НАЁМНІЦТВА,

спосаб камплектавання ўзбр. сіл, заснаваны на прыцягненні на ваен. службу асоб паводле найму. Зарадзілася ў Стараж. Егіпце, калі ў войска пачалі прымаць прадстаўнікоў інш. краін. Наёмныя арміі мелі Персія, Карфаген, Стараж. Рым і інш. У эпоху феадалізму з 11 ст. асобныя феадалы, а з 14 ст. каралі і князі шэрагу краін Еўропы выкарыстоўвалі наёмнае войска для ўмацавання сваёй ўлады. З 15 ст. Н. (гл. Ландскнехты) стала пашыраным спосабам камплектавання ўзбр. сіл. Напр., у войску ВКЛ служылі наёмнікі з Германіі, Венгрыі і інш. (венг. конніца і пяхота, ням. і швейцарскія мушкецёры, рэйтары, аркебузёры і інш.). У 17—18 ст. ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя наёмныя арміі. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў шэрагу краін уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (у Расіі да 1874 дзейнічала сістэма рэкруцкай павіннасці). У наш час нац. ўзбр. сілы шэрагу краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.) камплектуюцца шляхам Н. і вярбоўкі. У арміях і інш. узбр. фарміраваннях некат. краін (напр., Францыі) выкарыстоўваюцца замежныя наёмнікі (гл. Легіён). Кантрактная сістэма, якая па сутнасці з’яўляецца Н., значна пашырана ў шэрагу дзяржаў свету, у т. л. яе асобныя элементы ёсць ва Узбр. Сілах Беларусі.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕНАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх некалькі атамаў вугляроду злучаны кратнымі сувязямі. Да Н.з. адносяцца ацыклічныя і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні) вуглевадароды з адной падвойнай (алкены і цыклаалкены), ці патройнай (алкіны і цыклаалкіны), з 2 падвойнымі (гл. Дыенавыя вуглевадароды), з падвойнай і патройнай сувязямі (напр., вінілацэтылен), з некалькімі падвойнымі і (ці) патройнымі сувязямі ў малекуле (паліены, палііны), а таксама іх функцыян. вытворныя. Асобная група Н.з. — араматычныя злучэнні. Усе Н.з. лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння па кратных сувязях.

Найпрасцейшыя Н.з. — алкены (алефіны, этыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n, першы член якога — этылен. Алкены, пачынаючы з бутылену, маюць ізамеры, у т. л. геам. (гл. Геаметрычная ізамерыя). Ніжэйшыя члены рада з 2—4 атамамі вугляроду ў малекуле: этылен, прапілен, бутэны — газы, з 5—18 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Алкіны (ацэтыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n−2, першы член якога — ацэтылен. Цыклаалкіны ўстойлівыя пры наяўнасці ў малекуле 8 і больш атамаў вугляроду. Атрымліваюць ненасычаныя вуглевадароды пераважна шляхам дэструктыўнай тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўкі нафтагазавай сыравіны (гл. Крэкінг, Піроліз). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, фарбавальнікаў і інш.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАСА́ДСКАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА» сукупнасць землеўпарадкавальных, сац.-эканам. мерапрыемстваў урада Рас. дзяржавы ў гарадах з канца 15 да сярэдзіны 17 ст. Было накіравана супраць прыватнай феад. зямельнай уласнасці на пасадах і закладніцтва гандл.-рамеснага насельніцтва, на павелічэнне колькасці падаткаплацельшчыкаў шляхам вяртання ў дзярж. цягло вызваленых ад яго жыхароў прыватнаўласніцкіх, т.зв. «белых» слабод. Шэраг захадаў па «П.б.» зрабілі Іван III, Васіль III, Іван IV, Барыс Гадуноў, Міхаіл Фёдаравіч, канчаткова яго прынцыпы сфармуляваны пры Аляксею Міхайлавічу ў Саборным улажэнні 1649: усе прыватныя ўладанні на пасадах падлягалі бязвыплатнай канфіскацыі; да пасадаў прыпісваліся навакольныя землі для выпасу жывёлы і агародаў; усе «закладнікі» вярталіся ў пасадскую абшчыну, да якой далучаліся і жыхары канфіскаваных феад. уладанняў; занятак гандл.-рамесніцкай дзейнасцю абвяшчаўся манаполіяй пасадскіх людзей (як выключэнне гэты занятак дазваляўся таксама стральцамі частцы «служылых» казакоў); выхад з пасадскай абшчыны і пераходы з пасада ў пасад забараняліся. У 1649—52 да пасадаў далучана больш за 10 тыс. новых цяглых двароў. У выніку рэформы 1649 асн. маса гараджан апынулася ў складзе гандл.-рамеснага саслоўя асабіста свабодных, але па-прыгонніцку прымацаваных да месца жыхарства пасадскіх людзей.

