запаленне надкосніцы. Развіваецца ў касцях пры пранікненні запаленчага працэсу з прылеглых тканак (напр., пры траўме вял. галёначнай косці ў ніжняй трэці), у выніку запаленчага працэсу самой косці або касцявога канала. Бывае П. неспецыфічнага характару (напр., траўма, бактэрыяльнае заражэнне) і спецыфічнага (сіфіліс, туберкулёз). Суправаджаецца ўшчыльненнем, пачырваненнем скуры, прыпухласцю ў вобласці надкосніцы. Пасля інфекц. хвароб П. можа захопліваць фрагменты касцей (напр., гнойны П. верхняй сківіцы пры вострым карыесе зуба). Пры туберкулёзе П. з’яўляецца адной з прыкмет пачатку працэсу. Адслаенне надкосніцы і парушэнне яе цэласнасці часта сведчаць аб злаякасным працэсе ў косці. Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАЛЬГА́звычайная
(Falko tinnunculus, або Cerchneis tinnunculus),
драпежная птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Афрыцы. Жыве ў невял. лясах, на лясных высечках, узлесках, лугах, палях, у гарах да выш. 4000 м і інш. Селіцца паасобна і калоніямі. Гняздуе на верхавінах і ў дуплах дрэў, займае гнёзды інш. птушак. На Беларусі рэдкі пералётны від, трапляецца ва ўсх. і зах. раёнах. Нар. назвы аралок, шулячок. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 38 см, маса да 285 г. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка рыжая, самец больш яркі. Крылы доўгія, завостраныя. У палёце часта затрымліваецца з прыўзнятымі крыламі і апушчаным хвастом, пырхае на месцы («трасецца»). Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі. Адкладвае да 8 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШКА́Р (Мікалай Мікітавіч) (8.5.1919, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 29.12.1993),
бел. мастак-кераміст. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Харкаўскае маст. вучылішча (1937). Яго работы выкананы ў мяккіх акруглых формах, з натуральных матэрыялаў (пераважна шамот, тэракота), вызначаюцца лірычнасцю, выразным псіхалагізмам, добрым веданнем нар. традыцый, часта гумарыстычнай трактоўкай сюжэтаў і персанажаў. Сярод твораў: «Беларуская бульба», «Браткі-беларусы» (абодва 1966), «Мы з табою, як рыбка з вадою», «Дамашняя баталія» (абодва 1975), «Паляшук-пясняр» (1976), «Дударыкі-дудары» (1978), «Кум і кума» (1979), «Палескія напевы» (1980), «Мой родны кут» (1981), «Сон палешука» (1982), «Гарманіст», «Музыка» (абодва 1983), «Несцерка» (1984), «Сямейны хор» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СНА, троліус (Trollius),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейская (T. europaeus), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лясных палянах, узлесках, лугах. У культуры вырошчваюцца П.: азіяцкая (T. asiaticus), алтайская (T. altaicus), кітайская (T. chinensis), Ледэбура (T. ledebourii). Большасць садовых форм і сартоў з’яўляюцца гібрыдамі П. азіяцкай, еўрапейскай і кітайскай і аб’яднаны пад назвай П. культурная (T. × culturum).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 50—100 см. Сцёблы прамыя, малагалінастыя. Лісце пальчата-раздзельнае, пераважна прыкаранёвае. Кветкі буйныя, часта адзіночныя, жоўтыя або аранжавыя, маюць пялёсткі-нектарнікі з нектарнай ямкай пры аснове. Плод — шматлістоўка. Ядавітыя. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч.арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц.папуляцыі (чароды) рыб. Часам геагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАКРЫ́ЛЫЯ (Homoptera),
