УСПЕ́НСКІ Глеб Іванавіч (25.10.1843, г. Тула, Расія — 6.4.1902),
рускі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Пецярбургскім (1861) і Маскоўскім (1862—63) ун-тах. Друкаваўся з 1862. Супрацоўнічаў у час. «Современник» (1865—66), «Отечественные записки» (1864—84). Яго творы адметныя дэмакр. накіраванасцю, сац. выкрывальнасцю, спалучэннем рэчаіснасці і маст. абагульнення. У цыклах нарысаў і аповесцей «Звычаі Расцяраевай вуліцы» (1866), «Разарэнне» (1869—71) рэаліст. паказ сац. з’яў 1-га паслярэформеннага 10-годдзя. У час паездкі за мяжу (1872, 1875—76) зблізіўся з дзеячамі народніцтва. З 2-й пал. 1870-х г. пераважная тэма твораў — побыт і свядомасць сялянства, працэсыэканам. і сац. расслаення абшчыннага сялянства як вынік укаранёнага капіталізму: цыклы «З сялянскага дзённіка» (1877—80), «Селянін і сялянская праца» (1880), «Улада зямлі» (1882), «Жывыя лічбы» (1888) і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—14. М.; Л., 1940—54;
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1955—57;
Бел.пер. — Звычаі Расцераевай вуліцы. Мн., 1938.
Літ.:
Пруцков Н.И. Глеб Успенский. Л., 1971;
Бельчиков Ю.А. Г.Успенский. М., 1979;
Барабохин Д.А. Г.Успенский и русская журналистика. Л., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАБІЯЛО́ГІЯ (ад фота... + біялогія),
раздзел біялогіі, што вывучае працэсы, якія адбываюцца ў жывёльных і расл. арганізмах пад уздзеяннем бачнага, ультрафіялетавага і блізкага інфрачырвонага выпрамянення.
Пачала развівацца ў 18—19 ст. з адкрыццём фотасінтэзу, распрацоўкай асноў тэорыі каляровага зроку, вывучэннем прыродных з’яў. звязаных з удзелам святла (фотаперыядызм, фотатаксісы і інш.). Як навука Ф. сфарміравалася ў 2-й пал. 20 ст.Фіз. аснова — квантавая тэорыя выпрамянення. Дасягненні ў Ф. звязаны з працамі А.М.Цярэніна, А.А.Красноўскага і іх школ у галіне спектраскапіі, фотахіміі арган. малекул і фотасінтэзу.
На Беларусі даследаванні па Ф. пачаліся ў БДУ і БСГА М.М.Гайдуковым (1924) і Ц.М.Годневым (1927). Асн.навук. цэнтры: Ін-ты фотабіялогіі, фізікі, эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі, БДУ, БСГА. Уклад у развіццё Ф. зрабілі І.Дз.Валатаўскі, А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, Г.П.Гурыновіч, В.М.Іванчанка, У.Л.Калер, С.В.Конеў, К.М.Салаўёў, А.А.Шлык і інш. Даследаванні накіраваны на павышэнне прадукцыйнасці фотасінтэзу с.-г. раслін, выкарыстанне сонечнага святла як сродку энергіі, лазернага выпрамянення для лячэння захворванняў чалавека, стварэнне штучных сістэм на аснове прынцыпаў фотабіял. з’яў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХОЙЛ (Hoyle) Фрэд (24.6.1915, Бінглі, Вялікабрытанія — 20.8.2001),
англійскі астраном, папулярызатар навукі, пісьменнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1957), Каралеўскага астр.т-ва (1940; у 1971—73 прэзідэнт). Замежны чл.Нац.АН ЗША (1969). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1939), дзе і працаваў (з 1967 дырэктар Ін-та тэарэт. астраноміі). З 1975 у Кардыфскім ун-це. Навук. працы па астрафізіцы, касмагоніі Сонечнай сістэмы, пазагалактычнай астраноміі. Прапанаваў мадэль стацыянарнага сусвету з бясконцым утварэннем рэчыва падчас яго расшырэння (1948), увёў тэрмін «Вялікі выбух» для пач. стадыі касмалагічнай эвалюцыі (1950). Пастуляваў асн.працэсы нуклеасінтэзу ў зорках (1957, з М. і Дж.Бэрбіджамі, У.А.Фаўлерам). Выказаў гіпотэзу аб занясенні жыцця на Зямлю мікраарганізмамі з міжзоркавай прасторы (тэорыя пансперміі). Аўтар больш як 40 навук. і навук.-папулярных кніг, навук.-фантастычных раманаў. Каралеўскі медаль (1974). Яго імем названа малая планета.
