АНЦІМО́НАЎ (Леанід Сяргеевіч) (н. 16.12.1934, в. Куляшы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік, педагог. Скончыў Рыжскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1955), мастацка-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1963); з 1964 выкладчык гэтага ін-та. Працуе ў розных графічных тэхніках, перавагу аддае манатыпіі, экслібрысу, гравюры. Кампазіцыі вылучаюцца складанай філас. трактоўкай вобраза, паэт. узнёсласцю, лірызмам, падкрэслена эксперым. характарам выяўленчай формы. Сярод работ: «Акно» (1974), «Кветка папараці» і «Мефістофель» (1978), «Дрэва жыцця» (1980), трыпціх «Зямля, Месяц, Сонца» (1986), «Ахвярапрынашэнне» (1991); цыклы работ «Успаміны пра вайну» (1976), «На купальскую ноч» (1978), «Твары і маскі» (1979), «Джаз» (1981), «Катастрофа» і «Людзі і птушкі» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́ЙКА (Фёдар Аляксандравіч) (21.2.1908, Мінск — 29.4.1970),
бел. вучоны ў галіне механікі тарфяных машын. Чл.-кар.АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—1961), д-ртэхн.н. (1949), праф. (1950). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1932). Працаваў у Маскве, у 1938—41 і з 1949 у Ін-це торфу АН Беларусі, з 1949 адначасова ў БПІ. Навук. працы па прыкладной механіцы, разліку тарфяных машын і с.-г. тэхнікі, па тэорыі пластычнасці, кантактавай трываласці. Стварыў матэм. тэорыю трэння, спрошчаную тэорыю дакладнасці механізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУ́КА,
бел.нар. гульня. Гуляюць 2 каманды. Кожная выбірае вядучага. На пляцоўцы паміж камандамі праводзяць 2 лініі на адлегласці 30—40 м. Удзельнікі каманды «горада» па чарзе бітай кідаюць апуку (мяч памерам з тэнісны) у бок праціўніка (у «поле»). Калі гульцы «палявой» каманды зловяць мяч з лёту, каманды мяняюцца месцамі. Калі мяч не злоўлены, «палявыя» гульцы падхопліваюць яго і ад сваёй лініі кідаюць у гульца «гарадской» каманды, які ў гэты час павінен дабегчы да чужой лініі і вярнуцца да сваіх; калі мяч пападзе ў гульца, каманды таксама мяняюцца месцамі. Лакальныя назвы перагон, салавей, ілкі, лавец і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШЫ́ЛАЎ (Міхаіл Сяргеевіч) (3.1.1821, Жлобінскі р-н Гомельскай вобласці — 29.11.1870),
мастак. Скончыў Харкаўскі ун-т (1844). У 1859 адкрыў вячэрнія рысавальныя класы пры Кіеўскім ун-це. У 1866—70 інспектар Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Пісаў партрэты, палотны на бел. і ўкр. тэмы, ілюстраваў класічныя творы рус. (ілюстрацыі да камедыі А.Грыбаедава «Гора ад розуму», 1862) і ўкр. літаратур. Найб. вядомыя партрэты: бацькі (1838), С.Бяленкі, укр. пісьменнікаў І.Катлярэўскага і Р.Квіткі-Аснаўяненкі (1840-я г.), жанравыя карціны: «Прыйшло пісьмо ад сына» (1854), «Наймічка» (1857), «Селянін у бядзе» (1866).
