АРТЭ́ГА-І-ГАСЕ́Т (Ortega y Gasset) Хасе (9.5.1883, Мадрыд — 8.10.1955),
іспанскі філосаф, культуролаг; прадстаўнік філасофіі жыцця і філасофскай антрапалогіі. Скончыў Мадрыдскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1904), вучыўся ва ун-тах Лейпцыга, Берліна і Марбурга. У 1910—36 узначальваў кафедру метафізікі Мадрыдскага ун-та. У 1931—33 дэпутат рэсп. картэсаў, адзін з арганізатараў «Саюза абароны рэспублікі». З 1936 у эміграцыі. Ў 1948 заснаваў у Мадрыдзе Ін-тгуманіт.навук. Паводле А.-і-Г., працэс жыцця — гэта своеасаблівая энергія космасу, сканцэнтраваная ў пэўных рэчах і ў чалавеку ў выглядзе аўтаномнага «ідэальнага праекта»; кожны чалавек займае пэўнае месца ў гіст. «перспектыве», якая залежыць ад вынікаў творчай актыўнасці людзей і ў той жа час сама вызначае розныя тыпы іх светапоглядаў, ідэалаў і перакананняў («Ідэі і вераванні», 1934; «Гісторыя як сістэма», 1941). Упершыню ў зах. філасофіі абгрунтаваў асн. прынцыпы масавага грамадства канцэпцыі. У такім грамадстве, на яго думку, гаспадаром жыцця становіцца «чалавек натоўпу», у культуры, мастацтве, палітыцы пачынае дамінаваць усярэднены стандарт і прымітывізм мыслення, парушаюцца асновы законнасці, адкрываецца прамы шлях да аўтарытарызму і ўзнікнення дэструктыўных масавых рухаў (нацыянал-сацыялізм, фашызм і да т.п.). Выхад з «тупіка» масавага грамадства бачыў у захаванні такіх найважнейшых каштоўнасцей цывілізацыі, як лібералізм, паліт. дэмакратыя, парламентарызм, свабода асобы і інш., у перадачы ўлады «абранай меншасці» — духоўнай эліце, якая творыць і захоўвае культуру («Паўстанне мас», 1929—30). У эст. творах («Дэгуманізацыя мастацтва», 1925; «У пошуках Гётэ», 1932) сцвярджаў, што «новае мастацтва» пач. 20 ст. вызначаецца няўхільным выцясненнем чалавечых элементаў і захаваннем толькі чыста мастацкай матэрыі, яно звяртаецца да выяўлення свету ідэй, суб’ектыўных схем, стварэння ідэальных вобразаў і даступнае толькі выбраным маст. натурам. Пры гэтым А.-і-Г. заклікаў абараняць яе ад масы, ад рэв. пачатку, што нясе з сабой канфлікт паміж «розумам мас» і «духам эліты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАМАТАЛОГІЯ
Даследаванні па стаматалогіі на Беларусі пачаліся на адпаведнай кафедры мед. факультэта БДУ (1926), у навукова-практычным ін-це аданталогіі Наркамата аховы здароўя БССР (1928) пад кіраўніцтвам І.М.Старобінскага і стаматалагічным ін-це (1940). Больш інтэнсіўна стаматалогія пачала развівацца ў пасляваенны час з адкрыццём адпаведных кафедраў у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (К.І.Бердыган) і Мінскім мед. ін-це (Ю.А.Мятліцкі). Бердыган і Т.В.Фокіна распрацоўвалі метады лячэння траўмаў сківіц, Старобінскі — хірургічнай стаматалогіі, Мятліцкі — аднаўленчай хірургіі сківічна-тваравай вобласці. У 1960-я г. распрацаваны метады процірэцыдыўнай тэрапіі герпетычнага стаматыту, спосабаў лячэння парадантыту і актынамікозу слізістай абалонкі рота (Т.Ф.Акалот, Г.П.Саснін); шэраг спосабаў пластычных аперацый у дарослых (Г.У.Кручынскі) і дзяцей (Э.М.Мельнічэнка, Фокіна). У апошнія дзесяцігоддзі прапанавана навукова абгрунтаваная праграма прафілактыкі карыесу з выкарыстаннем фтарыраванай солі, наладжана яе вытворчасць. Распрацавана канцэпцыя ўзаемасувязі стану поласці рота ў дзяцей з інфекцыйнымі і інш. захворваннямі (Мельнічэнка); прапанаваны метады зубапратэзавання на аснове выкарыстання новых пластычных матэрыялаў (Л.С.Вялічка). У Мінскім мед. ун-це і Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі працуюць спецыялісты розных кірункаў стаматалогіі: А.С.Арцюшкевіч (біямеханіка траўмаў сківіц), Вялічка (артапедычнае лячэнне хвароб перыядонту), Л.М.Дзедава (фізіятэрапія ў перыяданталогіі), П.А.Леус (прафілактыка карыесу), І.К.Луцкая (фізіялогія зуба), С.А.Навумовіч (лячэнне зубасківічных анамалій), Т.М.Церахава (прафілактыка і лячэнне зубасківічных дэфармацый), А.П.Чудакоў (аднаўленчая хірургія сківічна-тваравай вобласці). Шырокую вядомасць атрымалі даследаванні Чудакова па першаснай аўтаастэапластыцы прыроджаных шчылін паднябення ў дзяцей і метады пластычнага аднаўлення вялікіх дэфектаў твару і шыі.
Літ.:
Бердыган К.И. Клиника и лечение повреждений челюстно-лицевой области. Мн., 1961;
Метлицкий Ю.К. Стоматология в Белорусской ССР // Здравоохранение Белоруссии. 1967. №11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙОРК (New York),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. 7381 тыс.ж., з прыгарадамі ў штаце Нью-Йорк больш за 8,5 млн.ж. (1998, 4-ы па колькасці, насельніцтва ў свеце). Нас.Вял. Н.-Й. 19938 тыс.ж. (1996), уключае злітыя ў адну урбанізаваную зону (агульная пл. каля 10 тыс.км²) гарады ў суседніх раёнах штатаў Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Канектыкут. Уласна Н.-Й. складаецца з 5 акруг (адм. раёнаў): Манхатан (гіст. ядро і дзелавы цэнтр горада з гал. вуліцай Брадвей), Бруклін, Куінс, Бронкс, Рычманд. Найважнейшы трансп. вузел ЗША. Порт на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Гудзон, па якой ідзе каналізаваны водны шлях да Вялікіх азёр. Цэнтр аптовага гандлю бавоўнай, рудамі, металамі, каўчуком, збожжам, цукрам, кавай, прамысл. вырабамі. 3 гал. аэрапорты, у т. л.міжнар. Дж.Кенэдзі. Вузел некалькіх дзесяткаў чыгунак і аўтадарог. Буйнейшы эканам., паліт., навук. і культ. цэнтр ЗША. Адзін з гал.гандл.-фін. цэнтраў свету; праўленні большасці вядучых банкаў, кампаній, страхавых т-ваў краіны. Нью-Йоркская фондавая біржа на вуліцы Уол-Стрыт — найбуйнейшая ў свеце па памерах аперацый з каштоўнымі паперамі. Н.-Й. — гал. арганізацыйна-кіраўніцкі цэнтр амер. прам-сці, на яго прыпадае каля 10% прадукцыі апрацоўчай прам-сці ЗША. Асн. галіны прам-сці: паліграф., тэкст., швейная, харч., аўтамаб., авіяц., авіяракетная, оптыка-мех., вытв-сць парфумерна-касметычных сродкаў, ювелірных вырабаў, радыё- і тэлевізійнай апаратуры, мед. інструментаў, цацак. У прыгарадах — асн. галіны прам-сці Вял. Н.-Й.: шматгаліновае машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць, суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, прылада- і станкабудаванне, ваенная прам-сць), чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, нафтаперапр., нафтахім., цэлюлозна-папяровая, шкляная, цэм., харч., гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Метрапалітэн (больш за 500 станцый), гар. падвясныя чыгункі; тунэлі, масты і паромы праз р. Гудзон і марскія пралівы ў межах горада. Цэнтр турызму. У Н.-Й. штаб-кватэра і інш. ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Горад вырас з гандл. факторыі, засн. галандцамі ў 1614 на в-ве Манхатан. У 1626 галандская Зах.-інд. кампанія заснавала тут першае еўрап. паселішча пад назвай Новы Амстэрдам. З 1629 партовы горад, праз які вывозілі карабельны лес, футра, тытунь. Першыя негрыцянскія нявольнікі з’явіліся тут у 1652. У час англа-галандскай вайны 1672—74 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), каб абараніць горад ад нападаў індзейцаў і каланістаў з Новай Англіі, ён быў абнесены агароджай (на гэтым месцы цяпер вул. Уол-Стрыт, што значыць Сценная вуліца). У 1664 Новы Амстэрдам захапілі англічане і перайменавалі ў Н.-Й. У 1673 заваяваны галандцамі, з 1674 зноў адышоў да англічан. З пач. 18 ст. буйны порт і культ. цэнтр ЗША. У 1753 засн. Каралеўскі каледж (з 1784 Калумбійскі універсітэт). У часвайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 акупіраваны брыт. войскамі (1776—83). У 1784—97 Н.-Й. — сталіца аднайм. штата і ў 1785—90 часовая сталіца ЗША. У часграмадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 100 тыс. жыхароў горада ваявалі на баку Поўначы. З 1860-х г.гал. фінансавы цэнтр ЗША (у 1870 Н.-Й. кантраляваў 70% імпарту і 60% экспарту ЗША). У 19 ст. Н.-Й. — адзін з цэнтраў рабочага руху.
