СЕЗА́Н (Cézanne) Поль (19.1.1839, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 22.10.1906),

французскі жывапісец, вядучы прадстаўнік постімпрэсіянізму. Вучыўся ў Муніцыпальнай школе малявання у Экс-ан-Правансе (1858—60) і прыватнай акадэміі Сюіса ў Парыжы (1861—65). Раннім яго творам уласцівы экспрэсіўна-фантасмагарычны характар, уплывы П.​Веранезе, Я.​Тынтарэта, Э.​Дэлакруа і А.​Дам’е («Негр Сцыпіён», 1865; «Оргія», 1864—68; «Растае снег. Эстак», 1870). У 1870-я г. звярнуўся да імпрэсіянізму; жывапісная тэхніка набыла характар дробных плаўных мазкоў, вял. значэнне ў творах пачалі мець суразмернасць аб’ёмаў і тонаў, у партрэтах — псіхааналіз: «Дом павешанага» (1873), «Нацюрморт з вазай і садавінай» (каля 1877), «Мадам Сезан у чырвоным крэсле» (1877). У 1880-я г. творчасць С. дасягнула росквіту. У адрозненне ад імпрэсіяністаў яго найб. цікавілі не дынаміка святлопаветранага асяроддзя і змяненне колеру ў атмасферы, а ўстойлівыя заканамернасці колеравых спалучэнняў і форм, матэрыяльнасць прадметнага і прыроднага асяроддзяў. Ён доўга распрацоўваў адзін і той жа матыў у пошуках структурнай канструктыўнасці прыродных форм (шматлікія выявы гары Сент-Віктуар, 1885—1900). Выкарыстоўваў пераважна градацыі трох асн. колераў (зялёнага, блакітнага і жоўтага). Спалучэннем тонкіх і празрыстых фарбаў з кантрастнымі, нанесенымі шчыльнымі корпуснымі мазкамі, ствараў прасторавыя планы і ступень асвятлення. Раўнавагу фарбавай фактуры гарманічна спалучаў са смелым лаканічным малюнкам, канструктыўна-дакладнай, пластычна-абагульненай лепкай формы і ўраўнаважанасцю кампазіцыі (аўтапартрэт, 1879—85; «П’еро і Арлекін», 1888; «Персікі і грушы», 1888—90; «Вялікія купальшчыцы», 1898—1905). Для яго пейзажаў характэрны панарамны ахоп напоўненага святлом ландшафту («Дарога», 1883—87; «Берагі Марны», 1888; «Мост у Труа-Сатэ», 1906). У нацюрмортах з дапамогай фарбавай фактуры і выкарыстання чыстага колеру выяўляў матэрыяльную структуру і строгую пластычнасць прадметнага свету («Нацюрморт з драпіроўкай», 1898—99, і інш.).

Літ.:

Воллар А. Ренуар. Сезанн: Пер. с фр. СПб., 2000;

Перрюшо А. Сезанн: Пер. с фр. М., 1966;

Поль Сезанн: Переписка, воспоминания современников: [Пер. с фр.]. М., 1972;

Поль Сезанн: [Альбом]. Л., 1975.

С.​У.​Пешын.

П.Сезан Вялікія купальшчыцы. 1898—1905.

