ФЕДАРО́ЎСКІ (Federowski) Міхал (1.9.1853, Варшава — 10.6.1923),
польскі і бел. фалькларыст, этнограф, археолаг. Чл. Львоўскага этнагр.т-ва (1896), Антрапалаг. камісіі Акадэміі ведаў у Кракаве (1899), Польскага краязнаўчага т-ва, Кракаўскага нумізматычна-археал.т-ва, Т-ва сяброў навук у Вільні і інш. Скончыў Варшаўскую прагімназію (1870). З 13 гадоў хварэў на туберкулёз. У 1873—74 вольны слухач Пятроўска-Разумоўскай акадэміі (пад Масквой). Удзельнічаў у фальклорна-этнагр. экспедыцыях з З.Глогерам. У 1875—77 даследаваў польскі фальклор і этнаграфію (манаграфія «Люд ваколіц Жарак, Севежа і Піліцы...», т. 1—2, 1888—89). У 1877—1904 у зах. Беларусі. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа, збіраў кнігі, гіст. дакументы, творы жывапісу і графікі, раскопваў курганы, стараж. паселішчы і могільнікі, збіраў матэрыялы да археал. карты дагіст. Беларусі і інш. Сабраў больш за 5 тыс.бел.нар. песень (больш як 1,5 тыс.бел. песенных і танц. мелодый для Ф. запісалі Я.Карловіч, Л.Патул, І.Трачык), каля 10 тыс. прыказак, сотні казак, загадак, легендаў, нар. павер’яў, забабонаў, прымхаў, парад па нар. медыцыне і г.д.З 1904 у Варшаве. Падтрымліваў кантакты з рэдакцыяй «Нашай нівы», сустракаўся з Г.Леўчыкам, Р.Зямкевічам. Фальклорныя матэрыялы ўвайшлі ў працу «Люд беларускі» (т. 1—8, 1897—1981). Рукапісная спадчына Ф. (фальклорныя запісы, апісанні побыту беларусаў, каляндарных і сямейных абрадаў, заняткаў насельніцтва, прылад працы і гасп. начыння, муз. інструментаў і інш.) у Рукап. аддзеле б-кі Варшаўскага ун-та, у Навук. архіве Польскага этнагр.т-ва (Вроцлаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДАУкраіны, Украінская цэнтральная рада (УЦР),
вышэйшы заканадаўчы і выканаўча-распарадчы орган улады на Украіне ў 1917—18. Створана 4(17).3.1917, неўзабаве пасля Лют. рэвалюцыі, як кіруючы орган аб’яднання ўкр.нац. партый сацыяліст. арыентацыі (Укр. партыя сацыялістаў-федэралістаў, Укр.с.-д. рабочая партыя, Украінская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). Абапіраючыся на падкантрольныя ёй Саветы і ўкр.вайск. часці, да восені 1917 набыла рысы паралельнага органа ўлады. У маі—ліп. 1917 УЦР налічвала 815 членаў. Старшыня — М.С.Грушэўскі, які ўзначальваў і Малую Раду (30 чл.) — пастаянна дзеючы заканад. орган УЦР. Яе выканаўчы орган — Ген. сакратарыят (зліст. 1917 пашыраны Ген. сакратарыят, у студз. 1918 рэарганізаваны ў Савет Міністраў); яго старшыня і ген. сакратар (міністр) унутр. спраў — У.К.Віннічэнка (са студз. 1918 старшыня СМ У.А.Галубовіч), ген. сакратар (міністр) па ваен. справах — С.В.Пятлюра. УЦР варожа ставілася да Кастр. рэвалюцыі 1917. З дапамогай сваіх войск 31.10(13.11).1917 захапіла ўладу ў Кіеве. У сваім 3-м універсале 7(20).11.1917 абвясціла Украінскую Народную Рэспубліку (УНР), а сябе — яе вышэйшым органам. У 4-м універсале 9(22).1.1918 абвясціла поўную незалежнасць УНР. УЦР ад імя УНР удзельнічала ў перагаворах аб міры з краінамі аўстра-герм. блоку (гл.Брэсцкі мір 1918), якія 30.12.1917 (12.1.1918) прызналі яе дэлегацыю самастойнай, а 19.1.(1.2).1918 і незалежнасць УНР; 27.1(9.2).1918 падпісалі з ёй сепаратны дагавор аб міры і саюзе. УЦР папрасіла ваен. дапамогу супраць сав. Расіі і разам з аўстра-герм. войскамі 1.3.1918 вярнулася ў Кіеў, які 26.1(8.2).1918 пакінула пад націскам сав. войск. Ва ўмовах аўстра-герм. акупацыі Украіны УЦР не здолела забяспечыць вываз харчавання ў Германію і падавіць вызв. рух. У выніку паміж ёй і герм. камандаваннем узніклі супярэчнасці. 29.4.1918 ген. П.П.Скарападскі пры падтрымцы герм. войск разагнаў УЦР і ўстанавіў дыктатарскі рэжым — гетманшчыну.
Кр.:
Українська Центральна Рада: Док. і матеріали. Т 1—2. Київ, 1996—97.
