ВЕРХНЕДНЯПРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў канцы 5-га — 3-м тыс. да н.э. насялялі тэр. ўсх. Беларусі ў бас. Дняпра і яго левабярэжных прытокаў. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы існавання культуры — магчыма, земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло ў паўзямлянкавых жытлах на паселішчах. Вырабляла таўстасценны вастрадонны посуд з прамымі сценкамі; асн. элементы арнаменту — адбіткі грабеньчатага штампа, ямкавыя ўцісканні, лапчастыя наколы, насечкі. Спачатку помнікі Верхнедняпроўскай культуры былі аб’яднаны ў лакальныя варыянты днепра-данецкай культуры (гомельска-чарнігаўскі на 2-м этапе развіцця, рагачоўскі — на 3-м). Пасля даследаванняў І.​М.​Цюрынай і А.​Г.​Калечыц вылучана ў самаст. культуру. Значна адчувальныя ўплывы дзяснінскай культуры і неаліт. культур Волга-Окскага рэгіёна. На Беларусі вядома больш за 300 паселішчаў Верхнедняпроўскай культуры (Струмень, Гронаў, Вець Быхаўскага, Лучын Рагачоўскага, Сябровічы Чачэрскага, Дубовы Лог Добрушскага р-наў і інш.).

А.​Г.​Калечыц.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.

Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛА́НЫ (позналац. vilani ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

розныя катэгорыі феад.-залежнага сялянства ў краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі. 1) У Францыі, Германіі, Італіі віланы былі ў параўнальна лепшым юрыд. і маёмасным становішчы, чым інш. катэгорыі сялянства (адсутнасць спадчынных асабістых павіннасцей, большая свабода ў адчужэнні надзелаў, больш шырокія магчымасці перасялення і інш.). Катэгорыя віланаў склалася тут у 9—10 ст. У 13—15 ст. тэрмін «віланы» стаў ужывацца таксама для абазначэння ўсяго сялянства.

2) У Англіі віланы — катэгорыя сялян, якія знаходзіліся ў адной з самых жорсткіх формаў феад. залежнасці (павіннасці «паводле волі лорда», цяжкая паншчына, строгае абмежаванне права пакідаць надзел і інш.). Юрыд. афармленне ін-та віланства завяршылася тут да сярэдзіны 12 ст. У 15—16 ст. віланства паступова ператварылася ў капігольд і як катэгорыя феад. залежнасці віланы ў Англіі зніклі.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПАЛА́Ц ГУБЕРНА́ТАРА,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Віцебску да 1772. Асн. 3-павярховы будынак пастаўлены на высокім беразе Зах. Дзвіны памешчыкамі Кудзіновічамі, у 1806 выкуплены для перабудовы пад палац ген.-губернатара. У 1811 да асн. корпуса прыбудаваны 2-павярховы П-падобны ў плане службовы корпус (арх. Ф.​Санкоўскі) з параднай залай і царквой на 2-м паверсе. Гал. фасад вылучаны рызалітам, завершаным атыкам, і ўпрыгожаны порцікам з 4 паўкалонамі дарычнага ордэра, якія падтрымліваюць балкон. Такі ж порцік аздабляе бакавы фасад і замыкае фасад 2-павярховага корпуса. Фасады апрацаваны рустам, завершаны карнізам і атыкамі. Быў рэзідэнцыяй ген.-губернатараў і губернатараў, штаб-кватэры Напалеона. У Вял. Айч. вайну спалены. Адноўлены пасля вайны. Першапач. планіроўка зменена.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

В.​Ф.​Марозаў.

Віцебскі палац губернатара.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ВАСКРАСЕ́НСКІЯ ЦЭ́РКВЫ.

Існавалі ў Віцебску ў 16—19 ст. Драўляная царква на ратушнай пл. пабудавана ў 16 ст. (паказана на «Чарцяжы» Віцебска 1664). Яна складалася з 3 зрубаў (асн., алтарны і бабінец з вежай), накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. На яе месцы ў 1772 у стылі позняга барока пабудавана мураваная уніяцкая царква (рыначная); з 1865 — праваслаўная. 1-нефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія рабілі будынак прамавугольным у плане. 2-вежавы гал. фасад меў складаную хвалістую паверхню. Тарцы высокага даху на гал. фасадзе і над апсідай закрываліся фігурнымі атыкавымі франтонамі. Сцены, аздобленыя плоскімі пілястрамі, былі завершаны прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаны стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаліся фігурнымі купалкамі. Разбурана ў 1930-я г.

Т.​В.​Габрусь.

