японская нац. барацьба (у кімано са свабодным поясам, без абутку). Пры барацьбе стоячы барцы імкнуцца з дапамогай падножак, падсечак, кідкоў і інш. прыёмаў кінуць адзін аднаго на татамі (спец. цыновачная мата), пры барацьбе лежачы — утрымаць праціўніка прыціснутым спінай да татамі або з дапамогай болевых прыёмаў і задушлівых захватаў прымусіць яго прызнаць сябе пераможаным. Схваткі праводзяцца ў 8 вагавых катэгорыях (жанчыны — 48, 52, 61, 66, 72, больш за 72 кг і абсалютная; мужчыны — 60, 65, 71, 78, 86, 95, больш за 95 кг і абсалютная) і працягваюцца 4 мін для жанчын і 5 мін для мужчын.
Дз. створана ў канцы 19 ст.праф. Д.Кано, які сістэматызаваў і палепшыў тэхніку джыуджыцу (без элементаў, што пагражалі жыццю і здароўю барцоў) і ўвёў шмат новых, створаных ім самім. З канца 19 — пач. 20 ст. Дз. пашырылася ў шэрагу краін Еўропы, Азіі, Амерыкі У 1956 створана Міжнар. федэрацыя Дз. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1956, чэмпіянаты Еўропы — з 1951. З 1964 Дз. — алімпійская дысцыпліна (перапынак у 1968).
На Беларусі развіваецца з 1974, у 1977 створана рэсп. федэрацыя. Сярод бел. дзюдаістаў чэмпіён Еўропы (1983, 1984, 1985), уладальнік Кубка свету (1984, 1986), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1985) В.Пясняк, чэмпіён Еўропы (1997) Р.Мамедаў, бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы (1995) Н.Багіраў, прызёры чэмпіянату Еўропы 1977 А.Карыцкая і Т.Масквіна. Зборная каманда Беларусі сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́ЕР (англ. conveyer ад convey перавозіць, перамяшчаць),
транспарцёр, устаноўка або машына бесперапыннага дзеяння для перамяшчэння сыпкіх, кускавых ці штучных грузаў. Выкарыстоўваецца пры пагрузачна-разгрузачных работах, выкананні паслядоўных тэхнал. аперацый у паточнай вытв-сці (напр., зборачных, сартавальных, ліцейных), як пасаж. транспарт і інш.
Паводле грузанясучага элемента К. падзяляюцца на стужачныя (з гумавай або стальной стужкай, якая рухаецца са скорасцю да 8 м/с), пласціністыя (з шарнірна злучаных стальных пласцін, скорасць да 1 м/с), скрабалкавыя (ланцуг са скрабалкамі, якія рухаюцца ў жолабе або корабе), цялежкавыя (цялежкі, злучаныя цягавым ланцугом, рухаюцца па рэйкавых пуцях), каўшовыя і люлькавыя (з каўшамі і люлькамі, падвешанымі на ланцугу) і інш. Бываюць з цягавым органам (стужкай, ланцугом, канатам) і без яго. К. без цягавага органа падзяляюцца на вінтавыя (шнэкі, вінтавыя спускі), інерцыйныя хістальныя (перамяшчаюць сыпкія і кускавыя грузы зваротна паступальным рухам з паскораным зваротным ходам), вібрацыйныя (жолаб або труба сваім зваротна-паступальным рухам вял. частаты транспартуюць пыльныя, ядавітыя і гарачыя грузы), ролікавыя (ральгангі) і інш. Да спецыялізаваных К. адносяць элеватары, эскалатары, стакеры, рухомыя тратуары і інш., а таксама магнітадынамічныя К. для перамяшчэння па трубах і латаках расплаўленага металу з дапамогай эл.-магн. індукцыйных помпаў.
І.І.Леановіч.