раўнакрылыя хобатныя, атрад насякомых. Вядомы з ранняга карбону (каля 350 млн.г. назад). 5 падатр.: алейрадзіды, какцыды, лістаблошкі, тлі, цыкадавыя. Больш за 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. Многія віды ўтвараюць калоніі. Некат. віды шкодзяць лясным і с.-г. раслінам, ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў захворванняў раслін. На Беларусі больш за 300 відаў; кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 8 см, размах крылаў да 18 см. Галава маларухомая, ротавы апарат сысучы, з 3-членікавым хабатком. Крылаў 2 пары з аднатыпным жылкаваннем (адсюль назва), часта развіты толькі пярэднія, часам зусім адсутнічаюць. Кормяцца сокамі раслін. Даюць 1—3 пакаленні за год. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САВЕ́Т АБ’ЯДНА́НАГА ДВАРА́НСТВА»,
пастаянны орган з’ездаў упаўнаважаных дваранскіх таварыстваў — агульнарас. дваранскай арг-цыі. Існаваў з мая 1906 да пач. 1917. Быў выканаўчым органам з’ездаў. Выбіраўся на 3 гады, дзейнічаў паміж з’ездамі, складаўся са старшыні, 2 таварышаў і 12 членаў. Меў актыўную падтрымку пры двары, сярод правых фракцый Дзярж. думы, у Дзярж. савеце. Часта выступаў у якасці паліт. саветніка імператара Мікалая II і ўрада. Адстойваў непарушнасць самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, выступаў за актывізацыю барацьбы супраць рэв. руху, за ўзмацненне цэнзуры і інш. Вырашэнне агр. пытання бачыў у разбурэнні сял. абшчыны і пераходзе да хутарской сістэмы, рашучым правядзенні перасяленчай палітыкі. У час 1-й сусв. вайны страціў ранейшыя пазіцыі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 спыніў існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЕЦЫ́ЗМ [грэч. soloikismos ад назвы г. Солы (Soloi), грэч. калоніі ў М. Азіі, жыхары якой дрэнна гаварылі па-атычнаму],
1) у паэтыцы — няправільны моўны зварот, свядома выкарыстаны для стварэння «нізкага» стылю. Адрозніваюць віды С.: плеаназм, эналага, эліпсіс, анакалуф.
2) У лінгвістыцы — сінтакс. памылка ў дапасаванні, кіраванні, парадку слоў, ужыванні дзеепрыметных і дзеепрыслоўных зваротаў, будове складаных сказаў і інш.Напр.: «Добрае надвор’е спрыяла для правядзення ўборачных работ» (замест «Добрае надвор’е спрыяла правядзенню ўборачных работ»), «Прыйшоўшы на працу, у мяне забалела галава» (замест «Калі я прыйшоў на працу, у мяне забалела галава»). Сінтакс. памылкі часта ўзнікаюць пад уплывам мясц. гаворак або інш. моў. Напр.: «Суседзі прыехаўшы» (замест «Суседзі прыехалі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕГАЛО́ВІК (Eryngium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ва ўмераных, трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 1 від — С. пласкалісты (E. planum). Трапляецца на сухіх грывах у поймах рэк, пясчаных узлесках, уздоўж дарог. Інтрадукаваны С.: альпійскі (E. alpinum), аметыставы (E. amethystinum), гіганцкі (E. giganteum), палявы (E. campestre).
Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, разнастайнай формы, часта скурыстае і калючазубчастае. Кветкі двухполыя, дробныя ў шчыльных галоўчатых суквеццях пераважна сіне-блакітнага колеру. Суквецці абкружаныя цвёрдымі лісцікамі абгорткі. Плод — сямянка. Калючы, моцна разгалінаваны С. палявы ўтварае перакаці-поле. Дэкар. (для зімовых букетаў і фларыстыкі), лек., харч., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЯПЕ́ННЕў геалогіі,
буйная дадатная платформавая структура, акруглай або авальнай формы, з адной ці некалькімі вяршынямі. Звычайна найб. выражана на паверхні крышт. фундамента. Пл. 10—100 тыс.км², выш. падняцця больш за 100 м, радзей да 1 км. Вуглы падзення слаёў на крылах да 1°. Акруглыя С. наз.купаламі. Некат. С. абмежаваны буйнымі тэктанічнымі разломамі. Часта складаюць антэклізы (напр., Татарскае, Башкірскае, Токмаўскае С. Волга-Уральскай антэклізы), радзей трапляюцца ў сінеклізах або прадстаўляюць ізаляваныя формы. Развіваюцца 10—100 млн.г., маюць маламагутны асадкавы чахол з перарывамі ў асадканамнажэнні. Форму С. маюць і лінейныя падняцці ў абласцях найноўшага гораўтварэння. С. — таксама найб. высокая ч. антыклінальнай складкі (гл.Антыкліналь).