дваране-землеўладальнікі ў Расіі ў канцы 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова П. наз. дваран, якім вял. князь (з 1547 цар) даваў, пры ўмове службы яму, зямлю з сялянамі — памесце (гл.Памесная сістэма). Указ «аб адзінаспадчыннасці» (1714) зліў памесці з вотчынамі ў адзіны від дваранскай уласнасці — «нерухомыя маёмасці», або маёнткі. Тэрміны «памесце» і «П.» працягвалі ўжывацца як сінонімы слоў «маёнтак» і «дваране-землеўласнікі». Маніфест аб вольнасці дваранства 1762 дазволіў дваранам пакідаць службу і займацца гаспадаркай у маёнтках. Да адмены прыгоннага права (1861) паказчыкам багацця П. была колькасць «душ» прыгонных сялян, якімі яны валодалі. У 1860 103,2 тыс.рас. П. валодалі 10,7 млн. душ сялян. 43,7% прыгонных належалі 3,8% П. (1000 і болей душ у кожнага), дробнапамесныя П. (100 і менш душ) валодалі толькі 3,2% сялян, хоць самі складалі 41,6% усіх П. З адменай прыгоннага права паказчыкам дабрабыту П. стала валоданне зямлёй. Б.ч. іх поўнасцю або часткова здавала зямлю ў арэнду сялянам, іншыя здолелі наладзіць капіталіст. гаспадарку, якую вялі сіламі наёмных работнікаў. З прычыны разарэння многіх П. і набыцця зямлі прадстаўнікамі інш. саслоўяў працэнт дваранскіх зямель за 1861—1907 паменшыўся з 95% да 44%. У 1905 налічвалася каля 30 тыс. сем’яў П., большасць з якіх былі дробнапамеснымі. Да 1917 9—10% П. валодалі 70—73% усіх дваранскіх зямель. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 ліквідавала П. як клас, іх землі нацыяналізаваны дэкрэтам аб зямлі (9.11.1917). У л-ры П. часам называюць буйных землеўласнікаў Рас. імперыі незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасці, атаксама буйных землеўласнікаў феад. і паўфеад. тыпу ў інш. краінах.
На Беларусі паводле 10-й рэвізіі (1859) былі 9072 П., яны мелі 1 146 712 прыгонных сялян мужчынскага полу. З іх дробныя П. (да 100 душ на ўладальніка) складалі 73,3% і валодалі 16,5% прыгонных; буйныя П. (больш за 500 душ) складалі 4,2%, але мелі 44,4% прыгонных. У бел.-літ. губернях у канцы 1850-х г. паншчыну выконвалі 92,3% прыгонных. З сярэдзіны 19 ст. П. ўсё часцей закладалі ў крэдыт сялян сваіх маёнткаў, у 1856 на Беларусі было закладзена 56,5% сялян. Пасля адмены прыгону працэс памяншэння дваранскай зямлі ў бел. губернях адбываўся больш павольна, чым у астатніх губернях Расіі, бо з-за антырас. настроенасці шляхты царскі закон 1865 забараніў палякам набываць зямлю ў Зах. краі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА (ад грэч. plasma літар. вылепленае, аформленае) у фізіцы, іанізаваны газ, у якім шчыльнасці дадатных і адмоўных зарадаў прыкладна аднолькавыя. Мае шэраг асаблівасцей, якія дазваляюць лічыць яе асобным (нараўне з цвёрдым, вадкім і газападобным) агрэгатным станам рэчыва. У стане П. знаходзяцца Сонца, гарачыя зоркі, міжзорнае асяроддзе, зоркавыя атмасферы, галактычныя туманнасці і інш. Уласцівасці П. вывучае фізіка плазмы.