т. 14, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМ ДЗІВО́САЎ СВЕ́ТУ,

у антычным грамадстве вызначэнне 7 (у старажытнасці свяшчэнная лічба) твораў стараж. архітэктуры і скульптуры, найб. славутых сваімі маст. якасцямі, незвычайнымі памерамі і тэхн. вырашэннем. У іх склад уваходзілі: стараж.-егіпецкія піраміды каля г. Гіза, храм Артэміды ў Эфесе ў. Малой Азіі (цяпер Турцыя; каля 550 да н.э., шыр. 51 м, даўж. 105 м, 127 18-метровых калон, у 356 да н.э. спалены Герастратам), т. зв. вісячыя сады Семіраміды ў Вавілоне (7 ст. да н.э.), маўзалей Маўсола ў Галікарнасе (сярэдзіна 4 ст. да н.э., арх. Піфей, Сатыр), статуя Зеўсаў Алімпіі (каля 430 да н.э., скульпт. Фідый; выш. 12 м, аздоблена золатам і слановай косцю), Калос радоскі (статуя Геліяса) на в-ве Родас (Грэцыя; 292—280 да н.э., скульпт. Харас), Фароскі маяк у Александрыі (каля 280 да н.э., арх. Састрат Кнідскі; выш. 130 м). Да нашага часу захаваліся толькі піраміды. Каля г. Хіла (Ірак) знаходзяцца руіны скляпеністых збудаванняў, верагодна, на іх дахах разбіваліся тэрасныя сады Семіраміды. У Брыт. музеі (Лондан) захоўваюцца фрагменты скульптуры Галікарнаскага маўзалея (скульпт. Скопас, Цімафей, Брыяксіс, Леахар). Храм Артэміды (іанічны дыптэр) адбудаваны арх. Хейракратам, захаваліся фундаменты. Іншыя дзівосы свету вядомы па маст. выявах і апісаннях розных часоў.

Першае пісьмовае ўпамінанне пра С.дз.с. прыпісваецца фінікійскаму пісьменніку Антыпатру з Сідона (2 ст. да н.э.), які апісаў толькі існуючыя на той час творы (зруйнаваная Вавілонская вежа, прылічаная грэкамі да дзівосаў свету, не ўвайшла ў спіс С.дз.с.). У эпоху Адраджэння С.дз.с. апісаў аўстр. арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах у сваіх «Накідах пра гісторыю архітэктуры» (1721).

Літ.:

Федосик В.А. Семь чудес света. Мн., 2002.

Схема размяшчэння сямі дзівосаў свету: 1 — піраміды каля г. Гіза; 2 — храм Артэміды ў Эфесе; 3 — сады Семіраміды ў Вавілоне; 4 — маўзалей Маўсола ў Галікарнасе; 5 — статуя Зеўса ў Алімпіі; 6 — Калос радоскі на востраве Родас (Грэцыя); 7 — Фароскі маяк у Александрыі.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МНЫ ПАДЫХО́Д,

кірунак метадалогіі навук. пазнання і сац. практыкі, у аснове якога разгляд аб’ектаў як сістэм. Спецыфіка С.п. ў тым, што ён арыентуе даследаванне на раскрыццё цэласнасці аб’екта, выяўленне разнастайных тыпаў сувязі складанага аб’екта і звядзенне іх да адзінай тэарэт. карціны. У наш час С.п. займае адно з вядучых месц у навук. пазнанні. Перадумовай пранікнення яго ў навуку з’явіўся перш за ўсё пераход да новага тыпу навук. задач: у многіх галінах навукі гал. сталі праблемы арг-цыі і функцыянавання складаных аб’ектаў; пазнанне ўсё больш аперыруе сістэмамі, межы і склад якіх далёка не відавочныя і патрабуюць спец. даследавання ў кожным асобным выпадку. Аналагічнага тыпу задачы ўзніклі і ў сац. практыцы, калі замест лакальных, галіновых задач і прынцыпаў вядучую ролю пачалі адыгрываць буйныя комплексныя праблемы, якія патрабуюць цеснага ўзаемаўвязвання эканам., сац., экалагічных і інш. аспектаў грамадскага жыцця. Развіццё даследаванняў у гэтым кірунку выявіла недастатковасць агульнай тэорыі сістэм, якая ўжывалася раней. Для абазначэння больш шырокай сферы метадалагічных праблем з 1970-х г. пачалі ўжываць тэрмін «С.п.» Паняцці і прынцыпы С.п. выяўляюць больш шырокую пазнавальную рэальнасць у параўнанні з той, што фіксавалася ранейшымі ведамі, даюць новую схему тлумачэння, у аснове якой пошук канкрэтных механізмаў цэласнасці аб’екта, выяўленне поўнай тыпалогіі яго сувязей. З важнага для С.п. тэзіса аб разнастайнасці тыпаў сувязей вынікае, што складаны аб’ект дапускае не адно, а некалькі расчляненняў, з якіх неабходна выбраць «адзінку» аналізу, якая дасць магчы.масць фіксаваць цэласныя ўласцівасці аб’екта, яго структуру і дынаміку. Па пазнавальных устаноўках С.п. мае шмат агульнага з структуралізмам і структурна-функцыянальным аналізам.