Літ.:
Мироненко О.М. Світоч украінської державності: Політико-правовий аналіз діяльності Центральної Ради. Київ, 1992;
Діячі Украіньскоі Центральної Ради: Біогр. довід. Киів, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся на ПдУ Беларусі; у Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Лоеўскім, Брагінскім, Рэчыцкім, Жлобінскім, Хойніцкім, Светлагорскім, Калінкавіцкім і Нараўлянскім р-нах. Мяжуе з Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінамі на Пн, з Чарнігаўскім на Пд, з Прыпяцкім і Мазырскім Палессем на З, з раўнінамі Бранскай вобл. Расіі на У. Выш. 100—150 м, пл. каля 16,5 тыс.км², працягласць зЗ на У да 126 км, зПн на Пд каля 180 км. У тэктанічных адносінах прымеркавана пераважна да Прыпяцкага прагіну. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, палеазою і антрапагену. Асабліва развіты верхнедэвонскія саляносныя адклады магутнасцю да 3000 м. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць ад 20 м на Пд да 60 м на ПнЗ) складзена з асадкаў 3 ледавіковых і міжледавіковых перыядаў. Паверхня Гомельскага Палесся пласкахвалістая, радзей хвалістая, з нахілам на Пд. Ваганні адносных вышынь 3—5 м/км². Азёрна-алювіяльная і алювіяльная тэрасаваныя раўніны значна пашыраны на У, у межах Прыдняпроўскай нізіны. На Гомельскім Палессі найб. вылучаюцца Хойніцка-Брагінскія вышыні, на левабярэжжы р. Прыпяць — Юравіцкае ўзвышша. Уздоўж правага берага Дняпра вылучаюцца пясчаныя зандравыя раўніны. У далінах рэк Дняпро, Прыпяць і Сож выразныя поймы і 2 надпоймавыя тэрасы. Паверхня тэрас слабахвалістая, ускладненая дзюнамі, астанцамі, марэнамі ў выглядзе ўзгоркаў, лагчынамі, западзінамі. Карысныя выкапні: нафта, соль, торф, гліны, мел, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600 мм за год. Гомельскае Палессе прарэзана Дняпром і нізоўямі яго прытокаў — Сажа, Бярэзіны і Прыпяці. На У нізоўі рэк Беседзь, Іпуць, Уць; у зах.ч. цякуць рэкі Жалонь, Мытва, Віць, Іпа; у паўд. — р. Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя пясчана-супясчаныя, на балотах — тарфянабалотныя, у поймах гал. рэк — алювіяльныя дзярновыя забалочаныя. Найб. лясістасць (да 55%) на ПдЗ, найменшая (да 22%) на ПдУ. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорна-альховыя, бярозавыя лясы і дубровы. У поймах рэк злакавыя астэпаваныя і злакавыя гідрамезафільныя лугі. Пад ворывам 25%, сухадольнымі лугамі і пашай 19%, забалочана 7% тэр. У межах Гомельскага Палесся Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, бат. заказнікі Веткаўскі і Шабрынскі, біял. заказнік Чырковіцкі, ландшафтныя заказнікі Стрэльскі і Смычок.
Да арт.Гомельскае Палессе. Меліяраванае балота ў Хойніцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСЕЛО́НА (Barcelona),
горад на ПнУ Іспаніі, у міжрэччы рэк Бесас і Льёбрэгат. Адм. ц.аўт. вобласці Каталонія і прав. Барселона. 1624 тыс.ж., у агламерацыі больш за 4,65 млн.ж. (1991; 2-і пасля Мадрыда па колькасці жыхароў). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м., аўтамаб., паромныя зносіны з партамі Балеарскіх і Канарскіх а-воў, суседніх краін. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Асн. галіны прам-сці: тэкст. (1-е месца ў краіне), машынабудаванне (у т. л. аўта-, судна-, лакаматывабудаванне), вытв-сцьэнергет. абсталявання, станкабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае і інш., хім., цэлюлозна-папяровая, паліграф., цэм., гарбарная, харч. і інш. Метрапалітэн. Барселонскі універсітэт і 2 інш. ун-ты. Музеі: археал.; нар. рамёстваў і мастацтваў; Федэрыка Марэса; гісторыі горада; прыгожых мастацтваў у Каталоніі; сучаснага мастацтва; Музей Пікаса. Месца правядзення міжнар.гандл.-прамысл. кірмашоў. Сусв. выстаўкі ў 1888 і 1929. У Барселоне адбыліся XXV летнія Алімп. гульні (1992).
Першапачаткова грэч., з 236 да нашай эры карфагенская, з 218 да нашай эры рым. калонія. У 415 захоплена вестготамі, у 6 ст. сталіца іх дзяржавы. З 712 пад уладай арабаў, з 801 сталіца франкскай Ісп. маркі, пасля яе падзелу (874) — Барселонскага графства, у 1137 — аб’яднанага зАрагонам. У час грамадз. вайны ў Барселоне знаходзіўся рэсп. ўрад (1937—39). З 1977 адм. ц.аўт. вобласці Каталонія.
