КАТУ́Л Гай Валерый (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),
рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў» «паэтаў-неатэрыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.Караткевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭРЦЫТЫ́МЕТР (ад лац. coërcitio утрыманне + ...метр),
прылада для вымярэння каэрцытыўнай сілы ферамагн. матэрыялаў. Выкарыстоўваецца пры магнітаструктурным аналізе вырабаў з ферамагн. матэрыялаў, магн. кантролі электра- і радыёапаратуры і інш.
Найб. пашыраны К., у якіх каэрцытыўная сіла вызначаецца па намагнічанасці ўзору. Даследуемы ўзор намагнічваецца да насычэння, напр. у намагнічвальнай шпулі прылады, потым праз шпулю прапускаюць пастаянны ток, магн. поле якога размагнічвае ўзор. Момант змяншэння намагнічанасці да нуля вызначаецца з дапамогай індыкатара (нулявой прылады). Пры вымярэннях па магн. індукцыі даследаваны ўзор робяць часткай замкнёнага магн. ланцуга пермеаметра, электрамагніта ціінш. Значэнне каэрцытыўнай сілы адпавядае напружанасці размагнічвальнага поля, пры якой магн. індукцыя ва ўзоры роўная нулю.
Блок-схемы каэрцытыметраў: а — з вымяральным генератарам (1 — намагнічвальная шпуля; 2 — узор; 3 — шпуля вымяральнага генератара; 4 — гальванометр, далучаны да калектара 5; 6 — вал электрарухавіка 7; 8 — сілавыя лініі магнітнага поля ўзору); б — феразондавага (1, 2 — адчувальныя элементы; 9 — нулявая прылада; 4 — узор; 5 — сілавыя лініі магнітнага поля ўзору, 6 — намагнічвальная шпуля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРЭ́НГІ (Quarenghi) Гварэнгі Джакома
(20 ці 21.9.1744, Вале-Іманья каля г. Бергама, Італія — 2.3.1817),
італьянскі архітэктар. Прадстаўнік рас. класіцызму. З 1761 вучыўся ў Рыме жывапісу; вывучаў ант. архітэктуру, работы А.Паладыо. У Расіі з 1780. Пабудовы К. вылучаюцца яснасцю планіровачных вырашэнняў, прастатой і дакладнасцю аб’ёмных кампазіцый, манум. пластычнасцю форм, якая дасягалася ўвядзеннем урачыстых каланад на фоне гладкіх паверхняў сцен: Англійскі палац у Пецяргофе (цяпер Петрадварэц, 1781—94), будынкі АН (1783—89), Асігнацыйнага банка (1783—90), Эрмітажнага т-ра (1783—87), Кацярынінскага ін-та і Коннагвардзейскага манежа (1804—07), Смольны ін-т (1806—08) у Пецярбургу, Аляксандраўскі палац (1792—96) у Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін) і інш. Рабіў малюнкі з выявамі стараж.-рус. дойлідства і сучасных яму пабудоў, жанравых сцэн. Выдаў гравіраваныя альбомы са сваіх праектаў Эрмітажнага т-ра і Асігнацыйнага банка (1787 і 1791) і 1-ы том збору сваіх праектаў (1810).
Літ.:
Архитектурные проекты и рисунки Д.Кваренги из музеев и хранилищ СССР. Л., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕСКО́П (ад грэч. kinēsis рух + ...скоп),
прыёмная электронна-прамянёвая прылада для ўзнаўлення тэлевізійных відарысаў. Выкарыстоўваецца для стварэння чорна-белых і каляровых відарысаў непасрэдна на экране або пры праектаванні відарыса на знешні экран.
Бываюць манахромныя і каляровыя. Манахромны К. мае вакуумна-шчыльную абалонку з гарлавінай і шкляным дном. У гарлавіну ўбудаваны электронны пражэктар, які фарміруе электронны пучок з інтэнсіўнасцю, што змяняецца ў адпаведнасці з відэасігналам. У месцах падзення такога пучка на люмінесцэнтны экран на ўнутранай паверхні дна абалонкі ўзнікае свячэнне, яркасць якога прапарцыянальная інтэнсіўнасці пучка. У каляровых К. люмінесцэнтны экран складаецца з мноства люмінафорных элементаў (у форме кружочкаў ці палосак), якія свецяцца чырвоным, зялёным або сінім колерам пад уздзеяннем аднаго з трох электронных пучкоў, сфарміраваных трыма электроннымі пражэктарамі.
А.П.Ткачэнка.
