ШЧУКО́ Уладзімір Аляксеевіч (17.7.1878, г. Тамбоў, Расія — 18.1.1939),
рускі архітэктар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ у Л.М.Бенуа (1896—1904). Яго работы адметныя пошукамі простых лаканічных форм, звязаных з новымі тыпамі грамадскіх будынкаў мадэрну: у С.-Пецярбургу — дамы на Кіраўскім (б. Каменнавостраўскім) праспекце (1908—11), прапілеі-ўезд у Смольны (1923—25, з У.Гельфрэйхам); драм.т-р імя М.Горкага ў г. Растоў-на-Доне (1930—35); рас. павільён на Міжнар. выстаўцы ў Рыме (1910—11, з Э.Шталбергам); у Маскве — новы будынак б-кі імя У.І.Леніна (цяпер Рас.дзярж.б-ка, 1928—41), Вял. Каменны мост (1936—38, з М.Мінкусам), гал. павільён Усерас.с.-г. выстаўкі (1939, у сааўт.); Дом урада Абхазіі ў г. Сухумі (1932—39). Аўтар эскізаў дэкарацый і касцюмаў для «Старадаўняга тэатра» (1910-я г.), т-ра драмы імя А.Пушкіна і Вял.драм.т-ра (1920—30-я г.) у С.-Пецярбургу, спектакля «Барыс Гадуноў» Пушкіна ў Малым т-ры ў Маскве (1937), малюнкаў і акварэлей.
Літ.:
Толстая И.А. В.Щуко // Зодчие Москвы. М., 1988. Кл. 2.
У.Шчуко. Расійская дзяржаўная бібліятэка. 1928—41.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАНТУ́РЫЯ Юрый Уладзіміравіч (н. 27.7.1949, Мінск),
бел.архітэктар, гісторык архітэктуры. Сын У.Чантурыя. Д-р архітэктуры (2004). Скончыў БПІ (1971). Працаваў у БПІ, ін-це «Мінск-праект», з 1978 у ін-це БелНДІПгорадабудаўніцтва (з 1988 заг. сектара, з 1991 заг. аддзела). Выкладае ў Бел.нац.тэхн. ун-це (дацэнт з 1988). Адзін з аўтараў генпланаў гарадоў Брэст, Орша, серыі малых гарадоў, дэталёвага плана цэнтра г. Пінск, гіст.-арх. і інж. абгрунтаванняў рэгенерацыі гіст. забудовы Гродна, Віцебска, гарадоў Полацк, Слонім, Орша, Камянец, Чачэрск, праекта рэканструкцыі Жыровіцкага Успенскага манастыра і інш. (усе 1980—2000-я г.). Даследуе гісторыю бел. горадабудаўніцтва, рэканструкцыі гіст. раёнаў населеных месцаў.
Тв.:
Памятники архитектуры в городах Белоруссии. Мн., 1977;
Проблемы и опыт реконструкции исторически сложившихся районов больших городов. М., 1987;
Архитектурно-планировочная и пространственная организация общественных центров. Мн., 1987 (у сааўт.);
Общественные центры городских населенных мест БССР: Опыт формирования, проблемы и направления развития. Мн., 1991 (у сааўт.);
Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. axōn вось + ...метрыя),
спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lzназ. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.