У залежнасці ад ступені іанізацыі (адносін канцэнтрацыі зараджаных часціц да поўнай іх канцэнтрацыі) адрозніваюць слаба, сярэдне і поўнасцю іанізаваную П. З-за наяўнасці паміж зараджанымі часціцамі далёкадзейных (кулонаўскіх) сіл нават разрэджаная плазма з’яўляецца складана арганізаваным асяроддзем з мноствам элементарных і калект. працэсаў у ім. Штучна П. атрымліваюць з дапамогай эл. поля ў газавых разрадах, нагрэву газу, уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў, ударных хваль і інш. Уласцівасці П. ў знешніх палях апісваюцца кінетычным ураўненнем Больцмана (гл.Кінетычная тэорыя газаў) і сістэмай Максвела ўраўненняў, у якія ўваходзяць самаўзгодненыя (пэўным спосабам усярэдненыя) эл. і магн. палі. Калі ўласна плазменныя эфекты неістотныя, карыстаюцца больш грубымі набліжэннямі магнітнай гідрадынамікі. Многія ўласцівасці, характэрныя для П., маюць таксама сукупнасці носьбітаў зараду ў паўправадніках і металах; іх асаблівасць — магчымасць існавання пры нізкіх (для газавай П.) т-рах — пакаёвай і ніжэй Выкарыстанне высокатэмпературнай П. (т-ра да 108К) звязана з праблемай ажыццяўлення кіравальных тэрмаядзерных рэакцый. Найб. пашырана выкарыстанне ў тэхніцы нізкатэмпературнай (халоднай) П. (т-ра прыкладна ад 103 да 105К) у газаразрадных прыладах, газавых лазерах, магнітагідрадынамічных і тэрмаэмісійных генератарах, плазматронах, плазменных паскаральніках і інш. (гл.Плазменная тэхналогія, Плазмахімія).
На Беларусі даследаванні па фізіцы і тэхніцы П. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це з канца 1940-х г. (вывучэнне працэсаў, што працякаюць у вобласці кантакту электраразраднай П. з металамі), Ін-це фізікі з 1955 (П. эл. дугавых і іскравых разрадаў як крыніцы святла, а з 1960 — сістэматычныя даследаванні нізкатэмпературнай П.), Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Арцимович Л.А. Элементарная физика плазмы. 3 изд. М., 1969;
Трубников Б.А. Введение в теорию плазмы. Ч. 1—3. М., 1969—78;
Основы физики плазмы. Т. 1—2. М., 1983—84;
Чен Ф.Ф. Введение в физику плазмы: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДНЯСТРО́ЎСКІ КАНФЛІ́КТ 1992,
міжнацыянальны ўзбр. канфлікт на тэр. Рэспублікі Малдова, які набыў форму ваен. дзеянняў (сак.—жн. 1992) паміж афіц. ўладамі Малдовы і кіраўніцтвам самаабвешчанай (1990) на левым беразе р. Днестр т.зв. Прыднястроўскай Малд. Рэспублікі (ПМР; цэнтр — г. Ціраспаль, 39% нас. малдаване, 26% — украінцы, 24% — рускія, 11% — інш.; 550 тыс. жыхароў у 2000). Улады Малдовы імкнуліся аднавіць фактычна страчаны суверэнітэт над усх. раёнамі краіны. Канфлікту папярэднічала абвастрэнне адносін паміж уладамі Малдовы і кіраўніцтвам ПМР у канцы 1991 — пач. 1992. Ваен. дзеянні пачаліся з інцыдэнту ў г. Дубэсар на левым беразе Днястра, дзе 2.3.1992 гвардзейцы ПМР захапілі падначалены МУС Малдовы раённы аддзел паліцыі. Нягледзячы на шматлікія міратворчыя намаганні (дзейнасць пагаджальнай камісіі бакоў, пасяджэнні ў Кішынёве міністраў замежных спраў Малдовы, Расіі, Украіны і Румыніі, па выніках якіх у крас. двойчы абвяшчалася спыненне агню, і інш.), маштабы канфлікту нарасталі. Арэнай узбр. супрацьстаяння стала ўся даліна р. Днестр, па якой пралягла мяжа непрызнанай ПМР. З боку Рэспублікі Малдова ў канфлікце ўдзельнічалі яе рэгулярныя войскі, падраздзяленні МУС і валанцёры, з боку ПМР — яе рэсп. гвардыя, апалчэнне, унутр. войскі, тэр.-выратавальныя атрады, фарміраванні казакоў-добраахвотнікаў з Расіі і інш. рэспублік б.СССР. У баях ужываліся артылерыя, танкі, авіяцыя. У канфлікт была ўцягнута 14-я рас. армія (штаб у г. Ціраспаль), якая абараняла свае аб’екты ад нападзенняў войск Малдовы. Да пач.ліп., калі ў асн. завяршылася актыўная стадыя канфлікту, у зоне баявых дзеянняў загінула 650 чал., 4 тыс. паранена (пераважна мірныя жыхары). Значна пацярпела эканоміка краю, асабліва прадпрыемствы гарадоў Бендэр і Дубэсар. Баявыя дзеянні паступова спыніліся без значных тэр. вынікаў для абодвух бакоў у пач.жн. 1992 пасля падпісання ў Маскве 21.7.1992 прэзідэнтамі Малдовы (М.Снегур) і Расіі (Б.Ельцын) Пагаднення аб прынцыпах мірнага ўрэгулявання ў Прыднястроўі. Прадугледжвалася захаванне тэр. цэласнасці Малдовы, наданне асаблівага статуса левабярэжжу Днястра, у т. л. права яго насельніцтва вырашаць свой лёс у выпадку далучэння Малдовы да Румыніі. Нягледзячы на наступныя шматлікія намаганні ўрадаў Малдовы, Расіі, Украіны і міжнар. арг-цый, паліт. праблемы, якія выклікалі ў 1992 П.к., да гэтага часу не вырашаны, бо Малдова настойвае на захаванні сваёй тэр. цэласнасці, а кіраўніцтва ПМР — на прызнанні яе незалежнай дзяржавай. Гл.таксамараздз. Гісторыя ў арт.Малдова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,
сацыялагічная тэорыя, змест якой складаюць законы і катэгорыі, што вызначаюць працу як неабходную ўмову жыццядзейнасці індывіда і грамадства. Аб’ектам С.п. з’яўляецца праца як з’ява і як працэс у іх сац. накіраванасці на чалавека, які працуе. Прадмет С.п. — сац.-тыповыя працэсы, якія адлюстроўваюцца ў адносінах чалавека да працы, яго прац. актыўнасці. Тыповым для С.п. з’яўляецца аналіз установак і паводзін чалавека ў залежнасці ад зместу і характару працы. У працэсе навукова-тэхн. прагрэсу тэхніка і тэхналогія вытв-сці ўдасканальваюцца. Гэта выклікае змены прац. функцый чалавека, суадносін ручной, механізаванай і аўтаматызаванай, атаксамафіз. і разумовай працы, ускладненне яе арг-цыі. Якасныя зрухі ў змесце працы ствараюць перадумовы для змены яе характару, што ў сваю чаргу ўплывае на змест працы, запавольвае або садзейнічае яе развіццю. Закон адпаведнасці вытв. адносін узроўню развіцця прадукц. сіл (К.Маркс) праяўляецца ў сферы працы ў выглядзе закону адпаведнасці яе характару і зместу; з’яўляецца адным з асн. законаў С.п. і стварае катэгарыяльны апарат дадзенай тэорыі.
