МАЦВЕ́ЕНКА (Уладзімір Іванавіч) (н. 17.8.1928, Мінск),
бел.паэт. Скончыў Мінскае мед. вучылішча (1956). З 1958 працуе тэхнікам-артадонтам. Друкуецца з 1973 як дзіцячы пісьменнік і ў жанры сатыры. Адзін з аўтараў зб-каў для дзяцей і юнацтва «Заранка», «Цвіце верас» (абодва 1987), сатыр. кніжкі «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Яго творы вызначаюцца гумарам, вынаходлівасцю, дасціпнасцю і забаўляльнасцю (зб-кі «Лекі без аптэкі», 1987; «Загадкі Зайкі-загадайкі», 1990; «Азбука ў загадках», 1992; «Загаданачка», 1993; «Сябрынка», 1995, Літ. прэмія імя Я.Маўра 1996; «Сорак скорагаворак», 1998; «Загадкі з хаткі дзеда Уладкі», 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВАРЫЯ́НІ (Мухран Іванавіч) (н. 12.4.1929, с. Аргвеці, Грузія),
грузінскі паэт. Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1952). Друкуецца з 1952. У паэт. зб-ках «Вершы» (1955), «Вымушаны вас узрадаваць» (1957), «Няхай крочаць» (1970), «Калі б не тыя, хто быў калісьці...» (1973), «Як Кура» (1987), «Шматпакутны...» (1989) і інш. складаны свет узаемаадносін чалавека і грамадства, гіст. лёс краіны, жыццё і праца суайчыннікаў. Лірыка М. адметная грамадзянскім пафасам, публіцыстычнасцю, жыццесцвярджальнасцю, багатай нюансіроўкай верша. Пераклаў на груз. мову шэраг твораў Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Грачанікаў, У.Някляеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),
род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 від М.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАКУЛЬТУ́РА (ад мона... + лац. cultura вырошчванне, развіццё),
працяглае нязменнае вырошчванне с.-г. раслін аднаго віду на адным і тым жа ўчастку безсевазвароту. Вядзе да аднабаковага спусташэння глебы (напр., М. збожжавых культур збядняе глебу на фосфар, бабовых — на фосфар і кальцый, буракоў, бульбы — на калій), памяншэння колькасці гумусу (найб. хуткае пры М. прапашных культур), разбурэння структуры і эрозіі глебы, зніжае яе ўрадлівасць, спрыяе размнажэнню спецыфічных шкодных насякомых, узбуджальнікаў хвароб, пустазелля, што значна зніжае ўраджайнасць. Адмоўныя эфекты М. часова памяншаюцца агратэхн. прыёмамі, хім. сродкамі. Таксама М. наз. адзіная с.-г. культура, якая вырошчваецца ў гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДО́ВАЯ РАСА́,
выпат цукрыстай вадкасці ў выглядзе кропелек на лістах (часам на сцёблах) некат. лісцевых дрэў (напр., ліпы, дуба, вярбы, вяза, жоўтай акацыі) і ігліцы елак. Утвараецца пры рэзкіх сутачных зменах т-ры і вільготнасці (уначы і раніцай, найб. увосень) без удзелу нектараноснай тканкі. Паводле саставу падобная да нектару, але мае больш дэкстрынаў, к-т, бялковых і мінер. рэчываў і менш засваяльных пчоламі цукроў. Часам наз.паддзю расл. паходжання. Як і падзь, ператвараецца пчоламі ў падзевы мёд. Часам М.р. памылкова называюць цукрыстую вадкасць, што выдзяляецца канідыяльнай стадыяй спарынні для прываблівання насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАЛЬНІ́ЦА,
атмасферная з’ява, пры якой у магутных кучава-дажджавых воблаках, паміж імі або паміж воблакамі і зямлёй узнікаюць моцныя эл. разрады — маланкі, якія суправаджаюцца громам. У час Н. звычайна бывае лівень, часам град, адзначаецца імклівы вецер — шквал. Здараюцца Н. без ападкаў. Адрозніваюць Н. франтальныя, што ўзнікаюць на стыку франтоў атмасферных, і ўнутрымасавыя, якія ўтвараюцца ў выніку мясц. прагравання паветра ад зямной паверхні. На зямным шары адначасова адбываецца да 1800 Н. На Беларусі за год у кожным пункце бывае ў сярэднім 25—30 сут з Н., пераважна летам (чэрв., ліпень), найчасцей над узвышанымі ўчасткамі паверхні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАЎНАВА́ЖНЫ ПРАЦЭ́Су тэрмадынаміцы і статыстычнай фізіцы,
фізічны працэс, які ўключае нераўнаважныя станы. Напр., устанаўленне раўнавагі (тэрмадынамічнай ці статыстычнай) у ізаляванай сістэме, якая знаходзіцца ў нераўнаважным стане. З’яўляецца неабарачальным працэсам і выклікае павелічэнне энтрапіі ў сістэме.
