КАРЛ IV, Карэл I Чэшскі (Karl IV, Carel I; 14.5.1316, Прага — 29.11.1378),
кароль Чэхіі (з 1346), герм. кароль (з 1347), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1355—78], кароль Бургундыі (з 1365). З дынастыі Люксембургаў. Сын чэш. караля Яна. У 1334—46 рэгент у Чэхіі, 11.7.1346 выбраны чэш. каралём. Умацоўваў каралеўскую ўладу (у т. л. ў Германіі праз прыняцце Залатой булы 1356), апіраўся на гандл.-рамесніцкія колы, сярэднюю і дробную шляхту. Пры ім Чэхія стала гал. дзяржавай «Свяшчэннай Рым. імперыі», а Прага фактычна яе сталіцай (садзейнічаў інтэнсіўнаму буд-ву ў горадзе, у т. л. Карлава моста цераз р. Влтава, у 1348 засн. Пражскі, або Карлаў, ун-т). Далучыў да ўладанняў Люксембургаў ч. Верхняга Пфальца, землі ў Цюрынгіі, Саксоніі, Ніжнія Лужыцы, у 1373 Брандэнбург (страчаны пасля яго смерці), з дапамогай дынастычнага шлюбу ўмацаваў сувязі з Польшчай і Венгрыяй.
кубінскі пісьменнік. Вывучаў архітэктуру ў Гаване, музыку ў Парыжы. У 1928—39 у эміграцыі ў Парыжы, у 1945—59 у Венесуэле. Друкаваўся з 1922. Першы зб. — «Антыльскія вершы» (1932). У рэаліст. раманах «Экуэ Ямба-о» (1933), «Царства зямное» (1949), «Страчаныя сляды» (1953), «Век Асветніцтва» (1962), «Памылковасць метаду» (1974), «Вясна свяшчэнная» (1978), «Арфа і цень» (1979) вера ў гармонію паміж прыродным і духоўным пачаткамі чалавека, увасабленне канцэпцыі «цудоўнай рэальнасці» Лац. Амерыкі, дзе ва ўзаемадзеянні рас і народаў ствараецца «новае чалавецтва» і яго культура. Аўтар аповесцей «Права палітычнага прыстанішча» (1972), «Канцэрт барока» (1975), даследавання «Музыка Кубы» (1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́ЗА ((Caruso) Энрыка) (25.2.1873, г. Неапаль, Італія — 2.8.1921),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з выдатных прадстаўнікоў стылю бельканта. Вучыўся ў Г.Верджыне і В.Ламбардзі. У 1894—1920 спяваў у буйнейшых оперных т-рах свету. У 1903—20 саліст т-ра «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Валодаў голасам незвычайнай прыгажосці. Яго выкананне спалучала мяккі лірызм і агністы тэмперамент. Выступаў у рознахарактарных партыях (каля 80), з якіх каля 30 лічыліся лепшым выкананнем: Манрыка, Герцаг, Радамес («Трубадур», «Рыгалета», «Аіда» Дж.Вердзі), Каварадосі, Рудольф («Тоска», «Багема» Дж.Пучыні), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Федэрыка («Арлезіянка» Ф.Чылеа), Лорыс («Федора» У.Джардана), Фауст («Мефістофель» А.Бойта), Надзір, Хазэ («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.Бізэ), Ліянель («Марта» Ф.Флотава). Адзін з лепшых выканаўцаў неапалітанскіх песень.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭЛЯ́ЦЫЯ (ад позналац. correlatio суадносіны) у біялогіі, узаемазалежнасць у зменлівасці паміж марфал., фізіял., біяхім. прыкметамі раслінных ці жывёльных арганізмаў; узаемасувязь паміж біял. працэсамі са складаным перакрыжаваннем розных прычын, узаемных уплываў і іх вынікаў. Паняцце К. ўведзена франц. заолагам Ж.Кюўе, распрацоўвалася сав. біёлагамі А.М.Северцавым і І.І.Шмальгаўзенам. Адлюстроўвае ўзаемную адпаведнасць будовы і функцый клетак, тканак, органаў і сістэм арганізма, якая выяўляецца ў працэсе яго развіцця і жыццядзейнасці. Бывае дадатная (прамая залежнасць паміж прыкметамі) і адмоўная (залежнасць адваротная). Стат. мера ўзаемасувязі развіцця прыкмет — каэфіцыент К.
