права, паводле якога ўладальнікам фабрык і заводаў недваранскага саслоўя дазвалялася набываць сялян для работы на прадпрыемствах. Устаноўлена ў Расіі указам Пятра I 18.1.1721, у адпаведнасці з якім створаны асобы разрад прыгонных фабрычных сялян, прыпісаных назаўсёды да прамысл. устаноў без права адчужэння. Пасэсійныя рабочыя не атрымлівалі ўзнагароджання за працу на пасэсійных прадпрыемствах, але атрымлівалі зямельныя надзелы, якія яны апрацоўвалі для сябе. Да разраду пасэсійных адносіліся і «прыпісныя» сяляне, якіх урад замацоўваў за прыватнымі заводамі і фабрыкамі. Пры Пятру III у 1762 П.п. адменена, у 1798 адноўлена і праіснавала да 1863. Пасэсійнае валоданне землямі месцамі захавалася да 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Іван Фаміч) (25.6.1922, с. Барыс-Раманаўка Бараўскога р-на Кустанайскай вобл., Казахстан — 12.10.1950),
лётчык-штурмавік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяшколу пілотаў (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Чырв. Арміі з 1940. З 1942 у дзеючай арміі, удзельнічаў у баях на Калінінскім, Цэнтр. і 1-м Прыбалт. франтах. У час Беларускай аперацыі 1944 камандзір звяна штурмавога авіяпалка П. рабіў па 4—5 баявых вылетаў за дзень на штурмоўку жывой сілы і тэхнікі праціўніка. За час вайны зрабіў больш за 200 баявых вылетаў, асабіста збіў 3 варожыя самалёты. Пасля вайны камандаваў авіяпалком. Загінуў пры выкананні службовага задання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛІ ПРЫ́НЦЫП,
прынцып забароны, паводле якога ў сістэме часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) у адным і тым жа стане можа знаходзіцца не больш як адна часціца; адзін з фундаментальных законаў квантавай механікі. Сфармуляваны В.Паўлі (1925) для электронаў пры тлумачэнні структуры спектраў складаных атамаў. Пашыраны на ўсе ферміёны.
Вынікае з сувязі паміж спінам часціцы і статыстыкай: часціцы з паўцэлым спінам падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы і хвалевая функцыя сістэмы аднолькавых часціц антысіметрычная адносна перастаноўкі любых 2 ферміёнаў. П.п. вызначае парадак запаўнення электронных абалонак атама, на ім грунтуецца тлумачэнне атамных і малекулярных спектраў. На яго аснове створана статыстыка электроннага газу, якая тлумачыць большасць цеплавых, эл. і магн. уласцівасцей цвёрдага цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЮКЕ́ВІЧ (Мікалай Уладзіміравіч) (и. 18.5.1937, в. Бондары Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-рфіз.-матэм.н. (1991). Скончыў БДУ (1959). З 1960 у акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (з 1991 нам. дырэктара). Навук. працы па тэорыі цеплаправоднасці і кінетычнай тэорыі працэсаў цепла- і масапераносу пры фазавых ператварэннях. Распрацаваў метады апісання нераўнаважных працэсаў у порыстых асяроддзях.
Тв.:
Физическая кинетика и процессы переноса при фазовых превращениях. Мн., 1980 (у сааўт.);
Physical kinetics and transfer in Phase transitions. New York, 1995 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ДЭТЭ́КТАРу ядзернай фізіцы,
прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, асн. элемент якой — крышталь паўправадніка.