Стары і Новы гарады звязаны пл. Пласа дэ Каталунья, якая акружана фантанамі і скульпт. групамі (1927), з’яўляецца дзелавым цэнтрам Барселоны. Помнікі архітэктуры: раманская царква Сан-Пабла дэль Кампе (10—13 ст.); гатычныя сабор (1298—15 ст.); царква Санта-Марыя дэль Мар (1320—70); біржа (1380—92); судовая палата «Аўдыенсія» (15 ст.); барочная царква Нуэстра Сеньёра дэ Белен (1687—1729). У канцы 19 — пач. 20 ст. Барселона — буйны цэнтр архітэктуры стылю мадэрн і авангардызму. Своеасаблівасць гораду надаюць мудрагелістыя пабудовы арх. А.Гаўдзі (паркавы комплекс Гуэль, 1885—89; царква Саграда Фамілія, з 1884, не закончана; жылыя дамы Каса Батла, 1905—07, і Каса Міла, 1905—10). Сучасныя пабудовы: аўтамаб.з-д «SEAT», Дом гандлю, будынак Калегіі архітэктараў з фрызам па эскізах П.Пікаса.
Барселона. Жылы дом Каса Міла. Арх. А.Гаўдзі. 1905—10.Барселона. Дом гандлю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТКАВІЦКІ РАЁН,
на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс.км². Нас. 51,2 тыс.чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.
Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл зПн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш. пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-растудз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр.Найб. лясістасць на Пн, З і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр.Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш.Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс.га, з іх асушана 33,5 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.
Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавы з-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МПА (франц. pompe),
машына (апарат, прылада) для напорнага перамяшчэння (нагнятання, усмоктвання) вадкасці або мех. сумесі вадкасці з цвёрдымі часцінкамі. Бываюць мех., цеплавыя і электрамагнітныя пампы. П. наз. таксама прыстасаванні для стварэння і падтрымання вакууму (вакуумныя помпы), для перамяшчэння матэрыялаў (бетонапомпы, растворапомпы, грунтавыя П. і інш.). Выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай і горнай прам-сці, сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, у гідратэхніцы, цеплаэнергетыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя мех. П. падзяляюцца на дынамічныя (у іх вадкае асяроддзе перамяшчаецца пад сілавым уздзеяннем на яго ў камеры, якая пастаянна злучана з уваходам і выхадам П.) і аб’ёмныя (вадкасць перамяшчаецца ў выніку перыяд. змен аб’ёму камеры, што папераменна злучаецца з уваходам і выхадам П.). Дынамічныя П.: лопасцевыя (цэнтрабежныя і восевыя), віхравыя, чарпаковыя, П. трэння — шнэкавыя (у т. л. лабірынтныя), дыскавыя і струменныя помпы (у т. л.гідраэлеватары, інжэктары). Аб’ёмныя П.: ротарныя (у т. л. вінтавыя, шасцерневыя, пласціністыя. радыяльна-поршневыя, аксіяльна-поршневыя помпы), зваротна-паступальныя (поршневыя, плунжэрныя, дыяфрагмавыя) і інш. Звычайна П. разам з рухавіком і перадачай уваходзіць у склад помпавага агрэгата, якія разам з трубаправодамі, рэзервуарамі для вадкасці, засаўкамі і інш. арматурай, кантрольна-вымяральнымі прыладамі складае помпавую ўстаноўку. П. — асн. абсталяванне помпавых станцый рознага прызначэння. Для перамяшчэння газаў звычайна выкарыстоўваюць кампрэсары. Першую П. (поршневую) вынайшаў стараж.-грэч. механік Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.). Вярчальныя П. (ротарныя) апісаны франц.інж. А.Рамелі ў 1588, ротарныя колаваротныя (правобраз сучасных зубчастых) — І.Лейрэхонам у 1624. Цэнтрабежная П. прапанавана франц. вучоным Д.Папенам (1689), віхравая — ням.інж. С.Хіншам (1920). У Расіі цэнтрабежныя П. пачалі вырабляць з 1880, восевыя ў СССР — з 1932.
На Беларусі цэнтрабежныя П. для розных галін прам-сці і камунальнай гаспадаркі выпускае Бабруйскі машынабуд. з-д, аксіяльна-поршневыя — гомельскі з-д «Гідрапрывод».
У.М.Сацута.