Літ.:

Города феодальной России: Сб. ст. М., 1966.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦЯЖЫ́,

разліковыя аперацыі па аплаце грашовых сум, іх унясенні, а таксама сумы, якія павінны быць выплачаны. Бываюць П. наяўныя, калі прызнаюцца выкананымі пры паступленні (атрыманні) наяўных грошай, і безнаяўныя, што ажыццяўляюцца без удзелу наяўных грошай, праз пералічэнне пэўных сум з рахункаў плацельшчыка ў банку на рахунак атрымальніка або праз залік узаемных патрабаванняў. Усе безнаяўныя П. ажыццяўляюцца праз крэдытныя ўстановы або пад іх кантролем. Такія П. ажыццяўляюцца і ўнутры краіны і ў сферы міжнар. эканам. адносін. Асн. віды разліковых дакументаў: плацежныя запатрабаванні і даручэнні, чэкі (гл. Плацежны сродак), акрэдытывы. Адрозніваюць: П. ў бюджэт — узносы і адлічэнні фіз. і юрыд. асоб, якія складаюць даходы дзярж. бюджэту; П. авансавыя — у аплату паслуг, сродкаў або матэрыялаў для іх атрымання або выкарыстання; П. дзяржаўныя трансфертныя — выплаты па сац. страхаванні, дапамозе па беспрацоўі, пенсіі і інш. (гэтыя выплаты і іх атрымальнікі не ўносяць якога-н. укладу ў вытворчасць); П. накладныя — спосаб разлікаў пры адпраўцы тавараў невялікімі партыямі на нязначныя сумы (прадугледжвае адрасную выдачу грузу пры ўмове аплаты вызначанай грузаадпраўшчыкам сумы безнаяўным або наяўным разлікам; П. насельніцтва, якія ажыццяўляюцца наяўным і безнаяўным шляхам (П. за камунальныя паслугі, узносы за тавары, купленыя ў крэдыт, і інш).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮСКВАМПЕРФЕ́КТ (ад лац. plusquamperfectum),

даўно мінулы час, складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.​Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.​Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.

Літ.:

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.

А.​І.​Жураўскі.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ШЛІНА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,

грашовы збор, які спаганяецца дзярж. органамі з грамадзян, устаноў і арг-цый за пэўныя віды паслуг. На Беларусі парадак спагнання П.дз. рэгулюецца Законам «Аб дзяржаўнай пошліне» ад 10.1.1992. П.дз. бярэцца: у суд. установах пры падачы іскавых заяў, заяў і скарг, за выдачу копій дакументаў; у органах пракуратуры пры падачы наглядных скарг на судовыя пастановы, а таксама за выдачу копій дакументаў; у натарыятах і выканкомах мясц. Саветаў за натарыяльныя дзеянні, выдачу дублікатаў натарыяльна засведчаных дакументаў, складанне праектаў здзелак і заяў, выраб копій дакументаў і выпісак з іх; у органах ЗАГСа за рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану і інш.; у органах мін-ва унутр. спраў за выдачу дакументаў на права выезду за мяжу, выязных і ўязных віз, з заяў аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь і выхадзе з яго, за прапіску грамадзян і ў некат. інш. выпадках. Стаўкі П.дз. устанаўліваюцца СМ Беларусі. Законам аб П.дз. вызначана кола ўстаноў і грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты П.дз. П.дз. выплачваецца наяўнымі грашамі, пошліннымі маркамі, а таксама шляхам пералічэнняў з рахунка плацельшчыка ў банку. З тавараў, якія перавозяць праз дзярж. граніцу, спаганяецца пошліна ў адпаведнасці з мытнымі тарыфамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКСТ ЭМПІ́РЫК (Sextus Empiricus; каля 200—250),

старажытнагрэчаскі філосаф і ўрач, прадстаўнік скептыцызму. Вылучаў 3 віды філасофіі: дагматычную, акадэмічную і скептычную. Крытыкаваў дагматычную філасофію (логіка, фізіка, этыка), якая, на яго думку, прэтэндуе на валоданне абсалютнай ісцінай; зрабіў выснову пра неабходнасць адмаўлення ад догмаў. Акадэмічную філасофію (Аркесілай, Лакід, Тэлеклет, Карнеад і інш. прадстаўнікі Сярэдняй і Новай акадэміі) асуджаў за абсалютызацыю прынцыпу недаступнасці ісціны. У працах «Супраць вучоных» і «Піронавы асноўныя прынцыпы» на аснове фармальна-лагічнага закону крытыкаваў граматыку, рыторыку, геаметрыю, арыфметыку, астралогію, тэорыю музыкі, лагічнае, фіз. і этычнае вучэнні, рэліг. вераванні. На яго думку, мэтай скептычнай філасофіі з’яўляецца дасягненне спакою і асабістага шчасця шляхам устрымання ад меркаванняў. Лічыў, што скептык нічога не сцвярджае і не адмаўляе, а «шукае» ісціну. У гнасеалогіі прытрымліваўся ідэі ўсеагульнай «цякучасці рэчаў» і адвечнага станаўлення. Адмаўляў мэтазгоднасць актыўнага ўдзелу ў паліт. жыцці грамадства; лічыў, што для дасягнення спакою неабходна падпарадкоўвацца абставінам, законам і звычаям. Сістэматызаваў спадчыну папярэдніх філосафаў-скептыкаў і інш. стараж.-грэч. філосафаў.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. М., 1975—76;

