АЎСЯ́НКІ (Emberiza),

род птушак атр. вераб’інападобных. 39 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі гняздуюцца 4 віды: прасянка (Emberiza calandra), аўсянка садовая (Emberiza hortulana), аўсянка звычайная (Emberiza citrinella), аўсянка чаротавая (Emberiza schoeniclus). Прасянка і аўсянка садовая занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела да 22 см, маса да 64 г. Апярэнне бураватае і карычняватае. Дзюба кароткая, канічная, верхняя палавіна якой няшчыльна прылягае да ніжняй. Жывуць на лугах, у хмызняках, чаротавых зарасніках і ў лесе. Гнёзды адкрытыя, на зямлі або на высокіх кустах. Нясуць 2—6 яец. За год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі і насеннем.

Аўсянкі: 1 — звычайная (а — самка; б — самец); 2 — садовая; 3 — чаротавая (а — самец; б — самка); 4 — прасянка.

т. 2, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКЛА́НЫ (Phalacrocoracidae),

птушкі сямейства бакланавых атр. весланогіх, 2 роды, 30 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках. Жывуць на марскіх узбярэжжах, астравах, вял. унутр. вадаёмах. На Беларусі вельмі рэдка трапляецца як залётны від баклан вялікі (Phalacrocorax carbo).

Даўж. 55—92 см, маса да 3 кг. Апярэнне дарослых чорнае. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі, шорсткі. Пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Добра плаваюць і ныраюць на вял. глыбіню. Гняздуюцца калоніямі. Гнёзды будуюць на скалах, дрэвах, заломах чароту, на роўных берагах. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца рыбай і ракападобнымі. Шкодзяць рыбнай гаспадарцы. У некаторых раёнах Японіі і Кітая шмат стагоддзяў бакланаў выкарыстоўваюць для лоўлі рыбы. Некаторыя занесены ў Чырв. кнігі МСАП і б. СССР.

Баклан вялікі.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНАЯ САВА́ (Asio flammeus),

птушка сямейства савіных атр. совападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн.-Зах. і Паўд. Афрыцы. На Беларусі трапляецца на поймавых і сухадольных лугах, нізінных балотах, парослых хмызняком або лісцевым драбналессем, асушаных тарфяніках, вял. увільготненых высечках.

Даўж. цела 33—43 см, маса 260—440 г, размах крылаў 0,89—1,1 м. Афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі, звычайна пад кустом або купінай. Нясе 3—6 яец, у гады масавага размнажэння грызуноў — 9—10. Корміцца мышападобнымі грызунамі, зрэдку жабамі, птушкамі. Каштоўная для сельскай гаспадаркі. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі, адзін з падвідаў — у Чырв. кнігу МСАП.

Балотная сава.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНКІ́ЎСКІ ПЕ́ВЕНЬ (Gallus gallus),

птушка сямейства фазанавых. Пашыраны ў Індыі і Паўд.-Усх. Азіі. У прыручаным стане завезены на Яву, Філіпінскія а-вы, Новую Гвінею і а-вы Палінезіі, дзе месцамі здзічэў. Жыве ў лясных і кустовых джунглях у гарах і на раўнінах.

Даўж. цела да 66 см, маса самцоў 0,9—1,25 кг, самак 0,5—0,75 кг. Афарбоўка самца чырвона-залацістая на спінным баку і чарнавата-бурая на брушным, самкі бураватыя. У самца высокі мясісты грэбень на галаве, голыя шчокі і 1 або 2 вушныя лопасці, або «завушніцы». Гняздо на зямлі ў паглыбленнях. Корміцца насеннем, зернем, часткамі раслін і насякомымі. Ад банкіўскага пеўня паходзяць шматлікія пароды свойскіх курэй.

Банкіўскі певень.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛШТЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Малочнага кірунку. Выведзена ў ЗША і Канадзе ў выніку селекцыйнай работы на працягу 19—20 ст. з чорна-пярэстай жывёлы, завезенай з паўн. ч. Нідэрландаў. Найбольш высокамалочная парода. На Беларусі гадуюць на племзаводзе «Ведрыч» Рэчыцкага р-на. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях з мэтай павелічэння малочнай прадукцыйнасці ў першую чаргу чорна-пярэстай жывёлы.