Схемы помпаў: а — цэнтрабежнай (1 — рабочае кола, 2 — вадкасць); б — восевай (1 — лопасці рабочага кола, 2 — накіравальны апарат); в — шасцерневай (1 — рабочыя шасцерні, 2 — засцерагальны клапан, 3 — усмоктвальная адтуліна); г — пласціністай (1 — ротар, 2 — пласціна, або шыбер); д — радыяльна-поршневай (1 — ротар, 2 — поршань, 3—4 — поласці ўсмоктвання і нагнятання); е — поршневай (1 — рабочая камера, 2 — поршань, 3 — шток, 4 — шатун, 5 — крывашып, 6 — махавік, К — клапаны); ж — плунжэрнай (1—2 — усмоктвальны і нагнятальны клапаны, 3 — плунжэр); з — дыяфрагмавай (1 — дыяфрагма, 2—3 — нагнятальны і ўсмоктвальны клапаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДАПАДЗЕ́Л,
вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.І.Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.У.Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб. напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.В.Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧО́РСАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Шчорсы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Сфарміраваўся ў б. маёнтку Храптовічаў (вядомы з 16 ст.), з канца 19 ст. належаў графу К.А.Буцянёву. Створаны падканцлерам ВКЛ І.Л.Храптовічам. Уключаў палац, павільён б-кі, 2 флігелі, службовыя і гасп. пабудовы, парк. Палац пабудаваны ў 1770—76 арх. Я.Габрыэлем паводле праекта Дж.Сака з удзелам К.Спампані. Будынак мураваны, 1-павярховы, П-падобны ў плане, з парадным дваром; накрыты вальмавым дахам з мансардавай ч. і купальным завяршэннем у цэнтры. Гал. фасад вылучаны 4-пілястравым порцікам з трохвугольным франтонам, паркавы фасад — паўкруглым эркерам з радам авальных люкарнаў. У афармленні інтэр’ераў удзельнічалі мастакі Манькоўскі і А.Смуглевіч, выкарыстаны карціны Ю.Карчэўскага. Больш спрошчаную арх. трактоўку мелі 1-павярховыя крылы (1777), рытмічна расчлянёныя на франтальных фасадах прамавугольнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. У пач. 19 ст. да палаца прыбудаваны 2 сіметрычна размешчаныя 1-павярховыя прамавугольныя ў плане флігелі (захаваўся заходні). Флігелі агароджай са слупоў аб’ядноўваліся зманум. брамай у стылі барока. Цэнтр. корпус палаца разбураны ў Вял.Айч. вайну (захаваліся скляпеністыя падвалы). У канцы 18 ст. спецыяльна для бібліятэкі (каля 10 тыс. тамоў кніг, стараж. рукапісы, архіў) пастаўлены 2-павярховы будынак у стылі класіцызму. У б-цы працавалі гісторыкі, паэты, у т. л. І.Лялевель, М.Пачобут-Адляніцкі, М.Вольскі, У.Сыракомля, Я.Чачот (як бібліятэкар), у 1819 і 1820 у Шчорсах жыў А.Міцкевіч. У 1915 граф Буцянёў ч. б-кі (4,5 тыс. тамоў) перадаў Кіеўскаму ун-ту, астатняя ч. трапіла ў г. Кракаў (Польшча). Сярод гаспадарчых пабудоў (кухня, майстэрня, карэтная і інш.) вылучаўся будынак вяндлярні (канец 19 — пач. 20 ст.) — круглая вежападобная пабудова пад высокім гонтавым дахам, заломам на пакатым шатровым пакрыцці. Парк (пл. каля 40 га) пейзажнага тыпу, закладзены ў канцы 18 ст. У парку помнік прыроды — т.зв. дуб Міцкевіча. За 1 км на З ад комплексу ў рэтраспектыўных формах замкавага дойлідства пабудаваны гасп. двор, т.зв. мураванка Храптовічаў (карпусы стайняў, вуглавыя круглыя вежы).
Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс. З гравюры 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТР У 1920—80-я гады.
Адметная асаблівасць пач. 1920-х г. — арганізацыя дзярж. тэатраў. 14.9.1920 спектаклем «Рысь» паводле апавядання Э.Ажэшкі адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, якому ў 1926 нададзена найменне Першага (БДТ-1). 17.9.1920 калектыў паказаў другі спектакль — «Паўлінку» Я.Купалы. Тэатр стаў наследнікам Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Яго арганізатарам і кіраўніком стаў Ф.Ждановіч, большасць акцёраў перайшла ў нанова пераўтвораны калектыў. На сцэну былога Мінскага гар. тэатра перанесена ў дапрацаваным выглядзе большасць спектакляў Першага таварыства. У канцы 1921 калектыў узначаліў Е.Міровіч. Тэатр папоўніўся маладымі акцёрамі, з якімі вялася вучэбна-студыйная праца. У калектыў прыйшлі В.Галіна, Г.Глебаў, У.Крыловіч, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі, якія разам з Г.Грыгонісам, І.Ждановіч, Л.Ржэцкай і інш. склалі выдатнае першае пакаленне тэатра, выхаванае Е.Міровічам. Сярод яго найб. значных пастановак: «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода», «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (усе п’есы Е.Міровіча), «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Р.Кобеца. Асабліва вылучыўся акцёр магутнага драм. тэмпераменту У.Крыловіч, які выконваў цэнтр. ролі. Тэатр у 1920-я г. прайшоў складаны шлях развіцця: ад жыццёвага праўдападабенства, побытавага рэалізму (пастаноўкі Ф.Ждановіча), праз канструктывізм («Мешчанін у дваранах» Мальера, «Перамога» Е.Міровіча) і рамантычна-ўзнёслую плынь да паглыбленага псіхалагізму (пастаноўкі Е.Міровіча).