Три книги Пирроновых основоположений. Мн.;

М., 2000.

Т.​І.​Лдула, А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІБІ́РСКАЯ Я́ЗВА,

вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека, якая характарызуецца пашкоджаннем скуры з утварэннем карбункулаў. Узбуджальнік — сібіраязвавая палачка (Bacillus antracis), у чыстай культуры вылучаны Р.​Кохам (1876). Споры С.я. захоўваюцца ў глебе дзесяткі гадоў. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы (каровы, коні, авечкі, козы і інш.).

Чалавек заражаецца пры доглядзе за хворай жывёлай, апрацоўцы жывёльнай сыравіны, ужыванні заражаных мясных і малочных прадуктаў. Найчасцей заражэнне адбываецца кантактна-бытавым шляхам, таксама бывае аліментарным, паветрана-кропельным і трансмісіўным (пры ўкусах насякомых-крывасосаў, — сляпнёў, мух-жыгалак). Успышкі С.я. часцей назіраюцца ў летні перыяд. Формы С.я.: скурная, лёгачная, кішэчная і септычная (ускладненне папярэдніх). Пры скурнай форме С.я. ўзбуджальнік пранікае праз мікратраўмы, парэзы, трэшчыны на скуры; узнікае чырв. пляма, пазней утвараецца язва, укрытая цёмнай коркай (адсюль лац. назва С.я. anthrax вугаль). Вакол язвы дробныя пухіркі ў выглядзе караляў, якія разбураюцца і павялічваюць язву. У час фарміравання язвы т-ра цела да 40 °C, галаўны боль, моташнасць, ірвота. Астатнія формы С.я. працякаюць вельмі цяжка, з высокай смяротнасцю. Лячэнне тэрапеўтычнае. Жывёлы пры звышвострым цячэнні С.я. гінуць праз 1—2 дні і нават раптоўна. Фактары перадачы ўзбуджальніка — інфіцыраваная глеба, трупы жывёл, кармы, вада, подсціл. У перахварэлых жывёл ствараецца трывалы імунітэт.

А.​А.​Астапаў.

т. 14, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІПО́ВІЧ (Часлаў Вінцэнтавіч) (8.12.1914, в. Дзедзіна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. —4.10.1981),

бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч у эміграцыі. Д-р тэалогіі (1946). У 1928—38 вучыўся ў гімназіі пры Друйскім кляштары айцоў марыянаў, у Віленскім ун-це. Скончыў у Рыме Грыгарыянскі ун-т (1942) і Пантыфікальны ін-т вывучэння Усходу (1946). У 1940 пасвячоны ў ксяндза. З 1947 у Лондане, у 1947—60 і 1970—81 узначальваў Бел. каталіцкую місію ў Вялікабрытаніі. Епіскап каталіцкай царквы ўсх. абраду (1960). У 1960—81 апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў зах. і ўсх. абрадаў у эміграцыі. У 1963—69 генерал ордэна марыянаў, жыў у Рыме. Адзін з ініцыятараў стварэння Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, англа-бел. т-ва (1954), бел. секцыі радыё Ватыкана (1950). Арганізатар Бел. школы імя св. Кірылы Тураўскага (1961), Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. На 2-м Ватыканскім саборы (1962—65) абраны ў Кангрэгацыю Усходніх цэркваў. Супрацоўнічаў з час. «Божым шляхам» (1947—80) і «The journal of Byelonissian stndies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—81). Аўтар артыкулаў па гісторыі хрысціянства на Беларусі, па бел. духоўнай л-ры 17 ст.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны Мн.;

Мюнхен, 1999.

Л.​У.​Языковіч.

т. 14, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г. Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г. рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛ Казіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл. Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл. Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).

Літ.:

Янин В.Л. Новгородские акты XII—XV вв. М., 1991;

Фроянов И.Я. Мятежный Новгород. СПб., 1992.

С.​В.​Пазняк.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)