Тв.:
Astronomical origins of life: Steps towards panspermia. Boston, 1999 (разам з Н.Ч.Вікрамасінгхам);
Рус.пер. — Нейтринные процессы и образование пар в массивных звездах и Сверхновых. М., 1967 (разам з У.Фаўлерам);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧО́БАТЫ»,
бел. старадаўні нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Выконваўся пад музыку або пад прыпеўкі, часам адначасова пад музыку і прыпеўкі. Існавала некалькі тыпаў танца — ад абрадавага да сольнага. Выканаўца сольнага танца напачатку імітуе працэсы пашыву чобатаў, потым прытупвае то адной, то другой нагой, робіць скокі на дзвюх нагах у павароце і, стоячы на месцы, рухаецца па крузе бягом або павольна. Часта танец выконваецца на месцы, тады ён больш эмацыянальны і рухі больш складаныя. Існавалі варыянты, калі выканаўца дэманстраваў спрыт і фантазію, часам разам з дзяўчынай (Лельчыцкі, Жыткавіцкі р-ны Гомельскай вобл.). Танец насіў гумарыстычны характар. Абрадавы тып «Ч.» — частка традыц. вясельнага абраду (пашыраны на Прыпяцкім Палессі). Выконваўся бацькамі маладой пасля таго, як зяць. абдорваў цешчу і цесця (некалі абуткам). Пад воклічы гасцей бацькі пераабуваліся, потым іх на ўслоне падымалі ўверх і абносілі вакол сталоў. Бацькі ў гэты час махалі нагамі, стукалі нагой аб нагу і інш. Пасля завяршэння круга ўслон ставілі на падлогу, а бацькі працягвалі імправізаваць свой танец. Падчас яго выканання госці спявалі прыпеўкі. Кожнай мясцовасці ўласцівы свой варыянт танца. Яго сцэн. варыянт уваходзіць у рэпертуары некат. прафес. і аматарскіх калектываў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
агульная назва галін і раздзелаў псіхалогіі, у якіх выкарыстоўваецца метад эксперыменту. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. пры вывучэнні ў фізіял. лабараторыях элементарных псіхічных з’яў (адчуванняў, успрыманняў, часу рэакцыі) і грунтавалася на тэарэт. прынцыпах эмпірычнай псіхалогіі. Напр., Э.Г.Вебер у 1830-я г. эксперыментальна даследаваў парогі адчуванняў. Сістэматычныя эксперыментальна-псіхал. даследаванні пачаты ў Лейпцыгскай лабараторыі В.Вунта (1879). У Расіі першая эксперыментальна-псіхал. лабараторыя засн. ў Казані В.У.Бехцеравым (1885), з 1880 эксперыментальную работу ў Адэсе вёў М.М.Ланге. У 1880-я г. эксперыментальна-псіхал. лабараторыі існавалі ў Францыі, ЗША, Вялікабрытаніі і інш.