10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» У.Галубка пачала працу Трупа беларускіх артыстаў пад загадам У.Галубка, якая з 1924 называлася Другая бел.дзярж. трупа, з 1926 — Бел.дзярж. вандроўны тэатр, з 1932 — Трэці бел.дзярж. тэатр (БДТ-3). Напачатку акцёрамі ў ім працавалі члены сям’і У.Галубка: жонка Ядвіга Аляксандраўна, дочкі Багуся, Міла і Люся; бел. пісьменнікі І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот і інш. Пазней у калектыў прыйшлі С.Бірыла, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш., якія набылі шырокую вядомасць і прызнанне. Тэатр наследаваў традыцыі бел.фалькл.сцэн. мастацтва. У рэпертуары пераважалі меладрамы — спектаклі моцных страсцей, адкрытага, бурнага ўсплёску акцёрскага тэмпераменту, яркіх сцэн. фарбаў і эфектаў, і камедыі з узбуйненым і падкрэсленым камізмам, фарсавасцю плошчавага характару. У.Галубок пісаў п’есы спецыяльна для тэатра, ставіў і афармляў іх, а таксама выконваў адказныя ролі. Сярод яго спектакляў меладрамы «Праменьчык шчасця» («Госць з катаргі»), «Бязвінная кроў», «Акрываўлены падатак» («Белы вянок»), «Ганка» («Ні тая, ні другая»), «Апошняе спатканне», «Пан Сурынта»; камедыі «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка»), «Жаніхі» («Марцовыя кавалеры»), «Культурная цешча», «Ветрагоны» («Дваяжэнцы»), Сярод пастановак У.Галубка твораў інш. аўтараў «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Птушка шчасця», «Чорт і Баба», «Манька», «Цені», «Страхі жыцця» і «Калісь» Ф.Аляхновіча, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча. Напачатку тэатр абслугоўваў рабочыя ўскраіны Мінска, а потым гарады, мястэчкі, вёскі ўсёй Беларусі. Вёў вялікую культ.-асветную працу. Спектаклі, разлічаныя на нар. масы, карысталіся вялікай папулярнасцю і любоўю: У.Галубок стаў першым нар. артыстам Беларусі (1928).
З выпускнікоў Бел.драм. студыі ў Маскве (1921—26, маст. кіраўнік В.Смышляеў) быў створаны ў Віцебску Другі бел.дзярж. тэатр (адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна). У яго рэпертуар увайшлі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «Вакханкі» Эўрыпіда, «Вечар студыйных пастановак» («Гавань» паводле Г. дэ Мапасана, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля і «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Спектаклі вызначаліся эксперыментальнасцю, эстэт. вытанчанасцю, тэатр. кідкасцю. Але гэта ў той час не было належным чынам ацэнена, калектыў крытыкавалі за адрыў ад жыцця і скіроўвалі яго на ўвасабленне твораў на сучасную і героіка-рэв. тэматыку. Знайб. прыкметных спектакляў пра рэв. мінулае «Каля тэрасы» М.Грамыкі і «Разлом» Б.Лаўранёва.
У 1920-я г. створаны шэраг тэатраў. У агітацыйным кірунку працавалі тэатры рэв. сатыры ў Віцебску (1919—20) і Мінску (1921—22). У 1-й пал. 1920-х г. выступалі паказальныя армейскія тэатры. У 1926 у Мінску зяўр. аддзялення Бел.драм. студыі ў Маскве створаны Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР (маст. кіраўнік М.Рафальскі), які ўвайшоў у лік вядучых калектываў Беларусі. У 1928 пачаў дзейнасць у Бабруйску, з 1935 пераведзены ў Магілёў Дзярж. рускі тэатр БССР (маст. кіраўнік У.Кумельскі, з 1939 Дз.Арлоў). У 1929—36 працаваў Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР і інш. У рэпертуары тэатраў 1930-х г. пераважалі творы савецкіх аўтараў, у большасці схематычныя, невысокай маст. вартасці. Сярод лепшых спектакляў: «Неспакойная старасць» Л.Рахманава (БДТ-1), «Мой сябар» (БДТ-3) і «Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна (БДТ-2; у ім П.Малчанаў упершыню на бел. сцэне ўвасобіў вобраз Леніна). Найб. поспех тэатры мелі ў пастаноўках бел. аўтараў, а таксама ў класічнай рускай і заходнееўрапейскай драматургіі. Найб. значныя дасягненні былі ў БДТ-1. У спектаклі «Бацькаўшчына» К.Чорнага глыбока раскрыты акцёрскія дараванні У.Уладамірскага, І.Ждановіч, Г.Глебава. Паэтычнасць праз этнагр. верагоднасць дасягнута ў «Салаўі» З.Бядулі. Асабліва плённым было супрацоўніцтва тэатра з К.Крапівой. У спектаклі паводле яго п’есы «Канец дружбы» грамадзянскай пафаснасцю выканання вылучаўся У.Крыловіч (Карнейчык). «Партызанам» былі ўласцівы шырокі подых, маштабнасць, напоўненасць і шматколернасць масавых сцэн. Класічным стала ўвасабленне сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» (рэжысёры І.Раеўскі, Л.Рахленка). Узоры акцёрскага майстэрства паказаны ў цэнтр. ролях Г.Глебавым, Л.Рахленкам, Б.Платонавым і ў эпізадычных Л.Ржэцкай, Г.Грыгонісам. К.Крапіва і Г.Глебаў адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1941. Падзеяй стала пастаноўка драмы М.Горкага «Апошнія» (рэж. М.Зораў, дапрацоўка І.Раеўскага). Спектакль вызначаўся глыбокім спасціжэннем драм. твора, ансамблевасцю; для кожнага выканаўцы ён стаў этапным у творчасці. Выдатныя акцёрскія вобразы стварылі У.Уладамірскі, В.Галіна, І.Ждановіч, Б.Платонаў. Бліскучым акцёрскім дуэтам вызначыўся спектакль «Скупы» Мальера: Г.Глебаў (Гарпагон) — Л.Ржэцкая (Фразіна). У БДТ-2 найб. значнымі былі пастаноўкі класічных твораў. З 1936 паспяхова ўвасаблялася драматургія А.Астроўскага, першая з іх «Беспасажніца» (у гал. ролі Р.Кашэльнікава). Сац. змястоўнасць уласціва спектаклю «Мяшчане» М.Горкага. Глыбокім драматызмам адзначана пастаноўка «Зданяў» Г.Ібсена (у ролі Освальда — П.Малчанаў), камед. бляскам — «Лекар паняволі» Мальера (у ролі Сганарэля — А.Ільінскі). Плённым у творчасці тэатра быў зварот да бел. драматургіі. Ажыццёўлена пастаноўка «Вечара беларускіх вадэвіляў», куды ўвайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы. Упершыню ўвасоблены п’есы Я.Коласа «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» (у ролі Талаша — А.Ільінскі). Буйны поспех меў спектакль «Несцерка» В.Вольскага (1941, рэж. Н.Лойтар, муз. І.Любана, акцёры А.Ільінскі, Ц.Сяргейчык, А.Трус, Я.Глебаўская, З.Канапелька; Дзярж. прэмія СССР 1946), які на дзесяцігоддзі стаў своеасаблівай візіткай тэатра. У БДТ-3 сярод пастановак бел. твораў вылучаліся «Контратака» Дз.Курдзіна і «Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка (рэж. абодвух К.Саннікаў). Аднак у 1937 тэатр быў закрыты.
