ток, які спажываецца з эл. сеткі электрарухавіком у момант пуску. Можа ў шмат разоў пераўзыходзіць намінальны ток рухавіка, таму патрабуе абмежавання.
У асінхронных рухавікоў з фазным ротарам для абмежавання сілы П.т. ў ланцуг ротара паслядоўна ўключаюць пераменны токаабмежавальны рэзістар (пускавы рэастат). Сілу П.т. магутных сінхронных і асінхронных рухавікоў часам абмяжоўваюць рэактарамі электрычнымі (у выглядзе шпуль індуктыўнасці). Абмежаванне П.т. неабходна і для змяншэння пускавога моманту паводле ўмоў мех. трываласці валоў і інш. частак механізмаў або для дасягнення больш плаўнага пуску рухавіка ва ўмовах вытв. працэсу. Для розных мэт і ўмоў існуе разнастайная пускарэгулявальная апаратура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛАВА́Я БУ́РА,
перанос вялікай колькасці часцінак глебы або пяску моцным ветрам у пустынях, паўпустынях і разараных стэпах. Найб. моцныя буры пераносяць мільёны тон пылу на сотні (зрэдку тысячы) кіламетраў, рэзка пагаршаюць бачнасць, за што іх называюць чорнымі бурамі. Часцей адзначаюцца летам, у час сухавеяў, але магчымы і ў бясснежныя зімы. Моцныя П.б. ўзнікаюць пры нерацыянальным выкарыстанні зямлі, наносяць вял. страты сельскай гаспадарцы, засыпаюць пасевы, знішчаюць паверхневы слой глебы. Барацьба з П.б. праводзіцца з дапамогай полеахоўных лясных палос, снега- і водазатрымання, безадвальнага ворыва і інш. агратэхн. мерапрыемстваў. На Беларусі з’явы, падобныя на П.б., адбываюцца часам на асушаных тарфяніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛКАЕ́ДЫ (Alleculidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Больш за 1300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Дарослыя жывуць пад карой дрэў, лічынкі — у гнілой драўніне, глебе, лясным подсціле. На Беларусі 8 відаў. Найб. трапляюцца П.: бярозавы (Omophlus betulae), цёмны (Prionychus ater), шэры (Isomira murina).
Даўж. да 25 мм. Цела авальнае, чорнае, бурае або жоўтае. Вусікі ніткападобныя. Галава ўцягнута ў пярэднягрудзі. Лапкі ног з грабеньчатымі кіпцюркамі. Лічынкі жоўта-бурыя, тонкія, цыліндрычныя, з вял. галавой, развітымі нагамі; падобныя да драцянікаў (адрозніваюцца больш доўгімі пярэднімі нагамі), таму іх наз.ілжэдрацянікамі. Дарослыя кормяцца пылком кветак (адсюль назва), часам лісцем, лічынкі — расліннымі рэшткамі, каранямі травяністых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СТУП, брыёнія (Bryonia),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
На Беларусі 2 віды П.: белы (B. alba) і двухдомны (B. dioica). Вырошчваюцца ў садах, агародах; часта дзічэюць.
Шматгадовыя травы з клубнепадобнымі каранямі і пераважна лазячымі (да апоры прымацоўваюцца вусікамі) сцёбламі. Лісце 5-лопасцевае або глыбокараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі аднаполыя, дыяметрам да 1,5 см, правільныя, зеленавата-жоўтыя, у пазушных суквеццях. Плод — шарападобная ягада. П. белы і двухдомны — ядавітыя, карані выкарыстоўваюцца як лек. сродак. Інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІРАДКО́ЎЕ, квінціла,
страфа з 5 вершаваных радкоў, злучаных дзвюма (радзей адной) рыфмамі або клаўзуламі. Часцей сустракаецца рыфмоўка па схеме АБААБ:
Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
(Я.Колас. «Мужык»)
Радзей кампаноўка рыфмаў у П. можа быць іншай: ААББА («Не шукай» Я.Купалы), АБББА («Людзьмі завемся» Е.Лось), ААААА («Дыханне» А.Лойкі). Часам адзін радок (1-ы, 2-і, 3-і і г.д.) застаецца нерыфмаваным («У маршы», «Да штурму», «Вянок» М.Танка). Сустракаецца П. зусім без рыфмаў (у белым вершы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПА́ЛУБКАў архітэктуры,
частка скляпення, утвораная перасячэннем яго дзвюх узаемна перпендыкулярных цыліндрычных паверхняў. Робіцца пры размяшчэнні верхняй кропкі праёмаў (аконных, дзвярных, нішаў і інш.) вышэй за пяту асн. скляпення. Р. ўтвараюць малыя скляпенні, радыус якіх вызначаецца шырынёй праёма.
