ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНЫХ ЛЯСО́Ў ЗО́НА, зона гілей,

прыродная зона сушы экватарыяльнага пояса па абодвух баках ад экватара. Характарызуецца вільготным і гарачым экватарыяльным кліматам, мноствам мнагаводных рэк і балот, наяўнасцю шматметровай кары выветрывання, адсутнасцю або слабай выразнасцю сезоннай рытмікі прыродных працэсаў. У ландшафтах пераважаюць густыя шмат’ярусныя вільготныя вечназялёныя лясы, якія вызначаюцца высокай прадукцыйнасцю (40—100 т/га за год надземнай расл. масы) і выключнай разнастайнасцю відаў з мноствам пальмаў, ліян, эпіфітаў; на ўзбярэжжы мораў — мангравыя лясы. Зона размешчана пераважна на нізінах; у Паўд. Амерыцы (у бас. Амазонкі), Экватарыяльнай Афрыцы, на а-вах Малайскага архіпелага і Акіяніі.

т. 18, кн. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЎСЦІК Аркадзь Апанасавіч (н. 15.11.1925, в. Чыкілі Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. журналіст. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1957). З 1950 на камсамольскай рабоце (з 1952 у ЦК ЛКСМБ), з 1953 у газ. «Чырвоная змена», з 1960 у ЦК КПБ (з 1961 заг. сектара, з 1969 нам. заг. аддзела), з 1973 рэдактар газ. «Звязда». У 1987—2000 працаваў у Бел. фондзе культуры. Аўтар кніг «Маё і наша» (1963), «Пяцьдзесят векапомных год» (1968), «Я люблю цябе, жыццё» (1970), «Вяртанне да вытокаў сваіх» (2000). У 1973—87 старшыня праўлення Саюза журналістаў Беларусі.

т. 18, кн. 1, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ЛЬСКАЕ МО́РА, Арал (цюрк. арал — востраў),

бяссцёкавае салёнае возера-мора ў Туранскай нізіне, на тэр. Казахстана і Узбекістана. Чацвёртае ў свеце возера па велічыні. Пл. 40 тыс. км² (у т. л. т.зв. Вялікага м. 37 тыс. км²). Пераважныя глыб. 20—25 м, найб. 61 м. Паўн. бераг у асн. стромкі, зах. — высокі (да 250 м), абрывісты, паўд. і ўсх. берагі нізінныя. Больш як 300 а-воў (найб. Кокарал, Барсакельмес, Адраджэння). Упадаюць рэкі Амудар’я і Сырдар’я. Т-ра вады на паверхні летам 26—30 °C, зімой ад -2 да +2 °C. Ледастаў 4—5 мес, у суровыя зімы мора цалкам замярзае. З 1960-х г. узровень Аральскага мора інтэнсіўна паніжаецца з-за ўзмоцненага расходу водаў Амудар’і і Сырдар’і на ірыгацыю. У 1980-я г. рачны сцёк складаў некалькі кубічных кіламетраў у год (пры 65 км³/год да 1960-х г.), воды Сырдар’і, у асобныя гады і Амудар’і, не даходзяць да мора. Узровень Аральскага мора да 1987 панізіўся амаль на 13 м, акваторыя скарацілася на ​1/3. Адбылося аддзяленне меншай паўн.-ўсх. часткі Аральскага мора (Малое м.) пл. 3 тыс. км². Салёнасць павялічылася з 10 ‰ да 27—30 ‰, воды моцна забруджаны с.-г. хімікатамі. На сухіх абшарах б. марскога дна ўзнікла пустыня Аралкум пл. 2,6 млн. га. Уздоўж марскога ўзбярэжжа працягнуліся ўзгоркі соды і сульфату магнію, якія разносяцца вятрамі і забруджваюць вял. плошчы. Рыбны промысел і марскія трансп. перавозкі спынены. Адбываюцца разбурэнне сацыяльна-эканам. структуры гасп. комплексу Прыаралля, збядненне прыродных рэсурсаў, пагаршаюцца ўмовы жыцця і здароўя насельніцтва. Аральскае мора ператварылася ў зону экалагічнага бедства.

В.​П.​Кісель.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ТЫ (ад грэч. komētēs літар. доўгавалосы),

адна з груп малых цел Сонечнай сістэмы. Рухаюцца вакол Сонца па моцна выцягнутых эліптычных (перыядычныя К.) і парабалічных (неперыядычныя К.) арбітах; сярэдняя адлегласць у перыгеліі даходзіць да 1 а.а., у афеліі — да 10 000 а.а.