Літ.:

Блауберг И.В., Юдин Э.Г. Становление и сущность системного подхода. М., 1973;

Уемов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;

Каган М.С. Системный подход и гуманитарное знание. Л., 1991;

Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.

М.​В.​Тараткевіч.

т. 14, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́НЕР (Skinner) Берэс Фрэдэрык (20.3.1904, г. Саскуэхана, ЗША — 18.8.1990),

амерыканскі псіхолаг і філосаф; прадстаўнік біхевіярызму. Чл. Нац. АН ЗША Д-р філасофіі (1931), праф. (1948). Скончыў Гамільтонскі каледж (1926). На аснове даследаванняў паводзін жывёл распрацаваў канцэпцыю аперантнага (ад «аперацыя») абумоўлівання, якое прынцыпова адрозніваў ад умоўна-рэфлекторнага. Сцвярджаў, што прынятая прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму (Дж.​Уотсан і інш.) і неабіхевіярызму (Э.​Толмен, К.​Хал) схема «стымул—рэакцыя» не ўлічвае ўплыву рэакцыі на паводзіны («Паводзіны арганізмаў», 1938). Лічыў, што арганізм набывае новыя рэакцыі, таму што сам заахвочвае (падмацоўвае) іх, і толькі пасля гэтага знешні стымул выклікае рэакцыю. Кожная рэакцыя, на яго думку, заснавана на папярэднім вопыце і генетычным кодзе, а ўсе паводзіны можна расцэньваць як абумоўленае спалучэнне пазітыўных і негатыўных стымулаў (напр., ежа, увага, голад, боль, пахвала, прыніжэнне). Паводле С., у грамадстве не можа быць незалежнага «аўтаномнага чалавека», бо паводзіны індывіда абумоўлівае і кантралюе сац. асяроддзе праз сац. ін-ты, звычаі, мову, сродкі камунікацыі і г.д. Альтэрнатывай такому ўздзеянню лічыў сац. формы супольнасцей, члены якіх павінны быць інтэграваны ў сістэму пазітыўнага псіхал. падмацавання (узаемавыгадныя, справядлівыя адносіны індывідаў адзін да аднаго ў працэсе зносін), у выніку чаго адпадае неабходнасць у рэпрэсіўных ін-тах («Па той бок свабоды і годнасці», 1971). Гэтая канцэпцыя атрымала назву сац. біхевіярызму. Працы С. заклалі псіхал. і метадалагічныя асновы сучаснага праграмаванага навучання, якое ён разглядаў як «паслядоўнае навядзенне» на патрэбную рэакцыю («Тэхналогія навучання», 1968). Аўтар прац «Навука і паводзіны чалавека» (1953), «Пра біхевіярызм» (1974), «Аўтабіяграфіі» (т. 1—2, 1976), рамана-утопіі «Уолдэн-2» (1948) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Наука об учении и искусство обучения // Программированное обучение за рубежом. М., 1968;

Оперантное поведение // История зарубежной психологии, 30—60-е гг. XX в.: Тексты. М., 1986.

Літ.:

Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. М., 1971;

Кондрашенк о В.Т., Донской Д.И. Общая психотерапия. 2 изд. Мн., 1997;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ.-Мн., 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТРАЛА́»,

