этычная канцэпцыя, якая абгрунтоўвае ідэю, што асновай дабрачыннасці чалавека з’яўляецца «разумнае сябелюбства» (П.Гольбах) або правільна зразуметы прынцып асабістай выгоды (не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай — ганарыстасць і да т.п.). Зыходзіць з неабходнасці навучыць чалавека разумець свае інтарэсы «разумна», кіравацца запатрабаваннямі сапраўднай «прыроды»; а не адмаўляцца ад эгаізму. Калі грамадства будзе ўладкавана таксама «разумна», то інтарэсы і асобных індывідаў не будуць сутыкацца з інтарэсамі інш. людзей і грамадства. Элементы такога вучэння ўзніклі яшчэ ў старажытнасці (Дэмакрыт, Эпікур, некат. сафісты), атрымалі развіццё ў эпоху Адраджэння. Найб. поўна ідэі «разумнага эгаізму» сфармуляваны ў 18 ст.франц. асветнікамі, напр., у працах К.Гельвецыя. Яны скіраваны супраць хрысціянска-рэліг. маралі з уласцівым ёй заклікам да адмаўлення ад свецкіх даброт і безумоўнага падпарадкавання індывіда царк.-феад. іерархіі. Аналагічныя ідэі развіваў ням. філосаф 19 ст. Л.Феербах. Радыкалізаваны варыянт Р.э.т. абгрунтоўваў М.Г.Чарнышэўскі: неабходнасць свядомага падпарадкавання асабістай выгоды агульнай справе, ад поспеху якога ў рэшце выйграе і асабісты інтарэс індывіда. Уплыў Р.э.т. адбіўся на ідэйным змесце бел. Асветніцтва, у прыватнасці на этычных поглядах І.Я.Быкоўскага. Канцэпцыі «разумнага эгаізму» вынікаюць з прынцыпаў антрапал. філасофіі, якая бачыць крыніцы маральнасці ў самім чалавеку, незалежна ад яго ўключэння ў сістэму пэўных грамадскіх адносін. Р.э.т. не знаходзіць свайго прызнання ў грамадствах, дзе безумоўны прыярытэт аддаецца грамадскім інтарэсам, але культывуецца на пажыўнай глебе. сац. умоў там, дзе актывізуецца прыватны інтарэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.
Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст.арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш.Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт.Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУ́Р (манг.Хара-Мурэн, кіт.Хэйлунцзян),
рака ва Усх. Азіі, у Расійскай Федэрацыі (большая ч.), Манголіі, КНР. Па Амуры праходзіць частка граніцы Расіі з Кітаем. Утвараецца ад зліцця рэк Шылка і Аргунь. Упадае ў Амурскі ліман Ахоцкага м.Даўж. 2824 км, ад вытоку Аргуні — 4440 км; пл.бас. 1855 тыс.км². У верхнім цячэнні (да вусця Зеі) цячэ ў вузкай даліне. Справа да ракі падыходзяць адгор’і В.Хінгана. У сярэднім цячэнні (ад вусця Зеі да Хабараўска) даліна шырокая, толькі ў месцы перасячэння хр. М.Хінган ператвараецца ў цясніну. У нізоўях Амур выходзіць на Ніжнеамурскую нізіну, мае шырокую даліну, рэчышча разгаліноўваецца на рукавы. Асн. прытокі: Зея, Бурэя, Амгунь (злева), Сунгары, Усуры (справа). Жыўленне пераважна (2/3 сцёку) ад летне-восеньскіх мусонных дажджоў. Разводдзе з ліп. да верасня, утвараецца дажджавымі паводкамі. У суткі па Амуры праходзіць 41 тыс.т наносаў. Замярзае ў ліст., крыгалом у крас.—маі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 10 900 м³/с (макс. 40 000 м³/с). На ніжняе цячэнне ўплываюць прылівы і адлівы. У бас. Амура больш за 60 тыс. азёраў агульнайпл. каля 9,7 тыс.км². Рыбалоўства. Асн.прамысл. рыбы: кета, гарбуша, таўсталобік, калуга, амурскі сом і інш. Значныя гідраэнергетычныя рэсурсы. У сярэднім цячэнні Хінганскі, ніжэй — Камсамольскі запаведнікі. Амур — гал. водная магістраль Д. Усходу, суднаходны на ўсім працягу. Гал. гарады на Амуры: Благавешчанск, Хабараўск, Амурск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры (Расія), Айхой (Кітай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ,
працэс выкарыстання гаручых газаў у розных галінах тэхнікі і на быт. патрэбы. Садзейнічае росту эфектыўнасці вытв-сці, паляпшэнню сан.-гігіенічных умоў працы і побыту.