У 1930-я г. колькасць тэатраў павялічылася. У 1931 адкрыты Тэатр юнага гледача БССР (арганізатар і маст. кіраўнік М.Кавязін). У 1937 калектыў узначаліў Е.Міровіч, папоўнена яго акцёрская трупа, павысіўся маст. ўзровень спектакляў. Найб. значны з іх — «Цудоўная дудка» В.Вольскага. З канца 1920-х г. і да сярэдзіны 1930-х г. на Беларусі быў пашыраны т. зв. трамаўскі рух: стварэнне тэатраў рабочай моладзі — напаўпрафесійных агіт.-прапагандысцкіх калектываў. Асноўны з іх — Бел. трам, які працаваў у Мінску з 1929. У 1934 ён перарос у прафес. калектыў, у 1937 расфарміраваны. Трамы таксама існавалі ў Віцебску, Гомелі, Барысаве, Бабруйску, Полацку, Мазыры. Для абслугоўвання пераважна сельскіх гледачоў з 2-й пал. 1930-х г. ствараліся калгасна-саўгасныя тэатры. Яны працавалі ў Барысаве, Мазыры, Слуцку, Полацку, Рагачове, Бабруйску, Лепелі, Заслаўі, Рэчыцы, Дзяржынску. Былі адкрыты абласныя бел. тэатры — Палескі імя Я.Купалы ў Мазыры (1938) і Пінскі (1939), рускія — у Гомелі (1939), Брэсце (1940) і Баранавічах (1940). У 1939 у Гомелі пачаў працу Дзярж. тэатр лялек БССР. У Зах. Беларусі існавалі аматарскія калектывы, якія ставілі драм. творы Я.Купалы, У.Галубка, Ф.Аляхновіча і інш. Аматарскія і паўпрафесійныя бел. тэатры таксама працавалі ў Літве (Вільня) і Латвіі (Рыга і Даўгаўпілс). Акцёрскія кадры перыядычна рыхтавалі ў студыях пры тэатрах БДТ-1, БДТ-2 і інш. У 1931—32 працаваў Бел. тэхнікум сцэн. мастацтва. У 1939 пад кіраўніцтвам Е.Міровіча арганізавана Тэатр. вучылішча.