Першапачаткова гал. аб’ектам Э.п. былі ўнутр. псіхічныя працэсы нармальнага дарослага чалавека, якія аналізавалі з дапамогай спец. арганізаванага саманазірання (інтраспекцыі). Пазней эксперыменты сталі праводзіць над жывёламі (К.Лойд Морган, Э.Л.Торндайк), даследаваць псіхічна хворых, дзяцей, індывід. варыяцыі пачуццёвасці, часу рэакцыі, памяці, асацыяцый (Ф.Гальтан, Дж.Кетэл). У рэчышчы Э.п. ўзнікла дыферэнцыяльная псіхалогія, прадмет якой — індывід. адрозненні паміж людзьмі і іх групамі. У наш час разам з удасканаленнем уласна псіхал. метадаў (лабараторнага, натуральнага эксперыментаў, назірання і інш.) Э.п. выкарыстоўвае метады сумежных з ёй навук — нейрафізіялогіі, біялогіі, сацыялогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГЕНЕ́З (ад этнас + ...генез),
працэс фарміравання этнічнай супольнасці. У шырокім сэнсе слова Э. ахоплівае вял.гіст. перыяд складвання і існавання этнасу ў розных этнасац. формах (племя, народнасць, нацыя). Э. многіх сучасных еўрап. народаў, у т. л.беларусаў, узыходзіць да этн. супольнасцей апошніх этапаў першабытнасці, эпохі ваен. дэмакратыі і раннякласавых грамадстваў — плямён, племянных саюзаў, народнасцей. Актыўныя сац.-біял.працэсыміксацыі, асіміляцыі і кансалідацыі абумовілі ўзнікненне новых народаў феад. эпохі (народнасцей), якія далі пачатак існуючым зараз этнасац. супольнасцям (нацыям). Э. амаль кожнага этнасу характарызуецца ўзаемасувяззю двух этнагенет. працэсаў: кансалідацыі і развіцця стараж. больш дробных аўтахтонных этн. кампанентаў і ўключэннем у працэсе Э. перасяленцаў (мігрантаў). Пытанні Э. розных народаў вывучаюць гісторыкі, этнографы, археолагі, лінгвісты, антраполагі, фалькларысты і інш.
Літ.:
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнага часу да канца XVIII ст.Мн., 2001;
Цітоў В.С. Этнаграфічная спадчына: Беларусь. Краіна і людзі. Мн., 2001;
Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХГА́ЛТАРСКІ ЎЛІК,
сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі аб кругаабароце капіталу ў працэсе гасп. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі і інш.юрыд. асоб; адзін з відаў гасп. ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нац. стандартамі рахункаводства ўсімі юрыд. асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фіз. асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фін. справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства. Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асн. функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гасп. аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і інш. прававым дакументам). Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гасп. аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашовавартасным выражэнні. На кожную асобную гасп. аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй. Дакументальна аформленыя гасп. аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спец. двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гасп. аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі наз. карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гасп. аперацыі, ці праводка, дзе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт. Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гасп. сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асн.гасп.працэсы і фін. вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гасп. аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць аналітычны ўлік і сінтэтычны ўлік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс (гл. ў арт.Баланс у эканоміцы) і інш. формы справаздачнасці.
Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная (гл.Рахункі бухгалтарскага ўліку). Выбар формы бухгалтарскага ўліку залежыць ад узроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш. Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядзення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу бухгалтарскага ўліку гал. бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе. Метадалагічнае кіраванне сістэмай бухгалтарскага ўліку на Беларусі ажыццяўляе Мін-ва фінансаў (зацвярджае тыповы план рахункаў, нац. стандарты ўліку, справаздачнасці і інструкцыі па іх выкарыстанні). Асн. нарматыўны дакумент, які рэгулюе арганізацыю і метадалогію бухгалтарскага ўліку, — закон Рэспублікі Беларусь «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,
галіна металургіі, якая ахоплівае выраб парашкоў металаў і металападобных злучэнняў, спечаных матэрыялаў (паўфабрыкатаў, дэталяў) з іх ці з сумесяў метал. парашкоў з неметалічнымі без расплаўлення асн. кампанента. Дазваляе атрымліваць матэрыялы і вырабы, якія немагчыма або эканамічна немэтазгодна вырабляць звычайнымі спосабамі (напр., плаўкай). Метадамі П.м. атрымліваюць кампазіцыйныя матэрыялы, керметы, магнітадыэлектрыкі, магнітныя матэрыялы, тугаплаўкія металы, карбідныя цвёрдыя сплавы, порыстыя, фрыкцыйныя і інш.