Гіст. ядро горада Манхатан з пач. 19 ст. мае прамавугольную планіроўку, з Пд на Пн ідуць падоўжныя (авеню), з З на У — папярочныя (стрыты) вуліцы, іх сетка ўтварае дробныя кварталы; па дыяганалі іх перасякае гал. магістраль — Брадвей. На мяжы 19—20 ст. пачалося буд-ва небаскробаў, якія стварылі своеасаблівы сілуэт горада. Вял. тэрыторыі займалі густанаселеныя раёны трушчоб, рабочыя, прамысл. і партовыя кварталы. Да сярэдзіны 20 ст. Н.-Й. стаў гіганцкай агламерацыяй гарадоў і прыгарадаў, жылых, прамысл. і трансп. участкаў. Праведзена некалькі рэканструкцый раёнаў: створаны асобныя добраўпарадкаваныя кварталы жылых дамоў (Стывесент-таўн, 1945—49; Вашынгтон-сквер-вілідж, 1960; Пола Граўндс, 1964—67); установы культуры і багатыя жылыя кварталы размясціліся вакол Цэнтр. парку (закладзены ў 1858, пл. 320 га); на набярэжных Манхатана і інш., пракладзены сучасныя трансп. магістралі з эстакадамі-развязкамі. Захаваліся асобныя дамы 17—18 ст., якія з’яўляюцца ўзорамі класіцыстычнага «федэральнага стылю» (ратуша, 1803—12, арх. Дж.Мангін, Дж.Мак-Комб). класіцызму (Федэрал-хол, 1833—42, арх. У.Рос і інш.), неаготыкі (царква Трыніты-чэрч, 1839—46, арх. Р.Анджон), эклектыкі (б-ка Моргана, 1902—05, арх. Ч.Ф.Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт). Выдатныя прыклады інж. тэхнікі — масты Н.-Й.: Бруклінскі (1869—83, інж. Дж.Роблінг), Дж.Вашынгтона (1931, інж. О.Аман, арх. К.Гілберт; 2-і ярус — 1961) і інш. Сярод небаскробаў: Трыбюн-білдынг (1874, арх. Р.М.Хант), Эмпайр стэйт білдынг (1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман», 102 паверхі), Рокфелер-цэнтр (1931—40, арх. Б.У.Морыс і інш.), будынкі штаб-кватэры ААН (1947—52, арх. У.К.Харысан, Ле Карбюзье, О.Німеер, С.Маркеліус і інш.), Сігрэм-білдынг (1956—58, арх. Л.Міс ван дэр Роэ, Ф.Джонсан), «Чэйз Манхатан банк» (1961, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс, Дж.О.Мерыл), 2 самыя высокія ў горадзе 110-павярховыя вежы Сусв.гандл. цэнтра і Сусв.фін. цэнтра (выш. 412 м; 1971—73, арх. М.Ямасакі, Э.Рот і інш.). Найб. значныя будынкі сучаснай архітэктуры: Музей Саламона Р.Гугенгайма (1956—59, арх. Ф.Л.Райт), аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Дж.Кенэдзі (1962, арх. Э.Саарынен), Музей амер. мастацтва Уітні (1966, арх. М.Броер), Лінкальн-цэнтр, т-р «Вівіян Бомант» (1965, арх. Саарынен), «Метраполітэн-опера». Помнікі: статуя Свабоды (1886, скульпт. Ф.А.Бартальдзі, арх. Хант), арка Вашынгтона (1895, арх. Ч.Ф Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт) і інш.
У Н.-Й. каля 90 ун-таў і каледжаў, у т. л.Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Фордхемскі (з 1841), Нью-Йоркскі гарадскі (з 1847) ун-ты, ун-т Ешыва (з 1886), каледжы Бруклінскі, Нью-Йоркскі гарадскі, Манхатанскі, Рычмандскі і інш. Сярод буйнейшых навук. устаноў Нью-Йоркская АН і Амер. акадэмія мастацтваў і л-ры. Буйнейшыя б-кі: Нью-Йоркская публічная, Калумбійскага ун-та, Б-каААН імя Д.Хамаршэльда і інш. Музеі: Метраполітэн-музей, сучаснага мастацтва, Музей Саламона Р.Гугенгайма, Амер. музей натуральнай гісторыі, Музей амер. мастацтва Уітні, Музей Н.-Й. і інш. Лінкальнаўскі цэнтр выканаўчых мастацтваў, у складзе якога Метраполітэн-опера, Нью-Йоркскі гарадскі балет, Нью-Йоркская філармонія, Джульярдская музычная школа (кансерваторыя), тэатр.б-ка, музей і інш. Тэатральныя трупы працуюць пераважна на Брадвеі. Працуе Нью-Йоркскі філарманічны аркестр. Буйнейшая канцэртная зала «Карнегі-хол».
Літ.:
Ирвинг В. История Нью-Йорка: Пер. с англ.М., 1968;
Иконников А.В. Нью-Йорк. Л., 1980.
Дзелавы цэнтр Нью-Йорка.Нью-Йорк. Цэнтральны парк у раёне Манхатан.Вісячы Бруклінскі мост у Нью-Йорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФІ́ЛЬМ, тэлевізійны фільм,
ігравы, дакумент. ці дакумент.-ігравы фільм, створаны для паказу па тэлебачанні ці прагляду на відэакасетах. У яго маст. структуры сінтэзуюцца вобразная мова кіно (план, ракурс, кампазіцыя, мантаж) і тэлебачання (павялічанае значэнне буйных планаў, працяглае развіццё дзеяння, цыклічныя, серыйныя формы, спалучэнне з кантэкстам тэлепраграм). У 1960-я г. здымаўся на кінастужцы, з 1970-х г. — на відэастужцы, што пашырыла вобразныя магчымасці мовы экрана дзякуючы відэатэхніцы. На Беларусі выпуск Т. пачаўся з 1964 у аб’яднанні «Тэлефільм» Рэсп. студыі тэлебачання, з 1968 — у аб’яднанні «Тэлефільм» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1989 — у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белвідэацэнтр» Мін-ва культуры Беларусі.