М.Башылаў. Ілюстрацыя да камедыі А.Грыбаедава «Гора ад розуму». 1862.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́БУТАЎ (Валерый Міхайлавіч) (18.12.1885, г. Валгаград — 1.11.1961),
рускі рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1934), засл. дз. маст. Татарстана (1945). Творчую дзейнасць пачаў у МХТ (1912). Удзельнічаў (з У.Меерхольдам) у стварэнні Т-ра РСФСР 1-га (1920). З 1924 узначальваў Т-рмуз. буфанады (пазней Т-рмуз. камедыі). Яго мастацтва было адметнае высокай рэжысёрскай культурай, пошукамі новых выразных сродкаў. Пастаноўкі ў розных тэатрах: «Смерць Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна 91924), «Карневільскія званы» Р.Планкета (1925), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1935), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1940), «Гамлет» У.Шэкспіра (1946 і 1955 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, адзін з лепшых шэкспіраўскіх спектакляў на Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САЎ (Павел Кірылавіч) (28.8.1915, г. Такмак, Украіна — 21.11.1980),
бел. скульптар. Скончыў Варашылаўградскае маст. Вучылішча (1939). З 1960 жыў у Мінску. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Творы адметныя дынамікай, пластычнасцю формы, лаканічнасцю выяўл. сродкаў. Аўтар помніка воінам Сав. Арміі і партызанам у калгасе «Камуніст» (Старадарожскі р-н Мінскай вобл., 1962); кампазіцый «Варатар» (1957), «Апошні бастыён» і «Мінчанка» (1958), «Хірург» (1962), «Салдаты, 1941 год» (1969), «Сяргей Ясенін» (1973), «Юрый Смірноў» і «А маці ўсё чакаюць» (1975); партрэтаў У.Маякоўскага (1957), А.Р.Саенкі (1975) і інш. А.Р.Саенкі (1975). Адзін з аўтараў Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (Дзярж. прэмія Беларусі 1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАДЗЕ́Д (Іван Канстанцінавіч) (29.8.1906, с. Успенка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.9.1981),
украінскі мовазнавец. Акад.АН УССР (1957) і АНСССР (1972). Засл. дз. нав. Украіны (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1932). З 1961 дырэктар Ін-та мовазнаўства імя А.А.Патабні АН УССР, адначасова ў 1962—78 віцэ-прэзідэнт АН УССР. Даследаваў праблемы ўсх.-слав. моў, у т. л.бел. моўны матэрыял («Кантакты ўкраінскай мовы з іншымі славянскімі і уніфікацыя яе вуснай літаратурнай формы», 1968; «Лінгвастылістычная характарыстыка перакладу твораў К.Крапівы на ўкраінскую мову», 1972), агульнае мовазнаўства і сацыялінгвістыку. Дзярж. прэміі УССР 1971 і СССР 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
неафіцыйны легальны орган КПЗБ. Выходзіла з 8.6.1933 да 30.1.1934 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала аб уціску працоўных Зах. Беларусі, крытыкавала сац. і нац. палітыку польск. улад, вяла палеміку з БХД і інш. партыямі клерыкальна-нац. кірунку, прапагандавала ідэю аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. З пазіцый сац. рэалізму і марксісцкай тэорыі народнасці і партыйнасці мастацтва асвятляла літ. працэс у Зах. Беларусі. Змяшчала літ. старонкі. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 17 нумароў. Забаронена ўладамі. Найб. актыўныя супрацоўнікі «Беларускай газеты» В.Таўлай, Я.Міско, А.Дубровіч і інш. арыштаваны і пасля 2-гадовага следства зняволены на працяглы тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА ДАВЕ́РУ,
дарадчы орган з прадстаўнікоў бел. грамадскасці пры ген. камісары Беларусі на акупіраванай тэрыторыі ў Вял.Айч. вайну. Створана 27.6.1943 у Мінску па ініцыятыве ген. камісара Беларусі В.Кубэ з асоб, якія супрацоўнічалі з ням. фашыстамі. У склад яе ўвайшлі В.Іваноўскі (старшыня), Ю.Сабалеўскі (нам. старшыні), К.Гуло, С.Цытовіч, У.Козел, В.Трахімовіч, Ц.Горгенгаймер, І.Душэўскі, Булат, І.Галяк, Н.Абрамава, М.Ганько, К.Рабушка, А.Калубовіч. Мела на мэце збор і апрацоўку прапаноў і пажаданняў акупац. уладам, удзел з дарадчым голасам у пасяджэннях ген. камісарыята Беларусі. У снеж. 1943 ператворана ў Беларускую цэнтральную раду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Працаваў у Маскве з 11 ліп. да 12 жн. 1918. Арганізаваны культ.-асв. аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята. Загадчык ун-та П.А.Урбановіч. Заняткі наведвалі 57 чал., пераважна школьныя настаўнікі Беларусі. Яны праслухалі лекцыі па бел. гісторыі, л-ры, мове, эканоміцы, геаграфіі і інш. Сярод лектараў Дз.М.Анучын («Да пытання аб тэрыторыі Беларусі»), У.І.Пічэта («Гісторыя беларускага народа»), А.М.Ясінскі («Гісторыя адукацыі на Беларусі»), П.А.Растаргуеў («Беларуская мова»), З.Х.Жылуновіч («Агляд беларускай літаратуры») і інш. Слухачы адначасова наведвалі лекцыі на Усерас. настаўніцкіх курсах, арганізаваных Наркамасветы РСФСР. Частка прачытаных лекцый выдадзена пад назвай «Курс беларусазнаўства» (1918—20).