КАЛЕ́КЦЫЯ (ад лац. collectio збіранне, збор),

сістэматызаваны збор якіх-н. прадметаў ці твораў мастацтва (аднародных або аб’яднаных агульнай тэмай), якія ўяўляюць навук., маст. і інш. цікавасць. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, уласнікам К. можа быць фіз. або юрыд. асоба. Іх асн. правы рэгулююцца законам аб уласнасці, адпаведнымі нормамі цывільнага заканадаўства і Законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» ад 13.11.1992. Усе рухомыя прадметы, што складаюць К. і з’яўляюцца каштоўнымі ў гіст. або культ. сэнсе, падлягаюць дзярж. ўліку, які ажыццяўляецца Дзярж. інспекцыяй Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культ. спадчыны (ДзінАС). Продаж, дарэнне або інш. адчужэнне дазваляецца толькі з абавязковым папярэднім паведамленнем у адпаведныя органы культуры. Пераважнае права набыцця К. ў выпадку яе продажу належыць дзяржаве. Вываз за межы краіны па пастаяннае захоўванне забараняецца. Часовы вываз К. з мэтай міжнар. культ. абмену праводзіцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Гл. таксама Калекцыяніраванне.

Г.А.Маслыка.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)