С.п. развівалася пад уздзеяннем праблем, звязаных са зменай спосабу вытв-сці і адпаведнай зменай прац. адносін. Яе законы функцыянавалі і да ўзнікнення С.п. як навукі. Напр., закон падзелу працы ўзнік у рабаўладальніцкім грамадстве, эвалюцыйна развіваўся ў перыяд феадалізму і рэвалюцыянізаваў у 1950-я г. на этапе навукова-тэхн. рэвалюцыі. У працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай пачаў развівацца закон перамены працы, які рэвалюцыянізаваў амаль адначасова з законам падзелу працы. У капіталіст. вытв-сці пашырыў свае функцыі закон канкурэнцыі як асн. закон вытв-сці, які стымулюе развіццё законаў падзелу і перамены працы. З пачаткам фарміравання рыначнай сістэмы гаспадарання ў постсавецкіх грамадствах (1990-я г.) С.п. звязваецца з паводзінамі работадаўцаў і наёмных работнікаў у адказ на дзеянне эканам. і сац. стымулаў да працы. Асн. акцэнт робіцца на эканам. стымулы, якія рэгулююць прац. паводзіны сац.-прафес. груп. Большая ўвага аддаецца метадам аналізу і вырашэння прац. канфліктаў, сістэме сац. гарантый у сферы працы, сац. ін-там і механізмам сац. абароны работнікаў.
Літ.:
Штольберг Р. Социология труда: Пер. с нем. М., 1982;
Социология труда. М., 1993;
Маркович Д.Ж. Социология труда: Пер. с сербскохорв. М., 1997;
Адамчук В.В., Ромашов О.В., Сорокина М.Е. Экономика и социология труда. М., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦЯ́НСКІЯ ГРА́ДЫ, Свянцянскае ўзвышша,
дугападобная сістэма (з прагінам на Пд) напорных краявых ледавіковых град на ПнЗ Беларусі; фізіка-геагр. раен Бел.-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я). Назва дадзена ў 1930-я г. польскімі географамі ад г. Свянцяны (цяпер Швенчоніс, Літва). Працягнуліся ад воз. Дзіснай (Літва) на тэр. Беларусі, дзе накіраваны ў паўд.-ўсх. і паўн.-ўсх. напрамках у паўд.-зах.ч. Віцебскай і паўн.-зах.ч. Мінскай абласцей. Мяжуюць з Полацкай нізінай на Пн, Ушацка-Лепельскім узв. на У, Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізінамі на ПдУ і Пд. Выш. да 228 м у межах Беларусі (288, каля г. Швенчоніс, Літва), працягласць з 3 на У 120—130 км, з Пн на Пд 35—45 км. Пл. 2,7 тыс.км². С.г. прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў дэвонскага, мелавога, палеагенавага ўзросту. Антрапагенавыя ўтварэнні (магутнасць больш за 100 м) дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Рэльеф буйнаўзгорысты і градава-марэнна-азёрны, сфарміраваўся пераважна пад уплывам ледавіка паазерскага зледзянення. У фарміраванні паверхні вял. ролю адыграў актыўны ледавік (марэны напору, гляцыядыслакацыі, адорвені, ледавіковыя лагчыны), атаксама пасіўны («мёртвы»), які ўплываў на ўтварэнне камаў, озаў, тэрмакарставых і падпрудных азёрных катлавін. Адносныя перавышэнні рэльефу да 50—60 м. У паніжэннях і лагчынах паміж марэннымі градамі шмат невялікіх, глыбокіх азёр, размешчаных групамі (Лучайская, Мядзельская, Доўгаўская, Глыбоцкая) і злучаны пратокамі і малымі рэчкамі.
Тут знаходзіцца самае глыбокае на Беларусі воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Па градах праходзіць водападзел паміж бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман. На паўн. схілах пачынаюцца рэкі Мядзелка, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута; на паўд. — Страча, Сэрвач. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, торф, сапрапель. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя; месцамі эрадзіраваныя, у паніжэннях глеістыя, часам карбанатныя. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі, займаюць каля 25% тэрыторыі. Пашыраны мяшаныя драбналістыя маладнякі і субаравыя хвойнікі, месцамі дубовыя і шыракаліста-яловыя асацыяцыі. У паніжэннях зараснікі вярбы, бярозы, хвоі, чорнай вольхі. Пад ворывам больш за 40% тэрыторыі, характэрна драбнаконтурнасць с.-г. угоддзяў (пл. 3—4 га). Асаблівасці рэльефу садзейнічаюць праяўленню плоскаснага змыву глеб. У межах С.г. частка нац. парку Нарачанскі; заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічныя Доўгае і Белае, біял.Некасецкі, Рудакова, Пасынкі.
