СЕРДЗЮКО́Ў Васіль Васілевіч (н. 1.1.1939, г. Эліста, Калмыкія),

бел. артыст аперэты (тэнар). Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага ў Маскве (1970). З 1970 у Бел. муз. т-ры. Характарны акцёр, ролі ў яго выкананні набываюць яскравы каларыт, эмацыянальную напоўненасць. Сярод партый нац. рэпертуару: Пранцысь («Паўлінка» Ю.​Семянякі), Цярэшка Калабок, Юрась, Скамарох («Судны час», «Несцерка» Р.​Суруса). Інш. ролі: Рауль, Стэфан, Зупан, Пеніжэк, Чэка, Боні, Напалеон («Фіялка Манмартра», «Марыца», «Сільва», «Баядэра» І.​Кальмана), Зупан, Карнера («Цыганскі барон» І.​Штрауса), Іанель («Цыганскае каханне» Ф.​Легара), Гангстэр («Цалуй мяне, Кэт» К.​Портэра), Дыега, Рамон («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Андрэйка («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Буба, Арыф («Каўказская пляменніца» Р.​Гаджыева), Елпідыфор («Халопка» М.​Стрэльнікава).

т. 14, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІ́ПАЎ Пётр Паўлавіч (н. 18.1.1920, в. Патаронаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арг. Беларусі (1967). Скончыў акцёрскую студыю пры т-ры імя А.​Пушкіна ў Данбасе (1940). З 1946 працаваў у т-рах СССР. З 1961 у Гродзенскім, у 1968—75 у Гомельскім абл. драм. т-рах. Створаныя ім вобразы вызначаюцца пераканальнасцю, абаяльнасцю і тэмпераментам: у Гродзенскім т-ры — Яраш («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Ляскавец («Першы ўрок» К.​Губарэвіча), Чаркун («Варвары» М.​Горкага), Дзяржавін («Сябры і гады» Л.​Зорына); у Гомельскім т-ры — Каравай («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Скарапад («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Чабутыкін («Тры сястры» А.​Чэхава), акадэмік Карэеў («Залатая карэта» Л.​Лявонава) і інш.

Н.​І.​Альпяровіч.

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТА́ЎТЭ (Staudte) Вольфганг Георг (9.10.1906, г. Саарбрукен, Германія — 19.1.1984),

нямецкі кінарэжысёр. З 1926 акцёр т-ра «Фольксбюнэ» ў Берліне. Працаваў у трупах М.​Райнгарта і Э.​Піскатара. З 1931 здымаўся ў кіно, ставіў рэкламныя фільмы. Адзін са стваральнікаў кінастудыі «ДЭФА» (1946). З 1966 праф. кінашколы ў Зах. Берліне. Яго лепшыя фільмы антыфаш. накіраванасці: «Забойцы сярод нас» (1946, у сав. пракаце «Яны не схаваюцца»), «Ратацыя» (1949, у сав. пракаце «Карычневая павуціна»), «Вернападданы» (1951, паводле Г.​Мана), «Ружы для пана пракурора» (1959, за абодва прэміі Міжнар. кінафестываляў у Карлавых Варах), «Кірмаш» (1960), «Мужчынская кампанія» (1964) і інш. У іх спалучэнне жорсткай рэаліст. манеры і элементаў экспрэсіянісцкай стылізацыі, якая падкрэслівае неўладкаванасць чалавечых лёсаў, спустошанасць і разгубленасць людзей, якія перажылі вайну.

т. 17, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНПО́ЛЬСКІ Борух Залманавіч (10.4.1898, г. Глухаў, Украіна —5.12.1975),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1946). Скончыў студыю пры Дзярж. яўр. т-ры Беларусі (1931) і працаваў у гэтым т-ры. У 1936—58 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. У 1960—67 рэжысёр Белдзяржфілармоніі. Выканаўца камед. і характарных роляў. Майстар эпізоду. Створаныя ім вобразы вылучаліся выразнай формай, яркімі сцэн. дэталямі ў раскрыцці характару: Батура («Партызаны» К.​Крапівы), Нічыпар («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Маёр («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Ігнат Буйніцкі («Шчасце паэта» В.​Віткі), Аптэкар («Рамэо. і Джульета» У.​Шэкспіра), маркіз Рыкарда («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Лефлеш («Скупы» Мальера), Харытонаў («Рускія людзі» К.​Сіманава), Ракала («За тых, хто ў моры!» Б.​Лаўранёва) і інш.

А.​А.​Лабовіч.

