БЕРЫ́ЛІЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць берылій у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Гал. мінералы: берыл, фенакіт, бертрандыт, гельбертрандыт, хрызаберыл, гельвін, гентгельвін, эўклаз, лейкафан і інш. Радовішчы эндагенныя постмагматычныя. Аксіду берылію BeO у берыліевых рудах ад 0,05—0,09 да 0,7%. Радовішчы ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Мексіцы, ПАР і інш.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бельчыца, за 7 км на Пд ад Полацка. Пл. 0,31 км². Даўж. 0,72 км, найб. шыр. 0,48 км, даўж. берагавой лініі 1,88 км. Пл. вадазбору 13,8 км². Схілы катлавіны нізкія, забалочаныя, параслі лесам. Берагі сплавінныя. Выцякае р. Бельчыца.

т. 3, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСКВІ́Т (франц. biscuit ад лац. bis coctus двойчы спечаны),

1) непакрыты палівай фарфор, які найчасцей выкарыстоўваюць для стварэння фарфоравай мяккай пластыкі. З сярэдзіны 18 ст. ў Германіі, пазней у Расіі, Францыі, Даніі з бісквіту выраблялі настольныя скульпт. фігуры і групы.

2) Кандытарскі выраб; печыва з мукі, узбітых яек, цукру і інш.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНВІ́ЛЬ (Granville),

прыморскі кліматычны курорт у Францыі, на Пд ад г. Шэрбур, на беразе праліва Ла-Манш. Мяккі марскі клімат, пясчаны пляж, цёплая марская вада эфектыўныя ў клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў дыхання, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы, парушэнняў абмену рэчываў. Шмат атэляў, пансіянатаў, водалячэбніц. Буйны цэнтр турызму і паруснага спорту.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНУЛЁМА (ад лац. granulum зярнятка + ...ома),

ачаговае разрастанне запаленчага паходжання клетак маладой злучальнай тканкі ў выглядзе невял. вузельчыка. Найчасцей бывае пры інфекц. працэсах (туберкулёз, сіфіліс, праказа, бруцэлёз, тулярэмія, актынамікоз), калагенавых хваробах і на месцы, куды трапілі ў арганізм іншародныя целы. Некаторыя гранулёмы маюць спец. назвы (пры туберкулёзе — бугарок, пры сіфілісе — гума).

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУМ-ГРЖЫМА́ЙЛЫ ЛЕДАВІ́К,

далінны ледавік дэндрытавага тыпу ў цэнтр. ч. Паміра. Адкрыты ў 1887 рус. экспедыцыяй Р.Я. і М.​Я.​Грум-Гржымайла. Даўж. 37 км, шыр. ад 0,5 да 3 км, пл. 143 км². Апускаецца з піка Рэвалюцыі (6974) да выш. 3620 м. З ніжняга канца ледавіка пачынаецца р. Танымас.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАВЫ́ КАЭФІЦЫЕ́НТ (матэм.), лік k ва ўраўненні прамой лініі на плоскасці y=kx+b, што характарызуе нахіл прамой да восі абсцыс. У прамавугольнай сістэме каардынат k = tgφ , дзе φ — вугал паміж дадатным напрамкам восі абсцыс і разгляданай прамой лініяй, які адлічваецца ў дадатным напрамку (ад восі Ox да восі Oy).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ГУЛ, выгульны двор, загон,

агароджаны ўчастак для прагулак (мацыёну) жывёл. Размяшчаецца побач з жывёлагадоўчымі будынкамі. Для аховы жывёл ад спёкі або дрэннага надвор’я выгул часта абсталёўваецца павеццю. Вызначаны нормы плошчы на адну жывёлу, напр. для кароў 15—20, племянных коней 40—50, свінаматак 10—15, курэй 1,5—2 м² і інш.

т. 4, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКАГО́РНЫ ТЫП РЭЛЬЕ́ФУ, высакагор’е. Характарызуецца глыбокай расчлянёнасцю (ад некалькіх соцень да 2000 і больш метраў), стромкімі схіламі, мноствам скал і асыпкаў, вышчарбленымі грабянямі, наяўнасцю ледавіковых формаў рэльефу, праяўленнямі актыўнага фізічнага і марознага выветрывання. Уласцівы маладым горным краінам, якія ўздымаюцца вышэй за снегавую лінію (Альпы, Гімалаі і інш.). Гл. таксама Альпійскі рэльеф.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЛО́Н (франц. doublon ад ісп. doblon),

іспанская залатая манета. Змяшчала каля 7,5 г золата. У 1537 выпушчаны эскуда, двайны эскуда называўся пістоль, або «іспанскі Д.». У еўрап. гандлі двайны пістоль атрымаў назву Д. Існаваў да 1868. Д. з’яўляўся стараж. залатой манетай Швейцарыі, у 15—16 ст. яго чаканілі рым. папы.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)