Асн. тэхнал. аперацыі П.м.: атрыманне парашкоў аднаўленнем аксідаў, мех. размолам, распыленнем і інш. спосабамі; прыгатаванне з парашкоў зыходнай сумесі (шыхты) з зададзенымі хім. саставам і ўласцівасцямі; фармаванне загатовак вырабаў (халодным прасаваннем шыхты ў прэс-формах, гарачым прасаваннем і шлікерным ліццём, працісканнем парашку, змешанага з пластыфікатарамі, праз адтуліну адпаведнай формы і інш.); наданне загатоўкам патрэбных фіз.-мех. уласцівасцей спяканнем (пераважна ў эл. печах) у аднаўляльным ці нейтральным асяроддзі пры т-ры, ніжэйшай за т-ру плаўлення асн. кампанента. Выкарыстоўваюць таксама спяканне пад ціскам, з адначасовым дзеяннем цэнтрабежных сіл ці насычэннем загатоўкі расплаўленым металам, хіміка-тэрмічнай апрацоўкай. Прынцыпы П.м. распрацавалі рас. вучоныя і інжынеры П.Р.Сабалеўскі і В.В.Любарскі, якія ў 1826 выкарысталі працэсы прасавання і спякання для атрымання вырабаў з парашку плаціны; М.М.Бякетаў у 1865 распрацаваў тэарэт. асновы атрымання парашкоў некаторых металаў. У 1920—30-я г. метады П.м. пачалі ўкараняцца ў прамысл.вытв-сцьСССР, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі. Удасканаленню метадаў П.м. садзейнічалі працы ўкр. вучоных Р.В.Самсонава, М.І.Фядорчанкі, І.М.Францэвіча, аўстр. вучонага Р.Кіфера, англ. даследчыка В.Джонса, амер. металурга Ф.Райнса і інш.
На Беларусі П.м. развіваецца з 1960, калі пры БПІ была створана базавая лабараторыя парашковай металургіі (з 1972 НДІ, з 1980 Бел. навукова-вытв. аб’яднанне, з 1996 Бел.дзярж. навукова-вытв. канцэрн парашковай металургіі, у які ўваходзяць НДІ парашковай металургіі, НДІ зваркі, НДІ імпульсных працэсаў, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш.). Вывучаны многія тэарэт. пытанні П.м., даследаваны новыя метады і распрацаваны тэхнал.працэсы, створаны машыны для прасавання вырабаў, высокаэфектыўныя матэрыялы, (А.У.Роман, П.А.Віцязь, Я.А.Дарашкевіч, Г.М.Ждановіч, А.Ф.Ільюшчанка, В.М.Капцэвіч, В.М.Кавалеўскі, В.К.Шэлег і інш.).
Літ.:
Порошковая металлургия: Материалы, технология, свойства, обл. применения. Киев, 1985;
Кипарисов С.С., Либенсон Г.А. Порошковая металлургия. 3 изд. М., 1991;
Витязь П.А., Капцевич В.М., Шелег В.К. Пористые порошковые материалы и изделия из них. Мн., 1987;
Актуальные проблемы порошковой металлургии. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
прамысловыя апараты для ажыццяўлення рэакцый хімічных; адны з асн. апаратаў тэхнал. установак хім. вытв-сці. Назва Р.х. (газагенератар, канвертар і інш.) звычайна вызначаецца працэсам, які ў ім праводзіцца. У шырокім сэнсе да Р.х. могуць быць аднесены гарэлкі, рухавікі, акумулятары і інш. апараты, у якіх таксама адбываюцца хім. рэакцыі, але гал. з’яўляецца цеплавы ці эл. эфект, мех. работа і інш., а не іх хім. прадукт.
