Ян Павел (1642—13.3.1720), сын Паўла Яна. Вучыўся ва ун-тах Граца і Лёвена. З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1659—61, падстолі ў 1661—63, падскарбі дворны ў 1663—70, ваявода полацкі у 1670—81, гетман польны ў 1681—83, гетман вялікі ў 1683—1703 і 1705—08, ваявода віленскі ў 1682—1703 і з 1705, староста брэсцкі. Падтрымліваў караля Міхала Вішнявецкага, стаў лідэрам апазіцыі да ўсемагутных у 1670-х г. Пацаў. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў. Устанавіў рэжым улады С. ў ВКЛ. У паўн. вайне 1700—21 стаў на бок шведаў.

Бенядзікт Павел (каля 1643—12.8.1707), сын Паўла Яна. З 1657 вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Грацы (Аўстрыя), з 1664 — у Лёвенскім ун-це (Іспанскія Нідэрланды). З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1663—65, стольнік у 1665—70, крайчы ў 1670, падскарбі дворны ў 1670—76, падскарбі вялікі з 1676, староста слонімскі. На элекцыйным сойме 1674 быў маршалкам і садзейнічаў абранню на трон Яна III Сабескага, што спрыяла ўстанаўленню гегемоніі С. у ВКЛ. У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 яго армія разбіта. У сак. 1702 перайшоў на бок шведаў.

Казімір Уладзіслаў (1650—29.4.1703), сын Яна Фрыдэрыка. Вучыўся ў езуіцкіх навуч. установах у Львове і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на соймы. Падстолі ВКЛ у 1685—86, стольнік у 1686, падскарбі надворны ў 1686—89, трокскі кашталян у 1689—97 і ваявода з 1697.

Уладзіслаў Юзафат (5.11.1652, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 13.3.1733), сын Крыштофа Францішка. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Любліне і Брунсбергу, ун-тах Прагі і Вены. Удзельнічаў у вайне 1673—74 супраць туркаў. Чашнік ВКЛ у 1681—84, крайчы ў 1684—99, ваявода мінскі ў 1699—1709 і брэсцкі з 1709. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ.

Ежы Станіслаў (1668—12.10.1732), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў Вільні і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах супраць туркаў. Выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1686, стольнік ВКЛ у 1686—1703 і з 1709, ваявода мсціслаўскі ў 1732.

Міхал Францішак (1670—19.11.1700), сын Казіміра Яна. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Варшаве і Брунсбергу. У 1689 паступіў на службу ў аўстрыйскае войска, ўдзельнічаў у войнах супраць туркаў, ген.-маёр (1692). У 1696 вярнуўся ў ВКЛ. Канюшы ВКЛ з 1690, адначасова ген. артылерыі з 1698, староста ашмянскі з 1699. У 1700 атрымаў ад аўстр. імператара чын ген.-фельдмаршала-лейтэнанта і тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Камандаваў сапегаўскімі войскамі ў вайне супраць шляхты — «рэспубліканцаў». У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 капітуляваў і быў засечаны шляхтай.

Міхал Юзаф (1670—6.3.1738), сын Бенядзікта Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Варшаве. Выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1687—92, стражнік у 1692—98, пісар польны ў 1698—1730, ваявода падляшскі з 1728, ген.-маёр войска ВКЛ (1710), ген.-лейт. кавалерыі (1714), ген.-лейт. саксонскага войска (1733).

Аляксандр Павел (8.9.1672—4.1.1734), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, у 1685—89 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—98, маршалак вялікі ў 1698—1703, 1705—08 і з 1713.

Ежы Феліцыян (лют. 1680—3.9.1750), сын Францішка Стафана. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу і за мяжой. Ген.-маёр (1708). Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1717, ваявода мсціслаўскі з 1742.

Ян Фрыдэрык (18.10.1680, в. Дабратычы, Брэсцкі пав. — 6.7.1751), сын Казіміра Уладзіслава. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Брэсце, Любліне і Варшаве. Кашталян мінскі ў 1711—12, трокскі ў 1716—35, канцлер ВКЛ з 1735. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодані (Торунь, 1720), гіст.-генеалагічны нарыс роду С. (Варшава, 1730) і інш. У Кодані сабраў вял. б-ку, у Коданскім касцёле стварыў партрэтную галерэю С.

Ян Казімір (?—22.2.1730), дзярж. і ваенны дзеяч; гл. Сапега Я.К.

Антоні Казімір (1689—16.5.1739), сын Ежы Станіслава. Вучыўся ў Парыжы. Стольнік ВКЛ у 1706—09, кашталян трокскі з 1737. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Аўтар дыярыуша (не надрукаваны).

Ігнацы (?—15.4.1758), сын Уладзіслава Юзафата. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Чашнік ВКЛ у 1740—44, падскарбі надворны ў 1744—50, ваявода мсціслаўскі з 1750.

Кароль Юзаф (?—20.3.1768), сын Уладзіслава Юзафата. Выбіраўся паслом на соймы. Пісар польны ВКЛ у 1730—48, ваявода брэсцкі з 1748.

Пётр Павел (28.1.1701, г. Дрэздэн, Германія — 23.1.1771), сын Яна Казіміра. У 1726 з дапамогай імператрыцы Кацярыны I быў заручаны з дачкой А.​Д.​Меншыкава Марыяй, стаў царскім камергерам. У 1728 выехаў у Рэч Паспалітую, стольнік ВКЛ у 1732—44, ваявода смаленскі з 1744. Далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 выехаў у Славакію.