Зараджэнне газіфікацыі адносіцца да 18 — пач. 19 ст., калі сталі скарыстоўваць газ для асвятлення гарадоў у Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі і інш. краінах. З развіццём газавай прамысловасці пачалося планамернае і мэтанакіраванае выкарыстанне прыроднага газу ў хім. прам-сці, металургіі, машынабудаванні, энергетыцы, буд-ве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і інш.Найб. развіта ў ЗША, Расійскай Федэрацыі, Канадзе, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ФРГ, Нідэрландах, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Алжыры, Лівіі і інш.
На Беларусі шырокая прамысл. і бытавая газіфікацыя пачалася з 1960, пасля буд-ва магістральнага газаправода Дашава—Мінск. Да 1964 прыродны газ атрымалі Брэст, Гродна, Баранавічы, Бярозаўская ДРЭС, Ваўкавыскі цэментны і Бярозаўскі вапнавы з-ды, на пач. 1971—52 гарады рэспублікі. Агульная працягласць газаправодаў на Беларусі каля 17 тыс.км (1995). Звадкаваны нафтавы газ пастаўляецца з Расійскай Федэрацыі. У 1995 прыродны газ выкарыстоўваўся ў 97 гарадах і пасёлках, амаль у 700 населеных пунктах. З агульнай колькасці рэалізаванага прыроднага газу выкарыстана: прамысл. прадпрыемствамі і электрастанцыямі 83%, камунальна-бытавымі прадпрыемствамі і насельніцтвам каля 8% (гл.табл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,
дубнякі (Quercus),
група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, на Д.Усходзе, у Паўн. і Паўд. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. У Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), у Паўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх. Азіі і на Д.Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), у Паўн. Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: у цэнтр.ч. — ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць геал. будову мясцовасці. Складаюцца на тапаграфічнай аснове паводле матэрыялаў геалагічнай здымкі. Служаць падставай для ўсіх відаў геал. даследаванняў рэгіёнаў, прагнозу і пошукаў карысных выкапняў, інж.-геал. і інш. работ.
Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на ўласна геал. (агульнагеал.) карты (дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, крышт. фундамента, глыбіннай геал. будовы, палеагеагр., шэльфавай зоны мораў, акіянскага дна), карты, якія раскрываюць асобныя геал. характарыстыкі тэрыторыі (тэктанічныя, палеатэктанічныя, навейшай тэктонікі, структурныя, літолага-фацыяльныя, геафіз. і геахім. анамалій і інш.), і карты, што адлюстроўваюць звесткі аб карысных выкапнях (карысных выкапняў, металагенічныя, рудных фармацый, рудных палёў, нафтагазаноснасці і інш.). На геалагічных картах пэўнымі колерамі і індэксамі з літар і лічбаў і інш. знакамі, якія складаюць легенду карты, пазначаюцца межы пашырэння (контуры) асадкавых горных парод, якія падзяляюцца паводле ўзросту ў адпаведнасці з агульнай (міжнар.) стратыграфічнай шкалой, вылучаюцца інтрузіўныя, эфузіўныя і метамарфічныя пароды, а таксама петраграфічны састаў горных парод, разрыўныя парушэнні і інш. дэталі. Да геалагічных картаў дадаюцца геалагічныя разрэзы і тлумачальная запіска з апісаннем геал. будовы тэрыторыі і гісторыі яе фарміравання. Паводле маштабу геалагічныя карты падзяляюць на аглядныя (драбней за 1:1 000 000) і рэгіянальныя сярэднемаштабныя (1:500 000, 1:200 000, 1:100 000), буйнамаштабныя (1:50 000, 1:25 000) і дэталёвыя (1:10 000 і буйнейшы).