Р.х. класіфікуюць паводле характару працякання працэсу ў часе (Р.х. перыяд., бесперапыннага і паўбесперапыннага дзеяння), цеплавога рэжыму работы (ізатэрмічныя, адыябатычныя, політрапічныя), рэжыму руху рэакцыйнага асяроддзя (поўнага выцяснення або змяшэння, Р.х. прамежкавага тыпу), фазавага стану рэагентаў (Р.х. для гамагенных рэакцый у газавай ці вадкай фазах, для гетэрагенных рэакцый у сістэмах газ—вадкасць, газ—цвёрдае цела і каталітычных гетэрагенных рэакцый у сістэмах газ—цвёрдае цела, вадкасць—цвёрдае цела або ў вадкай фазе). Паводле тыпу канструкцыі Р.х. падзяляюць на ёмістасныя, калонныя, трубчастыя. Ёмістасныя Р.х. — полыя апараты найчасцей з прыладамі для перамешвання; у газа-вадкасных сістэмах перамешванне можа праводзіцца барбатаваннем. Цеплаабмен у такіх апаратах ажыццяўляецца праз паверхню Р.х. ці шляхам частковага выпарэння вадкага кампанента. Да рэактараў гэтага тыпу адносяць таксама апараты з нерухомым ці псеўдаажыжаным слоем (адным або некалькімі) каталізатара. У ёмістасных Р.х. праводзяць бесперапынныя, перыяд. і паўбесперапынныя працэсы. Калонныя Р.х. — пустацелыя або запоўненыя каталізатарам ці насадкай апараты. Для паляпшэння міжфазнага масаабмену ў іх выкарыстоўваюць дыспергаванне з дапамогай распырсквальнікаў, барбацёраў, мех. ўздзеяння (вібрацыя талерчатай насадкі, пульсацыя патокаў фаз) ці насадкі (цвёрдыя целы рознай формы — кольцы, кольцы з перагародкамі і інш.), якія забяспечваюць высакаскорасны плёначны рух фаз. У такіх Р.х. ажыццяўляюць бесперапынныя працэсы ў двух- ці трохфазных сістэмах. Трубчастыя Р.х. выкарыстоўваюць для правядзення каталітычных рэакцый з цеплаабменам у рэакцыйнай зоне праз сценкі трубак, высокатэмпературных газафазных рэакцый. Спецыфічныя ўласцівасці маюць Р.х. для электрахім, (гл. Электроліз), плазмахім. і радыяцыйна-хім. працэсаў. Разлік Р.х. грунтуецца на даных па тэрмадынаміцы і кінетыцы рэакцый, скорасці цёпла- і масаабмену (гл. Макракінетыка) з улікам структуры патокаў у апаратах; поўны разлік праводзяць метадам мадэліравання (гл. Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы) з выкарыстаннем ЭВМ.
Выкарыстоўваюць Р.х., у т. л. на прадпрыемствах Беларусі, у тэхналогіі неарган. (вытв-сць аміяку, салянай і азотнай кіслот, аміячнай салетры і інш.) і арган. рэчываў (дэгідрыраванне н-бутэнаў, атрыманне ацэтылену з вуглевадародаў, перапрацоўка вадкага і газападобнага паліва і інш.), тэхналогіі асн.арган. сінтэзу і палімераў (атрыманне ацэтылену крэкінгам метану, нітрабензолу, стыролу, полімерызацыя этылену, хлорыстага вінілу і інш.), а таксама ў інш. галінах прам-сці. Гл. таксама Хімічная тэхналогія.