Адчувальны слой П.д. — вобласць паўправадніка паблізу p-n-пераходу, якая абеднена носьбітамі току і мае высокае эл. супраціўленне. Іанізавальная часціца, што пранікла ў крышталь, генерыруе дадатковыя (нераўнаважныя) носьбіты току (электроны і дзіркі), у выніку чаго ў знешнім ланцугу ўзнікае імпульс току, які ўзмацняецца і рэгіструецца. Зарад, сабраны на электродах П.д., прапарцыянальны энергіі, выдзеленай часціцай пры праходжанні праз адчувальны слой. Можа працаваць як спектрометр, калі часціца поўнасцю тармозіцца ў ім. Выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, а таксама ў хіміі, геалогіі, медыцыне і прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХАЛАВІ́ЦКІ (Пахалавецкі, Пахаловіч) Станіслаў, бел. картограф і мастак 2-й пал. 16 ст. Служыў сакратаром у магнатаў ВКЛ, у 1563—66 пры двары жонкі караля Польшчы і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, потым у скарбовай і кароннай канцылярыях. У час Лівонскай вайны 1558—83 як картограф удзельнічаў у ваен. паходах, за што быў набілітаваны. Склаў карту «Вопіс Полацкага княства...» [выкарыстана картографамі Г.Меркаторам (карта «Літва», 1595) і Т.Макоўскім («Карта Вялікага княства Літоўскага», 1613)], план аблогі Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579 (абодва награвіраваны ў 1580 у Рыме Т.Трэтэрам), выканаў акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579». Верагодна, разам з інж. П.Франкусам працаваў над аксанаметрычнымі выявамі 6 крэпасцей на Полаччыне: Казьян, Красная, Сітна, Сокал, Суша і Туроўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́МАЎ (Мікалай Ільіч) (17.4.1919, в. Вольшчына Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 29.3.1988),
удзельнік партыз. руху на тэр. Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, журналіст, гісторык. Канд.гіст.н. (1954), праф. (1978). Скончыў Усебел. газетную парт. школу (1938), БДУ (1951), Акадэмію грамадскіх навук прыЦККПСС (1954). У Вял.Айч. вайну ў жн. 1942 — ліст. 1943 радавы і палітрук разведкі ў партыз. атрадзе Рэчыцкай брыгады, потым рэдактар падп.газ. «Гомельская праўда», на журналісцкай рабоце. З 1948 рэдактар газ. «Гомельская праўда», «Віцебскі рабочы». З вер. 1956 сакратар Віцебскага абкома КПБ, у 1968—85 рэктар Мінскай ВПШ. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1971—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШПАРТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць правіл, якія рэгулююць парадак уліку і перамяшчэння насельніцтва пры дапамозе ўвядзення адзінага дакумента, што сведчыць асобу, — пашпарта. Упершыню П.с. ўведзена ў СССР пастановай ЦВК і СНК 27.12.1932. Асн. прынцыпы, якія выкладзены ў палажэнні аб П.с., зацверджаным пастановай СМСССР 28.8.1974, захоўваюцца ў некаторых краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Парадак пашпартызацыі насельніцтва Беларусі рэгламентуецца адпаведным палажэннем, зацверджаным пастановай урада Рэспублікі Беларусь ад 14.7.1993 і ўнесенымі ў яго наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Пашпарт пэўнага ўзору і зместу належыць прапісцы па месцы жыхарства грамадзяніна. Кантроль за выкананнем патрабаванняў П.с. ўскладзены на органы міліцыі. Парушальнікі П.с. прыцягваюцца да адм. адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,
награвальная прылада з адкрытым накіраваным полымем. Полымя ўтвараецца на выхадзе трубы Пл.пры гарэнні сумесі пары вадкага паліва (бензіну, спірту, газы) з паветрам, прадукты гарэння ўтвараюць выцягнуты факел. Найб. пашыраны П.л. фарсуначнага тыпу (гл.Фарсунка) з ёмістасцю рэзервуара да 2 л. Выкарыстоўваюцца для награвання рабочай часткі паяльніка і дэталей, расплаўлення прыпою ў працэсе пайкі, а таксама награвання металу для праўкі, гібкі і інш., выдалення рэшткаў старога масла, фарбы, лаку з драўляных і метал. вырабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
расліны і жывёлы, якія жывуць у тоўшчы вады і на яе паверхні (у пелагіялі). Падзяляюць на нейстон, нектон, планктон і плейстон. Адрозніваюць голапелагічныя арганізмы, што жывуць у пелагіялі ўсё жыццё, і мерапелагічныя, якія звязаны з пелагіяллю часова (планктонныя лічынкі донных жывёл, дарослыя асобіны донных жывёл, якія падымаюцца ў тоўшчу вады пры размнажэнні). Для П.а. характэрны прыстасаванні да жыцця ў пелагіялі: газавыя пузыры (у водарасцей, сіфанафор і інш.), плавальныя пузыры (у рыб); для руху — раснічкі ў прасцейшых і плаўнікі ў рыб; тарпедападобная форма цела у нектонных арганізмаў.
Раслінныя П.а. (фітапланктон) — асн. прадуцэнты арган. рэчываў у вадаёмах; яны забяспечваюць кормам астатніх водных жывёл.