ПЫЛ у тэхніцы,

від аэразолю, у якім дробныя (да 0,1 мм) цвёрдыя часцінкі знаходзяцца ў завіслым стане ў газавым асяроддзі. Звычайна ўтвараецца ў выніку дыспергавання цвёрдых цел. Часцінкі П. могуць несці эл. зарад, быць электранейтральнымі ці радыеактыўнымі. Некаторыя віды вытв. П. выбухова- і пажаранебяспечныя, забруджваюць прыроду, выклікаюць захворванні. Паветр. прастора ўтрымлівае П. разнастайнага паходжання (гл. Пыл у атмасферы). Канцэнтрацыя П. (запыленасць) выражаецца колькасцю часцінак або іх агульнай масай у адзінцы аб’ёму газу (паветра). Барацьба з утварэннем П. і яго ўлоўліванне — адна з найважнейшых тэхн. і гігіенічных задач (гл. Ачыстка паветра).

У прам-сці часта спецыяльна выкарыстоўваюць распыленне, напр. пры спальванні пылападобнага паліва, паветр. сепарацыі парашкоў, у некаторых хім. тэхналогіях. Непажаданае ўтварэнне П. адбываецца пры здрабненні цвёрдых парод, здабычы карысных выкапняў (рудніковы П.), перапрацоўцы і транспартаванні сыпкіх прадуктаў і матэрыялаў, спальванні арган. паліва. Крыніцамі павышанай запыленасці з’яўляюцца металург., хім., тэкстыльныя вытв-сці, трансп. сродкі і інш. Прамысл. П. шкодзіць абсталяванню, зніжае якасць прадукцыі (напр., паўправаднікоў, электронных прылад), пагаршае гігіенічныя ўмовы працы. Для барацьбы з вытв. П. ажыццяўляюць пылаўлоўліванне з дапамогай скрубераў, цыклонаў, пылаасадачных камер, эл. (у якіх часцінкі П. асядаюць на электродах), акустычных (з выкарыстаннем ультрагуку) і інш. пылаўлоўнікаў. Эфектыўныя спосабы выдалення П. — вентыляцыя з выкарыстаннем паветр. фільтраў, розныя сістэмы газаачысткі. Для засцярогі ад П. выкарыстоўваюць рэспіратары, шлемы-скафандры, спец. адзенне. Ступень запыленасці паветра вызначаюць пыламерамі — з фільтравальным матэрыялам, на якім асядаюць часцінкі П., і найб. пашыранымі аптычнымі, у якіх святло паглынаецца ці рассейваецца пылапаветраным патокам.

У.​М.​Сацута.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СТАВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

эндагенныя і экзагенныя рэгулятары размнажэння клетак. Маюць спецыфічную здольнасць стымуляваць ці прыгнечваць дзяленне клетак у тканках-мішэнях і падтрымліваць тканкавую раўнавагу (стацыянарны стан). З’яўляюцца натуральнымі рэгулятарамі клетачнага цыкла, нетаксічныя, уздзейнічаюць выбіральна і пераважна лакальна, таму адносяцца да аўтакоідаў. У жывёл адрозніваюць гармоны, цытакіны, фактары росту і кейлоны. Гармон росту — адзін са стымулятараў размнажэння клетак. Цытакіны (лімфакіны, інтэрлейкіны, манакіны) — нізкамалекулярныя поліпептыдныя фактары (мал. м. 10 000—45 000). Абумоўліваюць узаемадзеянне паміж клеткамі імуннай або інш. сістэм. Фактары росту (у т. л. нерваў, эпідэрмальны, тромбацытарны, інсулінападобны, калоніестымулюючы і інш.) — поліпептыды (мал. м. 5000—50 000) з’яўляюцца стымулятарамі клетачнага дзялення. Кейлоны — поліпептыды або нізкамалекулярныя глікапратэіды — прыгнечваюць дзяленне клетак і стымулююць іх дыферэнцыроўку; дзейнічаюць па прынцыпе адваротнай сувязі (напр., памяншэнне колькасці лімфацытаў пры крывацёку выклікае памяншэнне ўзроўню кейлонаў і павышэнне мітатычнай актыўнасці адпаведных тканак). Прымаюць удзел у нармальным і злаякасным росце тканак, гаенні ран, імунных рэакцыях і інш. У раслін Р.р. — арган. рэчывы, якія стымулююць або прыгнечваюць рост і развіццё раслін. Да натуральных Р.р. адносяцца фітагармоны і інгібітары негарманальнай прыроды (некат. фенолы, вытворныя мачавіны і інш.), сінт. — стымулятары тыпу аўксінаў (індалілалейная або нафтылвоцатная к-та) і інгібітары (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты і інш.). Выкарыстанне Р.р. дазваляе атрымліваць зрухі ў абмене рэчываў і развіцці раслін, ідэнтычныя тым, якія ўзнікаюць пад уплывам пэўных знешніх умоў (даўж. дня, т-ра і інш.). Напр., у сельскай гаспадарцы Р.р. выкарыстоўваюцца для прадухілення ападання завязі ў пладовых дрэў і ягаднікаў, для затрымкі прарастання клубняў бульбы пры захоўванні.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БНАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКІ НДІ Акадэміі аграрных навук Беларусі

