БЕЛАКО́З (Адольф Сцяпанавіч) (каля 1826, маёнтак Лешна, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобласці — 1895, паводле інш. звестак 1865),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Служыў у Гродзенскай палаце цывільнага суда. На пач. 1860-х г. жыў у Беластоку. У час падрыхтоўкі паўстання надрукаваў у беластоцкай падп. друкарні некалькі рэв. выданняў, у т. л. «Гутарку старога дзеда». З пач. 1863 паўстанцкі начальнік Беластока. У крас. 1863 знаходзіўся пад следствам, пасля вызвалення — пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1863 зноў арыштаваны і высланы ў Пермскую губ. Праз год паводле прыгавору ваен. суда сасланы ў Сібір.

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,

газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.​Купалы, У.​Жылкі, Л.​Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,

штодзённая незалежная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1927 у Гродне на бел. мове бел. т-вам «Аб’яднанне». Выступала за дзярж. дапамогу бяздомным бел. сем’ям у Зах. Беларусі, адкрыццё школ на роднай мове, за прыём бел. інтэлігенцыі на дзярж. пасады, аблягчэнне становішча бел. вёскі, стварэнне культ. цэнтраў, эканам. кааператываў і інш. Паведамляла пра ўгодкі з дня абвяшчэння БНР і арганізацыю яе Рады, дзейнасць бел. с.-г. т-ва і інш. Інфармавала пра падзеі ў свеце і Польшчы, дзейнасць польск. сейма і сената, умовы эміграцыі ў Канаду, ЗША, Перу, вяла перапіску з чытачамі.

В.​І.​Дзяшко.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

штотыднёвы грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 2.10.1930 да 1932 у Гродне на бел. мове. Асвятляў бел. грамадскі рух на Гродзеншчыне, жыццё вёскі, заклікаў бел. інтэлігенцыю арганізоўваць культ.-асв. работу. Пісаў пра падзеі ў Польшчы і за мяжой, пра жыццё ў СССР і БССР, у т. л. пра сталінскія рэпрэсіі; друкаваў матэрыялы па пытаннях рэлігіі, права, сельскай гаспадаркі. Змясціў літ. творы Ф.​Аляхновіча, А.​Бартуля, Г.​Леўчыка, Я.​Коласа, Я.​Купалы, артыкулы да 10-годдзя з дня смерці А.​Гаруна, Ядвігіна Ш. і інш.

В.​І.​Дзяшко.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІ́НЧЫКАЎ (Моталь Абелевіч) (25.3.1896, г. Краслава, Латвія — 11.11.1935),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1912. З 1919 у Чырв. Арміі, нам. нач. палітаддзела 17-й дывізіі на Зах. фронце. З канца 1920 нам. наркома працы БССР. З ліст. 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Беластоцкага акр. к-та КПП. У 1922—28 зняволены ў турмах Польшчы. У 1928—35 чл. Бюро ЦК КПЗБ, кіраўнік Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Дэлегат I (1928) і II (1935) з’ездаў КПЗБ, VI (1932) з’езда КПП, VII кангрэса Камінтэрна.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН, Броўн (Brown) Джордж (у манастве Юзаф; 1.6.1801—31.12.1879), гісторык, бібліёграф, педагог. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Пецярбурга і Полацка, Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1817 уступіў у ордэн езуітаў. З 1820 выкладаў тэалогію ў езуіцкіх калегіумах Цярнопаля і Львова. У 1861—70 супрацоўнічаў з час. «Tygodnik katolicki» («Каталіцкі штотыднёвік»), у якім друкаваў артыкулы па гісторыі Беларусі. Вывучаў гісторыю ордэна езуітаў на Беларусі і ў Польшчы. Стварыў біябібліягр. слоўнік на лац. мове «Бібліятэка пісьменнікаў польскай часткі таварыства Ісуса» (1856). Напісаў на лац. мове гісторыю езуітаў на Беларусі (не апубл., рукапіс захоўваецца ў архіве езуітаў у Рыме).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЦЯ́НКА,

вёска ў Беларусі, у Гарадзечанскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 4 км на Пн ад Навагрудка, 166 км ад Гродна, 27 км ад чыг. ст. Наваельня. 133 ж., 69 двароў (1996).

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца 1.4.1428, калі вял. кн. ВКЛ Вітаўт асобнай граматай перадаў Брацянку ва ўтрыманне сваёй жонцы Ульяне. З 1449 «двор Брацянка» — уласнасць вял. кн. Казіміра Ягелончыка. У 15—18 ст. у Навагрудскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР. З 1969 у саўгасе «Дубкі». Б-ка. Помнік археалогіі — курганны могільнік Брацянка.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЫ», Саюз сельскай моладзі Польскай Рэспублікі,

сялянская рэфармісцкая дэмакр. арг-цыя моладзі Польшчы і Зах. Беларусі ў 1928—48. Засн. групай дзеячаў Цэнтр. саюза сельскай моладзі. У Гал. ўправу «Віцаў» ўваходзілі З.​Заленскі, Л.​Лютык, І.​Нецька і інш. У 1929 аб’ядноўваў 22 тыс., у 1938 каля 100 тыс. членаў. Меў моцны ўплыў у каап. руху. З 1931 заняў антыўрадавую пазіцыю. Мясц. арг-цыі «Віцаў» супрацоўнічалі з камсамольскімі арг-цыямі, удзельнічалі ў адзінафрантавых антыфаш. выступленнях 1936—37. У 1948 «Віцы» разам з інш. левымі арг-цыямі моладзі аб’яднаўся ў Саюз польскай моладзі.

У.​А.​Палуян.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТАВЫЯ КНІ́ГІ,

спецыяльныя кнігі ў судах ВКЛ і Польшчы ў 14—18 ст. У ВКЛ афіцыйна ўведзены Статутам ВКЛ 1529. Да сярэдзіны 16 ст. ўсе запісы рабіліся ў адной кнізе паводле часу паступлення спраў у суд. Паводле Статута ВКЛ 1566 зацверджаны земскі і гродскі суды з асобнымі актавымі кнігамі, якія падзяляліся на паточныя (запісваліся скаргі істцоў, пярэчанні адказчыкаў, данясенні судовых чыноўнікаў), запісавыя (запісваліся акты натарыяльнага характару і афіц. дакументы — прывілеі вял. князёў, пастановы соймаў і соймікаў) і дэкрэтавыя (запісваліся судовыя пастановы, працэсуальныя дзеянні суда і бакоў). Трыбуналы, каптуровыя і інш. суды ВКЛ вялі ўласныя актавыя кнігі.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́ЗКА (Іасафат Пятровіч) (1826, Лепельскі р-н Віцебскай вобл. — 30.3.1890),

выдавец, журналіст, удзельнік рэв.-вызв. руху 1860-х г. Скончыў Мінскую гімназію, Пецярбургскі ун-т са ступенню кандыдата права (1849). Працаваў у Мін-ве фінансаў. У Пецярбургу заснаваў друкарню, выдаваў газ. «Słowo» («Слова», 1859, на польск. мове, забаронена ўрадам), перавыдаў зб. стараж. законаў Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны Валюміна легум і інш. З студэнцкіх гадоў прымыкаў да гуртка З.​Серакоўскага, падтрымліваў сувязі з М.​Г.​Чарнышэўскім, з рэв. т-вам «Зямля і воля». У 1863 гал. прадстаўнік варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Пецярбургу. 14.11.1864 арыштаваны і прыгавораны да 20 гадоў катаргі.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)