Асноўныя тыпы рэактараў хімічных: а — праточны ёмісты рэактар з мяшалкай і цеплаабменнай абалонкай, б — мнагаслойны каталітычны рэактар з прамежкавымі цеплаабменнымі элементамі (ЦЭ), в — калонны рэактар з насадкай (Н) для двухфазнага працэсу, Г — трубчасты рэактар; 3 — зыходныя рэчывы, П — прадукты рэакцыі, Ц — цепланосьбіт, К — каталізатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХІМІЯ
Біяхімічныя даследаванні на Беларусі пачаліся з адкрыццём у 1923 кафедры біяхіміі на медыцынскім факультэце БДУ (з 1930 у складзе Мінскага мед. ін-та). Найбольш актыўна даследаваліся прыкладныя кірункі біяхіміі ў сельскагаспадарчых навуках, у т. л. ў Бел. сельскагаспадарчай акадэміі, дзе сфармулявана палажэнне аб паступовым утварэнні малекулы хларафілу ў расліннай клетцы (Ц.М.Годнеў). У пасляваенны час біяхімічныя працэсы вывучаліся ў АН Беларусі, у галіновых НДІ і ВНУ. Вывучаліся фізіялогія і біяхімія бульбы (А.С.Вечар, М.М.Ганчарык), лубіну (А.В.Міраненка), рэгулятары росту раслін (С.М.Маштакоў), уплыў грыбной і віруснай інфекцыі на біяхімічныя паказчыкі расліны-гаспадара (В.Ф.Купрэвіч); распрацоўваліся бесперапынны спосаб вырабу яблычных пеністых він (А.С.Вечар, Л.А.Юрчанка), біяхімія клетачных ядраў і пластыд раслін пры экспрэсіі і рэканструкцыі геному (У.М.Рашэтнікаў), уплыў малых доз радыяцыі на абмен рэчываў у арганізме (Л.С.Чаркасава), абмен мікраэлементаў пры паталагічных працэсах (В.А.Лявонаў), біяхімічныя працэсы пры старэнні (А.Н.Разумовіч, Г.Р.Гацко). У БДУ даследуецца ўплыў гармонаў наднырачнікаў на абмен глутамінавай кіслаты і паказчыкі вугляводна-энергетычнага абмену (А.Ц.Пікулеў). У Ін-це біяхіміі Нац.АН Беларусі вывучаліся малекулярныя механізмы рэгуляцыі абмену рэчываў, міжвітамінныя і вітамінна-гарманальныя ўзаемаадносіны (Ю.М.Астроўскі і яго вучні — У.У.Буко, У.В.Вінаградаў, Ф.С.Ларын, У.В.Лялевіч, М.К.Лукашык, А.Г.Майсяёнак, Л.І.Няфёдаў і інш.). У Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі вывучаюцца розныя пытанні клінічнай біяхіміі (У.Г.Колб, У.С.Камышнікаў). Роля мікраэлементаў у павышэнні прадукцыйнасці жывёлагадоўлі даследуецца ў Віцебскім ветэрынарным ін-це (Ф.Я.Беранштэйн) і НДІ жывёлагадоўлі (К.М.Сонцаў). У Віцебскім мед. ун-це вырашаюцца пытанні бактэрыяхіміі (А.П.Яфімцава), абмену ліпідаў пры рознай паталогіі (А.А.Чыркін). У Бел.мед. ун-це праводзяцца даследаванні абмену рэчываў пры рознай паталогіі (М.Ф.Меражынскі) па ўдасканаленні фізіка-хімічных метадаў біяхімічных даследаванняў (В.А.Бандарын). Вучні Бандарына ўносяць значны ўклад у вывучэнне абмену рэчываў пры сардэчнай недастатковасці (В.К.Кухта), уздзеянні радыяцыі (Я.Ф.Канапля), злаякасным росце (Т.С.Марозкіна). Вывучаюцца структурныя асновы спецыфічнасці трамбіну і механізмы яго лімфацытапасродкаваных эфектаў (Я.В.Баркоўскі), малекулярныя механізмы ўзаемадзеяння сурфактанту з макрафагамі лёгкіх і іх роля ў развіцці інтэрстыцыяльнага пнеўмафіброзу (А.Д.Тагановіч), антыаксідантная ахова тканак жывёл пры асобным і спалучаным дзеянні гама-апрамянення і кадмію ў розных дозах (В.К.Кухта, Т.С.Марозкіна).
Літ.:
Вечер А.С., Гончарик М.Н. Физиология и биохимия картофеля. Мн., 1973;
Решетников В.Н. Клеточные ядра высших растений: состав, структура, функции. Мн., 1992;
Пантюк И.В. Становление и развитие медицинской биохимии в Беларуси. Мн., 1999;
Антиоксидантная защита тканей животных при раздельном и сочетанном действии γ-облучения и кадмия в различных дозах // Мед. радиология и радиац. безопасность. 2000. Т. 45, №6.