Міхал Антоні [10 або 12.3.1711, г. Кралявец (Калінінград, Расія) — 11.10.1760], сын Аляксандра Паўла. З 1732 выбіраўся паслом на соймы. Лоўчы ВКЛ у 1739—46, ваявода падляшскі ў 1746—52, падканцлер ВКЛ з 1752. Староста мсціслаўскі з 1757.

Аляксандр Міхал (12.9.1730—28.5.1793), сын Казіміра Лявона. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любартаве. З 1746 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Абозны ВКЛ у 1748—50, ген.-маёр (1750), падскарбі дворны ў 1750—54, ваявода полацкі ў 1754—75, гетман польны ВКЛ у 1762—75, канцлер з 1775. У 1792 па прапанове караля далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і быў абраны яе маршалкам у ВКЛ.

Казімір Нестар (14.2.1757, г. Брэст — 25.5.1798), сын Яна. У 1767—72 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве, пазней у ваеннай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, у Страсбургу. З 1772 палкоўнік артылерыі войска ВКЛ, у 1773—93 ген. артылерыі. З 1778 выбіраўся паслом на соймы. З 1778 чл. Пастаяннай Рады. Староста брэсцкі з 1783. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 абраны маршалкам канфедэрацыі ВКЛ, прыхільнік рэформ. Удзельнічаў у паўстанні 1794.

Францішак (28.8.1772, Варшава — 30.5.1829), сын Аляксандра Міхала. Вучыўся ў Віленскай гал. школе (ун-це). Ген. артылерыі ВКЛ у 1793—95, шэф карпусоў артылерыі і інжынераў. Удзельнік паўстання 1794. Атрымаў чын ген.-лейтэнанта, камандаваў дывізіяй. Пасля задушэння паўстання прысягнуў Кацярыне II.

Аляксандр Антоні (3.9.1773, г. Страсбург, Францыя — 8.91812), сын Юзафа. Атрымаў хатнюю адукацыю. Ажыццявіў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчы і Літве, а таксама ў Альпы, на Балканы і Валынь. Аўтар працы «Мінералогія» (1800—01), падручніка па неарган. хіміі, нарыса па крышталяграфіі. Вывучаў этнаграфію славенцаў, харватаў, баснійцаў, герцагавінцаў. Вынікі даследаванняў апублікаваў у працы «Падарожжа ў славянскіх краінах у 1802 і 1803 гг.» (1811) у форме лістоў да Ж.​Э.​Жылібера. У 1807 арганізаваў знаходжанне Напалеона ў Варшаве, стаў афіцэрам яго гвардыі, камергерам. 1.7.1812 увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага.

Яўстафій Каэтан (7.8.1797, Вільня — 16.11.1860), сын Францішка. Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, паручнік у штабе галоўнакамандуючага ген. Я.​Скшынецкага, адзначаны залатым крыжам «Віртуці Мілітары». Пасля паражэння паўстання ў эміграцыі ў Францыі. Адхіліў прапанову Мікалая I прыняць канфіскаваныя маёнткі ўзамен за вернападданую прысягу, у выніку чаго музейныя зборы, б-кі і архівы С. вывезены ў С.-Пецярбург.

Адам Стафан (14.5.1867, г. Красічын, Польшча — 23.7.1951), сын Адама. Вучыўся ў Вене, Інсбруку. З 1911 біскуп кракаўскі. З 1925 мітрапаліт кракаўскі, з 1926 архібіскуп мітрапаліт. Утварыў арг-цыю католікаў «Акцыя каталіцка» і касцельную дабрачынную арг-цыю «Карытас». У час 2-й сусв. вайны звязаны з падп. рухам. З 1946 кардынал.

Літ.:

Sapiehowie: Materiały historycznogenealogiczne i majątkowe. T. 1—3. Pb., 1890—94;Labarre de Raillicourt D. Histoire des Sapieha, 1440—1970. Paryż, 1970; Polski słownik biograficzny. T. 34—35. Wrocław etc., 1993—94; Dom Sapieżyński. Warszawa, 1995; Dzieje rodu Sapiehów. Warszawa, 1999.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Сапегі. Багдан Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.​Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.
Да арт. Сапегі. Іван Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.​Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.
Да арт. Сапегі. Ян Пётр Сапега. Гравюра В.​Гондзіуса. 17 ст.
Да арт. Сапегі. Казімір Леў Сапега. Гравюра П.​Ландры. 1663.
Да арт. Сапегі. Павел Ян Сапега. Гравюра П.​Ландры. 1663.
Да арт. Сапегі. Ян Фрыдэрык Сапега. Партрэт невядомага мастака. Каля 1720.
Да арт. Сапегі. Міхал Антоні Сапега. Партрэт сярэдзіны 18 ст.
Да арт. Сапегі. Аляксандр Міхал Сапега. Партрэт 2-й пал. 18 ст.
Да арт. Сапегі. Казімір Нестар Сапега. Партрэт Ю.​Пічмана.
Да арт. Сапегі. Францішак Сапега. Партрэт 19 ст.
Да арт. Сапегі. Яўстафій Каэтан Сапега. Партрэт 19 ст.

т. 14, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)