(БелНДІРГ). Засн. ў 1928 у Мінску як Бел. н.-д. станцыя рыбнай гаспадаркі пры Наркамаце земляробства БССР. З 1933 Бел. аддз. Усесаюзнага НДІ сажалкавай рыбнай гаспадаркі, з 1937 рыбны аддзел НДІ харч. прам-сці, з 1939 Бел. н.-д. станцыя Гал. ўпраўлення рыбнай прам-сці пры СНГ БССР, з 1958 Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі, з 1992 у складзе Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1996 Бел. н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі, з 2000 сучасная назва. Лабараторыі (2000): селекцыі і племянной работы, рыбаводства і рыбалоўства на натуральных вадаёмах, кармоў, радыяцыйнай экалогіі і якасці асяроддзя. Селекцыйна-племянны ўчастак «Ізабеліна» (Маладзечанскі р-н),

гасп.-разліковы ўчастак «Вілейка» (Вілейскі р-н), азёрная база «Чаросава» (Лепельскі р-н).

Асн. кірункі навук. дзейнасці: устанаўленне заканамернасцей развіцця першаснай прадукцыі ва ўмовах інтэнсіўнага сажалкавага рыбаводства, распрацоўка тэорыі мінер. ўгнаення сажалак, класіфікацыя натуральных вадаёмаў Беларусі паводле іх генет. тыпу і складу іхтыяфауны, распрацоўка і ўкараненне інтэнсіўнай, паўінтэнсіўнай і пашавай тэхналогій сажалкавага рыбаводства; рэсурсазберажэнне ў сажалкавым рыбаводстве, стварэнне высокапрадукц. прамысл. парод, помесей і гібрыдаў карпа, удасканальванне рэцэптуры кармоў і тэхналогій кармлення, лячэння і прафілактыкі хвароб рыб і інш. У ін-це працавалі і працуюць Г.Г.Вінберг, М.Е.Макушок; д-ры навук М.​Г.​Аношка, П.​І.​Жукаў, В.​У.​Кончыц. З 1962 выдаецца навук. зб. «Пытанні рыбнай гаспадаркі Беларусі».

Літ.:

Белорусский научно-исследовательский и проектно-конструкторский институт рыбного хозяйства: 40 лет: 1958—1998. Мн., 1998.

В.​У.​Кончыц.

т. 13, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РНАЯ КІСЛАТА́,

моцная двухасноўная к-та, H2SO4; адзін з асн. прадуктаў хім. прам-сці.