Да арт.Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.Да арт.Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.Лангбарп. 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛТО́ЎСКІ Іван Уладзіслававіч (27.11.1867, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.7.1957),
бел. і рускі архітэктар, тэарэтык і педагог. Засл. дз. нав. і маст. Расіі (1932), засл. дз. маст. Беларусі (1944). Акад. Акадэміі архітэктуры СССР (1939—56) і Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956). Ганаровы акад.АНБССР (1947). Вучыўся ў Пецярб.АМ (1887—98); з 1909 акадэмік архітэктуры. Ў 1953—59 узначальваў арх. майстэрню-школу Ін-та «Маспраект». У ранніх работах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і арх. матывы эпохі Адраджэння, пазней — формы класічнай архітэктуры. Адзін з аўтараў плана рэканструкцыі Масквы (1918—23). Праектаваў у Маскве шэраг павільёнаў Усерасійскай с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўкі (1923), жылыя дамы на Ленінскім праспекце (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), на Смаленскай пл. (1950), на праспекце Міру (1957), іпадром (1951—55), павільён СССР на Міжнар. выстаўцы ў Мілане (1925—26), тыпавыя праекты для індустрыяльна-зборнага буд-ва жылых дамоў і кінатэатраў. У 1941 пад яго кіраўніцтвам створаны праект гал. плошчы і драм.т-ра ў Гомелі. Аўтар прац па тэорыі і практыцы архітэктуры. Пераклаў на рус. мову трактат італьян.арх. А.Паладыо (выд. 1938).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́ЦКІ Лазар Маркавіч (22.11.1890, г. Пачынак Смаленскай вобл., Расія — 30.12.1941),
расійскі архітэктар, мастак-канструктар, графік. Праф. (1921). Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў г. Дармштат (Германія; 1909—14) і Рыжскім політэхн. ін-це (у Маскве; 1915—16). Выкладаў у Вышэйшых нар.маст. школе ў Віцебску (1919—20), маст.-тэхн. майстэрнях (1921) і маст.-тэхн. ін-це (з 1926) у Маскве. У 1921—25 жыў у Германіі і Швейцарыі. Чл. груп «Стыль» і «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (з 1921), Асацыяцыі новых архітэктараў. Вядомы пад псеўд. Эль Лісіцкі. Распрацоўваў праекты вышынных дамоў для Масквы (1923—25). У духу супрэматызму выканаў шэраг плакатаў («Клінам чырвоным бі белых», 1920), распрацоўваў праекты трансфармуемай мэблі (1928—29), новыя прынцыпы выставачнай экспазіцыі (сав. павільёны на замежных выстаўках 1925—34, Усесаюзная паліграф. выстаўка ў Маскве, 1927), вырашэння сцэн. прасторы для т-ра. У кніжным афармленні абгрунтоўваў метад візуальна-прасторавага канструявання кнігі, выкарыстоўваў сціплую арнаментыку, кантраст друкарскіх шрыфтоў, фотамантаж (зб-кі «Украінскія народныя казкі», 1919; «Маякоўскі. Для голасу», 1922). У Віцебску падрыхтаваў кн. «Пра два квадраты» (1922).
Літ.:
Э.Лисицкий: Художник, типограф, фотограф и архитектор. Л., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́ТРА ДА КАРТО́НА [Pietro da Cortona; сапр.Берэціні (Berrettini) П’етра; 1.11.1596, г. Картона, Італія — 16.5.1669],
італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі барока. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа. Вучыўся ў Картоне (1609—12) і Рыме (з 1612) у А.Камодзі. Працаваў пераважна ў Рыме, у 1637—47 у Фларэнцыі. У 1634—38 узначальваў акадэмію св. Лукі ў Рыме. У жывапісе шырока выкарыстоўваў ілюзіянізм перспектыўных пабудоў, святлопаветраную насычанасць каларыту. Сярод твораў фрэскі на віле Арыгоні ў Фраскаці (цяпер Муці; каля 1616), у царкве Сан-Бібіяна (1624—26), Палацца Матэі (да 1625), Палацца Барберыні (1636—39), Палацца Памфілі (1651—54, усе ў Рыме), у Палацца Піці ў Фларэнцыі (1637—47) і інш. Аўтар карцін «Трыумф Бахуса» (1624), «Св. Бернард» (1626), «Мадонна і чацвёра святых» (1628), «Выкраданне сабінянак» (1629) і інш. Пабудовы вызначаюцца тэатралізаваным дынамізмам, майстэрскім выкарыстаннем эфектаў натуральнага асвятлення: цэрквы Санты-Лука э Марціна (перабудова; 1635), Санта-Марыя ін Вія Лата (каля 1658), фасад царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1656—57) і 5-гранная плошча перад ёй у Рыме і інш.