В.П.Якушка.
Свянцянскія грады ў Мядзельскім раёне Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВІТУ́ТЫ [ад лац. servitus (servitutis) рабства, падначаленасць],
абмежаванае права карыстання чужой уласнасцю. Інстытут С. склаўся ў рым. праве з мэтай прававога ўрэгулявання супрацьлеглых інтарэсаў прыватных уласнікаў. У эпоху феадалізму С. існавалі ў тых краінах, дзе дзейнічала рым. права. Бурж. права таксама захавала і рэгламентавала С. Найб. пашыранымі былі зямельныя С. (права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэр., карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і інш.), у т. л. на Беларусі, Правабярэжнай Украіне, у Літве, Каралеўстве Польскім, прыбалтыйскіх губ. Расіі. Яны ўяўлялі сабой абшчынныя землі, захопленыя ў сялян памешчыкамі ў час прыгону. Імкненне памешчыкаў зрабіць С. крыніцай дадатковых даходаў стала адной з прычын барацьбы за зямлю паміж сялянамі і феадаламі. У выніку сялянскай рэформы 1861 зямельныя С. заставаліся ўласнасцю памешчыкаў. За сялянамі захавалася права карыстання гэтымі ўгоддзямі, але «Мясцовыя палажэнні» агаворвалі яго невыразна і недакладна. Ва ўстаўных граматах зямельныя С. нават не называліся, што давала магчымасць памешчыкам пазбаўляць сялян права карыстання імі. На Беларусі і ў Літве толькі паўстанне 1863—64 прымусіла мясц. ўлады, а потым і царскі ўрад заняцца пытаннем С. Віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў загадаў пры складанні выкупных актаў часова захаваць за сялянамі права карыстання пашавымі і ляснымі С. да адвядзення ім часткі такіх угоддзяў. Але сервітутныя правы сялян вызначаліся няпэўна, што давала магчымасць памешчыкам для злоўжыванняў. Да пач. 1870-х г. сяляне атрымалі права за вызначаную плату карыстацца палівам з панскіх лясоў. У Зах. і Цэнтр. Беларусі ў 1860-я г. С. карысталіся 56% сял. двароў, надзеленых зямлёй, на пач. 20 ст. — каля трэці б. панскіх сялян. С. ліквідаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917. Сяляне Зах. Беларусі вялі барацьбу за С. да 1939.
Літ.:
Палонскі А.В. Пашавыя сервітуты ў парэформеннай беларускай вёсцы // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1959. №4;
Яго ж. Сервитуты в аграрном строе Белоруссии феодальной формации // Из истории крестьянства Белоруссии: Сб. ст.Мн., 1978;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг.Мн., 1962;
Мулявичюс Л.П. К вопросу об изучении истории крестьянских сервитутов // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1971 г. Вильнюс, 1974;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАРГО́НЬ,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Оксна (левы прыток р. Вілія) і яе прытоку р. Гервятка. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Вільнюс, вузел аўтадарог на Маладзечна, Вільнюс, Крэва, Свір. За 260 км на ПнУ ад Гродна. 36,7 тыс.ж. (2001).