Схемы канвеераў: а — стужачнага (1, 4 — ніжняя і прывадная станцыі, 2 — ролікі, 3 — стужка); б — пласціністага; в — ролікавага (1 — груз, 2 — ролікі); г — вінтавога (1 — прывод, 2 — вінт); д — хістальнага (1 — жолаб, 2 — пругкія стойкі, жорстка замацаваныя на раме 3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. modulatio мернасць) у музыцы, змена танальнасці з перамяшчэннем танальнага цэнтра — тонікі. Паняцце М. найб. часта звязваюць з гукавышыннымі адносінамі. Асн. віды М. — танальная (змена вышыннага становішча тонікі) і ладавая (змена нахілення). Сярод разнавіднасцей танальнай М. найб. пашырана функцыянальная М., калі пераход у новую танальнасць адбываецца праз пераасэнсаванне ступеневага значэння прамежкавага (агульнага) акорда, выбар якога рэгулюецца гарманічнай роднасцю танальнасцей. Новая танальнасць устанаўліваецца характэрным для яе гарманічным зваротам, які ўключае мадулюючы акорд з альтэрацыяй, адпаведнай новай танальнасці. У залежнасці ад месца ў форме і ступені замацавання новай тонікі вылучаюць М. дасканалую (з канчатковым ці адносным замацаваннем новай танальнасці) і недасканалую (замацоўваецца менш устойліва). Да недасканалай М. адносяцца адхіленне (са зваротам у асн. танальнасць) і праходная М. (з далейшым мадуляцыйным рухам). Спецыфічную выразнасць мае энгарманічнаяМ., звязаная з лаканізмам мадуляцыйнага моманту і раптоўнасцю пераключэння ў новую танальнасць; пераход пры ёй адбываецца за кошт энгарманічнага пераасэнсавання структуры агульнага акорда. Для мелодыка-гарманічнай М. характэрна сувязь танальнасцей з дапамогай плаўнага голасавядзення без агульнага акорда, для меладычнай М. — праз аднагалосую звязку. Увядзенне новай танальнасці без падрыхтоўкі, непасрэдным зацвярджэннем тонікі — якасць М.-супастаўлення. М. можна лічыць і ўсякую змену структуры сродкаў муз. выразнасці, у т. л. формы, жанру, фактуры, метра і інш. М. — важны формаўтваральны сродак, які ўплывае на дынамічныя працэсы і цэласнасць формы, узбагачае маляўніча-выразны бок гармоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАХ,
цвёрдая сумесь хім. злучэнняў (арган. і неарган.), здольная ўстойліва (без пераходу ў дэтанацыю) гарэць без доступу паветра і ў паветры пры знешнім ціску ад 0,1 да 1000 МПа. Адносіцца да кідальных выбуховых рэчываў. Выкарыстоўваюць як крыніцу энергіі для надання снарадам, ракетам і да т.п. неабходнай скорасці пры палёце да цэлі.
Для стварэння рэжыму ўстойлівага гарэння з рэгламентаванай скорасцю цепла- і газавыдзялення П. фармуюць у маналітныя шчыльныя зарады з высокай мех. трываласцю, што засцерагае іх ад разбурэння ў ствале гарматы пры выстрале ці пры гарэнні ў ракетным рухавіку. Гарыць П. паслойна-паралельна ў напрамку перпендыкулярным да паверхні зарада. У ствольных сістэмах згарае за сотыя і тысячныя долі секунды, у ракетных рухавіках — за дзесяткі секунд. Пры гарэнні вылучаецца вял. колькасць (да 1 м³ /кг)газаў з т-рай 1200—3700 °C. Асн.энергет. характарыстыкі П. — цеплата згарання (2,5—5,4 МДж/кг) і працаздольнасць: для ствольных сістэм т.зв. сіла П. (для піраксілінавых порахаў каля 106Н∙м/кг), для ракетных сістэм — адзінкавы імпульс, які адпавядае лікаваму значэнню ўдзельнай цягі, што развівае ракетны рухавік пры згаранні 1 кг П. Паводле хім. саставу адрозніваюць П. нітрацэлюлозныя (бяздымныя nopaxi) і сумесевыя. Сумесевыя П. — гетэрагенныя кампазіцыі з крышт. акісляльніку (звычайна перхларат амонію NH4ClO4, 70—80% па масе) і гаручага палімернага сувязнага (пераважна сінт. каўчукі і смолы, 10—20%). Іх выкарыстоўваюць у ракетных рухавіках і называюць сумесевымі цвёрдымі ракетнымі палівамі. Да сумесевых адносіцца таксама дымны порах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТО́ТРЫХУМ (Orthotrichum),
род брыевых імхоў сям. артотрыхавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі 15 відаў, з іх артотрыхум прыгожы (O. speciosum) трапляецца часта, артотрыхум Лаеля (O. layelii) занесены ў Чырв. кнігу. Растуць на кары дрэў, камянях, мураваных і бетонных збудаваннях. Ксераморфныя расліны, вытрымліваюць працяглае высыханне.
Падушачкі ад цёмна-зялёных да карычневых. Сцябло 0,5—7 смдаўж., прамастойнае або прыўзнятае, разгалінаванае, густа ўкрытае лісцем. Лісце яйцападобна- або лінейна-ланцэтнае, з простай жылкай. Каробачка на кароткай ножцы, з 8—16 прадаўгаватымі палоскамі, радзей без іх. Вечка конусападобнае з дзюбкай. Перыстом двайны.
