ЗАРЭ́СЦЕ,

вадасховішча ў Магілёўскім р-не, за 32 км на ПдУ ад Магілёва, каля в. Зарэсце. Створана на р. Раста ў 1981. Пл. 0,71 км², даўж. 2,4 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 5,3 м, аб’ём вады 1 млн. м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 2 м. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКА́ЦКІ ХРЫБЕ́Т,

у Забайкаллі, у Бураціі, на У ад Баргузінскага хрыбта. Даўж. больш за 200 км, выш. да 2551 м. Складзены пераважна з гранітаў і крышт. сланцаў. Тыповыя плоскія вяршыні. На ніжняй ч. схілаў (да 900 м) горны лесастэп, вышэй — лістоўнічная тайга, якая змяняецца зараснікамі кедравага сланіку і горнай тундрай.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАВЕ́РНАЕ І ВЕРАГО́ДНАЕ ў логіцы,

адрозненне паміж ведамі, адпаведнасць якіх рэчаіснасці сцвярджаецца толькі як магчымая або ў той ці інш. ступені імавернасная, і абгрунтаванымі; доказнымі, бясспрэчнымі, сапраўднымі ведамі. Напр., правільныя дэдуктыўныя разважанні даюць верагодныя веды ў адрозненне ад індуктыўных разважанняў, вывады якіх маюць імавернасны характар (гл. таксама Верагоднасць, Імавернасная логіка).

т. 7, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАВА́ЦЫЯ (ад англ. innovation новаўвядзенне),

новаўвядзенні ў галіне тэхнікі, тэхналогіі, арганізацыі працы і кіравання, заснаваныя на выкарыстанні дасягненняў навукі і перадавога вопыту, а таксама выкарыстанне гэтых новаўвядзенняў у розных галінах і сферах дзейнасці. Характарызуецца новымі формамі інтэграцыі навукі, тэхнікі і вытв-сці. Для фінансавання І. ствараюцца інавацыйныя банкі, фонды і інш.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАЗАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. intra унутры + зона),

пашырэнне якога-н. ландшафту або кампанентаў прыроды на асобных участках, якія ствараюць заканамерныя ўкрапванні ў межах зон геаграфічных; асобны выпадак азанальнасці. Напр., сфагнавыя балоты ў тайзе і тундры, саланчакі ў зонах пустынь і стэпаў. Абумоўлена мясц. прычынамі (лакальнае засаленне або пераўвільгатненне горных парод і інш.).

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЦЫЮ КАРБІ́Д,

злучэнне кальцыю з вугляродам, CaC2. Цвёрдае рэчыва, хімічна чысты — бясколерны, tпл2160 °C, шчыльн. 2200 кг/м³. Тэхнічны К.к. мае колер ад светла-бурага да чорнага. Бурна ўзаемадзейнічае з вадой з вылучэннем ацэтылену. Атрымліваюць аднаўленнем нягашанай вапны вугляродам у дугавых пячах. Выкарыстоўваюць для атрымання ацэтылену, цыянаміду кальцыю, аднаўлення шчолачных металаў.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЮ́ВІЙ (ад лац. colluvio скопішча),

калювіяльныя адклады, 1) у шырокім сэнсе — схілавыя адклады (у т. л. дэлювіяльныя і саліфлюкцыйныя), што ўтвараюцца шляхам назапашвання прадуктаў разбурэння горных парод, якія спаўзаюць уніз па схіле.

2) У вузкім сэнсе — грубадрузаватыя абвальныя і восыпныя адклады каля падножжа стромкіх схілаў; у гэтым сэнсе супрацьпастаўляецца дэлювію.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНКА,

рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Усыса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 137 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Малашанкі. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв. Асн. прыток р. Сутокі. Рэчышча ў сярэднім цячэнні на працягу каля 5 км каналізаванае.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНТА́РЫЙ (ад лац. commaentarius нататкі, тлумачэнне),

1) тлумачэнне якой-н. думкі, з’явы, падзеі (напр., К. тэксту твора, дакумента, заўвагі да тэксту кнігі, артыкула).

2) Артыкул, прамова, інтэрв’ю, якія даюць тлумачэнні або ацэнку эканам., паліт. і інш. падзей. У Стараж. Рыме К. называліся гіст. творы (напр., каментарый Ю.​Цэзара аб Гальскай вайне).

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАНІ́ЛА (італьян. campanile),

званіца ў італьян. архітэктуры сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Будавалі ў выглядзе 4-граннай (часам круглай) вежы, якая звычайна стаяла асобна ад храма. Павелічэнне колькасці ці памераў праёмаў угару (ніжнія паверхі пераважна глухія) надае К. стройнасць і лёгкасць (вежа-К. ў Пізе). Прататыпам К. былі гар. вартавыя вежы.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)