Бязводная (100%-ная) С.к. — бясколерная масляністая вадкасць, шчыльн. 1830,5 кг/м³ (20 °C), tпл 10,4 °C, tкіп 296,2 °C (кіпіць з раскладаннем). З вадой і трыаксідам серы SO3 (гл. Серы аксіды) змешваецца ў любых суадносінах. У водных растворах практычна цалкам дысацыіруе на іоны. Канцэнтраваная С.к. — моцны акісляльнік (асабліва пры награванні); акісляе многія металы (напр., медзь, ртуць), неметалы (вуглярод, серу і інш.), бромісты і ёдзісты вадарод. Разбаўленая ўзаемадзейнічае з актыўнымі, размешчанымі ў электрахім. радзе напружанняў да вадароду, металамі з вылучэннем вадароду. Утварае солі сульфаты і гідрасульфаты, а таксама эфіры (сульфаты арган.). У прам-сці С.к. атрымліваюць кантактным і нітрозным (вежавым) спосабамі. Зыходнае рэчыва для атрымання С.К. — дыаксід серы, які акісляюць да SO3 кіслародам пры 440 °C у прысутнасці каталізатара (кантактны спосаб) або аксідамі азоту, растворанымі ў С.к. (нітрозны спосаб). Выкарыстоўваюць у вытв-сці мінер. угнаенняў, розных мінер. кіслот і солей, лек. і мыйных сродкаў, фарбавальнікаў, хім. валокнаў, выбуховых рэчываў, а таксама для ачысткі нафтапрадуктаў, у металургіі і гідраметалургіі урану, медзі, нікелю і інш. металаў, як электраліт у свінцовых акумулятарах, асушальнік і інш. С.к. — вельмі агрэсіўнае рэчыва (клас небяспечнасці 2), выклікае цяжкія апёкі скуры, пара пашкоджвае слізістыя абалонкі і лёгкія; ГДК аэразолю С.К. ў атм. паветры 0,1 мг/м³ (сярэднясутачная); смяротная канцэнтрацыя 0,18 мг/л (экспазіцыя 60 мін).

Літ.:

Васильев Б.Т., Отвагина М.И. Технология серной кислоты. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА КІРАВА́ННЯ,

сукупнасць аб’екта кіравання і прылад, што падтрымліваюць (змяняюць) структуру і рэжым функцыянавання аб’екта адпаведна зададзенай праграмы (мэты кіравання). У склад С.к. ўваходзяць таксама інфарм. каналы прамой і адваротнай сувязі. Падзяляюцца на біял., тэхн. і сац.-эканамічныя. Асн. задачы: збор і перадача інфармацыі аб аб’екце кіравання, перапрацоўка інфармацыі, выдача кіруючых уздзеянняў на аб’ект кіравання. Вывучае С.к. кібернетыка.

Даследаванне С.к. ажыццяўляецца шляхам пабудовы матэм. мадэляў (гл. Гульняў тэорыя, Масавага абслугоўвання тэорыя, Распазнаванне вобразаў). Пабудова С.к. ажыццяўляецца з улікам прынцыпу аптымальнасці (гл. Аптымальная сістэма). Пры функцыянаванні С.к. істотнае значэнне мае фактар нявызначанасці, калі стан сістэмы можа змяняцца ў выніку розных уздзеянняў, выкліканых унутр. ці знешнімі прычынамі, што вырашаецца шляхам надання сістэме ўласцівасцей адаптацыі (адаптыўныя сістэмы) да ўмоў функцыянавання. Да С.к. адносяцца: у тэхніцы — сістэмы аўтам. кіравання складаных тэхн. аб’ектаў (напр., металарэзных станкоў, самалётаў, робатаў і інш.); у біялогіі — жывыя арганізмы рознага ўзроўню арганізацыі, у сацыяльна-эканам. развіцці — прамысл. прадпрыемствы, грамадскія арг-цыі, а таксама аўтаматызаваныя сістэмы кіравання гэтых аб’ектаў.

На Беларусі даследаванне і праектаванне С.к. праводзіцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Кузин Л.Т. Основы кибернетики. Т. 1—2. М., 1973—79;

Гайшун И.В. Многопараметрические системы управления. Мн., 1996;

Гринберг А.С., Савич Л.Н., Тимошек Л.Е. Прикладные системы обработки информации в управлении. Ч. 1. Мн., 1998;

Афанасьев В.Н., Колмановский В.Б., Носов В.Р. Математическая теория конструирования систем управления. 2 изд. М., 1998.

А.​А.​Несянчук, М.​П.​Савік.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНЫЯ АДНО́СІНЫ,

вытворчыя адносіны ў сельскай гаспадарцы, абумоўленыя характарам уласнасці на зямлю. Гэта адносіны паміж класамі і сац. групамі на аснове пэўных формаў землеўладання і землекарыстання, а таксама паміж дзяржавай і землекарыстальнікамі (с.-г. прадпрыемствамі, фермерамі і інш.) у сувязі з умовамі арганізацыі вытв-сці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманага даходу.