Для тэр. Беларусі складзены геалагічныя карты маштабаў 1 : 1 000 000, 1 : 500 000, 1 : 200 000 і 1 : 100 000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСТВЫ,
органы мясц. самакіравання ў Рас. імперыі, створаныя паводле земскай рэформы 1864. На Беларусі ўведзены ў 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У З. пануючае становішча займалі памешчыкі; удзельнічалі прадстаўнікі буржуазіі (фабрыканты, купцы, заможныя сяляне), з цягам часу іх колькасць павялічвалася. Царскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-бурж. элементаў у З., перадаў ім толькі мясц.гасп. справы, што датычылі адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гасп. спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясц. кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбівалася на ўсім ходзе мясц. дзейнасці. Асновай бюджэту З. было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабр.-зав. прадпрыемстваў і гандл. устаноў. Расходы З. падзяляліся на абавязковыя (дарожныя, кватэрныя і інш.) і неабавязковыя (на ахову здароўя і нар. асвету). Губернатар і міністр унутр. спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, З. садзейнічалі развіццю мясц. ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў расходах на ўтрыманне царк.-прыходскіх школ, арганізоўвалі вет. абследаванне і сан. нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады с.-г. машын, насенныя і зернеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (гл.Земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым буд-вам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў. Ліквідаваны пасля Кастр. рэвалюцыі.
Літ.:
Мыш М.И. Положение о земских учреждениях 12 июня 1890 г... СПб., 1894;
Веселовский Б.Б. История земства за сорок лет. Т. 1—4. СПб., 1909—11;
Слобожанин В.П. Земское самоуправление в Беларуси (1905—1917 гг.). Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад клімат + ...логія),
навука аб кліматах зямнога шара, іх тыпах, фактарах фарміравання, заканамернасцях геагр. пашырэння і змянення ў часе. Уваходзіць у сістэму геагр. навук і адначасова з’яўляецца раздзелам фіз. навукі метэаралогіі. Падзяляецца на агульную, або фізічную (вывучае генезіс клімату і яго фіз. абумоўленасці), і кліматаграфію. Клімат высокіх слаёў атмасферы вывучае аэракліматалогія, прыземнага слоя паветра — мікракліматалогія, мінулых эпох — палеакліматалогія; дынамічная К. разглядае кліматы і іх фарміраванне ў залежнасці ад агульнай цыркуляцыі атмасферы. Уплыў клімату на раслінны і жывёльны свет, на розныя бакі гасп. дзейнасці чалавека даследуюць біякліматалогія, агракліматалогія, медыцынская, тэхн. і трансп., лясная, марская К. і інш.
Першыя звесткі пра клімат былі ў апісаннях ант. вучоных (Герадот, Страбон і інш.). У 17—18 ст.англ. вучоныя Э.Галей, Дж.Хэдлі і рас. вучоны М.В.Ламаносаў выказалі меркаванні пра ўплыў атм. цыркуляцыі на клімат. Як самаст. галіна навукі К. сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. (рас. вучоны А.І.Ваейкаў, ням. А.Тумбальт, У.П.Кепен і інш.). Вял. значэнне для развіцця К. ў 20 ст. мелі працы рас. вучоных А.А.Камінскага, Я.С.Рубінштэйн, Л.С.Берга, амер. Г.Ландсберга, Д.Мілера, аўстр. Ф.Штайнгаўзера і інш.
