аграцэноз (ад агра... + біяцэноз), біялагічнае згуртаванне пасяўных культур, пустазелля, жывёл і мікраарганізмаў, створанае ў выніку с.-г. дзейнасці чалавека. У адрозненне ад натуральнага біяцэнозу мае абмежаваны склад раслінных і жывёльных кампанентаў (у аснове культываваныя чалавекам расліны), слаба выяўленае самарэгуляванне, але большую біял. прадукцыйнасць. Комплексы інш. арганізмаў фарміруюцца ў выніку натуральнага адбору і рэгулявальнай дзейнасці чалавека. Аграбіяцэнозы займаюць каля 10% усёй паверхні сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДГО́Н,
абястлушчанае малако пасля аддзялення вяршкоў ад цэльнага малака. Састаў адгону залежыць ад зыходнага саставу цэльнага малака і ступені яго абястлушчвання. Мае ў сярэднім каля 3,2% бялкоў, 4,8% малочнага цукру, 0,05% тлушчу, 0,7% мінер. рэчываў. Выкарыстоўваецца як харч. дыетычны прадукт, на прыгатаванне сухога і згушчанага малака, сыраквашы, кефіру, кумысу, сыру і інш., выраб казеіну, як корм для маладняку жывёлы і птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАПАЛО́СНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,
працэс атрымання мадуляваных ваганняў, частотны спектр якіх мае адну бакавую паласу частот (нясучая частата і другая бакавая паласа значна прыглушаны). У параўнанні з амплітуднай мадуляцыяй пры аднапалоснай мадуляцыі перадавальны спектр частот скарачаецца ў 2 разы, што дазваляе падвоіць колькасць каналаў сувязі. Агульны выйгрыш па магутнасці перадатчыка ў 8—16 разоў. Выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, прафес. і аматарскай радыёсувязі, правадной сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНАЯ РУДА́,
карысныя выкапні ў расолах і донных адкладах азёраў і балот. Можа быць вадкая і цвёрдая. Вадкая — растворы калій-натрыевых соляў бяссцёкавых азёраў сухіх і гарачых абласцей, воды азёраў з павышанай канцэнтрацыяй літыю. Цвёрдая азёрная руда — донныя асадкі гідравокіслаў жалеза, якія залягаюць у выглядзе пластоў, праслоек, жаўлакоў, лінзаў, магутнасцю ад некалькіх сантыметраў да 2—3 м. Прамысл. значэння не мае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АВЕ́СТА»,
збор свяшчэнных кніг зараастрызму ў некаторых стараж. народаў Ірана, Сярэдняй Азіі, Азербайджана і Афганістана. Узнікла, верагодна, у 1-й пал. 1-га тыс. да н.э., агульнапрызнаным канонам стала ў 3—7 ст. Напісана на стараж.-іранскіх дыялектах. Складаецца з рэліг. прадпісанняў, малітваў, гімнаў, мае шмат міфічных элементаў. Выкарыстоўваецца ў богаслужэнні парсаў (Індыя). Раннія часткі «Авесты» прыпісваюцца прароку Заратуштры (Зараастру).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБЛІГАНІ́Т (ад грэч. amblys тупы + gōnia вугал),
мінерал класа фасфатаў LiAl[PO4](FOH). Мае пераменную колькасць F і OH, іншы раз H2O; прымесі натрыю, ванадыю. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі рэдкія, буйныя, дрэнна ўтвораныя; бясформенныя масы, жаўлакі, зерні. Колер белы, зеленаваты, блакітны, карычневы. Паўпразрысты. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 3—3,1 г/см³. Пашыраны ў гранітных пегматытавых жылах, альбітызаваных гранітах: каштоўная літыевая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫКЛІНО́РЫЙ (ад антыкліналь + грэч. oros гара),
буйны комплекс складкавых структур зямной кары, які ўзнік у геасінкліналях. Характэрны агульны ўздым і заляганне найб.стараж. парод у цэнтр. частцы, форма выцягнутага скляпення. Восевыя плоскасці складак антыклінорыю часта размешчаны веерападобна і нахілены ад цэнтра да перыферыі. Мае сотні кіламетраў у даўжыню і дзесяткі ў шырыню (В.Каўказ, Уралтау і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТО́Н (франц. bouton),
пупышка, якая распускаецца ў кветку. Звычайна бутон адрозніваецца ад лісцевых пупышак той жа расліны памерамі і прытупленай верхавінкай. Усе часткі кветкі ў бутоне ўжо сфарміраваныя. Па папярочным зрэзе праз бутон складаюць дыяграмы кветкі, што даюць нагляднае ўяўленне пра лік і ўзаемнае размеркаванне яе асобных частак. Вывучэнне бутонаў мае значэнне ў марфал. характарыстыцы розных сям. раслін і іх сістэматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССЦЁКАВАЕ ВО́ЗЕРА возера, якое не мае паверхневага і падземнага сцёку. Найчасцей трапляецца ў абласцях унутранага сцёку стэпавай і паўпустынных зон і ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты. Расход вады ідзе праз выпарэнне, таму ў засушлівым клімаце ў бяссцёкавым возеры назапашваюцца мінер. солі. Прамысл. здабыча кухоннай солі вядзецца ў азёрах Эльтон і Баскунчак, соды ў Даронінскім воз. (Расія), мірабіліту ў Салёным воз. (ЗША) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАЦЯРПІ́МАСЦЬ,
прызнанне дзяржавай за грамадзянамі права на спавяданне любой рэлігіі (свабода веравызнання), паважлівых і роўных адносін да ўсіх рэлігій і цэркваў, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з устаноўленым законам парадкам; цярпімасць і ўзаемапаважлівыя адносіны паміж рэлігіямі і цэрквамі, прадстаўнікамі розных рэліг. перакананняў. Барацьба за верацярпімасць узнікла ва ўмовах панавання пэўнага рэліг. кірунку, што праследаваў іншадумства, маепрагрэс. характар, садзейнічае гуманізацыі грамадства, яго талерантнасці.