Адрозніваюць некалькі форм К.: геномную, якая абумоўлена дзеяннем сукупнай колькасці спадчынных фактараў (плеятрапія) і дзеяннем звязаных паміж сабой генаў (храмасомная К.); морфагенетычную — узаемазалежнасць ва ўнутр. фактарах індывід. развіцця (пры гэтым разглядаецца сувязь паміж двума або многімі морфагенет. працэсамі). Філагенетычная, або філетычная К. — суадносная змена органаў у працэсе эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІ́МАДА ((Quasimodo) Сальваторэ) (20.8.1901, г. Сіракузы, Італія — 14.6.1968),
італьянскі паэт. Вучыўся ў Рымскім політэхн. ін-це. З 1941 праф. Міланскай кансерваторыі імя Дж.Вердзі. У 1930-я г. далучыўся да герметызму з яго матывамі тугі і адзіноты (зб-кі «Вада і зямля», 1930; «Патанулы габой», 1932; «Эрата і Апаліён», 1936; «Вершы», 1938). У перыяд антыфаш. Супраціўлення звярнуўся да сац. рэчаіснасці (зб-кі «І надышоў вечар», 1942; «Дзень за днём», 1947). У пасляваен. творчасці пераважаюць грамадз. і патрыят. тэмы, вера ў народ (зб-кі «Жыццё не сон», 1949; «Фальшывая і сапраўдная зеляніна», 1954; «Непараўнальная зямля», 1958; «Даваць і мець», 1966). Аўтар зборнікаў публіцыстыкі, эсэ, перакладаў з грэч. мовы Сафокла, Эсхіла, Авідзія. Нобелеўская прэмія 1959. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛО́ІД (ад грэч. kēlē пухліна + eidos выгляд),
пухлінападобнае разрастанне злучальнай тканкі скуры. Прычыны ўзнікнення хваробы невядомыя. Мяркуюць, што ў аснове развіцця К. прыроджаная генет. абумоўленая ўласцівасць злучальнай тканкі рэагаваць на траўмы. У некат. хворых выяўляюць абменныя і эндакрынныя парушэнні, хранічныя інфекц. хваробы (напр., туберкулёз лёгкіх), ачагі хранічнай інфекцыі (карыес, танзіліт і інш.). Найчасцей бывае ў юнакоў на грудзях, шыі, у вушных ракавінах, радзей — на твары і канечнасцях. К. сапраўдны — цвёрдае, белаватае ці ружовае, гладкае разрастанне на 5—8 мм над паверхняй скуры, з’яўляецца раптоўна, расце некалькі тыдняў, іншы раз месяцаў, ад бакавой паверхні адыходзяць адросткі ў выглядзе клюшняў рака, потым памеры яго не мяняюцца да канца жыцця. К. несапраўдны ўзнікае пры парэзах, апёках, на месцы рубцовых змен, гнайнічковых хвароб скуры і інш.; асобная форма такога К. — акне келоід. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К’Е́РКЕГОР, Кіркегор (Kierkegaard) Сёрэн (5.5.1813, Капенгаген — 11.11.1855), дацкі тэолаг, філосаф, пісьменнік. Папярэднік экзістэнцыялізму. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Капенгагенскім ун-це. Аўтар прац «Страх і хваляванне» (1843), «Філасофскія крохі» (1844), «Стадыі жыццёвага шляху» (1845), «Хвароба да смерці» (1849) і інш. Сваё бачанне быцця чалавека сфармуляваў як рэалізацыю чалавечай суб’ектыўнасці, у якой асаблівая роля належыць такім паняццям, як «асоба», «свабода», «выбар», «страх», «адчай», «рашучасць» і інш. Існаванне чалавека разглядаў у 3 тыпах экзістэнцыі: эстэт., этычнай і рэліг. З несувымернасці божага і чалавечага свету, веры і розуму выводзіў тэзіс пра бяссэнсавасць іх спалучэння, бо ўсякія спробы такога злучэння непазбежна вядуць да парадоксаў. Творы К. вылучаюцца яскравасцю. Філасофія яго стала папулярнай у 20 ст. З узнікненнем экзістэнцыялізму набыла характар класічнай філас. л-ры ў галіне ірацыяналістычных канцэпцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЧЭНКА (Мікалай Міхайлавіч) (н. 16.3.1946, г. Маладзечна Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). З 1969 у Брэсцкім абл.