Сутнасць аграрных адносін пры феадалізме вызначала поўная ўласнасць феадала на зямлю і няпоўная на прыгонных сялян, з якіх спаганялася высокая адработачная, натуральная ці грашовая зямельная рэнта. Пры гэтым сяляне заставаліся ў надзвычай цяжкіх умовах. Такія адносіны спараджалі антаганізм, сял. паўстанні, якія часам перарасталі ў сял. войны з мэтай пераўтварэння сістэмы землеўладання на больш справядлівай аснове. Пры капіталізме характар аграрных адносін абумоўлены захаваннем прыватнай уласнасці на зямлю. Селянін, атрымаўшы свабоду ад прыгону, фактычна заставаўся залежны ад землеўладальніка. Таму выкарыстанне наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы спалучалася з феад. рэнтавымі адносінамі.

Пасля 2-й сусв. вайны аграрныя адносіны ў развітых капіталіст. краінах характарызуюцца дзярж. рэгуляваннем у агр. сектары. На аснове т.зв. «зялёных планаў» дзяржава аказвае цвёрдую матэр.-фін. падтрымку буйному землеўладанню, што вядзе да масавага разарэння дробных гаспадарак. Адначасова з узнікненнем буйных фермерскіх гаспадарак з’явіліся вял. землеўладанні карпарацый, якія каля 40% сваіх зямель здаюць у арэнду фермерам і прысвойваюць частку дзярж. субсідый. Тым не менш у гэтых краінах створаны спрыяльныя ўмовы для выкарыстання дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, забеспячэння яе высокай эфектыўнасці і вырашэння харч. праблемы ў краіне.

На Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, асноўнай супярэчнасцю ў аграрных адносінах была наяўнасць буйнога землеўладання, з аднаго боку, і мноства малазямельных сялян і парабкаў — з другога. Сялянскі рух разгортваўся фактычна за ўсталяванне «амерыканскага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы — ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феад. перажыткаў, у той час як царскія ўлады падтрымлівалі «прускі» шлях, ажыццяўляючы сталыпінскую аграрную рэформу.

Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю, перадачу зямлі сялянству і знішчэнне на гэтай аснове антаганізму ў аграрных адносінах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі Сав. дзяржава, падтрымліваючы бядняцкія і серадняцкія слаі сялянства, вымушана праводзіла палітыку харчразвёрсткі, замененай у 1921 на харчпадатак. Пасля нацыяналізацыі зямлі, у выніку ліквідацыі памешчыцкага і абмежавання кулацкага землеўладання, зямельныя надзелы бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак былі істотна павялічаны. На гэтым этапе характар аграрных адносін вызначаўся фарміраваннем і развіццём сял. дробнатаварнай вытв-сці. Аднак з ажыццяўленнем калектывізацыі аграрныя адносіны прынцыпова змяніліся: заможныя гаспадары былі раскулачаны і сасланы, зямля перададзена калгасам і саўгасам. Сяляне, адчужаныя ад сродкаў вытв-сці і вынікаў сваёй працы, фактычна ператварыліся ў наёмных рабочых. Калектыўнымі гаспадаркамі кіравала дзяржава, якая хоць і дапамагала ім у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, але пры гэтым значную частку іх даходаў накіроўвала на вырашэнне інш. сац.-эканам. праблем грамадства.

З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь заканадаўча дазволена арэнда зямлі, стварэнне фермерскіх гаспадарак, рэарганізацыя калгасаў, саўгасаў і інш. Сутнасць гэтых змен у тым, каб ператварыць сялян у паўнаўладных гаспадароў зямлі, стварыць у агр. сектары самастойных суб’ектаў рыначнай эканомікі. Для фарміравання стабільных, жыццядзейных аграрных адносін вырашаюцца таксама праблемы парытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю, залучэнне замежных інвестыцый у агр. сектар, падатковых ільгот, субсідый і інш. формаў падтрымкі сельскай гаспадаркі, асабліва развіцця яе сац. сферы.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ГА НА́ЦЫЙ (англ. League of Nations, франц. Société des Nations),