З’явіліся ў раманскіх і гатычных збудаваннях. У бел. культавай архітэктуры вядомы з 16 ст. ў 1- і 3-нефавых храмах. Значна пашыраны ў 17—18 ст. Вядомы таксама ў помніках грамадз. архітэктуры 18 ст.Часам Р. ўпрыгожвалі размалёўкай (касцёл кармелітаў у г.п. Ружаны Пружанскага, Троіцкі касцёл у г. Косава Івацэвіцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭЛЬЕ́Ф (франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.
На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.К.Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.Смакоўскага, К.Ельскага, К.Барычэўскага, Р.Слізеня, І.Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.Маркаў, Я.Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.Рыжанкоў; помнік І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.Лук, А.Пупко, Дз.Сталяроў.
А.К.Лявонава.
Да арт.Барэльеф. Стэла з мемарыяльнага комплексу Рыленкі. 1973. Скульптар М.Рыжанкоў.Да арт.Барэльеф. Барэльефная кампазіцыя ў інтэр’еры Міхайлаўскага касцёла ў вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІІ МАСТА́ЦКІЯ,
установы (найчасцей дзярж.), якія з’яўляюцца навукова-творчымі цэнтрамі ў пытаннях класічных мастацтваў, а таксама вышэйшыя (часам прыватныя) маст. школы.
Першапачаткова акадэміі мастацкія, што ўзніклі ў Італіі ў 16 ст., былі свабоднымі аб’яднаннямі мастакоў, якія вывучалі мастацтва антычнасці, прыёмы майстроў Адраджэння і вял. значэнне надавалі малюнку як асн. форме мастацтва. Першая ўласна акадэмія мастацкая створана ў Парыжы ў 1648 як Каралеўская акадэмія жывапісу і скульптуры, дзе на аснове прынцыпаў класіцызму былі распрацаваны правілы т.зв. «вялікага стылю» прыдворнага арыстакратычнага мастацтва. На ўзор парыжскай створаны акадэміі мастацкія ў Вене (1692), Берліне (1694), Лондане (1768) і інш.
У 1757 створана першая рас. акадэмія мастацкая (Пецярбург; існавала да 1918). У ёй вучыліся і мастакі з Беларусі Л.Альпяровіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, А.Гараўскі, Ф.Гарэцкі, Ф.Дмахоўскі, К.Кукевіч, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, Б.Тамашэвіч, І.Трутнеў, І.Хруцкі і інш. У 19 ст. многія акадэміі мастацкія ператварыліся ў цэнтры афіц. мастацтва і праваднікоў ідэаліст. эстэтыкі, сталі тормазам у развіцці прагрэсіўнага мастацтва. Паміж мастакамі-рэалістамі і прадстаўнікамі акад. мастацтва ішла барацьба (гл.Перасоўнікі). Пецярбургская акадэмія мастацкая, як і многія інш., захавала сваё значэнне як школа прафес. майстэрства. У 19 ст. на Захадзе акадэміямі часамназ. прыватныя маст. студыі (акадэмія Жуліяна ў Парыжы) і інш. У 1933 у Ленінградзе створана як ВНУУсерас. акадэмія мастацкая, рэарганізаваная ў 1947 у акадэмію мастацкую СССР (Масква), з 1991 Расійская акадэмія мастацтваў. На Беларусі працуе (з 1991) Беларуская акадэмія мастацтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ ГО́РАН,
