сканцэнтраваны прыродны выхад падземных вод на зямную паверхню на сушы або пад вадой. Утварэнне К. звязана з перасячэннем ваданосных гарызонтаў адмоўнымі формамі рэльефу (рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі і інш.), геолага-структурнымі асаблівасцямі мясцовасці (трэшчыны, тэктанічныя парушэнні і інш.), фільтрацыйнай неаднароднасцю водазмяшчальных парод. Падзяляюцца: па напрамку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню і гідрадынамічных асаблівасцях на сыходныя (жыўленне грунтавымі безнапорнымі водамі) і ўзыходныя (жыўленне артэзіянскімі напорнымі водамі); паводле характару рэжыму — на пастаянна, сезонна і рытмічна дзеючыя; залежна ад саставу — на прэсныя і мінеральныя; па т-ры — на кіпячыя, гарачыя, цёплыя і халодныя. Штучныя К. ўтвараюцца ў выніку інжынерна-гасп. дзейнасці (К. ніжніх б’ефаў плацін, зваротныя К. на масівах арашэння, К., звязаныя з узвядзеннем фундаментаў будынкаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНТУ́Ш,
верхняе мужчынскае адзенне, што апраналі на жупан. К. прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, у 16 ст. — на Беларусь і разам з жупаном стаў традыц. адзеннем заможнай шляхты. Шылі доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзанымі рукавамі, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. У 16 ст. К. шылі з сукна, пазней з шоўку, зімою падшывалі лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка інш. колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс, у т. л.слуцкія паясы. З 1778 К. і жупан у паасобных ваяводствах мелі пэўны вызначаны колер, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. У 2-й пал. 19 ст. стаў урачыстым адзеннем арыстакратыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],
1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.
2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.
3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл.Рымская курыя).
4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСА́Ж ((Lesage) Ален Рэнэ) (8.5.1668, г. Сарзо, Францыя — 17.11.1747),
французскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. У сатыр. камедыях «Крыспэн — сапернік свайго гаспадара» (1707) і «Цюркарэ» (1709) прадоўжыў традыцыі Мальера. У сац.-быт. раманах «Кульгавы д’ябал» (1707), «Гісторыя Жыль Бласа з Сантыльяны» (1715—35) яскравыя сатыр. карціны франц. жыцця прасякнуты рысамі асветніцкага класіцызму, барока і ранняга ракако. Аўтар раманаў «Прыгоды Роберта Шэвалье...» (1732), «Гісторыя Эстэбаніла Гансалеса» (1734), «Саламанкскі бакалаўр» (1736), сатыр. аповесці «Дзень Парак» (1735), зб-каў камічных опер «Кірмашовы тэатр, або Камічная опера» (т. 1—10, 1721—37), п’ес «Іспанскі тэатр» (1700) і інш. Паўплываў на развіццё быт. і сатыр. рамана на рубяжы 18—19 ст. у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́Н (Citrus limon),
кветкавая расліна сям. рутавых. Радзіма — Паўд. і Паўд.-Усх. Азія. У 11 ст. завезены ў Міжземнамор’е. Культывуецца ў тропіках і субтропіках. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэях і пакоях. Сарты — Паўлаўскі, Меера, Грузінскі, Нова-Грузінскі, Віла-Франка і інш.
Вечназялёнае дрэва выш. 1,5—7 м. Галіны часцей з калючкамі. Лісце скурыстае, авальна-падоўжанае на кароткіх чаранках са спецыфічным пахам. Кветкі двухполыя, белыя, духмяныя, адзіночныя або ў гронках. Самаапыляецца, цвіце і пладаносіць амаль увесь год. Плод — шматгнездавая ягада, мае ў сабе к-ты (3,5—8,1 мг %), вітаміны C (45—140 мг %), A, B, P, цукар (1,9—3%) і інш.Лек. расліна. З пладоў Л. прыгатаўляюць сокі, канцэнтраты, варэнне, мармелад, лімонную к-ту, тэхн. і эфірны алей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХТА́Р (ад ням. Licht святло) у архітэктуры, 1) круглая або шматгранная ў сячэнні надбудова-барабан (з вял. аконнымі праёмамі) над дахам, купалам ці інш. пакрыццём.
2) Зашклёны выступ у сцяне будынка на вышыню 1, 2 і больш паверхаў; тое, што эркер.
3) Зашклёная частка дахавага пакрыцця, прызначаная для натур. верхняга асвятлення памяшканняў. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока і класіцызму.