першая ў гісторыі міжнар. арганізацыя па развіцці супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце; існавала ў 1919—46. Утворана пасля 1-й сусв. вайны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта ЗША Т.В.Вільсана на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 і інш. дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Заснаванне Л.Н. было спробай стварэння сістэмы калект. бяспекі. Першапачаткова членамі сталі 42 дзяржавы, у лік якіх уваходзілі краіны, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Антанты або далучыліся да яе (апрача ЗША і Хіджаза) і 13 запрошаных нейтральных дзяржаў. ЗША не ўвайшлі ў Л.Н., але іх прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэннях у якасці назіральніка. Пазней, у 1920—34, у склад Л.Н. прынята яшчэ 21 дзяржава, у т. л. Германія (1926) і СССР (1934). У 1926—42 з Л.Н. выйшлі 16 краін, у т. л. Бразілія (1926), Германія (1933), Японія (1933), былі выключаны Італія (1937, за вайну супраць Эфіопіі) і СССР (снеж. 1939, за вайну супраць Фінляндыі). Кіруючымі органамі Л.Н. (знаходзіліся ў г. Жэнева) былі: Асамблея (уключала ўсіх членаў, збіралася штогадова), Савет і пастаянна дзеючы Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (Э.​Друманд у 1919—33; Ж.​Авенал у 1933—46). Савет Л.Н. складаўся з 5 пастаянных членаў (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія; месца, што было прадугледжана Статутам для ЗША, заставалася незанятым) і 4 непастаянных, што выбіраліся Асамблеяй на азначаны тэрмін. У 1926 пастаянным членам Савета стала Германія. Пазней у складзе і колькасці членаў Савета таксама адбываліся змены. Пры Сакратарыяце Л.Н. дзейнічалі аўт. органы: Міжнар. арг-цыя працы, Пастаянная палата міжнар. правасуддзя і інш. Усе рашэнні Асамблеі і Савета, акрамя працэдурных пытанняў, прымаліся толькі пры ўмове аднагалосся, што абумовіла бяссілле Л.Н. пры вырашэнні міжнар. спрэчак і канфліктаў. Статут Л.Н. прадугледжваў абмежаванне ўзбраенняў, узаемную гарантыю тэр. цэласнасці членаў лігі, вырашэнне спрэчак паміж дзяржавамі трацейскім разглядам, калектыўныя захады (эканам. і ваен. санкцыі) супраць агрэсараў. Ліга займалася большасцю актуальных у перыяд яе дзейнасці паліт. праблем, у т. л. спрэчкай Літвы і Польшчы за Вільню (1920), пагранічнымі спрэчкамі Албаніі з Грэцыяй і Югаславіяй (1921). Мацнейшыя дзяржавы Еўропы (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) карысталіся механізмамі Л.Н. для ажыццяўлення свайго эканам. і паліт. панавання ў свеце, барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухамі. У першыя гады існавання Л.Н. была адным з цэнтраў дзейнасці супраць бальшавізму ў Расіі. Прадугледжаная Статутам Лігі мандатная сістэма дазволіла дзяржавам-пераможцам у 1-й сусв. вайне (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) пад выглядам мандатных тэрыторый фактычна падзяліць паміж сабой б. калоніі Германіі і некаторыя тэрыторыі б. Асманскай імперыі. У той жа час Л.Н. аказалася няздольнай перашкодзіць захопу Недждам Хіджаза (1925), спыніць агрэсію Японіі супраць Кітая (з 1931), Італіі супраць Эфіопіі (1935—36) і Албаніі (1939), прадухіліць анексію Германіяй Аўстрыі (1938) і расчляненне Чэхаславакіі (1938—39) і, у рэшце рэшт, прадухіліць развязванне Германіяй у вер. 1939 2-й сусв. вайны. З канца 1939 дзейнасць Л.Н. фактычна спынілася, фармальна яна ліквідавана ў крас. 1946 рашэннем спец. Асамблеі. Вопыт Л.Н. быў выкарыстаны пры стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Літ.:

Афанасьева О. Краткий очерк истории Лиги Наций. [М.], 1945;