З пачаткам Вял.Айч. вайны буйнейшыя тэатр. калектывы эвакуіраваны ў далёкі тыл: БДТ-1 — у Томск, БДТ-2 — ва Уральск, з 1943 у Арэхава-Зуева, Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР — у Новасібірск. У 1943 аднавіў дзейнасць Дзярж. рускі тэатр БССР як франтавы калектыў з базай у Маскве. Іншыя драм. тэатры распаліся. У складаных ваенных умовах эвакуацыі тэатры працягвалі плённую дзейнасць. БДТ-1 адкрыў сезон у Томску спектаклем «Партызаны», які выконваўся на бел. мове і гучаў вельмі надзённа. Сярод новых пастановак аб сучасных ваенных падзеях — «Фронт» А.Карнейчука і «Рускія людзі» К.Сіманава. Паспяхова ўвасоблены класічны твор А.Астроўскага «Позняе каханне». Падзеяй стаў спектакль «Паўлінка» Я.Купалы (першапачаткова ішоў пад назвай «Вечар камедый», непрацяглы час разам выконваліся і «Прымакі» Я.Купалы), прэм’ера якога адбылася 23.5.1944. Спектакль, пастаўлены Л.Літвінавым, стаў своеасаблівай візіткай тэатра. Праз яго прайшлі многія славутыя выканаўцы: Б.Платонаў, Г.Глебаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Р.Кашэльнікава, І.Шаціла. БДТ-2 ва Уральску адкрыў сезон 1941—42 спектаклем «Несцерка». За ваенны час стварыў шэраг значных спектакляў: «Проба агнём» К.Крапівы, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага. Тэатры праводзілі гастролі: БДТ-1 па Нарымскім краі, БДТ-2 у Маскве. Артысты выступалі з канцэртамі, чытаннем маст. твораў перад салдатамі, якія накіроўваліся на фронт, перад параненымі ў шпіталях, на фабрыках і заводах. Арганізоўваліся франтавыя тэатр. брыгады (ад БДТ-1 у 1943 пад кіраўніцтвам Г.Глебава і ў 1944 пад кіраўніцтвам У.Уладамірскага, ад БДТ-2 у 1944 пад кіраўніцтвам П.Малчанава, ад Дзярж. яўрэйскага тэатра БССР у 1943), якія выступалі са спектаклямі і канцэртамі на пярэдніх рубяжах баёў. Зтэатр. дзеячаў, якія не эвакуіраваліся, у 1941 быў арганізаваны Менскі бел. гарадскі тэатр (дзейнічаў з перапынкамі да лета 1944). Тэатр працаваў у складаных умовах акупацыйнага рэжыму. Ставіліся оперы, балеты, драм. спектаклі [«Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Міхалка» Далецкіх, «Шчаслівы муж», «На Антокалі» і «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Загубленае жыццё» Т.Лебяды, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Карчмарка» К.Гальдоні, «Лялечны дом» («Нора») І.Ібсена і інш.]. У партыз. атрадах і злучэннях наладжваліся канцэртныя выступленні. Пасля вызвалення Беларусі ад фаш. акупацыі з эвакуацыі вярнуліся БДТ-1 і БДТ-2, якім 21.12.1944 нададзена адпаведна імя Я.Купалы і Я.Коласа. Дзярж. рускі тэатр БССР у 1944 распачаў працу ў Магілёве, з 1945 — у Гродне, з 1947 — у Мінску. У 1944 аднавіў дзейнасць абласны тэатр у Пінску, у 1954 ён пераведзены ў Магілёў. З 1947 у Гродне працуе абласны тэатр (пераведзены з Бабруйска), з 1950 у Мінску Дзярж. тэатр лялек БССР (у 1956—86 гал. рэжысёр Ан.Ляляўскі). Створаны новыя тэатры: абласныя Брэсцкі (1944) і Гомельскі (1954), Бел. рэспубліканскі юнага гледача (1956), Бабруйскі (1956, меў розныя назвы). З 1946 аднавіў працу ў Мінску Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР, у якім выкананнем вылучаліся акцёры Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У 1949 у выніку вострай афіц. крытыкі тэатр закрыты. У 1945 адкрыты Бел.тэатр. інстытут (з 1953 тэатр.-маст., з 1999 Бел.АМ), які рыхтуе акцёраў, з 1958 — і рэжысёраў, з 1962 — і тэатразнаўцаў. Уклад у падрыхтоўку тэатр. кадраў зрабілі Е.Міровіч, К.Саннікаў, Дз.Арлоў, В.Галіна, І.Ждановіч, У.Маланкін, У.Няфёд. Пры Бел. тэатры імя Я.Купалы і Бел. тэатры імя Я.Коласа з 1945 да 1960-х г. перыядычна набіраліся акцёрскія студыі.
У 1940—50-я г. тэатры працягвалі распрацоўваць тэматыку Вял.Айч. вайны. Буйнейшы спектакль — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона ў Бел. тэатры імя Я.Купалы (рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, Г.Глебаў, І.Ждановіч; Дзярж. прэмія СССР 1948). Значнымі дасягненнямі адзначаны пастаноўкі «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча ў Брэсцкім абл., Дзярж.рус. тэатры, «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна ў Гомельскім тэатры, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы ў тэатрах імя Я.Купалы і імя Я.Коласа. Сярод спектакляў на тагачасную тэматыку паэтычнасцю, лірызмам вылучаліся «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэміяй СССР 1952 адзначаны рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Л.Драздова) і «Шчасце паэта» В.Віткі (у ролі Я.Купалы — І.Шаціла) у тэатры імя Я.Купалы, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага (рэж. М.Міцкевіч) у тэатры імя Я.Коласа. Падзеяй стаў прыход у драматургію А.Макаёнка і яго супрацоўніцтва з тэатрамі, асабліва з калектывам тэатра Я.Купалы: спектакль «Выбачайце, калі ласка!», скіраваны супраць паказухі, кар’ерызму, вызначаўся баявітасцю, грамадзянскай страснасцю. Фалькл. насычанасцю, нар. самабытнасцю вылучаліся спектаклі «Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела ў тэатры юнага гледача (рэж. абодвух Л.Мазалеўская). Адметныя набыткі дасягнуты ва ўвасабленні твораў У.Шэкспіра: «Рамэо і Джульета» ў тэатры імя Я.Купалы, «Гамлет» у тэатры імя Я.Коласа, «Кароль Лір» у Дзярж.рус. тэатры. Зінш. значных спектакляў: «Даходнае месца» А.Астроўскага і «Нора» Г.Ібсена ў тэатры імя Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля ў тэатры імя Я.Коласа, «Варвары» М.Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага ў Дзярж.рус. тэатры, «Ветрык, вей!» Я.