П’етра да Картона. Фрэска «Залаты век» у Палацца Піці ў Фларэнцыі. 1637—47.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́ЗЕНЬ Рафал (27.6.1804, б. маёнтак Бортнікі, Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 20.5.1881),
бел. скульптар, жывапісец, медальер, архітэктар. Пачатковую адукацыю атрымаў у школе базыльян у мяст. Вольна (Навагрудскі пав.), пасля вучэння ў езуіцкай школе ў Полацку. У 1820 паступіў на юрыдычны ф-т Віленскага ун-та, адначасова наведваў Віленскую маст. школу, вучыўся ў Я.Рустэма і К.Ельскага. Пасля сканчэння ун-та ў 1826—29 працаваў у Мін-ве ўнутр. спраў у Пецярбургу. У 1830 вярнуўся ў свой маёнтак, дзе стварыў некалькі дзесяткаў жывапісных і скульптурных партрэтаў сваіх родных, знаёмых, суседзяў, якія вызначаюцца тонкасцю і глыбінёй індывідуальных характарыстык (партрэты Марылі, Францішкі і Міхаіла Верашчакаў). Выканаў 57 медальёнаў, у т. л. сваіх бацькоў Яна і Анелі Слізняў, прысвечаныя іх залатому вяселлю, а таксама Уладзіслава, Люцыяна, Браніслава Слізняў, барэльефы і медальёны Т.Зана, Я.Чачота, А.Э.Адынца, А.Міцкевіча, К. і Я. Тышкевічаў, А.Храптовіча, Г.Ржавускага і інш., у пластычнай трактоўцы якіх адчуваецца смелае выкарыстанне традыцый класіцызму і рамантызму. Паводле яго праектаў пабудавана некалькі палацаў і гасп. пабудоў.
А.К.Лявонава.
Р.Слізень. Медальён з выявай Т.Зана. 1-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЦКІ КЛЯШТА́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
архітэктурны комплекс 18 ст. Драўляны кляштар базыльян пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Глыбокае каля в.Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі старосты мсціслаўскага Я.Корсака. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы. У 1756—63 на месцы старых будынкаў узведзены новы мураваны кляштар з царквой — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Гал. 2-вежавы фасад царквы вылучаўся пластычнай формай, дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Аўтарам праекта царквы лічаць віленскага дойліда І.К.Глаўбіца, над дэкорам з 1753 працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766—76), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі кляштар перададзены правасл. мужчынскаму манастыру (1847—74), пазней — жаночаму. У 1919 царква перайшла да католікаў, у манастырскіх будынках размяшчаўся польскі корпус аховы сумежжа. У 1930-я г. комплекс рэстаўрыраваны (з удзелам Ф.Рушчыца, Я.Булгака, Ю.Клоса, Я.Ромера і інш.). У Вял.Айч. вайну на тэр. манастыра ням. фашысты стварылі Беразвецкі лагер смерці. У 1960-я г. царква разбурана.
В.В.Гліннік.
Беразвецкі кляштар базыльян. Галоўны фасад царквы. Здымак 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЎБІЦ (Glaubitz, Hlaubicz) Іаган (Ян) Крыштоф (1700 ?, Сілезія — 3.3.767 3.3.1767), бел. і літоўскі архітэктар. Прадстаўнік віленскага барока і ракако. У 1737—67 працаваў у Вільні, аднаўляў храмы, што згарэлі ў час пажару ў Вільні ў 1737, і будаваў новыя: касцёлы Ёнаса (1737), евангелістаў (1737—38), Казіміра (1741—57), Катрыны (1741 — 73), візітак, Рафала (абодва 1751), дамініканцаў на кальварыі; капліцу Барбары; браму кляштара базыльян (1761); ратушу; палац езуітаў і інш. Пабудаваў на Беларусі: Сталовіцкую царкву Іаана Хрысціцеля, царкву Магілёўскага Спаскага манастыра, Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Магілёўскі архірэйскі палац, касцёл базыльян і палац мітрапаліта Ф.Грабніцкага ў в. Струнь каля Полацка (1748—49), амбон, спавядальню і алтары Слонімскага касцёла бернардзінак (1751—65), касцёл дамініканцаў у в. Валынец Верхнядзвінскага р-на (1756; разбураны ў канцы 1940-х г.), інтэр’ер Лідскага Крыжаўзвіжанскага касцёла; перабудаваў Полацкі Сафійскі сабор. Мяркуюць, што Глаўбіц удзельнічаў у буд-ве Віцебскай ратушы, Дзятлаўскага касцёла Успення Багародзіцы, Быстрыцкага Крыжаўзвіжанскага касцёла, вежы Гродзенскага касцёла бернардзінцаў, палаца ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на (1750), плябаніі (1757) пры Гайцюнішскай капліцы і інш.
І.К.Глаўбіц. Касцёл і кляштар кармелітаў у г. Глыбокае. Здымак пач. 20 ст.Да арт. І.К.Глаўбіц. Касцёл і кляштар дамініканцаў у вёсцы Валынец Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1875—76.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.Хадкевіча. У 1623 Я.Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял.Айч. вайны.