ПРЫШЧЭ́ПА (Іна Міхайлаўна) (н. 1.6.1961, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і валеалогіі. Д-р біял. н. (1997), праф. (2000). Скончыла Віцебскі пед. ін-т (1983). З 1989 у Віцебскім ун-це (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па ўплыве экалагічных фактараў на развіццё хранічных захворванняў рэспіраторнай сістэмы чалавека ў розных рэгіёнах Беларусі.
Тв.:
Иммунология для неиммунолога: Вводный курс. Витебск, 2000 (у сааўт.);
Оценка акарологического пейзажа жилища человека для профилактики обострений бронхиальной астмы (у сааўт.) // Иммунопатология, аллергология, инфектология. 2000. № 2.
т. 13, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШО́НІК (Сусанна Самуйлаўна) (н. 16.11.1929, Мінск),
бел. вучоны ў галіне кардыялогіі і рэўматалогіі. Д-р мед. н. (1974), праф. (1977). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1953), у 1963—90 працавала ў ім жа. Навук. працы па зменах функцыян. стану печані і падстраўнікавай залозы пры лячэнні хранічнага танзіліту, рэгіянарнай і цэнтр. гемадынаміцы пры рэўматызме, лячэнні захворванняў суставаў і дыфузійных хвароб злучальнай тканкі.
Тв.:
Клиническая реография. Мн., 1976 (разам з Р.П.Мацвяйковым);
Ревматизм. Мн., 1979 (разам з Р.П.Мацвяйковым, У.К.Мількамановічам).
т. 13, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЗІН (Неафіт Ермалаевіч) (20.1.1902, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 11.12.1971),
бел. географ, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1961), праф. (1962). Скончыў Камуніст. ун-т (1927), Ін-т чырв. прафесуры (1936). З 1947 у БДУ (прарэктар, заг. кафедры). З 1966 у Мінскім пед. ін-це. Навук. працы па эканам. геаграфіі і гісторыі нар. гаспадаркі, паліт. эканоміі Беларусі.
Тв.:
Города и села Белорусской ССР. Мн., 1959 (разам з В.А.Жучкевічам, А.Я.Малышавым);
География Белоруссии. Мн., 1965 (у сааўт.).
т. 13, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПІНЧУ́К (Андрэй Сцяпанавіч) (н. 2.10.1960, Мінск),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1980). У 1991—95 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі. З 1996 у ЗША. Навук. працы па тэорыі алг. груп, алг. тэорыі лікаў. Даследаваў і апісаў нармальныя структуры падгруп рацыянальных пунктаў алг. груп над лікавымі палямі, прынцып Гасе для аднародных прастор, групы канечнай шырыні і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988.
Тв.:
Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991 (разам з У.В.Платонавым).
т. 13, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЭ́І (ад лац. oratio прамова, настаўленне, зварот),
жанр бел. фальклору; рыфмаваныя празаічныя творы віншавальна-павучальнага зместу. Узніклі ў даўнія часы, звязаны з зычэннем добрага здароўя і дабрабыту кожнай сям’і на новы год, Вялікдзень, перад пачаткам с.-г. работ і інш. Выконваліся звычайна рэчытатывам калядоўшчыкамі ці валачобнікамі. Вясельныя Р. выкарыстоўваліся ў час блаславення маладых, у т. л. зычэнні свата. Рэлігійныя Р. стылем блізкія да духоўных вершаў і звязаны з віншаваннем у сувязі з нараджэннем і ўваскрэсеннем Хрыста; лічацца школьнага паходжання.
А.І.Гурскі.
т. 13, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРЭСІ́ЎНАЯ ЭРО́ЗІЯ,
разбурэнне і змыванне горных парод і глеб паверхневым вадацёкам (пастаянным або часовым). Р.э. пашыраецца ў бок вытоку, даўжыня вадацёку пры гэтым павялічваецца, што вядзе часам да перахопу рэк суседніх басейнаў. Разам з глыбіннай эрозіяй Р э. садзейнічае росту і пашырэнню яроў, фарміраванню падоўжнага профілю даліны (гл. Профіль раўнавагі ракі). На Беларусі Р э. найб. актыўна праяўляецца ў бас. рэк Нёман, Зах. Дзвіна, у раёнах пашырэння лёсападобных парод па краявых утварэннях Бел. і Мазырскай град, на Аршанска-Магілёўскай раўніне. Гл. таксама Эрозія.
т. 13, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДЫ́Ф (араб., літар. — той, хто сядзіць за коннікам),
слова або словазлучэнне, якое ў нязменным выглядзе паўтараецца ў вершаваных радках пасля канцавых рыфмаў. Характэрны для ўсх. верша (напр., газель). Сустракаецца і ў бел. паэзіі. У нар. песнях Р. — своеасаблівы кароткі прыпеў пасля кожнага радка. Р. выкарыстаў у сваёй «Песні» Ф.Багушэвіч:
Чаго бяжыш. мужычок?
— Паганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок?
— Бо урадніка вёз.
Чаго ты п’еш, мужычок?
— Бо і хлеба не еў.
За што ты б’еш, мужычок?
— Бо і сам тое меў...
В.П.Рагойша.
т. 13, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗНІКАЎ (Аляксандр Ігнатавіч) (1.8.1897, г. Рыльск Курскай вобл., Расія — 15.8.1971),
бел. вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб. Д-р мед. н., праф. (1952). Скончыў Варонежскі ун-т (1927). З 1958 у Віцебскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях гемараргічнай ліхаманкі, бактэрыяльнай дызентэрыі, хваробы Боткіна.
Тв.:
Геморрагическая лихорадка с почечным синдромом в Верхне-Волжском бассейне (у сааўт.) // Вопр. вирусологии. 1956. №4;
0 дифтерии в послевоенные годы по Витебску и области // XIX итоговая науч. сессия Витеб. гос. мед. ин-та. Витебск, 1961.
т. 13, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Вацлаў Іванавіч) (н. 1.10.1931, в. Вітаўцы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1976). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956). У 1963—77 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па праблемных пытаннях хірургіі сэрца і сасудаў.
Тв.:
Профилактика и лечение послеоперационных осложнений у больных митральным стенозом // Здравоохранение Белоруссии. 1965. № 4;
Определение активности ревмокардита у больных с митральным стенозом // Материалы VII науч. сессии Гродн. гос. мед. ин-та. Мн., 1968.
т. 14, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й-РАЗБО́ЙНІК,
персанаж былін і чарадзейных казак; пачварны змей, які сваім свістам губіў падарожных на шляху да Кіева. Перамог яго Ілья Мурамец. Паводле некат. былін, дарога, дзе жыў С.-р., праходзіла праз бранскія лясы і «гразі смаленскія». У стараж. Беларусі, калі меркаваць па пісьме 1574 аршанскага старосты Ф.Кміты-Чарнабыльскага, С.-р. наз. Будзімеравым сынам. Так ён названы і ў рукапіснай «Аповесці пра слаўнага асілка Ілью Мурамца» 18 ст. Нярэдка ў бел. казках пра Ілью Мурамца замест С.-р. выступае Змей (Цмок).
т. 14, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)