АРТЫКУЛЯ́ЦЫЯ
(ад лад. articulo расчляняю),
1) у мовазнаўстве — работа органаў мовы (губ, языка, мяккага паднябення, галасавых звязак), з дапамогай якіх утвараюцца гукі мовы. Сукупнасць артыкуляцыі складае артыкуляцыйную базу мовы. Правільнае (без акцэнту) вымаўленне слоў чужой мовы патрабуе засваення яе артыкуляцыйнай базы. Паводле ступені выразнасці маўлення ацэньваюць якасць вымаўлення асобных людзей (пры адборы дыктараў, чытальнікаў, акцёраў і інш.) і каналаў сувязі.
У бел. артыкуляцыйнай базе пераважаюць артыкуляцыі з высокім становішчам языка, апусканнем да ніжніх зубоў кончыка языка пры вымаўленні мяккіх зычных «дз’», «ц’» (дзеканне-цеканне), а таксама «з’», «с’», «н’», «л’», ад чаго яны робяцца мякчэйшыя за, напр., адпаведныя рус. гукі. Спецыфічна бел. асаблівасці: губна-губная артыкуляцыя пры вымаўленні «в» пасля галосных і перад «у», «о»; працяжнае вымаўленне «г»; наяўнасць значнай колькасці змычна-шчыліннай артыкуляцыі («дж», «дз», «ч», «ц», «ц’», «дз’»). Артыкуляцыя суседніх гукаў накладваюцца і прыстасоўваюцца адна да адной (акамадацыя).
2) У музыцы — спосаб выканання паслядоўнасці гукаў голасам або на муз. інструменце. Вызначаецца злітнасцю або расчлянёнасцю. Асн. віды артыкуляцыі — легата і стаката. Іх разнавіднасці адрозніваюцца ступенню выразнасці і характарам выканання. Існуюць блізкія паміж сабою партамента і глісанда (лёгкае слізганне ад аднаго гуку да другога) і інш. Тэхнічна артыкуляцыя звязана з рознымі прыёмамі руху рукі, націску пальцаў, вядзення смычка або плектра, у спевах — са спосабам карыстання галасавым апаратам.
А.І.Падлужны (мовазнаўства).
т. 1, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)