драм. т-ры, з 1971 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. З 1987 выкладае ў Бел.АМ. Яго акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладнасцю характарыстык, выразнасцю сцэн. малюнка вобраза; стваральнік яркіх характараў-тыпаў. Сярод роляў у т-ры імя Я.Купалы: Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота), Холад («Звон — не малітва» І.Чыгрынава), Ягайла («Князь Вітаўт» А.Дударава), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава), Вагін («Дзеці сонца» М.Горкага), Менахем («Памінальная малітва» Р.Горына), Палоній («Гамлет» У.Шэкспіра), Гаспадар («Саўдзельнікі» І.Гётэ), Жорж («Жахлівыя бацькі» Ж.Както), Люнгетран («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Шындзін («Мы, ніжэй падпісаныя» А.Гельмана), Фініган («Гаральд і Мод» К.Хігінса).
расійскі дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1966). З 1969 дырыжор, з 1970 гал. дырыжор Муз.т-ра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі, з 1976 маст. кіраўнік і гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1969 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1986 праф.). Пры яго ўдзеле ў Муз. т-ры адноўлены пастаноўкі опер «Кармэн» Ж.Бізэ (1969), «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1972), «Багема» Дж.Пучыні (1973), балета «Папялушка» С.Пракоф’ева (1971), пастаўлены оперы «Алека» С.Рахманінава і «Маўра» І.Стравінскага (1973). Кіраваў пастаноўкай опер «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1982) і «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1983) у Венскай оперы і інш. 2-я прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе маладых дырыжораў Фонду Г.Караяна (Зах. Берлін, 1969). Дзярж. прэмія Расіі 1988. З 1990 жыве за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕМЕ́НЦІ ((Clementi) Муцыо) (23.1.1752, Рым — 10.3.1832),
англійскі піяніст-віртуоз, кампазітар, педагог; заснавальнік т.зв. лонданскай школы піянізму. З 1766 жыў у Вялікабрытаніі (з 1773 у Лондане). Канцэртаваў у Еўропе (у 1781 у Вене спаборнічаў з В.А.Моцартам). Заснавальнік і саўладальнік шэрагу муз.-выдавецкіх прадпрыемстваў і ф-к муз. інструментаў. Адзін з заснавальнікаў і дырыжор (1813—24) Філарманічнага т-ва ў Лондане. Зрабіў значны ўклад у развіццё фп. мастацтва (празваны «бацькам фп. музыкі»), садзейнічаў зацвярджэнню класічнага цыкла санаты. Сярод твораў: араторыя; каля 15 сімфоній (зберагліся 4); уверцюры; канцэрт для фп. з аркестрам; творы для фп. (найб. вядомы зб. эцюдаў «Шлях да Парнаса», 1817—26). Свой выканальніцкі і пед. вопыт абагульніў у працы «Методыка ігры на фартэпіяна» (1801). Сярод яго вучняў: Ф.Калькбрэнер, І.Б.Крамер, І.Мошэлес, Дж. Філд.