АРЗАМА́САЎ (Іван Цімафеевіч) (8.8.1922, с.В. Кулікі Ракшынскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 23.12.1990),
бел. вучоны ў галіне паразіталогіі. Д-рбіял.н. (1972). Скончыў Казанскі ун-т (1952). У 1952—54 навук. супрацоўнік заказніка «Белавежская Пушча», з 1958 у Ін-це заалогіі АН Беларусі (у 1981—85 нам. дырэктара). Навук. працы па комплексным даследаванні паразіталагічнай сітуацыі ў прыродных ландшафтах, біялогіі і экалогіі эктапаразітаў — пераносчыкаў трансмісіўных інфекцый, небяспечных для чалавека і с.-г. жывёл.
Тв.:
Иксодовые клещи. Мн., 1961;
Гамазовые клещи фауны Белоруссии. Мн., 1968;
Структура паразитоценозов грызунов геоботанических подзон Белоруссии. Мн., 1983 (разам з І.В.Меркушавай, І.В.Чыкілеўскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕЎ (Браніслаў Віктаравіч) (н. 1.2.1936, г. Варонеж, Расія),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Саранскае муз. вучылішча (1963). З 1963 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Сырадоеў («Трыбунал» А.Макаёнка), Анатоль Іванавіч («І змоўклі птушкі...» І.Шамякіна), Пятро Бусел («Спявае «Жаваранак» Ю.Семянякі, Рэдактар («Лесвіца ў неба» паводле М.Слуцкіса), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Сямён Каўроў («Ярасць» Я.Яноўскага), Эгей («Медэя» Л.Разумоўскай), Залешын («Свеціць, ды не грэе» А.Астроўскага), Пішта («Прачніся і спявай» М.Дзьярфаша), Кэбат («Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖКО́ (Алесь) (Аляксандр Цімафеевіч; нарадзіўся 22.10.1918, в. Даўгінава Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Вучыўся ў муз. ін-це імя С.Манюшкі ў Навагрудку (1936—38), Варшаўскай кансерваторыі (1938—39). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1955). Друкуецца з 1945. Аўтар аповесцяў «Перад вераснем» (1957) і «Позняе ворыва» (1963) пра жыццё працоўных Зах. Беларусі, паэм «Карвіга пакідае хутар» (1960), «Татры» (1963), «Блакітныя вербы» (1972), зб. вершаў «Суладдзе» (1975), кн. памфлетаў «Татальнае банкруцтва» (1973), вершаванай аповесці «Лясныя крушні» (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАК ((Buck) Перл) (26.6.1892, г. Хілсбара, штат Зах. Віргінія, ЗША — 6.3.1973),
амерыканская пісьменніца. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1951). Аўтар раманаў пра Кітай: «Усходні вецер, заходні вецер» (1930), «Зямля» (1931, Пулітцэраўская прэмія; бел.пер. 1937), «Сыны» (1932), «Маці» (1934), «Дом, які распадаецца» (1935). Пад псеўд. І.Седж публікавала сац.-бытавыя і «сямейныя» раманы з амер. жыцця: «Партрэт аднаго шлюбу» (1945), «Родзічы» (1949) і інш. Выступала за раўнапраўе неграў, супраць каланіялізму, папярэджвала пра небяспеку атамнай вайны (раман «Загадай раніцы», 1959). Аўтар зб-каў апавяданняў («Далёка і блізка», 1948, і інш.), кн. для дзяцей, мемуараў («Некалькі маіх светаў», 1954). Нобелеўская прэмія 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАЛА́ЎР (лац. baccalaureus літар. васальны землеўладальнік),
першая вучоная ступень у большасці краін. Прысвойваецца пасля заканчэння 4-гадовага навучання першага ўзроўню, паспяховай здачы дзярж. экзаменаў і абароны выпускной работы (бакалаўр навук, бакалаўр эканомікі). У сярэдневяковых ун-тах Зах. Еўропы надавалася студэнтам пасля завяршэння першага этапу адукацыі. У Расіі некаторы час бакалаўрамі называлі выкладчыкаў духоўных акадэмій; у канцы 18 ст. гэтае званне атрымлівалі выпускнікі Настаўніцкага ін-та пры Маскоўскім ун-це. У Францыі (з 1808) надаецца пасля заканчэння поўнай сярэдняй школы і дае права паступлення ва ун-т. Дыплом бакалаўра звычайна эквівалентны дыплому, які атрымліваюць выпускнікі бел.ВНУ з 4-гадовым тэрмінам навучання пасля здачы дзярж. экзаменаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДУ́ЦКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,
у Беларусі, на мяжы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., Мядзельскага р-на Мінскай вобласці і Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на ЗБел. Паазер’я, у бас.р. Страча, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Уключае невял. азёры Балдук, Глубелька, Ячмянец, Мёртвае, Імшарац, Глубля. Агульная пл. 1,5 км².