У 1960-я г. пераважалі камерныя псіхал. фільмы з лакальнымі сюжэтамі: «Зімовы дуб» (рэж. М.Кожын), «Снежны конь» (рэж. Ю.Дубровін, абодва 1963), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (рэж. В.Рубінчык), «Бераг прынцэсы Люські» (рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (рэж. В.Рыбараў, усе 1969). На «Тэлефільме» тэлекіно грунтавалася на традыцыях нац. л-ры, кола аўтараў склалі бел. пісьменнікі: У.Караткевіч («Камлючок», 1967, рэж. М.Калінін), І.Сяркоў («Мы — хлопцы жывучыя», 1974, рэж. У.Станкевіч), І.Пташнікаў («Родам адсюль», 1969, рэж. У.Арлоў; «Тартак», 1974, рэж. В.Карпілаў), А.Кудравец («Восеньскія яблыкі», 1975, рэж. У.Унукаў), В.Карамазаў («Зялёныя фрэгаты», 1976, рэж. Я.Шабан), А.Вялюгін («Рэха ў пушчы», 1977, рэж. Дз.Ніжнікоўская), А.Дудараў («Кола», 1977; «Бусляня», 1980; «Купальская ноч», 1982, рэж. усіх В.Басаў; «Суседзі», 1979, рэж. В.Панамароў), Я.Сіпакоў («Госць», 1979, рэж. Басаў), А.Жук («Паляванне на Апошняга Жураўля», 1980, рэж. В.Анісенка), Шабан («Варыянты», 1981, рэж. Басаў; «Дзень на лясным возеры», 1983, рэж. І.Калоўскі), Г.Марчук («Вясковы эрудыт», 1985, рэж. У.Траццякоў), В.Іпатава («Памяць па сходнай цане», 1985, рэж. Басаў). Экранізаваліся творы бел. класікаў: Я.Купалы — маст. Т. «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі), «Пасля кірмашу» (1972, рэж. Ю.Цвяткоў), «Гусляр» (рэж. Б.Бахціяраў), «На куццю» (рэж. Н.Арцімовіч), дакументальныя «Паклон мой народу за песні» (рэж. Калоўскі, усе 1982), «Ніколі я не паміраў» (1992) і «Імша на Купалу» (1993, рэж. абодвух У.Бокун), «Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка» (1998, рэж. М Якжэн), «Янка Купала» (2002, рэж. С.Гайдук); Я.Коласа — маст. «І смех, і бяда» (1973, рэж. Шабан), «Сымон-музыка» (1978) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух Траццякоў); І.Мележа — Т. і тэлесерыял «Людзі на балоце» (адпаведна 1965, рэж. А.Гутковіч; 1984, рэж. В.Тураў); У.Караткевіча — «Званы Віцебска» (1974, рэж. В.Мазынскі), «Ладдзя Роспачы» (1982, рэж. Л.Тарасава), «Чорны замак Альшанскі» (1984, рэж. М.Пташук). У Т. знаходзяць сваё ўвасабленне і творы пісьменнікаў рус.: І.Тургенева («Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», 1972, рэж. Тураў; «Гамлет Шчыгроўскага павета», 1975, рэж. Рубінчык; «Зацішша», 1981, рэж. В.Чацверыкоў; «Бацькі і дзеці», 1984, рэж. Нікіфараў), А.Пушкіна («Дуброўскі», 1988, рэж. Нікіфараў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1990, рэж. Я.Маркоўскі), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў); польскіх: паводле Э.Ажэшкі («Хам», 1991, рэж. Дз.Зайцаў), С.Жаромскага («Пракляты ўтульны дом». 1998, рэж. Арлоў); амерыканскіх: Дж.Лондана («Час-Не-Чакае», 1975, рэж. Чацверыкоў), Р.Уорэна («Уся каралеўская раць», 1971, рэж. Ю.Дубровін). У 1970-я г. пачаўся выпуск серыялаў пераважна на гіст., гіст.-рэв. і ваен. тэматыку, часта са спалучэннем хронікі і маст. вобразаў (дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі», 1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, А.Ястрабаў; маст. «Дзяржаўная граніца», 1980—87, рэж. Б.Сцяпанаў, Нікіфараў). У дакументальна-маст. серыяле В.Шавялевіча ў кантэксце гісторыі слав. народаў разглядаецца мінулае і сучаснасць Беларусі, абнаўляецца паэтыка-метафарычная мова кіно: «Па дарогах «Слова аб’ палку Ігаравым» (1986), дылогіі «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90) і «Прыйдзі і віждзь» (1992); «Пастка для зубра» (1995) і «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000). Падзеям Вял.Айч. вайны прысвечаны серыялы «Белая зямля» (1970), «Доўгія вёрсты вайны» (паводле В.Быкава, 1975, рэж. абодвух Карпаў), «Руіны страляюць» (1972, рэж. Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Пікман), «Нас выбраў час» (1976—78, рэж. Пташук). Асабістая трагедыя чалавека ў час вайны адлюстравана ў маст. Т. «Фруза» (паводле Быкава, 1981, рэж. Нікіфараў), «Сведка» (паводле В.Казько, 1985, рэж. Рыбараў) Галерэю партрэтаў удзельнікаў вайны стварылі рэжысёры-дакументалісты Басаў («Імгненні Перамогі», «Салдаты Перамогі», абодва 1975; «Дзякуй, салдат», 1984; «Курган», 1995), В.Жыгалка («Дзеці Брэсцкай крэпасці», «Ім не было і 16», абодва 1978; тэлесерыял «Пасля Перамогі», 1994, «Апошні з групы «Джэк», 2000), Т.Вашчанка («Адзін з многіх», 2000).
Т. выконвае рэпрадукцыйную функцыю, стварае экранны летапіс маст. культуры. Багацце і самабытнасць бел.нар. творчасці адлюстраваны ў дакумент. фільмах В.Каралёва («Палескі карагод», 1991; «Беларускі вясельны каравай», 1993; «Штукар Ямеля з Хальчы», 1996), Ю.Лысятава («Галасы зямлі маёй», 1994; «Дудка», «Труба і рог», абодва 1995), Ю.Гарулёва («Грай, скрыпка, грай», 1994), В.Купрыянава («На крылах фальклору Палесся», 1990; «Калядны сувенір», «Народныя майстры», абодва 1994), А.Суханавай («Іосіф і яго брат Пётр», 1994; «Бубен і барабан», 1997), Гайдука («Неглюбскі лістапад», 1994; «Масленіца», «Рассыпушка», абодва 1995), А.Шклярэўскага («Карагод», 1995; «Эй, гуляю я», 1996), І.Волах «Калядныя цары», 1997), Р.Грыцковай («Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава», 1998). Створаны цыклы дакумент.біягр. Т.-партрэтаў дзеячаў бел. мастацтва: выяўл. — «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976, рэж. С.Адаменка), «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Фантазіі Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка), «А.А.Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч); муз. — «Песні Ігара Лучанка» (1972), «Харошкі» (1978, рэж. абодвух Басаў), «Урыўкі з ненапісанага. Я.Глебаў» (рэж. Арлоў), «Анісімаў» (рэж. В.Шышоў, абодва 1999); тэатральнага і юнамастацтва — «Купалаўцы» (1968, рэж. А.Колас), «Кінарэжысёр Віктар Тураў» (1995, рэж Цвяткоў), «Паўлінка» (1997, рэж. Шышоў) і інш. У экранны фонд увайшлі і Т.-спектаклі драм. і муз. т-раў (гл. ў арт.Тэлевізійны тэатр). Для дзяцей створаны прыгодніцкія серыялы («Корцік», 1973, «Бронзавая птушка», 1974, рэж. абодвух Калінін; «Апошняе лета дзяцінства». 1974, рэж. Рубінчык), фільмы-казкі («Гора баяцца — шчасця не бачыць», рэж. Тураў; «Пастух Янка», рэж. Цвяткоў, абодва 1973), тэлемюзіклы («Прыгоды ў горадзе, якога няма», 1974, «Прыгоды Бураціна», 1975, «Пра Чырвоную Ша пачку», 1977, «Прададзены смех», 1981, «Казка пра Зорнага хлопчыка», 1983, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Пітэр Пэн», 1987, рэж. усіх Л.Нячаеў). У 1990-я г. ў Т. дамінуе экалагічная праблематыка маст. фільм «Бліскавіцы» (1990, рэж. Траццякоў), дакумент. цыклы «Бярэзінскі запаведнік» (1994, рэж. Гедравічус), «Нараўлянскія эцюды» (1996, рэж. Басаў), «Чырвоная кніга. Фауна і флора Беларусі» (2000, рэж. І.Бышнеў) і інш. На мяжы 20—21 ст. у тэлекіно ўваходзіць хрысц. тэматыка: «Уладыка» (1993), «Полацкая Сафія» (1995), «Пад крыламі Ефрасінні» (1996), «Дабро стварай» (1998, рэж. усіх Шавялевіч), «Святыні зямлі беларускай» (2000, рэж. Каралёў) і інш.