На Беларусі навук. даследаванні ў галіне К. праводзіліся з пач. 20 ст. ў сістэме гідраметэаслужбы (А.І.Кайгарадаў склаў кліматычны атлас Беларусі). Развіццё К. звязана з імёнамі Г.В.Валабуевай, М.А.Гольберга, А.І.Савікоўскага (Гідраметэаслужба), А.Х.Шкляра (БДУ), М.А.Гольчанкі (БСГА), М.І.Касцюкевіча (Бел.тэхнал.ун-т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЬЛУ́НЬ, Куэнь-Лунь,
адна з найб. горных сістэм свету, у Кітаі. Цягнецца з 3 на У ад Паміра да Сіна-Тыбецкіх гор на 2700 км, шыр. ад 150 км на 3 да 600 км на У. Найб.выш. 7723 м (г. Улугмузтаг). Адносныя перавышэнні паўн. схілаў над Тарымскай (Кашгарскай) раўнінай і пустыняй Алашань 4500—5000 м, паўд. схілаў над Тыбецкім нагор’ем — 1000—1500 м. Асн. хрыбты: Кашгарскі, Рускі, Алтынтаг, Аркатаг (Пржавальскага; г. Чонг-Карлыктаг — Шапка Манамаха, 7720 м), Баян-Хара-Ула. Да К. часта адносяць і Наньшань. Характэрны шырокія слабарасчлянёныя водападзелы, стромкія паўн. і пакатыя паўд. схілы; шматлікія восыпы. К. належыць да палеазойскіх складкавых утварэнняў, амалоджаны альпійскім арагенезам. Складзены пераважна з гранітаў, метамарфічных і інш. парод. Ва Усх. К. праяўленні навейшага вулканізму (каля вытоку р. Керыя і хр. Аркатаг). Радовішчы россыпнага золата; рудапраяўленні жалеза, волава, вальфраму; вядомы: вугаль, нефрыт, горны хрусталь, алмазы. Ледавікі невялікія, агульнайпл. 11,6 тыс.км². Асн. вузлы зледзянення размешчаны на вышыні каля 7000 м. Клімат сухі, умераны, рэзка кантынентальны. У высокай зоне т-ры студз. да -35 °C, ліп. каля 10 °C. Ападкаў ад 50 мм на 3 да 500 мм за год на У. Рэкі кароткія, малаводныя, на Усх. К. воз. Кукунор. Горныя пустыні і стэпы, на паўн. схілах невял. ўчасткі лясоў і лугоў. Фауна: горны баран, горны казёл, кулан, воўк, ліс, зрэдку дзікі як, мядзведзь, снежны барс; шмат грызуноў: суркі, палёўкі, пішчухі. Качавая жывёлагадоўля. Да выш. 3600 м — аазіснае земляробства (ячмень, пшаніца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯ́МАНТ НА СМЕРЦЬ ЛЯВО́НА КАРПО́ВІЧА»,
«Лямент у света убогих на жалосное преставление святобливого... отца Леонтия Карповича», помнік бел. літаратуры 17 ст. Паэма, напісаная невядомым аўтарам і апублікаваная Віленскай брацкай друкарняй у канцы 1620. Прысвечана памяці бел.царк.-рэліг. дзеяча і пісьменніка-прапаведніка эпохі барока Л.Карповіча.
Складаецца з «ляманту»-плачу па нябожчыку і маналога-суцяшэння ад імя Карповіча праваслаўнаму насельніцтву Вільні, дзе ён жыў і працаваў. Твор элегічна-панегірычны. Аплакванне смерці Карповіча перарастае ў паэме ва ўслаўленне яго як чалавека высокіх маральных якасцей, дзейнага, мужнага і самаахвярнага змагара за веру сваіх продкаў. Вобраз гал. героя пададзены ў духу жыційнай л-ры і ўзняты да ўзроўню ідэальнага хрысц. святога. Заключная частка «Ляманту...» мае выразны публіцыстычна-дыдактычны характар: ад імя нябожчыка паэт заклікае жыць сумленна і высакародна, свята берагчы нац.-рэліг. традыцыі свайго народа. Паводле агульнай накіраванасці паэма была вельмі надзённай, сугучнай часу — перыяду цяжкай барацьбы бел. народа з феад.-каталіцкай рэакцыяй, што набліжае яе да твораў палемічнай літаратуры. Твор вызначаецца глыбокай эмацыянальнасцю і пранікнёным лірызмам, яркай, паэт.-вобразнай мовай. Яму ўласцівы некаторыя рысы барока: спалучэнне ўзнёслага і будзённага, кніжнага стылю з жывой бел. мовай, вобразаў ант. і біблейскай міфалогіі; выкарыстанне тыпова барочных эпітэтаў, метафар і параўнанняў. Напісана 13-складовым сілабічным вершам з выразнай тэндэнцыяй да танізацыі, якая выяўляецца ў прыкметна харэічнай яго аснове.
Літ.:
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992. С. 76—92, 150—164.