Утварылася ў час паазерскага зледзянення, размешчана сярод комплексу водна-ледавіковых формаў рэльефу (адносныя выш. 25—30 м), парослага хваёвым і хваёва-яловым лесам. Азёры адметныя чыстай вадой і адсутнасцю антрапагенных экалагічных парушэнняў, у іх растуць рэдкія ахоўныя водныя расліны (хваснік звычайны і меч-трава звычайная). Па азёрах праходзіць турысцкі маршрут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЛЬШАВІ́К»,
тэарэтычны і паліт. орган ЦККПЗБ. Выдаваўся нелегальна са снеж. 1924 да 1936 у Вільні, пазней у Мінску на бел. (асобныя матэрыялы на рус.) мове. Нумары 1—40 выйшлі як газета, з нумара 41-га — часопіс (выйшла 50 нумароў). Змяшчаў артыкулы па тэорыі і практыцы камуніст. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі, рабоце секцый Камінтэрна ў краінах Зах. Еўропы, пастановы пленумаў ЦККПЗБ, матэрыялы канферэнцый і з’ездаў КПЗБ, хроніку парт. работы. Пісаў пра паліт і эканам. становішча ў СССР і БССР. Адыгрываў актыўную ролю ў кіраўніцтве рэв. і нац.-вызв. рухам працоўных Зах. Беларусі. Друкаваў і сектанцкія матэрыялы, асабліва ў 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Барычэўскі-Тарнава) Іван Пятровіч
(1810, Мінская губ. — 24.7.1887),
бел. гісторык, археограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1833). З 1835 служыў у дзярж. установах. У час. «Санкт-Петербургские ведомости», «Журнал Министерства народного просвещения» і інш. апублікаваў артыкулы «Даследаванне пра паходжанне, назву і мову літоўскага народа», «Урывак з літоўска-рускай гісторыі», «Пра рускі летапіс у Літве, названы «Хроніка Быхаўца». Запісы фальклору паўд. і зах. славян надрукаваны ў яго кнігах «Аповесці і паданні народаў славянскага племя» (ч. 1—2, 1840—41) і «Народныя славянскія апавяданні» (1844). У 1851 асобнай кнігай выйшла яго праца «Праваслаўе і руская народнасць у Літве». Удзельнічаў у зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы выданняў Археагр. камісіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б,
другая літара беларускага і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («букі»), утворанай графічным відазмяненнем візантыйскай літары B. Рознае напісанне лац. B і слав. Б абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на асн. грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да нашай эры, калі β перадавала гук «б», у перыяд станаўлення слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Не мела лікавага значэння. У сучаснай бел. мове абазначае выбухныя звонкія губна-губныя фанемы («б») і («б’»), што рэалізуюцца па-рознаму ў залежнасці ад якасці суседніх гукаў ці пазіцыі ў слове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЗЯ́КА (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 17.8.1914, в. Пячары Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Чл.-кар.АН Беларусі (1974), д-ртэхн.н., праф. (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі (1941). З 1950 у БПІ, з 1953 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі. Навук. працы па тэрмадынаміцы структурных і фазавых ператварэнняў у металах і сплавах ва ўмовах звышвысокіх скарасцей награвання. Распрацаваў тэарэт. асновы тэрмадынамікі рэкрышталізацыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Термокинетика рекристаллизации. Мн., 1968 (разам з С.А.Астапчыкам, Г.Б.Ярашэвічам);
Мартенситностареющие стали. Мн., 1976 (з імі ж);
Электротермообработка сплавов с особыми свойствами. Мн., 1977 (разам з С.А.Астапчыкам).