В.Ф.Нячай.
Кадр з тэлефільма «Прыгоды Бураціна». 1975.Кадр з тэлефільма «Дзяржаўная граніца» (фільм 2-і) 1981.Кадр з тэлефільма «Хам». 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ПЕРЫЯДУ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ
У Вял.Айч. вайну бел. літаратары на доўгі час апынуліся ў выключна драматычных абставінах: родная зямля была цалкам акупіравана ворагам. Масавы чытач знаходзіўся на фронце, у партызанах, падполлі ці проста жыў на акупіраванай тэрыторыі. Многія пісьменнікі таксама былі на фронце ці ў партызанах. У Чырв. Арміі знаходзіліся М.Аўрамчык, П.Броўка, А.Вялюгін, П.Глебка, К.Кірэенка, К.Крапіва, А.Куляшоў, М.Лынькоў, П.Панчанка, М.Танк і інш. У партыз. барацьбе і падп. друку ўдзельнічалі Я.Брыль, М.Засім, П.Пестрак, В.Таўлай і інш. 26 празаікаў і паэтаў загінулі ў барацьбе супраць ням.фаш. захопнікаў: З.Астапенка, Я.Бобрык, Л.Гаўрылаў, А.Гейнэ, А.Дубровіч, Р.Жалязняк, А.Жаўрук, Э.Каган, А.Коршак, С.Крывец, П.Левановіч, Р.Лынькоў, С.Ляльчук, А.Мілюць, Р.Мурашка, М.Нікановіч, А.Пруднікаў, У.Рагуцкі, Р.Рэйзін, М.Сурначоў, М.Сямашка, Л.Талалай, А.Ушакоў, І.Шапавалаў, Г.Шведзік, Х.Шынклер. На акупіраваную тэр. Беларусі дастаўляліся бел. газеты «Савецкая Беларусь», «За свабодную Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «Звязда», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка», а з 1943 — час. «Беларусь», якія знаёмілі партызан і насельніцтва з падзеямі, а таксама творамі бел. пісьменнікаў. Вершы бел. паэтаў перакладалі на рус. мову М.Галодны, С.Гарадзецкі, М.Ісакоўскі, Я.Мазалькоў, М.Рыленкаў, П.Сямынін. Акрамя публікацый у перыёдыцы былі выдадзены асобныя кнігі Я.Купалы, Я.Коласа, П.Панчанкі.
Найб. актуальнымі і папулярнымі былі публіцыстычныя жанры: карэспандэнцыі, фельетоны, песні, частушкі, рэпартажы, вершы-заклікі, лісты, пасланні, у якіх выкарыстоўваліся формы адкрытага звароту («Душою і сэрцам мы з вамі, героі», «На абарону» Я.Коласа, «Дрыжыце, падлюгі-фашысты!» П.Броўкі, «Вастрыце зброю» М.Танка, «Змагайцеся адважна за Радзіму» П.Панчанкі і інш.). Хрэстаматыйнымі сталі вершы Я.Купалы «Беларускім партызанам», «Зноў будзем шчасце мець і волю» (абодва 1942). Бел. літаратура назапашвала новыя якасці, паглыбляла аналіз ваен. рэчаіснасці. У 1943 супрацоўнікі слуцкай падп.газ. «Народны мсцівец» сабралі лепшыя вершы А.Астрэйкі і выдалі іх асобным зборнікам «Слуцкі пояс». Узброіўшыся канкрэтыкай абставін і падзей, паэты канцэнтруюць увагу на гал. маральным фактары вайны — даследаванні характару чалавека. Адбыўся пераход ад газетна-публіцыстычнай паэтыкі да лірыкі. Своеасаблівы лірычны дзённік — карціну свайго часу і духоўнага свету чалавека стварыў П.Панчанка ў вершах «Бульба», «Сват», цыкле «Іранскі дзённік» (зб. «Іранскі дзённік», 1944—45). У ваен. паэзіі стаў пашыраным жанр гераічнай балады: вершы «Сямёра дачок» П.Панчанкі (1942), «Балада аб уральскім танку» А.Вялюгіна (1943), «Маці» (1943), «Балада аб знойдзенай падкове» (1945) А.Куляшова, «У завею» М.Танка (1943) і інш. Значнае месца ў бел. паэзіі ваен. пары належала і паэме, дзе арганічна спалучаліся эпас, лірыка і драма: «Суд у лесе» (1942) і «Адплата» (1944) Я.Коласа, «Паэма пра Смалячкова» (1942) і «Ясны Кут» (1944) П.Броўкі, «Янук Сяліба» М.Танка (1943), «Прыгоды цымбал», «Дом №24» (абедзве 1944) А.Куляшова, «Мой майстра» А.Бялевіча, «Эдэм» З.Астапенкі, «Поўдзень» В.Віткі (усе 1944), «Маладосць у паходзе» П.Панчанкі (1945). Найвышэйшае дасягненне ў гэтым жанры — ліра-эпічная паэма «Сцяг брыгады» А.Куляшова (1942, Дзярж. прэмія СССР 1946), якая выявіла ўсю глыбіню нар. драмы, патрыятызм і самаахвярнасць воінаў. У цэнтры яе сюжэта лёс Алеся Рыбкі, сцяганосца брыгады, якая апынулася ў акружэнні і была разбіта. У паэме выкарыстаны матывы бел. песні «Бывайце здаровы», абрадавай паэзіі, міфалагічныя легенды пра «заклятую зямлю». Рамант. паэму з гераічнымі характарамі «Янук Сяліба» стварыў М.Танк, у якой дынамізм сюжэта дасягаецца праз сутыкненне характараў рознай сац. арыентацыі, шырока выкарыстаны нац. фальклор (легенда пра музыку Куліка і інш.). Паэмы П.Броўкі развівалі лірычны кірунак бел. гераічнага эпасу. «Паэма пра Смалячкова» пабудавана на канкрэтным матэрыяле біяграфіі радавога ўдзельніка вайны. У яго паэме-маналогу «Беларусь», дзякуючы гіст. рэмінісцэнцыям, паўстае вобраз Радзімы — прыгожай зямлі са слаўнай мінуўшчынай. Лірычныя паэмы «Ясны Кут» П.Броўкі і «Дом №24» А.Куляшова напісаны на завяршальным этапе вайны; у іх ставяцца праблемы міру і працы. У паэме «Прыгоды цымбал» А.Куляшова — умоўнасць вобразаў і сітуацый, казачная сімволіка, за якой бачны рэальныя падзеі. Імкненне да філасафічнасці, драматызм і псіхалагізацыя вобразаў — у паэме «Эдэм» З.Астапенкі.