«Ваджэнне і пахаванне стралы» («сулы»), даўні ахоўна-засцерагальны і магічна-агр. абрад усх. славян, якім завяршаўся веснавы каляндарна-земляробчы цыкл. Праводзіўся ў канцы вясны пры аглядах азімых (на Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце). Рэгіён найб. пашырэння — Пасожжа, тэр. паміж Дняпром і Прыпяццю, часткова Гомельская, Чарнігаўская (Украіна) і Бранская (Расія) вобл. (супадае з вобласцю рассялення радзімічаў, часткова дрыгавічоў і вяцічаў). Асн. рытуальныя дзеянні: ваджэнне карагодаў, шэсці радамі («танок»), гульні, качанне па полі, закопванне «С» і інш. Шанаванне «громных стрэлак» (каменныя сякеры, молаты, коп’і, белямніты) — стараж. абрад. Паводле летапісаў 13—15 ст. і інш. пісьмовых і археал. матэрыялаў, лічылася, што яны скінуты з неба. Паводле сведчання бел. археолагаў, «громныя стрэлкі» пачалі зберагацца з неалітычных часоў.

Прымхлівае шанаванне камянёў было не толькі ва ўсх.-слав. народаў, а і ў некат. народаў Еўропы і Азіі. У Японіі «громныя стрэлкі» (рай-фунасекі) прыпісваюцца нябеснаму вартавому — богу Тэнгу. У кіт. і інд. фальклоры ўпамінаюцца вераванні ў боскае паходжанне каменных прылад. «Стрэлкі» абагаўляліся, іх насілі на целе («наузы»), ім надавалася ахоўная, магічна-лекавая і апладняльная функцыі.

На Беларусі забіты Перуном лічыўся «святым», а той, хто знаходзіў «стрэлку», лічыўся шчаслівым чалавекам. Паводле вераванняў, пажар, выкліканы маланкай, трэба тушыць малаком. Песні, якія выконваліся ў час абраду «С.», бытуюць і цяпер у пазаабрадавай паэзіі на ўсёй Беларусі. Найб. архаічныя варыянты з абрадам захаваліся ў Веткаўскім, Чачэрскім і сумежных раёнах, якія лічацца ядром распаўсюджання «С.». Паступова песні страцілі прымеркаванасць да абрадавай паэзіі. Абрад пахавання «сулы» (таксама зброя Перуна; суліца — кап’ё, рагаціна) — неаддзельны ад «С.». Падобныя да «С.» абрады пахавання Ярылы, Каструбанькі, Лялькі і інш. У сучасным бытаванні «С.» ўспрымаецца як вясёлая нар. гульня. Культ «С.» выяўляецца ў бел. тапанімічных назвах (Страліца, Стрэлка, Стрэльская Горка, Пастралкі, Стрэльск, Стралічава, Вялікія і Малыя Стралкі і інш.), у нар. мастацтве (у вышыўцы, разьбе па дрэве).

А.​Ю.​Лозка.

т. 15, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЬЦЫ́,

1) катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст., асн. павіннасцю якіх у дзярж. уладаннях была арганізацыя і ўдзел у паляванні вял. князя (егерская служба), акрамя таго, С. лічыліся ваеннаабавязанымі. З сярэдзіны 16 ст. С. плацілі чынш (у той год, калі не выконвалі сваіх прамых абавязкаў). Паводле ардынацыі пушчаў 1641 С. былі вызвалены ад абавязку ўдзелу ў ваен. паходах, а павіннасці з іх сталі спаганяцца як з адной валокі зямлі. З 2-й пал. 17 ст. С. зноў ваеннаабавязаныя. У 18 ст., як правіла, пры выкананні егерскай павіннасці абавязаны былі плаціць чынш, натуральны падатак і інш. У прыватных і царк. уладаннях С. выконвалі ў асн. толькі егерскую службу.

2) Назва воінаў ВКЛ у 15—17 ст., якіх выстаўлялі мяшчане ўсх.-бел. гарадоў для абароны замкаў у час небяспекі.

