ВІ́ГНЕР ((Wigner) Юджын) (Эўген) Пол (17.11.1902, Будапешт),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Вышэйшае тэхн. вучылішча ў Берліне (1925). У 1930—71 у Прынстанскім ун-це (з 1938 праф.), у 1942—45 у Чыкагскім ун-це. Навук. працы па квантавай механіцы, электрадынаміцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц. Абгрунтаваў магчымасць працякання ланцуговай ядз. рэакцыі дзялення. У складзе групы Э.Фермі ўдзельнічаў у буд-ве першага ядз. рэактара ў Чыкага. Нобелеўская прэмія 1963.
Тв.:
Рус.пер. — Физическая теория ядерных реакторов. М., 1961 (разам з А.Вейнбергам);
Теория групп и ее приложения к квантово-механической теории атомных спектров. М., 1961;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЮ́ГА (Сямён Лазаравіч) (14.7.1891, в. Усцярхі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 7.1.1961),
адзін з арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. У 1917 вёў рэв. прапаганду сярод салдат, чл. палкавога к-та. У час Кастр. рэвалюцыі ўстанаўліваў сав. ўладу ў Бабруйскім пав. У пач. 1918 арганізоўваў атрады Чырв. гвардыі для барацьбы з корпусам Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага, з ліст. 1918 старшыня Глускага рэўкома. У 1919 нам. Бабруйскага пав. камісара па харчаванні, нач.партыз. атрадаў у Бабруйскім і Рагачоўскім пав., камандзір асобага батальёна імя Бабруйскага рэўкома. 3 мая 1920 упаўнаважаны РВСЗах. фронту, з ліп. — Мазырскай групы войск Чырв. Арміі. У 1924—56 на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТВА́ТЭРСРАНД (Witwatersrand),
золатаўраназмяшчальны басейн у ПАР (прав. Трансвааль і Аранжавая); буйнейшы ў свеце. Адкрыты і распрацоўваецца (здабыча золата) з 1886, з 1952 здабыча урану. Працягласць руданоснай плошчы каля 350 км, шыр. 200 км. Руданосныя ў асн. ніжнепратэразойскія асадкава-метамарфагенныя кангламераты. Агульныя запасы золата каля 16 тыс.т з сярэдняй колькасцю яго 9,3 г/т. Запасы вокісу урану 128 тыс.т, колькасць U3O8 0,02—0,04%. Як спадарожныя здабываюць таксама пірыт, мінералы групы осмістага ірыдыю, інш. плацінавыя металы і серабро. Глыбіня распрацоўкі ў сярэднім 1700 м, макс. 3660—3800 м (т-ра ў шахтах 50—52 °C). Цэнтры распрацовак Вітватэрсранда — г. Іаганесбург, Клерксдарп, Одэндалсрус, Велкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНАБО́РСТВЫ ЎСХО́ДНІЯ,
усходнія баявыя ўмельствы, сучасныя аздараўленчыя, спартыўныя і прыкладныя дысцыпліны. Сфарміраваліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове стараж. сістэм ваен. падрыхтоўкі ў краінах Д.Усходу і Паўд.-Усх. Азіі. Тэхніка адзінаборстваў усходніх засн. на выкананні ўдараў рукамі ці нагамі, кідкоў, абарончых прыёмаў, уздзеянні на слабыя месцы цела і г.д. Некаторыя адзінаборствы ўсходнія (дзюдо, каратэ-до, таэквандо) прызнаны як алімпійскія віды спорту. На Беларусі з адзінаборстваў усходніх пашыраны дзюдо, каратэ-до, таэквандо, ушу. Ёсць асобныя групыайкідо, в’етводао, тайскага бокса і інш. Прадстаўнікі Беларусі ў адзінаборствах усходніх перамагалі на чэмпіянатах свету, Еўропы і інш.міжнар. спаборніцтвах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РЫЦКІ БОЙ 1942.