Прыкметны ўклад у паэзію гадоў вайны М.Аўрамчыка, К.Буйло, А.Бялевіча, В.Віткі, К.Кірэенкі, М.Лужаніна, А.Салаўя і інш. Актыўна развіваўся ў ваен.час і жанр сатыры. Напачатку цалкам плакатныя пародыі, фельетоны, байкі, сатыр. вершы, частушкі, эпіграмы паступова насычаліся канкрэтнымі падрабязнасцямі, якія рабілі іх дакументальна-дакладнымі. У жанры сатыры працавалі амаль усе бел. пісьменнікі: А.Астрэйка, П.Броўка, П.Глебка, М.Лужанін, М.Лынькоў, П.Панчанка, М.Танк, В.Таўлай, К.Чорны і інш. Асаблівая роля ў развіцці сатыр. жанраў належыць К.Крапіве — рэдактару газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Проза ваен. пары найперш выявілася ў патрыятычнай публіцыстыцы. Палымяныя артыкулы друкаваліся на старонках газет, гучалі па радыё, на мітынгах (Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, К.Крапіва, М.Танк, М.Лынькоў і інш.). Фельетоны К.Чорнага склалі зб. «Кат у белай манішцы» (1942). У жанры празаічнага памфлета і фельетона выступалі Я.Колас, К.Крапіва. Матэрыялам для многіх тагачасных твораў служылі рэальныя падзеі, таму дакументальнасць была агульнай рысай літаратуры ваеннай пары. Найб. актыўна ў прозе працавалі К.Чорны (зб. «Вялікае сэрца», 1945) і М.Лынькоў (зб. «Астап», 1944). З’явіліся апавяданні І.Гурскага, У.Краўчанкі, П.Пестрака, А.Стаховіча, А.Якімовіча, свае першыя апавяданні надрукавалі І.Мележ і І.Шамякін. Лепшыя тагачасныя апавяданні адзначаны драматызмам і вастрынёй канфліктаў. Асноўная іх тэма — чалавек на вайне.
Ад малых форм бел. проза ішла да аповесці і рамана. Аповесць «Пульс жыцця (Запіскі тэлеграфіста)» Х.Шынклера пра работу тэлеграфістаў на Урале напісана на аўтабіягр. матэрыяле ў форме дзённіка. Вяршыня бел. прозы ваен. гадоў — творы К.Чорнага. Яму належыць першае ў бел. літаратуры эпічнае асэнсаванне падзей Вял.Айч. вайны: раманы «Вялікі дзень» (нап. 1941—44, няскончаны, апубл. 1947), «Пошукі будучыні» (нап. 1943, апубл. 1950), «Млечны Шлях» (нап. 1944, апубл. 1954), «Скіп’еўскі лес» (нап. 1944, няскончаны, апубл. 1975). У сваіх сац.-філас. раманах К.Чорны стварае абагульнены вобраз бел. народа. Яго хвалявала праблема станаўлення бел.нац. характару, узмацненне ў ім непакорнасці і свабодалюбства. У яго раманах чалавек раскрываецца ў драматычным дзеянні, праз унутраныя маналогі. Ідэйна-тэматычныя межы літаратуры ваен. часу пашырае раман «Таварышы» Р.Мурашкі (1942), які з’яўляецца своеасаблівым псіхал. дакументам эпохі. Напісаны аўтарам, які знаходзіўся на акупіраванай тэрыторыі, асабістую трагедыю чалавека падае ў сац.-грамадскім кантэксце эпохі.
З драматычных твораў асаблівае месца займае п’еса «Проба агнём» К.Крапівы (1943) на маральна-этычную праблематыку. У драматургіі, як і ў інш. жанрах, назіраецца зварот да каштоўнасцей мінулага: опернае лібрэта «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1940—44) і драматычная паэма «Адплата» (1945) М.Клімковіча. Тэме партыз. барацьбы прысвечаны п’есы «Палешукі» і «Таварыш Андрэй» Я.Рамановіча, «Заложнікі» А.Кучара.
Бел маст. літаратура ваен. гадоў была адным з важных складальнікаў антыфаш. барацьбы, паказала гераізм і нязломны дух бел. народа, раскрыла новыя рысы нац. характару.
Г.П.Тварановіч.
Я.Купала на радыёмітынгу прадстаўнікоў беларускага народа ў Казані. 1942.Вокладка кнігі «Слуцкі пояс» А.Астрэйкі. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭСТ,
горад на ПдЗ Беларусі, цэнтр Брэсцкай вобл. і раёна. За 349 км ад Мінска. Вузел аўтадарог і чыгунак — напрамкі на Баранавічы, Лунінец, Ковель, Беласток, Варшаву. Канцавы порт на Дняпроўска-Бугскім канале. 249,3 тыс.ж. (1995).
Летапісная назва — Берестье, Бересть (бел.Берасце, Бярэсце), у канцы 17 — пач. 20 ст.Брэст-Літоўскі, Брэст-Літоўск, у 1921—29 Брэст-над-Бугам, з вер. 1939 Брэст. Археал. даследаваннямі ўстаноўлена, што горад узнік на тэр. племяннога аб’яднання дрыгавічоў. У выніку раскопак выяўлена Берасцейскае гарадзішча. Першае летапіснае ўпамінанне Брэста ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1019. Быў гандл. цэнтрам Стараж.рус. дзяржавы на мяжы з польскімі і літ. ўладаннямі. У 11—13 ст. належаў тураўскім, кіеўскім, літоўскім, уладзіміра-валынскім князям. З 1319 Брэстам валодаў вял.кн.ВКЛГедзімін. У 1349 Брэст захапіў польскі кароль Казімір III, у 1366 вернуты ВКЛ. У 1379 разрабаваны і спалены тэўтонскімі рыцарамі. У 1390 Брэст першы з бел. гарадоў атрымаў самакіраванне на аснове магдэбургскага права, якое пацвярджалася ў 1408, 1511, 1554, 1580, 1607, 1614, 1661. У часВялікай вайны 1409—11 гараджане выставілі харугву, якая ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 1413 Брэст — цэнтр Берасцейскай эканоміі ў складзе Трокскага ваяв., прывілеем 1441 аднесены да гал. гарадоў ВКЛ. У 1500 разрабаваны войскамі крымскага хана Менглі-Гірэя. З 1520 цэнтр Брэсцкага павета Падляшскага ваяв. У 1553 брэсцкі староста М.Радзівіл Чорны заснаваў тут кальвінскі збор і першую на тэр. сучаснай Беларусі друкарню (гл. ў арт.Брэсцкія друкарні), у якой выдадзена Брэсцкая біблія (1563). З 1566 Брэст — цэнтр Брэсцкага ваяводства. У горадзе адбываліся з’езды бел. і літ. шляхты. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Тут абвешчана Брэсцкая унія 1596. Горад быў месцам збору ваен. канфедэрацый у 1605 і 1612, сейма Рэчы Паспалітай (1653). У часантыфеадальнай вайны 1648—51 у Брэсце ў 1648 і 1649 адбыліся паўстанні гараджан, задушаныя ўрадавымі войскамі. У 1657 горад спалены шведамі, у 1660 часова заняты рус. войскамі ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У Паўночную вайну 1700—21 яго займалі то рус., то шведскія войскі. У 1792 рэзідэнцыя Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у складзе Рас. імперыі. З 1796 павятовы цэнтр Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У часвайны 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1830—42 на тэр.стараж. часткі Брэста пабудавана Брэсцкая крэпасць. У 1842 засн.Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1865—1915 дзейнічалі брэсцкія гімназіі. У 1860-я г. ў Брэсце 13 прамысл. прадпрыемстваў, у 1880-я г. чыгунка і шаша звязалі Брэст з Варшавай, Масквой, Кіевам, Гомелем. У 1987 — 46 568 ж. У 1903—15 існавала Брэсцкае таварыства ўрачоў. У 1-ю сусв. вайну горад 8.9.1915 акупіраваны герм. войскамі. 3.3.1918 тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. У 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр Палескага ваяводства. 1.9.1939 фаш. Германія напала на Польшчу, 14 вер. захапіла Брэст (акрамя крэпасці). 17.9.1939 Чырв. Армія перайшла сав.-польскую граніцу і 22 вер. ўвайшла ў Брэст. З 1939 у складзе Беларусі, з 4.12.1939 цэнтр Брэсцкай вобласці. 68,8 тыс.ж. у 1940. У Вял.Айч. вайну з 22.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941), якія загубілі тут больш за 40 тыс.чал., знішчылі ўсе прадпрыемствы і культ.-асв. ўстановы, 48,7% жылога фонду. Дзейнічала Брэсцкае патрыятычнае падполле і Брэсцкае маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959 — 73,6 тыс.ж., у 1980 — 185 тыс.ж.
