ФОТАБІЯЛО́ГІЯ (ад фота... + біялогія),
раздзел біялогіі, што вывучае працэсы, якія адбываюцца ў жывёльных і расл. арганізмах пад уздзеяннем бачнага, ультрафіялетавага і блізкага інфрачырвонага выпрамянення.
Пачала развівацца ў 18—19 ст. з адкрыццём фотасінтэзу, распрацоўкай асноў тэорыі каляровага зроку, вывучэннем прыродных з’яў. звязаных з удзелам святла (фотаперыядызм, фотатаксісы і інш.). Як навука Ф. сфарміравалася ў 2-й пал. 20 ст. Фіз. аснова — квантавая тэорыя выпрамянення. Дасягненні ў Ф. звязаны з працамі А.М.Цярэніна, А.А.Красноўскага і іх школ у галіне спектраскапіі, фотахіміі арган. малекул і фотасінтэзу.
На Беларусі даследаванні па Ф. пачаліся ў БДУ і БСГА М.М.Гайдуковым (1924) і Ц.М.Годневым (1927). Асн. навук. цэнтры: Ін-ты фотабіялогіі, фізікі, эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, БДУ, БСГА. Уклад у развіццё Ф. зрабілі І.Дз.Валатаўскі, А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, Г.П.Гурыновіч, В.М.Іванчанка, У.Л.Калер, С.В.Конеў, К.М.Салаўёў, А.А.Шлык і інш. Даследаванні накіраваны на павышэнне прадукцыйнасці фотасінтэзу с.-г. раслін, выкарыстанне сонечнага святла як сродку энергіі, лазернага выпрамянення для лячэння захворванняў чалавека, стварэнне штучных сістэм на аснове прынцыпаў фотабіял. з’яў і інш.
Літ.:
Теренин А.Н. Фотоника молекул красителей и родственных органических соединений. Л., 1967;
Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979.
І.Дз.Валатоўскі.
т. 16, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)