Паводле перыяду абарачэння адрозніваюць К. кароткаперыядычныя (перыяд 3—10 гадоў; афеліі не выходзяць за межы арбіты Юпітэра) і доўгаперыядычныя (перыяды да некалькіх мільёнаў гадоў). Форма і памеры К. розныя, будова ў асноўным аднолькавая. Цэнтр. цвёрдая частка наз. ядром (дыяметр 0,5—20 км, маса 10​11 —10​19 кг). Яно складаецца з вадзянога лёду, замерзлых газаў (аксідаў вугляроду CO і CO2, аміяку NH3, цыяністага вадароду HCN і інш.) і пылавых часцінак. Пры набліжэнні да Сонца лёд і газы выпараюцца і свецяцца адбітым сонечным святлом: вакол ядра ўтвараецца святлівы газавы шар — кома. Ядро, кома, выцяканні і інш. ўтварэнні ў наваколлі ядра складаюць галаву К. Ад дзеяння светлавога ціску і сонечнага ветру газы і пыл адносяцца ад ядра, утвараючы хвост, накіраваны амаль заўсёды ад сонца. Даўжыня хваста дасягае 10​7 км; ён менш яркі, чым галава, таму назіраецца не заўсёды. К. значна мяняюць свае арбіты пры праходжанні паблізу планет-гігантаў або Сонца. Урэшце рэшт яны распадаюцца на дробныя часткі і метэорныя патокі (гл. Бізлы камета).Сапраўдную прыроду К. устанавіў дацкі астраном Ц.​Браге (1577), некаторыя арбіты вылічыў Э.​Галей (гл. Галея камета). Тэорыю ўтварэння каметных хвастоў распрацаваў рус. астраном Ф.​А.​Брадзіхін.

Літ.:

Томита К. Беседы о кометах: Пер. с яп. М., 1982.

Камета Х’якутакі (год назірання 1996).
Камета Хейла-Бопа (год назірання 1997).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́ПАВЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя геагр. зоны ўмераных і субтрапічных паясоў Паўн. і Паўд. паўшар’яў з пераважаннем у ландшафтах стэпаў. Размешчаны ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Натуральныя ландшафты С.з., дзе пераважала стэпавая травяністая расліннасць, амаль зніклі (б.ч. тэрыторыі С.з. ўмеранага пояса разарана, у субтрапічным поясе пашыраны арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля). Клімат засушлівы (выпаральнасць на 300—500 мм перавышае гадавую суму ападкаў), з няўстойлівым увільгатненнем, з перапынкам (ва ўмераным поясе) або запавольваннем (у субтрапічным поясе) вегетацыі раслін зімой. Лета гарачае (т-ра паветра 20—25 °C), моцныя вятры, засухі. Ва ўмераным поясе зімой сярэднія т-ры паветра адмоўныя (месцамі ніжэй за -20 °C), утвараецца ўстойлівае снегавое покрыва; у субтрапічным поясе зіма мяккая, бясснежная, з дадатнымі т-рамі (вышэй за 5 °C). Ападкаў 200—450 мм за год, да 600 мм у субтрапічным поясе. Велічыня сонечнай радыяцыі на паверхні 500—580 кДж/см² (120—140 ккал/см²) за год, да 790 кДж/см² (140—180 ккал/см²) у субтрапічным поясе. Паверхневы сцёк нязначны, рэкі малаводныя, часта перасыхаюць. Захавана натуральная расліннасць — засуха- і марозаўстойлівыя травяністыя расліны з пераважаннем дзернавінных злакаў, участкі кусцікавых, па далінах рэк галерэйныя лясы. Глебы пладародныя (чарназёмы, цёмна-каштанавыя і каштанавыя ва ўмераным поясе, карычневыя і шэра-карычневыя, месцамі засоленыя — у субтрапічным). На разараных тэрыторыях пашырана эрозія глеб. У гарах няпоўны аналаг С.з. — стэпавыя вышынныя паясы. Прыродныя ўмовы і клімат спрыяльныя для жыцця людзей. У сельскай гаспадарцы С.з. пераважае вырошчванне збожжавых і тэхн. культур; развіта жывёлагадоўля. Пра расл. і жывёльны свет гл. ў арт. Стэп.

В.​С.​Аношка.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕЛЕ́МСКІ Якаў Айзікавіч (н. 31.1.1914, г. Васількоў Кіеўскай вобл., Украіна),

рускі паэт, празаік, перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве (1933—35). Друкуецца з 1931. Паэт. творы адметныя выразнасцю мовы, глыбінёй пачуцця, добрым гумарам: зб-кі «У дарозе» (1948), «Ветэраны» (1957), «Непарушны запас» (1965), «Чацвёртая ступень» (1977), «Высакосны год» (2001) і інш. Аўтар аповесцей «Вечны падданы паэзіі» (1966), «На цёмнай яліне звонкая жалейка» (1971), «Не даязджаючы да Грэнады» (1976), «Аповесці пра паэтаў» (1980) і інш. Шмат вершаў прысвяціў Беларусі, у т. л. «Люблю паэтаў беларускіх», «Беларускім паэтам», «Няміга». На рус. мову пераклаў паэт. творы П.​Броўкі (зб-кі «А дні ідуць...», 1961; «Кляновыя лісты», «Трубі, мой бор!», абодва 1965; «Крокі», 1975), А.​Куляшова (зб-кі «Грозная пушча», 1956, «Новая кніга», «З новых вершаў», абодва 1964), М.​Танка (зб-кі «Вершы з дарогі», 1958, «Усход зарой палае», 1959), вершы П.​Панчанкі, Е.​Лось, Р.​Барадуліна, Г.​Бураўкіна, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, К.​Кірэенкі, М.​Лужаніна і іншых. Перакладае з інш. моў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Броўка, Куляшоў, М.​Танк, Панчанка, Барадулін, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, У.​Паўлаў, У.​Шахавец. За пераклад на рус. мову твораў Броўкі, кн. М.​Танка «Нарачанскія сосны» (1977), Куляшова «Хуткасць» (1978, з Н.​Кіслікам), Панчанкі «Дзе начуе жаваранак» (1979) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