3) Першае пастаяннае войска ў Рас. дзяржаве ў 16 — пач. 18 ст. (стралецкае войска), узброенае халоднай (бердышы) агнястрэльнай зброяй (пішчалі). Створана ў 1540—50-х г. Напачатку С. набіралі з пасадскага і сельскага насельніцтва, потым іх служба стала пажыццёвай і спадчыннай. С. атрымлівалі жалаванне грашамі, хлебам, зрэдку зямлёю. Падпарадкоўваліся Стралецкаму прыказу, а ў час вайны — военачальнікам. Жылі асобнымі слабодамі, мелі сем’і, займаліся рамёствамі і гандлем. У мірны час неслі гарнізонную і пагран. службу, у ваенны — прымалі ўдзел у паходах і бітвах. У 17 ст. С. ўдзельнічалі ў антыпрыгонніцкіх выступленнях, сял. войнах пач. 17 ст. і 1670—71 (пад кіраўніцтвам С.​Разіна), антыўрадавых паўстаннях, у т. л. ў Маскоўскім паўстанні 1682, Стралецкім паўстанні 1698. У 1720-х г. стралецкае войска расфарміравана Пятром I. Да гэтага часу завершана стварэнне рас. рэгулярнага войска, заснаванага на рэкруцкай павіннасці.

Літ.:

Чернов А.В. Вооруженные силы Русского государства в XV—XVII вв. М., 1954;

Буганов В.И. Московские восстания конца XVII в. М., 1969.

т. 15, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТРЭЦЯЧЭ́РВЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ»,

пашыраная ў гіст. л-ры назва паліт. рэжыму ў Расійскай імперыі пасля падзей 3(16).6.1907 (роспуск 2-й Дзярж. думы, новае выбарчае заканадаўства, якое істотна абмежавала выбарчыя правы рабочых, сялян і жыхароў нац. ускраін), якія многія гісторыкі разглядаюць як дзярж. пераварот і канец рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1907 — пач. 1917 у Расіі працягвала фарміравацца канстытуцыйна-дуалістычная манархія, дзе заканад. ўлада належала імператару і двухпалатнаму (Дума і Дзярж. савет) парламенту, вышэйшая выканаўчая — імператару і адказным перад ім міністрам, вышэйшая суд. і кантрольная — Сенату. Аднак паводле заканадаўства 1906 («Збор асноўных законаў Расійскай імперыі») імператар заставаўся носьбітам самадзяржаўнай (абсалютнай) улады. Пытанне аб дзярж. форме кіравання ў Расіі ў 1907 — лют. 1917 застаецца дыскусійным. Напр., паводле класіфікацыі рас. правазнаўца В.​Чыркіна, Расія ў той час валодала сегментарнай дзярж. формай, якая дапускала пэўны падзел функцый паміж рознымі дзярж. ін-тамі пры ажыццяўленні паліт. улады, але пры адсутнасці сістэмы стрымліванняў і проціваг галін улады фактычна дамінавала выканаўчая ўлада ў асобе імператара. Пры правядзенні праз Думу розных па сац. накіраванасці законаў урад звычайна апіраўся на блокі найб. шматлікай, праваліберальнай фракцыі акцябрыстаў з памяркоўна-правымі дэпутатамі або, наадварот, з леваліберальнай фракцыяй кадэтаў (тактыка банапартызму). Урад П.А.Сталыпіна (1906—11) праводзіў агр. і інш. рэформы, рашуча і жорстка змагаўся з рэв. рухам. Ва ўмовах 1-й сусв. вайны ўлада імператара ўзмацнілася, 16.9.1915 прыпынена дзейнасць Дзярж. думы. Працяглы ўрадавы крызіс 1915—17 (змяніліся 4 старшыні ўрада, шмат міністраў) непасрэдна папярэднічаў Лют. рэвалюцыі 1917, якая паклала канец «Т.м.».