т. 18, кн. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́РВЕТ (Jarvet) Юры Яўгенавіч (18.6.1919, Талін —5.7.1995),

эстонскі акцёр. Засл. арт. Эстоніі (1964). Нар. арт. СССР (1975). Вучыўся ў Эст. тэатр. ін-це (1945—49). На сцэне з 1941. З 1952 (з перапынкам) працаваў у Эст. драм. т-ры (Талін), у 1965—67 у Эстонскім маладзёжным т-ры. Майстар пераўвасаблення, тонка і дакладна акрэсленыя ім вобразы прасякнуты філас. глыбінёй, чалавечнасцю. Сярод роляў: Вайцінскі («Чалавек і бог» паводле А.​Тамсаарэ), Бальзамінаў («Жаніцьба Бальзамінава» А.​Астроўскага), Папрышчын (монаспектакль «Запіскі вар’ята» паводле М.​Гогаля), Клаўдзій («Гамлет» У.​Шэкспіра) і інш. З 1955 здымаўся ў кіно: «Новы Нячысты з Пекла», «Мёртвы сезон», «Кароль Лір», «Салярыс», «Берагі» (тэлефільм), «Шукальнік прыгод», «Час вашага жыцця» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 18, кн. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НДА (Brando) Марлан (н. 3.4.1924, г. Омаха, ЗША),

амерыканскі акцёр. Вучыўся ў школе драм. мастацтва (Нью-Йорк, 1943). З 1944 іграў на Брадвеі. Вядомасць атрымаў пасля выканання ролі Стэнлі Кавальскага ў спектаклі «Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса. З 1950 здымаецца ў кіно. Мае ўласны стыль акцёрскай ігры — разнавіднасць сістэмы Станіслаўскага, прыстасаваная да кінакамеры. Выканаўца гал. роляў у драмах, камедыях, вестэрнах, дзе стварыў вобраз бунтоўнага героя, які не ў стане падтрымліваць сувязі з грамадствам: «Віва, Зана!», «Апошняе танга ў Парыжы», «Мужчыны», экранізацыя «Трамвая «Жаданне», «Апакаліпсіс», «У порце» (прэмія «Оскар», 1955), «Хросны бацька» (прэмія «Оскар», 1973, не прыняў) і інш. Супрацоўнічае з рэжысёрамі Ф.​Копалай, Б.​Берталучы, А.​Пенам, Дж.​Х’юстанам, Э.​Дзмітрыкам. Як рэжысёр зняў вестэрн «Два аблічча помсты» (1960) і выканаў у ім гал. ролю.

М.Бранда.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫ Эдуард Мікалаевіч (н. 19.10.1936, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (да 1961), Магілёўскім абл. драм. т-ры (1963—64). З 1965 у Рускім акад. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівыя дакладная распрацоўка малюнка ролі, стрыманасць і адначасова эмацыянальнасць, знешняя характарнасць, дасканалае валоданне сцэн. тэхнікай. Сярод лепшых роляў: Лявон («Знак бяды» паводле В.​Быкава), Ігнат Крывіч («Соль» А.​Петрашкевіча), Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Конь, Васіль Дасцігаеў, Кастылёў («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.​Горкага), Іван Афанасьеў («Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.​Меражкоўскага), Хрыстафор Блахін («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава), Рос, Гарацыо («Макбет», «Гамлет» У.​Шэкспіра), Энгстран («Здані» Г.​Ібсена).

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЛО́БУС»

(Globe),

тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.​Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.

Будынак тэатра «Глобус».

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУР’Я́Н Барыс Іванавіч (н. 7.1.1924, Масква),

бел. тэатральны крытык і празаік. З 1940 акцёр у т-рах Расіі. З 1946 працаваў у БелТА, час. «Неман», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1946. Аўтар нарысаў пра акцёраў А.​Кістава і А.​Клімаву, тэатр. калектывы, артыкулаў і эсэ, перакладаў з рус. мовы, п’ес для т-ра, радыё і тэлебачання, сцэнарыяў дакумент. кінанарысаў пра Г.​Глебава, П.​Малчанава, Р.​Янкоўскага, Бел. акадэмічны т-р імя Я.​Коласа. Выступае з тэатр. рэцэнзіямі і праблемнымі артыкуламі пра т-р у перыяд. друку.

Тв.:

У синей бухты;

Вальс Грибоедова;

Твоя повесть: [Повести]. Мн., 1966;

На театральных перекрестках. Мн., 1967 (разам з І.​Ліснеўскім);

З сёмага рада партэра. Мн., 1978;

Судьба чужая — как своя. Мн., 1982;

Грозовые отголоски: Повести. Мн., 1984;

І толькі надпіс...: Арт. і эсэ. Мн., 1987.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШ (Busch) Эрнст (22.1.1900, г. Кіль, Германія — 18.6.1980),

нямецкі спявак (барытон) і драм. акцёр. Чл. Нямецкай АМ. З 1921 працаваў у розных т-рах Германіі, выконваў сатырычныя паліт. і рэв. песні ў «чырвоных кабарэ» і рабочых клубах. Стварыў уласны выканальніцкі стыль, адзначаны рэв. пафасам, аратарскай выразнасцю. У садружнасці з паэтамі Б.​Брэхтам і Э.​Вайнертам, кампазітарамі Г.​Эйслерам і К.​Вейлем стварыў шэраг папулярных песень. Антыфашыст, у 1933 эмігрыраваў з Германіі. З 1945 адзін з вядучых акцёраў «Нямецкага тэатра», у 1950—60 — т-ра «Берлінер ансамбль». Уклад у муз. мастацтва — анталогія грампласцінак Буша «Песенная хроніка XX ст.». Нац. прэмія ГДР 1949, 1956, 1970, 1979.

Літ.:

Шнеерсон Г.М. Эрнст Буш и его время. М., 1971;

Hoffmann L., Siebig K.E. Busch: Eine Biogr. in Texten, Bildern und Dokumente. Berlin, 1987.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)