Адбыўся ў Вял.Айч. вайну паміж партыз. атрадамі «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.Я.Чырлін), А.Ф.Каваленкі, І.Р.Жулегі, Капаткевіцкім (камандзір А.А.Жыгар) і ням.-фаш. акупантамі ў в. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. 17 лютага. Аперацыяй кіраваў Герой Сав. Саюза Ф.І.Паўлоўскі. Партызаны, знішчыўшы фаш. гарнізон у в. Валосавічы, накіраваліся да в. Азарычы, дзе размяшчаліся гарнізон ворага з 70 чал. і склады са збожжам для адпраўкі ў Германію. Раніцай партыз. атрады занялі зах. частку вёскі, ударныя групы атакавалі каравульнае памяшканне. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны без страт са свайго боку разграмілі гарнізон, захапілі зброю, раздалі насельніцтву 850 т збожжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБНАЎЛЕ́НЦЫ,
апазіцыйны рух у рус.правасл. царкве ў 1920—40-я г. Узніклі пасля Кастр. рэвалюцыі. Выступалі за «абнаўленне царквы», за яе лаяльныя адносіны да Сав. дзяржавы; мелі на мэце змяніць традыц. формы рэліг. дзейнасці, не закранаючы асновы веравучэння і культу. Змагаліся супраць кіраўніцтва афіц.рус. царквы, якое ў пач. 1920-х г. займала антысав. пазіцыі.
Асн.групы абнаўленцаў: «Жывая царква», «Царкоўнае адраджэнне», «Саюз абшчын старажытнаапостальскай царквы». З пераходам кіраўніцтва патрыяршай царквы на шлях лаяльнасці рух абнаўленцаў пачаў затухаць. Многія з іх парвалі з рэлігіяй, некаторыя вярнуліся ў старую царкву. Пасля смерці аднаго з лідэраў абнаўленства А.І.Увядзенскага (1946) рух спыніўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГА́РД (ад аван... + франц. garde варта),
1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.
2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРО́Л»
(«Adler»),
кодавая назва карнай аперацыі, праведзенай ням. фашыстамі на акупіраванай Беларусі ў Вял.Айч. вайну 20.7.—10.8.1942 супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва Клічаўскай партыз. зоны. Праводзілася сіламі баявой групы групенфюрэра СС Бах-Зелеўскі, часцей ахоўных дывізій, артдывізіёнаў, камандаў тайнай палявой паліцыі і СД, зондэркамандаў пад агульным камандаваннем ген.-м. Рыхерта. Ім процістаялі 11 партыз. атрадаў, больш за 2 тыс. партызанаў, падпарадкаваных 208-му партыз. атраду імя Сталіна (У.І.Нічыпаровіч), у зоне знаходзілася некалькі тысяч жанчын, старых, дзяцей. У выніку аперацыі было загублена больш за 1,5 тыс.чал., спалена 31 вёска, захоплены больш за 3 тыс. галоў жывёлы і інш. маёмасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭРЫІ́Т,
запаленне сценкі артэрыі. Па характары запаленчага працэсу адрозніваюць спецыфічныя і неспецыфічныя артэрыіты, па яго лакалізацыі на сценцы артэрый — энда-, меза- і перыартэрыіты; пашкоджанне ўсёй сценкі — панартэрыіт. Можа быць самастойным захворваннем (калі пашкоджанне артэрый вядучае ў паталагічным працэсе, мае сістэмны, генералізаваны характар) і другасным (развіваецца на фоне інш. хвароб; паталагічны працэс у сасудах ізаляваны, пашкоджаны асобныя групы артэрый). Другасныя артэрыіты могуць быць пры дыфузных хваробах злучальнай тканкі, сепсісе, інфекц. эндакардыце, інш.інфекц. захворваннях, некаторых злаякасных пухлінах, ужыванні лекавых сродкаў. Ускладненні пры артэрыіце: анеўрызмы (пры язвава-некратычных працэсах у сценках артэрый), трамбозы і эмбаліі, склеразаванне і аблітэрацыя сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ, штрэйфлінг, штрыфель,
старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап.групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.
Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.