Райніса ў Брэсцкім тэатры. Новае сцэн. жыццё далі акцёры тэатра Я.Коласа драме Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (рэж. А.Скібнеўскі), маштабнасцю, шырокім дыханнем вызначаўся спектакль «Навальніца будзе» А.Звонака паводле «На ростанях» Я.Коласа. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе тэатры прытрымліваліся стылістыкі, якая сцвердзілася на сцэне ў 1930-я г.: перадача жыццёвай верагоднасці падзей і ўчынкаў герояў, іх псіхалагічная і побытавая апраўданасць, дзе тэатр. формы максімальна набліжаліся да рэалій. У 2-й пал. 1950-х г. пачаліся пошукі новай стылістыкі, выяўленчых тэатр. сродкаў. Гэта найперш звязана са спектаклямі на купалаўскай сцэне рэжысёра Б.Эрына: «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Трэцяя, патэтычная» М.Пагодзіна, вырашанымі ва ўмоўна-сцэнаграфічнай, метафарычна ўзбуйненай форме, з гранічна абвостраным, экспрэсіўным выяўленнем пачуццяў герояў. У 1960—80-я г. пошукі выразных сцэн. сродкаў і форм працягвалі рэжысёры новага пакалення — В.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін, Р.Баравік, В.Маслюк, У.Караткевіч. У 1960-я г. высокага майстэрства дасягнулі акцёры ў спектаклях тэатра імя Я.Купалы — «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (Б.Платонаў, З.Стома, Г.Макарава, П.Малчанаў), «Жывы труп» Л.Талстога (Б.Платонаў), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага (Г.Глебаў), «У мяцеліцу» Л.Лявонава (Л.Рахленка, І.Шаціла, Л.Ржэцкая), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (С.Станюта, А.Мілаванаў, П.Кармунін, У.Дзядзюшка), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (Л.Давідовіч, Г.Гарбук); тэатра імя Я.Коласа — «Клоп» У.Маякоўскага (Ф.Шмакаў, З.Канапелька), «Улада цемры» Л.Талстога (Г.Маркіна, Г.Бальчэўская, С.Акружная, Л.Трушко, Ф.Шмакаў, Т.Кокштыс, Я.Глебаўская, Л.Пісарава, А.Трус); тэатра юнага гледача — «На ўсіх адна бяда» П.Макаля (М.Пятроў), «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна (В.Лебедзеў). У пач. 1960-х г. тэатр імя Я.Купалы перажываў складаны працэс змены акцёрскіх пакаленняў. У тэатры імя Я.Коласа такі працэс адбываўся пазней — з 2-й пал. 1960-х г. Але паступова склаліся новыя пакаленні: Г.Аўсяннікаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, В.Тарасаў, М.Яроменка і інш. ў тэатры імя Я.Купалы; С.Акружная, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Г.Маркіна, Л.Трушко і інш. ў тэатры імя Я.Коласа.
На развіццё акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва 1970—80-х г. станоўча паўплывала бел. драматургія: п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» і К.Крапівы «Брама неўміручасці» (тэатр імя Я.Купалы), А.Макаёнка «Трыбунал» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Магілёўскі драмы і камедыі ў Бабруйску, Брэсцкі, Гродзенскі), «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык» (тэатры імя Я.Купалы і імя Я.Коласа), «Пагарэльцы» (тэатр імя Я.Купалы), М.Матукоўскага «Амністыя» (тэатры Я.Купалы і Я.Коласа, Гродзенскі, Магілёўскі), «Мудрамер» (тэатр імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1987), А.Петрашкевіча «Напісанае застанецца» («Францыск Скарына») (тэатры імя Я.Купалы, Гродзенскі), «Трывога» (тэатры імя Я.Коласа, Гродзенскі), «Соль» (Дзярж.рус. тэатр Беларусі), У.Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» (тэатр імя Я.Коласа), «Калыска чатырох чараўніц» (Тэатр юнага гледача), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (тэатр імя Я.Купалы), А.Дударава «Парог» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Брэсцкі), «Вечар» (тэатры імя Я.Коласа, Дзярж. прэмія Беларусі 1986; імя Я.Купалы, Брэсцкі, Гомельскі), «Радавыя» (тэатры імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія СССР 1985; імя Я.Коласа), «Апошні шанц» В.Быкава і «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (тэатр імя Я.Купалы). У 1960—80-я г. створаны новыя тэатры. У 1970 адкрыты Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, у 1982 — Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», у 1984 — Дзярж. маладзёжны тэатр у Мінску, у 1989 Слонімскі бел.драм.тэатр. У абласных гарадах арганізаваны лялечныя калектывы: у Брэсце і Гомелі (абодва 1968), Магілёве (1976), Гродне (1981), Бел. тэатр «Лялька» ў Віцебску (1985). З 2-й пал. 1980-х г. пачаўся студыйны рух, які ўтварыў новую плынь у тэатр. мастацтве. У студыях працавалі рэжысёры В.Баркоўскі, В.Грыгалюнас, У.Савіцкі, Р.Таліпаў, М.Трухан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,
гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс.км². Нас. 194 тыс.чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб.ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).
Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пн — хр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і Пд — Карабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды зпрамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцы мінер. вод. Клімат на б.ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-растудз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх.зГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч.гіст. Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст.н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст.цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.
Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс.га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс.га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн.пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.