У 1909 у Брэсце было 30 прамысл. прадпрыемстваў, з якіх найб. значныя тытунёвыя ф-кі, млын, гарэлачны завод. У перыяд знаходжання Брэста ў складзе Польшчы прам-сць не развівалася. Значныя страты гораду прычынены ў гады Вял.Айч. вайны. Актыўнае індустрыяльнае развіццё пачалося ў 1960—70.
Брэст — буйны прамысл. і культ.цэнтр. Дае каля уз валавой прадукцыі прам-сці вобласці. Развіты эл.-тэхн. і электронная (Брэсцкі электралямпавы завод, Брэсцкі электрамеханічны завод), металаапр. (Брэсцкі машынабудаўнічы завод, «Брэстгазаапарат», з-ды металавырабаў, Брэсцкі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, тэхнал. аснасткі), хім. (НВА«Брэстбытхім»), лёгкая («Дываны Брэста», Брэсцкі панчошны камбінат, Брэсцкая прамыслова-гандлёвая фірма «Элма», ф-кі швейная, абутковая, Брэсцкая фабрыка сувеніраў), харч. (мясакамбінат, малочны камбінат), буд. матэрыялаў (Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сць.
У Брэсце (на 1.1.1996) 77 дашкольных дзіцячых устаноў (12 504 дзіцяці); 40 агульнаадук. школ усіх тыпаў (46 149 вучняў), у т. л. 1 пач., 1 базавая, 33 сярэднія (41 507 вучняў), 4 гімназіі (3022 вучні), 1 ліцэй (477 вучняў). У 9 прафес.-тэхн. вучылішчах 4409 навучэнцаў; 4 сярэднія спец.навуч. ўстановы (Брэсцкі політэхнічны тэхнікум, Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту, мед. вучылішча і Брэсцкі музычны каледж, 3065 навучэнцаў); 2 дзярж.ВНУ: Брэсцкі універсітэт і Брэсцкі політэхнічны інстытут, у якіх 8923 студэнты. У 1996 у Брэсце працавала 13 масавых бібліятэк (1145,5 тыс. тамоў) і 55 б-к пры навуч. установах. Самая вялікая — абл. універсальна-навук.б-ка (662 тыс. тамоў); 15 клубных устаноў; 17 кінаўстановак, 3 відэазалы. Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» з Брэсцкім крэпасці-героя музеем, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей з філіялам археалагічны музей «Бярэсце».
Дзейнічаюць брэсцкія абл. арг-цыі: Саюза архітэктараў Беларусі (з 1963), сярод членаў якой засл. архітэктар Беларусі Р.А.Шылай; Саюза журналістаў Беларусі (з 1970); Саюза мастакоў Беларусі (з 1971), у якую ўваходзілі і ўваходзяць мастакі П.Данелія, М.Клімаў, Э.Куфко, І.Крупскі, В.Сабалеўскі, М.Чураба, В.Шыкін і інш. Дзейнасць Брэсцкага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1981) звязана з імёнамі І.Арабейкі, А.Каско, У.Калесніка, Н.Мацяш, М.Рудкоўскага і інш. З 1944 працуе Брэсцкае абл. радыё, з 1961 — абл. студыя тэлебачання. Выходзяць газеты «Заря» (абл., з 1939; з гэтага ж года пры газеце існуе абл.літ. аб’яднанне маладых пісьменнікаў «Заранка»), «Народная трыбуна» (абл., з 1990), «Заря над Бугом» (раённая, з 1954, да 1962 «Социалистический путь»), «Вечерний Брест» (з 1992), «Брестский курьер» (з 1990) і інш.
Гарадзішча стараж. Бярэсця размяшчалася на мысе, утвораным р.Зах. Буг і левым рукавом р. Мухавец. У 12 ст. тут пабудаваны драўляны замак (у 15 ст. пастаўлены мураваны), у 13 ст. — мураваная царква св. Пятра. У 1276—88 на дзядзінцы пабудавана вежа. Паводле інвентара 1566, Брэст складаўся з 3 асн. частак: замка (на востраве), «места» (асн.тэр. горада) і Замухавечча (мела 2 вуліцы, на якіх пабудаваны касцёл Дароты, Спаса-Праабражэнская царква, манастыры Сімяонаўскі і Нараджэння Багародзіцы з 2 цэрквамі). У 16—17 ст. існаваў кальвінскі збор. У 17—18 ст. пабудаваны Брэсцкі манетны двор (1659), кляштар аўгусцінцаў, бернардзінцаў, брыгітак, дамініканцаў, калегіум езуітаў (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 17—18 ст. Брэст перажываў эканам. заняпад, тэрытарыяльна амаль не развіваўся. У 19 ст. ў сувязі з буд-вам на тэр. горада крэпасці жылая забудова перамешчана за 2 км на У ад яе.
Рэгулярная планіровачная сетка вуліц утварала дробныя прамавугольныя або трапецападобныя кварталы. Цэнтр горада забудаваны мураванымі 1—3-павярховымі дамамі, якія ставіліся шчыльна адзін да аднаго, утвараючы суцэльны фронт вулічных фасадаў. Будаваліся і асабнякі. У 1846 на гар. плошчы пабудаваны гандл. рады, у 1856 — кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (разбураны ў Вял.Айч. вайну, у 1950—57 адноўлены і прыстасаваны пад абл. краязнаўчы музей), у 1865 — Брэсцкая Сімяонаўская царква, на пач. 20 ст. — Брэсцкай мужчынскай гімназіі будынак, Брэсцкая брацкая царква, Мікалаеўская царква і інш. У 1866 узведзены Брэсцкі чыгуначны вакзал. Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівыя рысы стылю «мадэрн», неакласіцызму (Брэсцкага банка будынак), канструктывізму (будынак ваяводскага ўпраўлення).
У пасляваенны час забудова Брэста ажыццяўлялася ў адпаведнасці з генпланам 1951 (Белдзяржпраект, арх. А.Хегай, Л.Федчанка), які прадугледжваў захаванне рэгулярнай сістэмы планіроўкі. Горад развіваўся ва ўсх. (раёны Кіеўка і Усходні), паўн. (Адамкава—Рэчыца—Граеўка) і часткова паўд. напрамках. У 1970-я г. пабудаваны гандл. цэнтр (арх. С.Неўмывакін, (Г.Кісялёва, А.Фядорчанка), тэлецэнтр, кінатэатр «Беларусь» (арх. Р.Шылай), Палац культуры прафсаюзаў (арх. Г.Чысцякоў), гасцініцы «Інтурыст» (арх. Г.Бенядзіктаў) і «Беларусь» (арх. З.Леўчанка), створаны ансамблі жылых дамоў на бульвары Касманаўтаў і вул. Набярэжнай. У 1967 ва ўсх. частцы горада пачалося буд-ва буйнога прамысл. комплексу (арх. І.Боўт, Э.Бацян і інш.) і прылеглага да яго жылога раёна (арх. В.Анікін, А.Кудзенка, П.Лагуноўская). На тэр. крэпасці створаны мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. У 1980-я г. пабудаваны паўд.прамысл. вузел і новы паўд.-ўсх. раён горада (арх. І.Карват, М.Козік), Брэсцкі аэравакзал. У прасторавай кампазіцыі горада важнае значэнне мае водна-зялёны дыяметр, яго фарміраванне звязана з рэканструкцыяй Мухаўца як часткі Дняпроўска-Бугскага канала. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі водна-зялёнага дыяметра 1980 (БелНДІПгорадабудаўніцтва; арх. І.Шпіт, Э.Басава) на тэр. больш за 1000 га прадугледжана стварэнне сістэмы паркаў, штучных вадаёмаў, каналаў. У Брэсце брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (1856), Сімяонаўская (1862) і Брацкая (1906) цэрквы, чыг. вакзал (1886), будынкі пошты (19 ст.), мужчынскай гімназіі (1905), банка (1926), гар. асабнякі (1-я пал. 19 ст.), жылыя дамы (19 і пач. 20 ст.), бюст двойчы Героя Сав. Саюза лётчыка-касманаўта П.І.Клімука.