Тв.:

Избранное. М., 1983;

Перевожу стихи товарища. Мн., 1962;

Лирика. М., 1968;

Ключ: Страницы бел. лирики. Мн., 1968;

Из года в год. Мн., 1973;

Четыре мастера. Мн., 1984;

Каботажное плавание. М., 2002.

Т.​Р.​Ермаковіч.

Я.А.Хелемскі.

т. 17, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФА́РТАВА МУ́ХА (Wohlfahrtia magnifica),

насякомае сям. шэрых мясных мух. Пашырана на Пд Еўропы, у Паўн. Афрыцы, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. Трымаецца кветак, трупаў жывёл. На Беларусі зрэдку трапляецца ў паўд. раёнах.

Даўж. 9—14 мм, цела папяляста-шэрае, вусікі і ногі чорныя. Адкладае жывых лічынак (даўж. каля 1 мм) у адкрытыя раны і слізістыя абалонкі млекакормячых, зрэдку на чалавека (вушы, вочы, рот, нос). Лічынкі разбураюць навакольныя тканкі, трапляюць у лобныя пазухі, насавую, гаймараву поласці і выклікаюць цяжкія захворванні — міязы; развіваюцца 3—5 сут, потым вывальваюцца з ран і акукліваюцца ў глебе. За год да 6 пакаленняў. Часта бываюць прычынай гібелі жывёлы.

Вальфартава муха і яе лічынка.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ Галіна Ануфрыеўна (н. 15.1.1927, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1950). Працавала на Бел. радыё, у час. «Сельская гаспадарка Беларусі», «Работніца і сялянка», «Полымя». У 1982—88 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакумент. аповесцей пра юную партызанку Рыму Кунько («Маланка ўначы», 1963) і юнага партыз. разведчыка Ціхана Барана («Малюнак на снезе», 1969), аповесці-хронікі «Бывай, Грушаўка» (1978) пра барацьбу падлеткаў у акупіраваным Мінску, аповесці «Я еду на вярблюдзе» (1970).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1986;

Юныя назаўсёды. Мн., 1983;

Крылы, альбо Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага: Аповесць. Мн., 1987.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСКО́ВАЯ МОЛЬ, агнёўка пчаліная вялікая (Galleria mellonella),

матыль сям. агнёвак. Пашырана ў Еўразіі, на Беларусі — у раёнах пчалярства. Актыўная на змярканні і ноччу.

Даўж. 15—20 мм, размах крылаў 15—35 мм. Пярэднія крылы ў самкі фіялетава-шэрыя, у самца бураватыя, заднія шэрыя. Яйцы адкладвае ў шчыліны і смецце на дне вуллёў, на соты. Вусені (клочні) даўж. 14—18 мм брудна-белыя з карычневай галавой. Кормяцца арган. рэшткамі, потым воскам сотаў, коканамі пчол (ператвараюць іх у парахню). Ячэйкі сотаў аплятаюць павуцінай. Акукліванне ў коканах. За год 2—3 пакаленні. Вусені або яйцы зімуюць. Васковая моль шкодзіць пчалярству. Пры масавым размнажэнні пчаліныя сем’і гінуць.

Самец васковай молі.

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАПО́ЛЬСКА-КУЯ́ЎСКАЯ НІЗІ́НА (Nizina Wielkopolsko-Kujawska),

нізінная раўніна ў Польшчы, паміж рэкамі Вісла і Одра, пераважна ў бас. р. Варта. Выш. ад 18 да 227 м. Складзена з ледавіковых і водна-ледавіковых адкладаў, пранізаных салянымі купаламі.

У рэльефе спалучэнне марэнных узвышшаў і град, плоскіх і ўзгоркавых раўнін і нізкіх лагчын — далін сцёку стараж. ледавіка. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, -2,5 °C, ліп. 17,5 °C, 18 °C; ападкаў 550—650 мм за год. Шматлікія азёры, вял. воз. Гопла. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Пасевы збожжавых, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Здабыча калійных солей. Вял. гарады: Познань, Быдгашч, Торунь, Гожаў-Велькапольскі.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)