Маскавы каляровы кінескоп: 1 — мазаічны люмінафорны экран; 2 — ценявая маска для раздзялення колераў; 3 — электронныя пражэктары.Да арт.Кінескоп: а — мазаічная структура экрана; б — штрыхавая структура экрана: 1 — электронныя пучкі; 2 — ценявая маска; 3 — экран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ЛЬНАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
вылічальная машына, уключаная ў контур кіравання тэхн. аб’ектамі (працэсамі, машынамі, сістэмамі) у рэальным маштабе часу. Прымае і апрацоўвае інфармацыю, што паступае ў працэсе кіравання, і выдае кіравальную інфармацыю ў выглядзе тэксту, табліц, графікаў (на паперы ці на экране) або кіравальных уздзеянняў непасрэдна на выканаўчыя органы.
Бываюць універсальныя (агульнага прызначэння) і спецыялізаваныя. Асн. асаблівасць (у параўн. з інш.ЭВМ) — наяўнасць комплексу прылад сувязі з аб’ектам, які мае ўзмацняльнікі сігналаў, лічыльнікі, камутатары, пераўтваральнікі тыпу аналаг — код, код — аналаг і інш. Кіраванне з дапамогай К.в.м. грунтуецца на матэм. апісанні паводзін аб’екта (гл.Алгарытмізацыя працэсаў, Матэматычнае мадэляванне). К.в.м. выкарыстоўваюцца для аўтаматызацыі працэсаў кіравання аб’ектамі з неперарыўным і неперарыўна-дыскрэтным характарам вытв-сці на металургічных, хім., нафтаперапрацоўчых, цэментных і інш. прадпрыемствах, энергет. аб’ектах, у т. л. атамных электрастанцыях, для аўтаматызацыі паскораных выпрабаванняў узораў новай тэхнікі і навук.-тэхн. даследаванняў з дапамогай складаных эксперым. установак, кіравання аэракасм. аб’ектамі, транспартам, ваен. тэхнікай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РХГОФА ПРА́ВІЛЫ,
суадносіны паміж токамі і напружаннямі ў разгалінаваных эл. ланцугах пастаяннага ці квазістацыянарнага току. Устаноўлены Г.Р.Кірхгофам у 1847. Вынікаюць з зараду захавання закону і энергіі захавання закону для эл. ланцугоў. Дазваляюць разлічваць складаныя эл. ланцугі, напр., вызначыць сілу току і напружанне на любым участку ланцуга па зададзеных супраціўленнях участкаў і ўключаных у іх эрс.
1-е К.п.: алг. сума токаў, якія збягаюцца ў пункце разгалінавання праваднікоў (вузле), роўная нулю. Токі, якія ўваходзяць у вузел, лічацца дадатнымі, якія выходзяць — адмоўнымі.
2-е К.п.: у любым замкнутым контуры, вылучаным у складаным эл. ланцугу, алг. сума падзенняў напружанняў на асобных участках контуру роўная алг. суме эрс, уключаных у контур. Пры разліках напрамкі току 1 эрс лічацца дадатнымі, калі напрамак току супадае з напрамкам абходу контуру, а эрс павялічвае патэнцыял у напрамку абходу. Пры складанні ўраўненняў напрамкі току можна задаваць адвольна і, калі пры іх рашэнні для якога-н. току атрымана адмоўнае значэнне, гэта азначае, што яго напрамак процілеглы выбранаму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТС (Keats) Джон (31.10.1795, Лондан — 23.2.1821),
англійскі паэт. Прадстаўнік лонданскіх рамантыкаў малодшага пакалення (т. зв. «школы кокні»). Па адукацыі ўрач. Друкаваўся з 1816. Першы зб. — «Вершы» (1817). Унёс у англ. паэзію рамантызму новыя матывы (суадносіны ісціны і прыгажосці, мастацтва і рэчаіснасці), маст. прыёмы (асацыятыўнасць метафорыкі). Паэмы «Сон і паэзія» (1816), «Эндыміён» (1818) — пошук К. ідэальнай рэальнасці, гармоніі паэзіі і жыцця. Звяртаўся да сюжэтаў л-ры Адраджэння (паэмы «Ізабела, ці Гаршчок з базілікам», «Канун Святой Агнесы»; абедзве 1820). Алегарычная паэма «Гіперыён» (1820) пра барацьбу тытанаў і багоў-алімпійцаў. Пісаў санеты («Конік і цвыркун»), оды («Ода да грэчаскай вазы», «Ода да салаўя»), балады. Аўтар гіст. трагедыі «Атон Вялікі» (нап. 1819), драм. паэмы «Кароль Стэфан» (1819, не завершана). Паліт. матывы ў вершы «Да Касцюшкі». На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ ЗЯМЛІ́ (КаЗ),
сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе зямельныя адносіны на тэр. Беларусі. Прыняты Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 11.12.1990, уведзены ў дзеянне 1.1.1991 і дзейнічае з пазнейшымі дапаўненнямі і зменамі. Складаецца з прэамбулы, 16 раздз., 17 глаў, 141 артыкула. Рэгулюе зямельныя адносіны і накіраваны на стварэнне ўмоў для рацыянальнага выкарыстання і аховы зямель, аднаўленне ўрадлівасці зямлі, захаванне і паляпшэнне навакольнага асяроддзя, для раўнапраўнага развіцця ўсіх форм гаспадарання. У ім сфармуляваны агульныя палажэнні, што замацоўваюць права краіны на зямлю, вызначаны склад зямель, кампетэнцыя Саветаў дэпутатаў на прадастаўленне зямель ва ўладанне і карыстанне, рэгулююцца правы і абавязкі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначаны нормы па землеўладанні грамадзян і землекарыстанні, вызначаны прававы рэжым асобных катэгорый зямель. Кодэкс рэгулюе пытанні пакрыцця страт, нанесеных землеўладальнікам ці землекарыстальнікам, вырашэння зямельных спрэчак і адказнасці за парушэнне зямельнага заканадаўства і інш. У сувязі з тым, што многія палажэнні КаЗ устарэлі, падрыхтаваны новы праект кодэкса, які ў бліжэйшы час будзе разгледжаны парламентам краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРКУЛЬТУ́РА (ад контр... + культура),
сістэма норм і стандартаў паводзін, уласцівых пэўнай сац. групе, якая адрозніваецца ад пануючых цінайб. распаўсюджаных у грамадстве узораў і каштоўнасцей культуры, процілеглая і варожая ім. Праяўленнем К. могуць з’яўляцца субкультуры злачынных груп, мафіёзных арг-цый, падп. сектаў і інш., якія кіруюцца акрэсленымі нормамі і правіламі паводзін. Тэрмін «К.» ўвёў у 1960-я г.амер. сацыёлаг Т.Розак для вызначэння духоўных арыентацый альтэрнатыўных маладзёжных груповак (хіпі і інш.), што процістаялі пануючым у той час у зах. краінах культ. каштоўнасцям, ідэалам мяшчанскага матэрыяльнага дабрабыту, жыццёвага поспеху, сац.канфармізму. У сучаснай культурфіласофіі тэрмін «К.» ўжываецца для вызначэння глыбінных пераўтварэнняў у культуры, новых духоўных парадыгм. У гэтым сэнсе ранняе хрысціянства, напр., уяўляецца як контркультурны феномен у адносінах да фундаментальнага іудаізму і панавання Рымск. імперыі; падобны характар мелі ўзнікненне мадэрнізму і постмадэрнізму ў культуры 20 ст. У канцы 20 ст. ў філас.-сацыялагічным усведамленні замацоўваецца паняцце К. як працэсу станаўлення будучых культ. узораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я,
ручная гладкаствольная або наразная агнястрэльная зброя (ружжо, пісталет) з крамянёвым (калясцовым або ўдарна-крамянёвым) замком. Узнікла ў 16 ст. Прынцып яе дзеяння заключаўся ў тым, што запальванне зарада адбывалася пры дапамозе іскраў, што высякаліся крэменем пры трэнні стальнога кольца (калясцовы замок, ужываўся да канца 16 ст.) ці ў момант яго ўдару аб крэсіўную пласцінку (ударна-крамянёвы замок, што выцесніў калясцовы). К.з. была на ўзбраенні многіх армій свету, у т. л. ў ВКЛ. Найб. пашыраныя яе ўзоры ва Усх. Еўропе мелі калібр 17,5—21,5 мм, масу 4,0—5,6 кг, далёкасць стральбы ад 140 да 800 м, скарастрэльнасць 1 стрэл за 1—1,5 мін (гладкаствольныя) і 1 стрэл за 5 мін (наразныя, з тугім загонам кулі). У сярэдзіне 19 ст. ўсюды заменена ўдарнай зброяй — вінтоўкай з ударным замком (з выкарыстаннем капсуля).
Да арт.Крамянёвая зброя. Крамянёвыя ружжы: 1 — з кольцава-крамянёвым замком; 2 — з крамянёвым ударным замком; 3 — расійскае пяхотнае ўзору 1826.