Вядома з 15 ст. ў ВКЛ як прыватнае мястэчка Зяновічаў, з 1-й пал. 17 ст. — Радзівілаў, Пшаздзецкіх. Мела таксама назвы Смургоні, у 19 ст. — Смаргоні. Каля 1590 у С. засн. папяровая мануфактура, школа, шпіталь. У 1622 у С. 139, у 1640—155 домаўласнікаў, 20% жыхароў займаліся рамяством. У 17 ст. Радзівілы заснавалі тут школу дрэсіроўкі мядзведзяў — «Смаргонскую акадэмію». У 1788 у С. 3 фальваркі, 393 двары. 3 бровары, 3 млыны, 2 прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, гарбарня. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Віленскай губ. (з 2-й пал. 19 ст. цэнтр воласці). У вайну 1812 пры адступленні франц. войск у С. спыняўся імператар Напалеон, тут ён перадаў камандаванне арміяй маршалу І.Мюрату. У 19 ст. — пач. 20 ст. С. — цэнтр гарбарнай і швейнай прам-сці Беларусі. Развіццю мястэчка спрыяла буд-ва Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897—7,5 тыс.ж., у 1900—10,2 тыс.ж., пошта, 2 вучылішчы, 2 багадзельні, 2 бальніцы, 2 царквы, касцёл, 2 сінагогі; з-ды: 44 гарбарныя, 2 вінакурныя, 2 махорачна-тытунёвыя, мылаварны, 2 піваварні; 75 крам, штотыднёвыя кірмашы. У 1-ю сусв. вайну у 1915—18 праз С. праходзіла лінія фронту, мястэчка разбурана. У 1920—22 у складзе Сярэдняй Літвы. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Смаргонскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 3896 чал. У 1970—10,1 тыс. ж.
Працуюць Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання, Смаргонскі завод сухога абястлушчанага малака, прадпрыемства «Смаргоньсілікатабетон», з-ды агрэгатны, камбікормавы, ліцейна-мех., ільнозавод; 7 сярэдніх школ, у т. л. школа-інтэрнат, 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, Дом творчасці дзяцей і моладзі, Дом культуры, Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік вызваліцелям. Помнікі архітэктуры: Смаргонскі кальвінскі збор, капліца.
Літ.:
Ковкель И.И., Мараш И.Я. Сморгонь: Ист.-экон. очерк. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ СПА́ДЧЫНА,
прыродныя аб’екты і помнікі культуры краін і народаў свету, якія маюць унікальную каштоўнасць, з’яўляюцца здабыткам усяго чалавецтва і падлягаюць калектыўнай адказнасці за іх захаванне. У рамках Канвенцыі аб ахове культ. і прыроднай спадчыны, прынятай Ген. канферэнцыяй ЮНЕСКА (1972, дакумент набыў сілу ў 1975, калі колькасць дзяржаў-бакоў дасягнула 20), дзейнічае Камітэт С.с. з прадстаўнікоў 21 краіны. На падставе вызначаных крытэрыяў ён разглядае унікальныя культ. і прыродныя аб’екты і ўключае іх у спіс С.с. Помнікі культуры С.с. павінны адпавядаць наступным крытэрыям: складаць унікальны ансамбль; быць аб’ектам, які значна паўплываў на жыццё краіны; служыць сведчаннем зніклай цывілізацыі; ілюстраваць пэўны важны перыяд у гісторыі дзяржавы ці народа; з’яўляцца унікальным узорам традыц. ладу жыцця; звязаны з ідэямі або вераваннямі, што маюць сусв. значэнне. Прыродныя аб’екты С.с. павінны: ілюстраваць пэўны этап эвалюцыі Зямлі; наглядна адлюстроўваць сучасныя геал. працэсы; быць унікальнымі прыроднымі аб’ектамі, выключнымі сваёй прыгажосцю; з’яўляцца месцам пражывання знікаючых відаў раслін і жывёл. Шэраг помнікаў і аб’ектаў, уключаных у спіс С.с., адпавядае некалькім названым крытэрыям. Кожная дзяржава, што падпісала Канвенцыю, падае ў к-т пералік культ. і прыродных каштоўнасцей, якія маюць агульначалавечае значэнне. Гэтым яна бярэ на сябе абавязак ахоўваць названыя нац. скарбы. Калі К-т уносіць іх у спіс, у рамках Фонду С.с., заснаванага Канвенцыяй, дзяржава можа ў той ці іншай форме атрымаць дапамогу для забеспячэння захаванасці помніка ці аб’екта. Фонд фарміруецца з узносаў дзяржаў-бакоў і грашовых сум, унесеных краінамі, установамі і прыватнымі асобамі. З яго сродкаў аказваецца матэрыяльная і тэхн. дапамога краінам, якім яна патрэбна, атаксама фінансуецца падрыхтоўка спецыялістаў. Да Канвенцыі далучыліся (2000) 122 краіны, у т. л. Беларусь (з 1988). У спіс С.с. (вядзецца ў алфавітным парадку) уключаны 690 аб’ектаў (529 культурных, 138 прыродных, 23 мяшаныя), сярод іх асобныя арх. збудаванні і ансамблі — Афінскі акропаль, Ам’енскі сабор, Шартрскі сабор, Кіеўскі Сафійскі сабор; гіст. цэнтры Варшавы, Вільнюса, Рыгі, Крэмль Маскоўскі і Красная плошча (Расія); гарады — Бразілія, Венецыя і інш.; нац. паркі — Вялікага Бар’ернага Рыфа (Аўстралія), Белавежскі нацыянальны парк (Польшча) і інш. На Беларусі ў спіс С.с. ўключаны Белавежская пушча (1979) і Мірскі замкава-паркавы комплекс (2000).