Артотрыхум Лаеля: а — вывадковыя цельцы; б — ліст; в — верхняя частка сцябла з каробачкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАЙ ((Bligh) Уільям) (9.9.1754, г. Плімут, Вялікабрытанія — 7.12.1817),
брытанскі мараплавец, удзельнік другога кругасветнага падарожжа пад камандаваннем Джэймса Кука (1772—74). Контр-адмірал (1811), віцэ-адмірал (1814). У 1787 быў пасланы як камандзір шлюпа «Баўнці» на Таіці па саджанцы хлебнага дрэва. На зваротным шляху ў крас. 1789 экіпаж падняў мяцеж супраць жорсткага абыходжання і высадзіў Блая разам з 18 прыхільнікамі ў лодку без картаў. У чэрв. пасля цяжкага плавання Блай дасягнуў в-ва Тымор, праплыўшы 3618 міль. У 1805 прызначаны губернатарам Новага Паўд. Уэльса ў Аўстраліі, дзе яго жорсткае праўленне ў 1808 прывяло да мяцяжу і турэмнага зняволення. Вызвалены праз 2 гады, выйшаў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГАСТВАРА́ЛЬНІЦТВА,
філасофска-этычная плынь у Расіі ў 1910-я г., якая імкнулася спалучыць навук. сацыялізм з рэлігіяй. Яе прадстаўнікі (А.В.Луначарскі, У.А.Базараў, П.С.Юшкевіч, часткова М.Горкі і інш.) мелі на мэце абгрунтаваць неабходнасць стварэння новай «пралетарскай рэлігіі» без Бога, што фактычна зводзілася да абагаўлення калектыву і прагрэсу, якія павінны абуджаць у чалавека «складанае творчае пачуццё веры ў свае сілы, надзею на перамогу любові да жыцця» і дзейсна звязаць ідэал з рэчаіснасцю. Плынь не мела шырокай падтрымкі і да пач. 1-й сусв. вайны (1914) перастала існаваць.
Літ.:
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЖА,
возера ў Беларусі, у Мёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Вята, за 12 км на ПдЗ ад г. Мёры, уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 2,94 км², даўж. 2,62 км, найб.шыр. 1,11 км, найб.глыб. 5,1 км. Пл. вадазбору 24,4 км².
Схілы катлавіны на Пд, ПдЗ і Увыш. 8—10 м, месцамі да 17 м, пад лесам, на Пн і ПнЗ разараныя. На У да возера прымыкае балота, берагі месцамі сплавінныя, паўн. і зах. абразійныя, часта зліваюцца са схіламі. 2 астравы агульнай пл. 1 га. Злучана пратокай (шыр. 200 м) з воз. Абстэрна; упадае рэчка без назвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСАЕ́ДЫ (Trichodectidae),
сямейства насякомых атр. пухаедаў. Больш за 200 відаў. Пашыраны ўсюды. Многія — вонкавыя паразіты млекакормячых: буйн. раг. жывёлы — Bovicola bovis, коней — B. equi, козаў — B. caprae, сабак — Trichodectes canis, катоў — T. subrostratus.
Даўж. 0,5—11 мм. Цела плоскае, шчаціністае, без крылаў. Галава шырокая. Ротавыя органы грызучыя. Ногі хапальнага тыпу. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самка адкладае яйцы каля асновы валасоў і прыклейвае сакрэтам матачных залоз. Кормяцца эпідэрмальнымі клеткамі, выдзяленнямі тлушчавых залоз, крывёй гаспадара. Выклікаюць хваробу трыхадэктыдоз. Некат. валасаеды — прамежкавыя гаспадары гельмінта (цэпня) — паразіта сабак, катоў, пераносчыкі інфекц. і інвазійных хвароб жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРАМА́ТЫ,
солі вальфрамавых кіслот. Адрозніваюць нармальныя (монавальфраматы) — солі вальфрамавай к-ты H2O∙WO3 (H2WO4) і полівальфраматы (метавальфраматы, паравальфраматы і інш.) — солі не вылучаных у свабодным стане полікіслот. Монавальфраматы трапляюцца ў выглядзе мінералаў (гл.Вальфрамавыя руды).
Солі M2WO4 (M — аднавалентны метал) плавяцца пры т-ры 600—1000 °Cбез раскладання. Монавальфраматы шчолачных металаў, магнію і аднавалентнага талію добра раствараюцца ў вадзе. Полівальфраматы атрымліваюць падкісленнем раствораў монавальфраматаў. Практычнае значэнне мае паравальфрамат амонію (NH4)10[H2W12O42]∙xH2O, прамежкавы прадукт у вытв-сці вальфраму.
Выкарыстоўваюць у вытв-сці вальфрамавых бронзаў (вальфраматы калію і натрыю), як кампаненты люмінафораў (вальфраматы магнію, кадмію, цынку), лазерных матэрыялаў (вальфраматы рэдказямельных элементаў).