Літ.:

Чиркин В.Е. Элементы сравнительного государствоведения. М., 1994. С. 22—24;

Сташкевіч М. Перадумовы і працэс стварэння палітычных партый на Беларусі (канец XIX ст.—люты 1917 г.) // Бел. гіст. часоп. 1999. № 4.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 16, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́НА-У́ГРЫ,

група плямён, якія належалі да фіна-угорскай моўнай сям’і. Засялялі лясную зону Усх. Еўропы і Зауралля, бас. верхняй і сярэдняй Волгі, Акі і Камы. У выніку распаду іх агульнасці ў фіна-пермскі перыяд вылучыліся угры (продкі венграў, хантаў і мансі). Пазней ад паволжскіх фінаў аддзяліліся продкі прыбалтыйска-фінскіх плямён, якія рассяляліся на З. Ёсць падставы меркаваць, што яны звязаны з тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культурай. Рассяленне Ф.-у. на вял. абшарах і суседства з плямёнамі інш. моўных груп прывяло да іх дыферэнцыяцыі. Фарміраванне фіна-волжскай (продкі мардвы і марыйцаў) і пермскай (продкі комі, комі-пермякоў і удмуртаў) агульнасцяў адносіцца да ранняга жал. веку. Прыбалтыйска-фінская этнамоўная агульнасць сфарміравалася на той тэр. фіна-угорскага арэала, дзе мела месца ўзаемадзеянне балцкіх і фінскіх культ. кампанентаў. Большасць лінгвістаў падзяляе прыбалтыйскіх фінаў на заходнюю (продкі ліваў, паўн. эстаў, емі) і ўсходнюю (продкі паўд. эстаў, водзі, карэлы, весі, чудзі завалоцкай) групы, што адпаведна звязана з 1-й і 2-й хвалямі міграцыі з У. На Беларусі зафіксаваны шматлікія сляды ўплыву Ф.-у. З фіна-угорскім субстратам у значнай ступені звязана гідранімія бас. р. Зах. Дзвіна. Канцэнтрацыя такіх гідронімаў назіраецца ў паўд.-ўсх. і паўд. частках Бел. Падзвіння. На шматлікіх гарадзішчах Пн Беларусі выяўлена тэкстыльная кераміка і рэчы фіна-угорскага паходжання. Асаблівасці раннесярэдневяковых старажытнасцей тыпу Банцараўшчыны ў заходнядзвінскім рэгіёне звязаны з уплывам фіна-угорскіх культурных кампанентаў. На сярэдневяковых паселішчах Маскавічы, Пруднікі, курганных могільніках Заборныя Гумны (Браслаўскі р-н), Баркі, Янкавічы (Расонскі р-н), а таксама ў гарадах Полацк, Віцебск, Браслаў, Лукомль выяўлена шмат рэчаў, якія сведчаць пра фіна-угорскі ўплыў.

Літ.:

Седов В.В. Прибалтийские финны // Финны в Европе, VI—XV вв.: Прибалтийско-финские народы: Ист.-археол. исслед. М., 1990. Вып. 1;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987;

Шадыро В.И. Ранний железный век Северной Белоруссии. Мн., 1985.

В.​І.​Шадыра.

т. 16, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫЦЭРО́Н (Cicero) Марк Тулій (3.1.106 да н.э., Арпінум — 7.12.43 да н.э.),

старажытнарымскі дзярж. і паліт. дзеяч, прамоўца, філосаф-асветнік, пісьменнік. З саслоўя коннікаў. З 63 да н.э. консул, пасля выкрыцця ім змовы Катыліны лідзіраваў у сенаце. У 58—57 да н.э. ў выгнанні. Пасля забойства Цэзара (44 да н.э.) зноў пачаў актыўную паліт. дзейнасць. Загінуў у час рэпрэсій М.Антонія і Актавіяна Аўгуста. Філас. погляды Ц. склаліся пад уплывам ідэй розных філас. сістэм. Сваёй мэтай лічыў філас. асветніцтва рымлян: знаёміў грамадзян з рознымі вучэннямі і школамі, прывіваў ім любоў і павагу да мудрасці. Шмат увагі аддаваў тэарэт. распрацоўцы праблем маралі і маральнага ўдасканалення асобы («Аб межах дабра і зла», «Аб лёсе», «Аб абавязках», «Аб дружбе»), Абвяргаў вучэнні аб т.зв. вышэйшых дабрачыннасцях і рэкамендаваў кіравацца самой прыродай; крытычна ставіўся да прымхаў і ў той жа час абгрунтоўваў «чыста філасофскую» рэлігію («Аб прыродзе багоў»), Паліт. ідэал Ц. — дзяржава, якая спалучае ў сабе элементы манархіі, арыстакратыі і дэмакратыі, узорам якой ён лічыў Рым. рэспубліку 3 — пач. 2 ст. да н.э. Вядомы таксама як тэарэтык маст. слова, адзін з заснавальнікаў рыторыкі як навукі. Яго творы — узор класічнай польскай мовы. Яго гуманіст. ідэі паўплывалі на развіццё еўрап. грамадскай і паліт. думкі ў перыяд Адраджэння і ў эпоху Асветніцтва, у т. л. на светапогляд Ф.​Скарыны, С.​Буднага, А.​Волана і інш. Сугучны ідэям Ц. і некаторыя ідэі Статутаў ВКЛ. На Беларусі творы Ц. сталі папулярнымі з 16 ст. Яны знаходзіліся ў б-ках ВКЛ на мове арыгінала і ў перакладзе на польскую мову, актыўна вывучаліся ў школах.