Илюхина Р.​М.​Лига Наций, 1919—1934. М., 1982.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́ЛЬНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

сярэднія навучальныя ўстановы з практычнай накіраванасцю ў навучанні. У адрозненне ад класічнай адукацыі ў Р.н.у гад. ўвага звяртаецца на вывучэнне прадметаў прыродазнаўчанавук. і матэм. цыклаў. Узніклі ў Германіі (у 1706 у г. Гале). У 19 ст. сфарміраваліся розныя тыпы рэальных школ з перавагай агульнаадук. і прафес. кірункаў. Р.н.ў. або рэальныя аддзяленні пры сярэдніх школах, існуюць у сістэмах адукацыі некат, краін Еўропы і Азіі.

У канцы 18 ст. ў Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі, у навуч, праграмах акруговых і падакруговых вучылішчаў меліся «карысныя для практычнага жыцця прадметы» (тэарэт. і практычная фізіка і хімія, агародніцтва, земляробства, гігіена, архітэктура, мастацтва і рамёствы). Большасць гэтых прадметаў увайшла ў школьныя статуты 1803 і 1828 у Рас. імперыі. У 1-й трэці 19 ст. ў некат. прыватных пансіёнах ставілася мэта «распаўсюджвання тэхнічных, непасрэдна карысных для прамысловай дзейнасці, ведаў». 29.3.1839 зацверджана Палажэнне аб рэальных класах пры навуч. установах Мін-ва нар. асветы «для часовага выкладання тэхнічных навук». У рэальных класах павятовых вучылішчаў і гімназій выкладаліся: практычная хімія і механіка, маляванне, чарчэнне і інш. У 1840 у Варшаве заснавана 1-я ў Рас. імперыі рэальная 7-класная гімназія. У 1850-я г. амаль у кожнай навуч. акрузе меліся гімназіі, дзе вышэйшыя З класы былі падзелены на класічнае і рэальнае аддзяленні. У адпаведнасці са статутам ад 19.11.1864 ствараліся рэальныя гімназіі і прагімназіі. Мэта іх дзейнасці — разам з класічнымі гімназіямі даваць агульную адукацыю і рыхтаваць для паступлення ў вышэйшыя спец. навуч. ўстановы. У іх выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія і чыстапісанне. Дадаткова больш часу вылучалася на матэматыку, прыродазнаўства, хімію, фізіку, касмаграфію, нямецкую і франц. мовы, маляванне і чарчэнне. Пасведчанне аб заканчэнні курса ўлічвалася пры паступленні толькі ў вышэйшыя тэхн. ўстановы. У рэальнай прагімназіі тыя ж прадметы выкладаліся ў меншым аб’ёме.

На Беларусі ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. дзейнічалі Пінская рэальная 7-класная гімназія, Бабруйская, Брэсцкая і Гомельская рэальныя 5-класныя прагімназіі. У 1871—72 рэальныя гімназіі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы, якім у 1888 нададзены статус агульнаадук. сярэдніх навуч. устаноў. Курс навучання — 6 класаў і падрыхтоўчы клас. Р.н.ў. мелі 2—5 кл. У 1—4-х кл. давалася агульная адукацыя, у 5—6-х кл., якія падзяляліся на асноўнае і камерцыйнае аддзяленні, выкладаліся спец. прадметы. У некат. Р.н.у уводзіўся дадатковы 7-ы клас з 3 разрадамі: агульны (рыхтаваў да паступлення ў вышэйшыя тэхн. ўстановы), механіка-тэхн. і хіміка-тэхнічны (давалі сярэднюю тэхн. адукацыю). Пры вучылішчах ствараліся пансіёны, дадаткова вывучаліся англ., італьян. і навагрэч. мовы. Першыя рэальныя вучылішчы адкрыты ў Пінску (1872), Мінску (1880), Магілёве (1885). У 1890-х г. у рэальных вучылішчах скасавана камерцыйнае аддзяленне (ствараліся асобныя камерцыйныя школы, напр., у Мінску ў 1901). У пач. 20 ст. выпускнікі рэальных вучылішчаў атрымалі права паступаць на фізіка-матэм. і мед. ф-ты ун-таў. У 1915 было 10 рэальных вучылішчаў (3 прыватныя) у Беластоку, Вільні, Віцебску, Гродне, Дзвінску, Мінску, Магілёве, Пінску, Слоніме, Рагачове. Скасаваны ў 1915—18.