Калі ў ізаляванай сістэме існуюць неаднароднае поле т-р, градыенты канцэнтрацый і скорасцей упарадкаванага руху часцінак, то выкліканыя імі Н.п. цеплаправоднасці, дыфузіі, вязкага трэння будуць садзейнічаць выраўноўванню значэнняў тэрмадынамічных параметраў у розных частках сістэмы і ўстанаўленню раўнавагі. У неізаляваных сістэмах Н.п. могуць працякаць стацыянарна (без змен фіз. станаў сістэмы, напр., цеплаперадача пры пастаяннай рознасці т-р за кошт цеплаправоднасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВЕ́РЗЕЎ (Іван Фёдаравіч) (3.9.1914, в. Кузьмінкі Арлоўскай вобл., Расія — 23.4.1978),
расійскі кінаакцёр. Нар.арт.СССР (1975). Скончыў Маскоўскае гар.тэатр. вучылішча (1938). З 1938 у маскоўскім т-ры Рэвалюцыі, з 1945 у Т-ры-студыі кінаакцёра кінастудыі «Масфільм». У характарах персанажаў імкнуўся раскрыць драматызм, супярэчлівасць, кантрастнасць і павароты лёсу. Зняўся ў фільмах «Марскі ястраб» (1942), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (1953), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1963), «Фронт без флангаў» (1975), «Фронт за лініяй фронту» (1977); на кінастудыі «Беларусьфільм» — «Маё каханне» (1940), «Палеская легенда» (1957). Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛО́М,
поўнае парушэнне цэласці косці. Адрозніваюць П. траўматычны (ад уздзеяння мех. сілы) і паталаг. (пухліна, запаленне і інш.). Можа суправаджацца пашкоджаннем нерв. канцоў або ствалоў, буйных сасудаў, скурных покрываў, інфіцыраваннем раны. Пашкоджанне крывяносных сасудаў пры П. вядзе да крывацёку, часам да развіцця дэкампенсаванай ішэміі тканкі і інш. П. бываюць адкрытыя, закрытыя (скура не пашкоджваецца), са зрушэннем і без зрушэння. Асн. клінічная праява П. — паталаг. рухомасць косці. Інш. праявы залежаць ад лакалізацыі П. (на чэрапе, пазваночніку, канечнасцях і інш.). Асн. метад дыягностыкі — рэнтгенаграфія. Лячэнне кансерватыўнае (гіпсавыя павязкі, лёгкія шыны, выцяжэнне), хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА КРЫВІ́,
вадкая частка крыві, якая застаецца пасля выдалення форменных элементаў. Мае ў сабе 90—93% вады і 7—10% сухога рэчыва. У П.к. ёсць бялкі (каля 200 відаў), тлушчы, вугляводы. мінер. солі, ферменты, вітаміны, гармоны і інш.Асн. функцыі П.к.: трафічная, рэгулятарная, ахоўная, гамеастатычная, ферментатыўная. Абумоўлівае згусальнасць крыві, удзельнічае ў газаабмене. Найб. значныя бялкі П.к. — альбуміны, глабуліны, фібрынаген (пры гемакаагуляцыі ператвараецца ў фібрын). П.к. без фібрыну наз. сывараткай. Змены ў саставе П.к. маюць дыягнастычнае значэнне для вызначэння захворвання (рэўматызм, цукровы дыябет). З П.к. гатуюць лек. прэпараты (напр., альбумін, фібрынаген, гама-глабулін). Гл. таксама Кровазаменныя вадкасці.