Тв.:

Рус. пер. — Философские трактаты. М.,1985;

О старости. О дружбе. Об обязанностях. 2 изд. М.,1993;

Диалоги. 2 изд. М., 1994;

Три трактата об ораторском искусстве. 2 изд. М., 1994.

Літ.:

Утченко С.Л. Цицерон и его время. М., 1972;

Грималь П. Цицерон: Пер. с фр. М., 1991.

Т.​І.​Адула.

Цыцэрон.

т. 17, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫ́ЛЬНАСЦЬ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

ступень населенасці пэўнай тэрыторыі. Вызначаецца адносінамі колькасці пастаяннага насельніцтва на адзінку плошчы (чалавек на 1 км²) без уліку плошчы вял. унутр. вадаёмаў. Б.ч. насельніцтва свету сканцэнтравана на ўскраінах мацерыкоў, каля мораў, на нізінах і некат. узгорыстых рэгіёнах (да 500 м над узр. м.).

Пры сярэдняй шчыльнасці заселеных мацерыкоў 46 чал. на 1 км² (2002) трапляюцца рэгіёны са Ш.н. каля 120 чал. на 1 км² (Усх. і Паўд.-Усх. Азія), у той жа час у Акіяніі Ш.н. менш за 4 чал. на 1 км², а на Пн Амерыкі і Еўразіі, а таксама ў высакагорных і пустынных раёнах вагаецца ад 0,01 да 1 чал. на 1 км². Значныя ваганні Ш.н. назіраюцца і па асобных краінах, напр., у Манголіі ў сярэднім прыпадае 2 чал. на 1 км², Канадзе і Аўстраліі — 3, Расіі — 8; у некат. краінах гэты паказчык значна вышэйшы, напр., у Італіі — 192, Германіі — 230, Індыі — 314, Японіі — 336, Тайвані — 625, Бангладэш — 926, Сянгане (Ганконг, з 1997 уваходзіць у КНР) — 6272, Сінгапуры — 6833 чал. на 1 км.

На Беларусі Ш.н. складае 48 чал. на 1 км² (2001). Больш шчыльна населены зах. вобласці (у Гродзенскай 47 чал. на 1 км², у Брэсцкай 45), меней усх. і паўн. (у Магілёўскай — 41, Гомельскай 38, Віцебскай 34 чал. на 1 км²). У Мінскай вобл. (з г. Мінск) 81 чал. на 1 км². На паказчык шчыльнасці ўплывае характар рассялення людзей, гушчыня і памеры паселішчаў. Гарадскія паселішчы, тэр. якіх параўнальна невял., населены больш шчыльна, чым сельская мясцовасць. Таму часта разлічваюць шчыльнасць гарадскога і сельскага насельніцтва паасобна. Напр., Ш.н. Мінска 6364 чал. на 1 км², Гомеля 4185, Гродна — 3332. Найб. канцэнтрацыя сельскага насельніцтва вакол буйных гарадоў, там Ш.н. можа дасягаць больш як 74 чал. на 1 км².

Дз.​М.​Кудзелка.

т. 17, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)