печ для абпальвання ганчарных вырабаў, якая выкарыстоўваецца пры высокаразвітым ганчарстве. Абпальванне ажыццяўляецца гарачымі (700—900 °C) газамі, якія атрымліваюцца пры згаранні паліва. Працэс бывае акісляльны (найб. пашыраны) і ўзнаўляльны (пры недастатковым доступе кіслароду). У сучаснай вытв-сці выкарыстоўваюць горны верт. і гарыз. тыпаў (электрычныя, на мазутным або газавым паліве). Першыя ганчарныя горны вядомы з канца 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Былі адкрытага і закрытага тыпаў, 1-, 2-, 3-ярусныя. У Еўропе пашыраны з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э., на ўсходнеслав. землях — з 12—13 ст. На Беларусі выяўлены горны ў Мінску (16 ст.), Оршы (17 ст.), Міры (18 ст.). Іх муравалі з цэглы, камянёў, гліны, пераважна 1- і 2-ярусныя, круглыя (грушападобныя) ці чатырохвугольныя ў плане, з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. Ніжні (топачны) ярус заглыблялі ў зямлю, верхні па баках засыпалі грунтам і агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, жэрдкамі, метал. прутамі, дротам, каменнем і дзёрнам. Для агню рабілі яму, у якую выходзіла вусце топкі. Ярусы (камеры) падзяляліся гарыз. перакрыццем (скляпеннем) з адтулінамі (люхтамі) для праходу гарачых газаў. Звычайна ганчарныя горны былі разлічаны на адначасовую тэрмічную апрацоўку 300—350 (часам 800—1000) вырабаў, якая працягвалася 9—14 гадз.
В.М.Ляўко.
Беларускія ганчарныя горны (двух’ярусныя): 1 — круглы з адкрытым верхам; 2 — чатырохвугольны з закрытым верхам.Прамысловы ганчарны горан вертыкальнага тыпу: 1 — малая печ (топка); 2 — под; 3 — вялікая печ; 4 — загрузачная адтуліна; 5 — дымаходы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕНЕРА́ТАР (ад гідра... + генератар),
сінхронны генератар пераменнага току, які прыводзіцца ў рух гідраўлічнай турбінай. Ротар электрагенератара звычайна замацоўваецца на адным вале з рабочым колам турбіны (гл.Гідраагрэгат). Гідрагенератары бываюць: у залежнасці ад размяшчэння восі вярчэння — пераважна вертыкальныя і гарызантальныя, часам нахіленыя; ціхаходныя (да 100 аб/мін) і быстраходныя (больш за 100, часам да 1500 аб/мін); малой (да 50 МВт), сярэдняй (ад 50 да 150 МВт) і вялікай (больш за 150 МВт) магутнасці; парасонападобныя (у іх падпятнік — апорны падшыпнік — размяшчаецца пад ротарам) і падвесныя (падпятнік размяшчаецца над ротарам). У капсульных гідраагрэгатах гідрагенератар змешчаны ў спец. (звычайна гарыз.) капсулу, прыводзяцца ў рух восевымі паваротна-лопасцевымі турбінамі (магутнасць да 45 МВт, выкарыстоўваюцца на нізканапорных, гідраакумулюючых і прыліўных ГЭС). Магутнасць гідрагенератара да некалькіх соцень мегават (на Саяна-Шушанскай ГЭС устаноўлены гідрагенератар магутнасцю па 640 МВт).
Ротар гідрагенератара мае да 120 полюсаў, абмотка яго сілкуецца ад узбуджальніка — дапаможнага генератара пастаяннага току. У магутных гідрагенератах ужываюцца сістэмы ўзбуджэння з выкарыстаннем тырыстарных пераўтваральнікаў або ртутных выпрамнікаў. Адбор эл. энергіі (звычайна напружаннем ад 8,8 да 18 кв) робіцца з нерухомай часткі гідрагенератара — статара. Ахалоджванне гідрагенератара паветранае, па замкнёным цыкле з паветраахаладжальнікамі, у магутных — паветрана-вадзяное. На вял.ГЭС выкарыстоўваюць вертыкальныя гідрагенераты (скорасць вярчэння 62,5—150 аб/мін, магутнасць 50—700 МВт), на малых — вертыкальныя або гарызантальныя (100—1000 аб/мін; 0,75—25 МВт).