Жывёла мае вял. памеры цела, сухую канстытуцыю, развітое вымя. Масць пераважна чорна-пярэстая з рознымі меткамі. Жывая маса нованароджаных бычкоў 44—47 кг, цялушак 38—42, дарослых быкоў 950—1200 і кароў 670—700 кг. Інтэнсіўны раздой на 1-й і 2-й лактацыях. Надой за лактацыю 6500—7000 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,5—3,7%.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЬШТУЧНІК, зуёк вялікі (Charadrius hiaticula),

птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Трапляецца на вял. спустошаных лугах-пашах, прыбярэжных косах і водмелях. На Беларусі рэдкі від, адзначаны на пралётах і зрэдку летам на пясчаных берагах, косах і водмелях Дняпра, Сажа. Прыпяці і інш. рэк; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 22,5 см, маса 55—75 г. Патыліца. спіна і надхвосце буравата-шэрыя, грудзі, брушка, сярэдзіна лба і падхвосце белыя. На валляку чорная папярочная паласа — «гальштук» (адсюль назва). Аснова дзюбы і ногі аранжава-жоўтыя, канец дзюбы чорны. Корміцца чарвямі, малюскамі і інш. беспазваночнымі. Гняздуецца на пясчаных і галечнікавых водмелях, выдмах. Нясе 3—5 яец.

Гальштучнік.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАДРЫ́Л (Papio hamadryas),

малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.

Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазалі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.

Гамадрыл.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́РБНІК (Falco columbarius),

птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў тайзе, лесатундры, часткова ў тундры Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа гнездавога арэала. Жыве ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай, часцей трапляецца ў Бел. Паазер’і на вял. вярховых балотах. Нар. назва галубятнік. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Даўж. цела 27—34 см, маса 160—250 г. Самкі большыя за самцоў. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі. Апярэнне ў самцоў шызае, у самак дымчата-бурае, брушны бок белавата-рыжы з падоўжнымі стракацінамі, хвост паласаты. Корміцца пераважна дробнымі птушкамі. Гняздуецца на дрэвах у гнёздах інш. птушак, на зямлі, скалах, зрэдку будуе гняздо. Нясе 3—6 яец.

Дзербнік: 1 — самец; 2 — самка.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАФІ́НЫЯ (Otididae),

сямейства птушак атр. жураўлепадобных. 11 родаў, 24 віды. Пашыраны ў стэпах і паўпустынях Афрыкі, Еўразіі і Аўстраліі. Найб. вядомыя: драфа звычайная (Otis tarda), стрэпет (Tetrax tetrax), джэк, або драфа-красуня (Chlamydotis undulata). На Пд Беларусі раней трапляліся драфа звычайная (нар. назвы дроп, крохва), занесеная ў Чырв. кнігу (1-е выд.), і стрэпет.

Вялікія і сярэдніх памераў птушкі, маса 1—23 кг. Самцы большыя за самак. Апярэнне шчыльнае, разнастайнай афарбоўкі. Шыя сярэдняй даўжыні, тоўстая. Ногі моцныя, доўгія, трохпальцыя, з цвёрдымі мазолістымі падушачкамі. Хвост кароткі. У шлюбны перыяд самцы такуюць. Гняздо на зямлі, нясуць 2—5 яец. Корм разнастайны, пераважна раслінны. Ахоўваюцца, разводзяцца штучна.

Драфіныя: 1 — драфа звычайная; 2 — джэк; 3 — стрэпет.

т. 6, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБАНО́С (Coccothraustes coccothraustes),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ва ўмераных шыротах Еўразіі, на Пн Індыі і Афрыкі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, садах і парках. Пералётны, часткова зімуе. На Беларусі звычайны на Пд ад шыраты г. Бабруйск, найб. на Палессі; рэдкі на Пн.

Даўж. цела каля 13 см, маса 46—57 г. Дзюба моцная, тоўстая, канічная. Галава бура-карычневая, горла, паласа вакол дзюбы, крылы і хвост чорныя, спіна каштанавая, на плячах шырокая светлая паласа, цела знізу рыжавата-шэрае, брушка і пляма на хвасце і крылах белыя. Самка больш цьмяная. Нясе 3—7 (найчасцей 4—5) яец. Корміцца насеннем дрэў, пладамі крушыны, рабіны, чаромхі, костачкамі вішні і інш.

Дубанос.

т. 6, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)