Звесткі пра тэатр. жыццё ў Брэсце вядомыя з 17 ст., калі пры езуіцкім калегіуме дзейнічаў школьны тэатр (да 1760). У 19 ст. ў горадзе гастралявалі муз.-драм. трупы К.Камінскага, Я.Хелмікоўскага, П.Ратаевіча і інш., антрэпрызы Т.Іконнікавай-Самаравай, П.Дзмітроўскага, П.Карніцава, М.Барысава, Северавай, С.Сямёнава-Самарскага, т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Ахаліна, П.Блахіна, М.Петыпа, П.Мядзведзева і інш. У пач. 20 ст. і ў 1920—30-я г.тэатр. жыццё Брэста вызначалі аматарскія і гастрольныя тэатр. калектывы. У кастр. 1939 са спектаклем «Цудоўная дудка» В.Вольскага выступаў Т-р юнага гледача Беларусі. У 1940 адкрыўся Брэсцкі абласны рускі драматычны тэатр. У 1944 створаны Брэсцкі абл.драм.т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі (гл.Брэсцкі тэатр драмы і музыкі), у 1968 — Брэсцкі абласны тэатр лялек. З 1946 дзейнічае Брэсцкі т-р Дома культуры чыгуначнікаў.
З Брэстам звязаны пачатак нотадрукавання на Беларусі, у 1558 тут надрукаваны канцыянал «Песні хвал боскіх» (друкар Ян Зарэмба). У школе, адкрытай у 1591 пры правасл. брацтве, выкладалася музыка, практыкаваліся харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. У спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (17—18 ст.) выкарыстоўвалася інстр. і вак. музыка. У 19 ст. дзейнічалі прыватныя навуч. ўстановы (пансіён Т.Шастакоўскай, 1858) і муз. т-вы (муз.-драм.т-ва аматараў, 1885, муз.-драм. гурток, 1891) з муз. класамі, дзе вучні атрымлівалі навыкі ігры на розных муз. інструментах і муз.-тэарэт. веды. З 1924 тут існавала муз.т-ва (старшыня Каліноўскі), пры навуч. установах — аматарскія калектывы (хор гандл. вучылішча на чале з К.Ціолекам, мандалінавы аркестр чыг. тэхнікума на чале з М.Дземчанкам). У 1930-я г. сіламі мясц. аматараў і ўдзельнікаў царк. хору пад кіраўніцтвам адваката Панцылевіча паст. оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і «Галька» С.Манюшкі. З 1935 працавала прыватная муз. школа Малечака, з 1938 — дзярж.муз. школа імя К.Шыманоўскага (дырэктар кларнетыст і дырыжор С.Часноўскі). У 1939 арганізаваны муз. вучылішча і школа; пры вучылішчы дзейнічалі хор, духавы, сімф. і нар. аркестры. У наш час (1996) муз. жыццё канцэнтруецца вакол створанай у 1986 Брэсцкай абласной філармоніі, муз. каледжа (да 1993 муз. вучылішча). Існуюць 2 муз. школы. У Брэсце развіта маст. самадзейнасць; больш за 35 муз. і харэагр. калектываў маюць званні народных і ўзорных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г.Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.
Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.І.Опермана і палкоўніка А.І.Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.
Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.
На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл.гл. ў арт.Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;
(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.Пяты форт Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНА́ДА (Grenada),
дзяржава на в-ве Грэнада і ў паўд.ч. а-воў Грэнадзіны, у архіпелагу М. Антыльскія а-вы ў Вест-Індыі. Падзяляецца на 7 раёнаў. Пл. 344 км². Нас. 92 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Сент-Джорджэс. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 лют.).
Дзяржаўны лад. Грэнада — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1974. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам. Заканад. ўлада належыць парламенту (15 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў Грэнада (пл. 311 км²) гарысты (выш. да 840 м, гара Сент-Катэрын). На У невял. нізіна. Астравы Грэнадзіны пераважна нізінныя. Клімат субэкватарыяльны, пасатны, марскі. Сярэднямесячная т-ра паветра 25—28 °C. Ападкаў больш за 1500 мм (у гарах да 5000 мм) за год, дажджлівы перыяд май—кастрычнік. Шмат невял. рэчак і ручаёў. У гарах захаваліся вільготныя трапічныя лясы. Заказнік Гранд-Этан.
Насельніцтва. Пераважаюць негры (53%) і мулаты (42%). Невял. колькасць англічан, французаў, карэнных жыхароў — індзейцаў карыбаў. Паводле веравызнання пераважаюць католікі і англікане. Сярэдняя шчыльн. 267 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах да 500—800 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 50% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Сент-Джорджэс (каля 7,5 тыс.ж.), Гуяў, Грэнвіл, Вікторыя. Характэрна эміграцыя ў суседнія краіны.
Гісторыя. Найб.стараж. насельніцтва Грэнады — індзейцы аравакі — называлі в-аў Камахонь. У 15 ст. іх выцеснілі адсюль індзейцы карыбы. У 1498 востраў адкрыў Х.Калумб і назваў яго Кансепсьён. З 1650 каланізаваны французамі, якія стварылі тут плантацыйную гаспадарку, заснаваную на рабскай працы (рабоў прывозілі з Афрыкі). У Сямігадовую вайну 1756—63 на востраве высадзіліся англічане (1762), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 ён стаў брыт. калоніяй і атрымаў назву Грэнада. У час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 востраў зноў захапіла Францыя (1778), аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 уступіла яго Вялікабрытаніі. У вайну паміж Англіяй і Францыяй (пачалася ў 1794) на Грэнадзе ў 1795 адбылося антыангл. паўстанне пад кіраўніцтвам Ж.Федона (нац. герой Грэнады), задушанае брыт. войскамі. У 1834—38 тут скасавана рабства. У 1885—1958 Грэнада ў складзе брыт. калоніі Падветраныя астравы.
Ва ўмовах узмацнення мясц. руху за аўтаномію на чале з Э.Гейры (з 1950) калан. ўлады ўвялі ў Грэнадзе ўсеагульнае выбарчае права (1951) і абмежаваную аўтаномію (1958). У 1958—62 Грэнада ў складзе Вест-Індскай федэрацыі. З сак. 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» з поўным унутр. самакіраваннем (прэм’ер-міністр Гейры). З 7.2.1974 незалежная дзяржава ў складзе брыт.Садружнасці. Напачатку яе прэм’ер-міністр Гейры (1974—79) прытрымліваўся нацыянал-рэфармісцкага курсу, потым устанавіў дыктатуру, што выклікала рэвалюцыю (сак. 1979). Новы ўрад на чале з М.Бішапам (1979—83) праводзіў палітыку дэмакратызацыі і дыверсіфікацыю эканомікі, наладзіў сувязі з сацыяліст. краінамі, у т. л. з Кубай. У кастр. 1983 узнік канфлікт сярод лідэраў кіруючай партыі Новы рух ДЖУЭЛ, што прывяло да ўзбр. сутыкнення, у час якога загінулі Бішап і шэраг яго міністраў. 25.10.1983 пад выглядам аднаўлення законнасці і бяспекі амер. грамадзян на Грэнадзе супраць краіны распачалі ваен. аперацыю ЗША. У ходзе яе востраў з ліст. 1983 да чэрв. 1985 акупіравалі амер. войскі. Пасля выбараў у снеж. 1984 створаны пераходны ўрад на чале з Х.Блейзам. У 1990 яго змяніў урад Н.Брэтвейта. З 1995 прэм’ер-міністр Грэнады — К.Мітчэл. Грэнада — чл.ААН (з 1974), брыт. Садружнасці, Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва, Лаціна-амер. эканам. сістэмы, удзельнічае ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. Нац. партыя Грэнады, Патрыят. рух імя М.Бішапа, Нац.-дэмакр. кангрэс, Савет прафсаюзаў Грэнады.