Адыгрывалі ролю аднаго з гал. элементаў кампазіцыі ў завяршэнні бельведэра, барабана, купала. Звычайна завяршаліся скульптурай, крыжам, шпілем ці інш.дэкар. формай. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца ў прамысл. і інш. збудаваннях (залах выставак, музеях, гандл. збудаваннях, будынках ВНУ) для асвятлення памяшканняў і натуральнай вентыляцыі.
А.М.Кулагін.
Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ КРАС (Марк) (Marcus Licinius Crassus; каля 115—6.5.53 да н. э.),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Стараж. Рыма. Падтрымаў Сулу ў грамадз. вайне з Марыем. У час праскрыпцый Сулы (на карах, канфіскацыях і спекуляцыях) нажыў велізарныя багацці. У 72 да н. э. надзелены сенатам надзвычайнымі паўнамоцтвамі, каб задушыць Спартака паўстанне, якое ліквідаваў разам з Пампеем у 71 да н. э. Консул у 70 і 55 да н. э. (разам з Пампеем). У 65 да н. э. цэнзар. У 60 (або 59) — 53 да н. э. разам з Цэзарам і Пампеем увайшоў у т. зв. 1-ы трыумвірат. У 54 да н. э. кіраваў прав. Сірыя. Загінуў з б.ч.рым. войска ў Месапатаміі ў час вайны з Парфянскім царствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЭ́Й (ад грэч. Lykeion),
сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова ў некаторых краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, Афрыкі. У Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. саслоўная прывілеяваная сярэдняя або вышэйшая навуч. ўстанова для дзяцей дваран, якая рыхтавала дзярж. чыноўнікаў для ведамстваў, гал. чынам для Мін-ваўнутр. спраў. Найб. вядомыя Царскасельскі (1811—1917; з 1844 наз. Аляксандраўскі і пераведзены з Царскага Сяла ў Пецярбург), Дзямідаўскі ў Яраслаўлі (1803—1918), Рышэльеўскі ў Адэсе (1817—65), Крамянецкі (1819—34), Нежынскі (1820—75). Пасля 1917 ліквідаваны. У 1990 адроджаны. У Беларусі Л. — прафесійна арыентаваная ступень сярэдняй школы з тэрмінам навучання 2—4 гады, існуюць звычайна пры ВНУ (у 1998/99 навуч.г. 26 Л.). Гал. іх задача — мэтанакіраваная падрыхтоўка будучых студэнтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ ФАТАГРА́ФІЯ,
аптычны відарыс, які захоўваецца і перадаецца ў лічбавай форме; працэс атрымання такога відарыса з дапамогай, напр., лічбавага фотаапарата. Адносіцца да мультымедыйных сродкаў захоўвання і апрацоўкі інфармацыі (гл.Мультымедыя).
Аптычны відарыс аб’екта здымкі праектуецца ў лічбавым фотаапараце на ПЗС-матрыцу, дзе пераўтвараецца ў эл. сігнал, які запісваецца ў лічбавай форме ў блок памяці апарата. Знятыя відарысы можна праглядаць на ўбудаваным дысплеі, праводзіць іх апрацоўку (гл.Лічбавая апрацоўка відарысаў), напр., з дапамогай убудаванага працэсара рабіць мантаж і спец. эфекты, спалучаць асобныя кадры ў панараму, дадаваць звесткі аб умовах і часе здымкі, тэкставыя або гукавыя каментарыі. Лічбавы фотаапарат можна далучыць да камп’ютэра ці інш. канала сувязі з мэтай перадаць (ці атрымаць) відарысы, правесці іх далейшую апрацоўку, раздрукаваць на прынтэры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЦЫНГ, Лортцынг (Lortzing) Альберт (23.10.1801, Берлін —21.1.1851), нямецкі кампазітар. Музыцы вучыўся самастойна. З 1820 оперны спявак (тэнар). З 1833 спявак і капельмайстар у Лейпцыгскім гар. т-ры, у 1846—50 оперны дырыжор у Вене, тэатр. капельмайстар у Берліне. Аўтар каля 30 опер і зінгшпіляў. Большасць яго опер блізкія да ням. зінгшпілю і ўвасабляюць рысы італьян. і франц. камічнай оперы. Імкнуўся да стварэння нац.муз. дэмакратычнай мовы, заснаванай на фальклоры. Сярод твораў: оперы «Скарбніца інкаў» (паст. 1836), «Цар і цясляр, або Два Пятры» (1837), «Казанова» (1841), «Ундзіна» (1845), «Збраяносцы Роланда» (1849) і інш., зінгшпілі «Чацвёра вартавых на пасту» (1828), «Паляк і яго дзіця», «Куцця», «Сцэны з жыцця Моцарта» (усе 1832) і інш.; араторыя, кантата, хары, песні, музыка да драм. спектакляў.