Літ.:
Кисель В.П. Памятники Всемирного наследия. 2 изд. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТАЛІТАРЫ́ЗМ (франц. totalitarisme ад лац. totus увесь, цэлы),
1) сацыяльна-паліт. сістэма, у якой ажыццяўляецца поўнае падпарадкаванне грамадства, яго паліт., эканам., сац. і духоўнага жыцця ўладзе пануючай эліты. Асн. рысы Т.: манапалізацыя ўлады пэўнай паліт. партыяй і абсалютная ўлада яе правадыра; усёахопны паліт. кантроль дзяржавы над усімі сферамі грамадскага жыцця; апора паліт. рэжыму на дэкласаваныя, люмпенізаваныя пласты і групы насельніцтва; буйнамаштабнае выкарыстанне метадаў насілля і тэрору як сродкаў захавання і ўмацавання таталітарнага рэжыму; мілітарызацыя эканомікі і ўсіх сфер грамадскага жыцця; адхіленне большасці насельніцтва ад удзелу ў фарміраванні і дзейнасці дзярж. і паліт. органаў; забарона дзейнасці дэмакратычна арыентаваных арг-цый і падаўленне апазіцыі; панаванне агульнай для ўсіх ідэалогіі, якая, як правіла, мае утапічны характар і абгрунтоўвае неабходнасць таталітарнага рэжыму, які нібыта служыць сродкам перабудовы грамадства з мэтамі дасягнення «новага парадку», «усеагульнага дабра», «светлай будучыні» і да т.п.
2) Канцэпцыя, якая абгрунтоўвае сутнасць таталітарнай дзяржавы і адпаведнага паліт. рэжыму. Вытокі канцэпцыі Т. ў вучэнні пра татальнасць (гл.Цэласнасць), якое распрацоўвала ням. філасофія 19 ст.Паліт. накіраванасць тэрміну «Т.» надалі ў 1920-я г. крытыкі фашысцкага рэжыму ў Італіі Дж.Амендала і П.Габеці. Тэарэтыкі фашызму Дж.Джэнтыле і А.Роска (Італія), Э.Юнгер і К.Шміт (Германія) і інш. выкарыстоўвалі канцэпцыю Т. для абгрунтавання неабходнасці фаш. таталітарнага рэжыму, ідэй «татальнай дыктатуры», «татальнай дзяржавы», «татальнай волі да ўлады», «татальнай мабілізацыі». У 1930—40-я г. прадстаўнікі франкфурцкай школы распрацоўвалі аналітыка-крытычную трактоўку Т. як сац. механізму захавання ўлады ў руках правадыра, татальнага панавання ваенна-паліт. рэжыму, падаўлення апазіцыі, масавага тэрору і поўнай бяспраўнасці чалавека (Т.Адорна, Г.Маркузе, Э.Фром і інш.). У 1950—80-я г. аналітычная канцэпцыя Т. выкарыстоўвалася для крытыкі камуніст.сац.-паліт. сістэмы (Г.Арэнт, З.Бжазінскі, М.Джылас і інш.). Гл.таксамаАўтарытарызм, Культ асобы.
