ЗЕМЛЯРЫ́ЙКІ,

млекакормячыя сям. землярыйкавых (Soricidae) атр. насякомаедных. 21 род, каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы і ПнЗ Паўд. Амерыкі. Большасць відаў вядзе наземны, падземны, некат. паўводны спосаб жыцця. Жывуць ад тундры да пустынь. На Беларусі 7 відаў з родаў белазубак, буразубак, кутор.

Даўж. цела 3,5—18 см, хваста 1—12 см, маса 1,2—150 г (самыя дробныя млекакормячыя). Вонкава нагадваюць мышэй, адрозніваюцца рухомым, выцягнутым у хабаток носам. Хвост доўгі з валасамі. Валасяное покрыва аксаміцістае, роўнае. Размнажаюцца 1—3 разы на год. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі — шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі. Носьбіты інфекцый.

т. 7, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)