Літ.:

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі. Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́НІ,

палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл. Санны спорт).

На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.

Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Сані.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, развядзенне свіней на мяса, сала і інш. прадукты. Свініна — каштоўны харч. прадукт, са скуры свіней робяць абутак і інш. рэчы, з крыві — каўбасы, альбуміны, крывяную муку, са шчаціння — шчоткі і пэндзлі, з касцей — касцявую муку, кішкі ідуць у каўбасную вытв-сць і на выраб струн. Свінні рана дасягаюць палавой спеласці, ужо ў гадавым узросце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасць (10—12 парасят за апарос) разам з кароткім эмбрыянальным перыядам даюць магчымасць атрымліваць ад кожнай свінаматкі да 2,5 т свініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг свінні дасягаюць за 5—7 месяцаў пры сярэднясутачнай прывазе 600—300 г (а пры збалансаваных рацыёнах кармлення да 1000—1200 г) пры спажыванні на 1 кг прыбаўлення ў масе 3,5—4,5 кг у кармавых адзінках. Свінні маюць высокую забойную масу (да 75—85% ад жывой масы), у ёй да 52% мяса і да 32% падскурнага тлушчу. З мяса свіней гатуюць разнастайныя харч. прадукты, многія з якіх вытрымліваюць працяглае захоўванне. У мясным балансе Беларусі свініна складае 47,7% (2000).

Гадоўляй свіней людзі пачалі займацца ў неаліце (5—3-е тыс. да н.э.). У развітых антычных краінах (Егіпет, Грэцыя, Рым) ужо існавалі іх пароды. У краінах феад. Зах. Еўропы С. была прымітыўная. Яе развіццё звязана з ростам гарадоў і попыту на мяса. У 19 ст. пачалася інтэнсіўная праца па паляпшэнні мясц. і фарміраванні новых парод, у выніку з’явіліся высокапрадукцыйныя, многія з якіх (асабліва буйная белая, выведзеная ў Англіі) не страцілі значэння да нашага часу. Найб. развіццё С. атрымала ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы. Амаль палова сусв. пагалоўя ў краінах Азіі (найб. Кітай, Японія, Індыя, В’етнам), каля 25% у Еўропе (Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Расія, Украіна, Польшча) і каля 10% у ЗША. Па рэліг. матывах С. не атрымала развіцця ў мусульманскіх краінах. У сусв. гандлі свінінай гал. месца займаюць Нідэрланды, Бельгія, Данія, Кітай і Канада.

На Беларусі да пач. 20 ст. С. была адной з развітых галін жывёлагадоўлі. Гадаваліся пераважна мясц. пароды, у памешчыцкіх гаспадарках — палепшаныя пароды. У 1916 было 2,4 млн. свіней. Племянная і таварная С. пачала развівацца ў 1920-я г. У час калектывізацыі ўзніклі таварныя свінагадоўчыя фермы (больш за 4 тыс. ў 1934). На пач. 1941 мелася 2,5 млн. свіней. З 1970-х г. С. пераводзілася на прамысл. аснову. Пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калгасаў і саўгасаў. На Беларусі (2000) 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм трох тыпаў: з закончаным абаротам статка, рэпрадукцыйных і адкормачных. Буйныя комплексы на 108 тыс. галоў гадавога адкорму свіней і сярэднія на 54 тыс. галоў — у дзярж. уласнасці. Асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Племянную работу праводзяць спецыялізаваныя заводы, саўгасы, раённыя племянныя станцыі; навук. даследаванні — Бел. НДІ жывёлагадоўлі, лабараторыі пры ВНУ. Колькасць свіней 3,6 млн. галоў, у т. л. 1,3 млн. ў насельніцтва (2000). Эфектыўнасць С. апошнія гады паніжана ў сувязі з высокімі выдаткамі корму (каля 6,6 кг у кармавых адзінках на 1 кг прывагі, у т. л. каля 6 кг у кармавых адзінках канцэнтратаў).

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Свінагадоўля. Свінагадоўчы комплекс у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)