Літ.:
Арон Р. Демократия и тоталитаризм: Пер. с фр.М., 1993;
Арендт Х. Истоки тоталитаризма: Пер. с англ.М., 1996;
Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996;
Иванов Ю.М. Очерки теории и практики тоталитарного социализма. М., 1997;
Соловьев Э.Г. Феномен тоталитаризма в политической мысли России и Запада. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАГУКАВА́Я ТЭ́ХНІКА,
тэхніка, звязаная з генерыраваннем і выкарыстаннем ультрагуку. Пашырана ў машынабудаванні (прылады і прыстасаванні ультрагукавой апрацоўкі матэрыялаў, ультрагукавой дэфектаскапіі, ультрагукавой зваркі), вытв-сці аптычных прылад, радыёэлектроніцы, металургіі, хіміі, медыцыне і інш.
Да У.т., звязанай з генерыраваннем ультрагукавых ваганняў, адносяцца магнітастрыкцыйныя і п’езаэлектрычныя пераўтваральнікі, інш.акустычныя выпрамяняльнікі, акустычныя канцэнтратары, ультрагукавыя кантрольна-вымяральныя прылады (мікраскопы, расхадамеры, вісказіметры, дэфектаскопы, гідралакатары, рэхалоты, аптычныя мадулятары, узроўнямеры, таўшчынямеры, устройствы гукабачання і інш.). Выкарыстоўваюцца таксама ультрагукавыя сродкі, прызначаныя для апрацоўкі і аналізу эл. сігналаў, кіравання імі (акустааптычныя і акустаэлектронныя прылады). Атрымалі пашырэнне сродкі У.т. тэхнал. прызначэння: ультрагукавыя станкі (для чыставой апрацоўкі і даводкі дэталей з матэрыялаў высокай цвёрдасці; у іх ультрагукавыя ваганні надаюцца інструменту і праз часцінкі абразіўнай сумесі перадаюцца матэрыялу); ультрагукавыя паяльнікі (іх рабочая частка вагаецца з ультрагукавой частатой), зварачныя прыстасаванні і інш. З дапамогай магутнага ультрагуку паскараецца шэраг працэсаў цепла- і масаабмену ў металургіі; ультрагукавая кавітацыя выкарыстоўваецца для ачысткі дробных (у гадзіннікавай вытв-сці, прыладабудаванні, электроннай тэхніцы) і буйных вытв. дэталей (трансфарматарнага жалеза, пракату і інш.). Ультрагук дазваляе апрацоўваць дэталі крохкія і складанай канфігурацыі. У многіх хіміка-тэхнал. працэсах ультрагук непасрэдна дзейнічае на рэчыва (полімерызацыя, акісленне, аднаўленне і інш.). З дапамогай У.т. атрымліваюць высокадысперсныя суспензіі, эмульсіі, робяць каагуляцыю аэра- і гідразоляў, дыспергаванне цвёрдых і вадкіх рэчываў. Шырока выкарыстоўваецца ультрагукавая мед. апаратура: прылады і прыстасаванні для дыягностыкі, тэрапеўтычнага і хірургічнага лячэння. У біялогіі прылады У.т. выкарыстоўваюцца для лакальнага награвання тканак, што павышае інтэнсіўнасць працэсаў абмену рэчываў.
На Беларусі даследаванні ў галіне У.т. і тэхналогіі вядуцца з 1960-х г. у ін-тах Нац.АН Беларусі (фізіка-тэхн., прыкладной фізікі, тэхн. акустыкі, электронікі), Бел.нац.тэхн. ун-це і інш.
Літ.:
Северденко В.П., Клубович В.В. Применение ультразвука в промышленности. Мн., 1967;
Физика и техника мощного ультразвука. Т. 1—3. М., 1967—69;
Хорбенко И.Г. Ультразвук в машиностроении. М., 1974;