Гаспадарка. Пераважае сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. Краіна спецыялізуецца на вытв-сці спецый: мускатнага арэха (каля 2 тыс.т штогод, 1/3сусв. вытв-сці), гваздзікі, карыцы, ванілі. Вырошчваюць таксама какаву, бананы, цукр. трыснёг, какосавую пальму, цытрусавыя, бавоўну, харч. культуры. На схілах гор гаі мускатнага арэха, ніжэй какавы, потым бананаў і інш. культур. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы мускатных арэхаў (г. Гуйяў), копры, цукр. трыснягу, піваварны з-д, бавоўнаачышчальная, швейная, мэблевая ф-кі і інш. На востраве штогод бывае каля 100 тыс. турыстаў і адпачываючых пераважна з ЗША і Канады. Транспарт аўтамаб. (746 км дарог з цвёрдым пакрыццём) і марскі. Гал. порт Сент-Джорджэс. Паблізу міжнар. аэрапорт. Грэнада экспартуе мускатны арэх, какава-зярняты, бананы, гваздзіку, карыцу, ваніль, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Канада. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́УСКІ Фёдар Міхайлавіч (11.11.1821, Масква — 9.2.1881),
рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял.сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас.-псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус.рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.
Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-варус. драмы, 1921; Бел.тэатр.-маст.ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—30. Л., 1972—90.
Літ.:
Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. industria стараннасць, дзейнасць),
працэс стварэння буйной машыннай вытв-сці, у першую чаргу ў прамысловасці. Перадумовы І. складваліся ў перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу (ахапіла краіны Зах. Еўропы ў 16—18 ст., Расію ў 17—19 ст.). Гэты працэс прывёў да экспрапрыяцыі многіх сялян і фарміравання вольнай прац. сілы. Аднак рэальныя ўмовы для разгортвання І. склаліся ў працэсе індустр. рэвалюцыі (прамысл. перавароту), якая адбывалася ў апошняй трэці 17 ст. — 1-й чвэрці 19 ст. першапачаткова ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы і ў ЗША. Прамысл. пераварот меў сваім вынікам стварэнне прам-сці фабрычна-заводскага тыпу, якая паступова выцясняла дробную таварную вытв-сць і мануфактуру. Гэта прывяло да ўзнікнення новага тыпу цывілізацыі — індустрыяльнага грамадства, якое прыйшло на змену агр.-рамеснай цывілізацыі. Сімвалам і гал. рухальнай сілай гэтага грамадства стала фабрыка, потым — прамысл. карпарацыя. Узніклі вольнае прадпрымальніцтва, нуклеарная сям’я, нац. дзяржава, рэпрэзентатыўны ўрад, пачала пашырацца адукацыя, інстытутыялізавалася навука. І. капіталіст. тыпу ахоплівае працяглы перыяд і найчасцей пачынаецца з лёгкай прам-сці, якая патрабуе менш капіталаўкладанняў, а абарачальнасць капіталу адбываецца больш хуткімі тэмпамі, у выніку чаго хутчэй і ў большай масе ствараецца прыбытак. Тэрміны і тэмпы ажыццяўлення І. ў розных краінах неаднолькавыя. Толькі ў Вялікабрытаніі прамысл. рэвалюцыя і І. супалі ў часе. Менавіта таму яна ўжо да сярэдзіны 19 ст. ператварылася ў індустр. развітую краіну («фабрыку свету»), якая забяспечвала прамысл. таварамі інш. краіны. У Германіі, Францыі, ЗША і інш. краінах І. зацягнулася на многія дзесяцігоддзі. Германія ператварылася ў індустр.-агр. краіну толькі ў канцы 19 ст., Францыя — у пач. 20 ст. У Расіі І. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., але так і не завяршылася да 1-й сусв. вайны і Кастр. рэвалюцыі 1917.
І. ў межах Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, свой завяршальны этап рэалізавала ўжо ва ўмовах сав. улады. Гэты этап праводзіўся з сярэдзіны 1920-х г., пасля таго як XIV з’езд КПСС (1925) абвясціў курс на І. краіны ў якасці ген. лініі эканам. развіцця. У той час Беларусь характарызавалася нізкім узроўнем вытв-сці. Яна мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У 1926 дробныя саматужнікі выпускалі больш за 41% прадукцыі ўсёй прам-сці, а рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль 3/4 рабочых Беларусі. Тут пераважалі дрэваапр., вытворч. і лёгкая галіна прам-сці, што вымагала больш інтэнсіўнага індустр. развіцця, чым у краіне ў цэлым. Сума бюджэтных укладанняў у разліку на душу насельніцтва ў нар. гаспадарку Беларусі ў 1928—32 павялічылася ў 2,8 разы, а ў Расіі — у 1,2 разы. Асн. сродкі накіроўваліся ў той час у паліўную, дрэваапр., папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо іх развіццё патрабавала менш выдаткаў і часу. У 1932 на долю групы «Б» прыпадала больш за 65% усёй прамысл. прадукцыі, якая выраблялася на Беларусі. Паступова павялічваліся капіталаўкладанні ў развіццё энергет., машынабудаўнічай, станкабудаўнічай прам-сці і на вытв-сць будматэрыялаў. За першыя 2 гады 1-й пяцігодкі замест запланаванага павелічэння аб’ёмаў вытв-сці прамысл. прадукцыі на 87,8%, фактычны прырост склаў 149,3%. Выпуск прамысл. прадукцыі ў 1932 павялічыўся ў параўнанні з 1928 у 2,7 разы. За гады 1-й пяцігодкі ўведзена ў дзеянне 538 новых прадпрыемстваў, з іх 78 буйных. Хутка расла колькасць рабочага класа: у пачатку пяцігодкі на адно буйное прадпрыемства рэспублікі прыпадала 250 рабочых, а праз 2 гады — 870. Фарміраваліся новыя рабочыя прафесіі — металісты, машынабудаўнікі, тэкстыльшчыкі, хімікі. Хуткімі тэмпамі павялічвалася колькасць інжынераў, тэхнікаў, інш. спецыялістаў.
Гэтыя дасягненні з’явіліся вынікам не толькі добрасумленнай і самаахвярнай працы бел. народа, але і значных страт. За гады пяцігодкі рэзка абвастрылася праблема накапленняў. Не абумоўленая аб’ектыўнымі патрэбнасцямі сац.-эканам. развіцця калектывізацыя знізіла вытв-сцьс.-г. прадукцыі, у выніку значна пагоршыўся жыццёвы ўзровень большасці насельніцтва, з’явіліся карткі на харч. тавары. Негатыўны ўплыў адм.-каманднай сістэмы кіравання, распачатыя рэпрэсіі прывялі ў рэшце рэшт да запавольвання тэмпаў індустр. развіцця. У выніку гэтага за гады 2-й пяцігодкі (1933—37) аб’ём прамысл. вытв-сці ў Беларусі вырас у 1,9 разы, што ніжэй не толькі ад запланаванага (у 3,8 разы), але і агульнасаюзнага (2,2 разы). Такія паказчыкі індустр. развіцця адмоўна адбіваліся на жыццёвым узроўні насельніцтва. Пакупная здольнасць рубля ў 1932 у параўнанні з 1928 знізілася на 60%, а індэкс рознічных цэн у 1940 перавысіў узровень 1928 у 6,3 разы. Рэальная зарплата рабочых дасягнула ўзроўню 1928 толькі ў 1940. Такім чынам, завяршальны этап І. ў Беларусі, як і ў цэлым у Сав. Саюзе, быў вельмі супярэчлівым: вялікія здабыткі самаахвярнай напружанай працы народа суправаджаліся шматлікімі стратамі і неабгрунтаванымі ахвярамі.