Віцебскія Васкрасенскія цэрквы. Рыначная царква (справа). Малюнак Ю.​Пешкі. Пач. 19 ст.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія растуць у вадзе. Адрозніваюць расліны, паглыбленыя ў ваду толькі ніжняй часткай (гідрафіты) і цалкам або большай сваёй часткай (гідатафіты). Вядома больш за 260 відаў водных раслін, з іх на Беларусі больш за 150 відаў. Воднае асяроддзе абумовіла асаблівыя рысы арганізацыі водных раслін: значнае павелічэнне паверхні цела, што палягчае паглынанне неабходнай колькасці кіслароду і інш. газаў, якіх у вадзе ў 30 разоў менш, чым у паветры. У водных раслін развіта разналістасць: падводнае, плаваючае і паверхневае лісце на адной расліне адрозніваецца ўнутр. і вонкавай будовай. Амаль усе — мнагалетнікі, размнажаюцца вегетатыўна. Насенне і плады разносяцца птушкамі або воднымі цячэннямі. Водныя расліны ўдзельнічаюць у прыроднай ачыстцы вадаёмаў, ва ўзбагачэнні вады кіслародам, у назапашванні сапрапеляў і торфу. Многія — добрыя індыкатары чысціні вады, выбіральна паглынаюць шкодныя рэчывы. Масавае развіццё водных раслін можа выклікаць замор рыбы, зарастанне.

Г.​А.​Семянюк.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙСКІ ПРОЦІПАВЕ́ТРАНАЙ АБАРО́НЫ,

від узбр. сіл, прызначаных для абароны ад паветр. нападу праціўніка. Узнікненне сродкаў ППА звязана з баявым выкарыстаннем авіяцыі ў 1-й сусв. вайне. Адрозніваюць войскі проціпаветранай абароны краіны і войскі проціпаветранай абароны сухапутных войск (у арміях некаторых краін выкананне задач ППА ўскладзена на ВПС, якія маюць зенітныя ракетныя і інш. войскі). На сучасным этапе задачы войск проціпаветранай абароны цесна ўвязваюцца з задачамі процідзеяння сродкам касм. нападу.

Ва Узбр. Сілах Беларусі войскі проціпаветранай абароны складаюцца з зенітных ракетных, радыётэхн. і спец. войск. Задачы знішчэння сродкаў паветр. нападу выконваюць самастойна або ва ўзаемадзеянні з інш. відамі ўзбр. сіл. Войскі проціпаветранай абароны сухапутных войск прызначаны прыкрываць войскі і іх тылавыя аб’екты ад паветр. нападаў праціўніка, уключаюць зенітныя ракетныя, зенітныя артыл. і радыётэхн. часці і падраздзяленні (гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт. Беларусь).

І.​А.​Шор.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНАХО́ДНІЦКАЕ ПРА́ВА,

прававыя нормы, якія рэгламентуюць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адкрыццямі, вынаходствамі, рацыяналізатарскімі прапановамі і іх выкарыстаннем. У Рэспубліцы Беларусь крыніцамі вынаходніцкага права з’яўляюцца Грамадзянскі кодэкс і Закон «Аб патэнтах на вынаходствы» ад 5.2.1993, інш. нарматыўныя акты. Палажэнні вынаходніцкага права пашыраюцца на аўтараў адкрыццяў, вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў — фіз. і юрыд. асоб Беларусі, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і замежных юрыд. асоб — і вынікі іх вынаходніцкай дзейнасці на тэр. Беларусі. Калі міжнар. дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены інш. правілы, чым тыя, што змешчаны ў нац. заканадаўстве, выкарыстоўваюцца правілы міжнар. дагавору.

Вынаходніцкае права замацоўвае за аўтарамі права на ўзнагароджанне і шэраг немаёмасных правоў (права на аўтарства, права даць вынаходству сваё імя ці якую-небудзь спец. назву і інш.), рэгулюе парадак выкарыстання вынаходстваў і ўкараненне рацыяналізатарскіх прапаноў і інш. Правы аўтараў ахоўваюцца ў адм. і судовым парадку.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЦІНА́НКА, выстрыганка,

ажурны ўзор, выразаны з рознакаляровай паперы. Радзіма выцінанкі — Стараж. Кітай, у 18—19 ст. былі пашыраны ў многіх народаў Еўропы. У беларусаў выкарыстоўваліся з канца 19 ст. для аздаблення інтэр’ера жылля (фіранкі на вокны, падзоры на паліцы, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і інш.), на З Беларусі чорнымі ці паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі беленыя сцены. Паводле кампазіцыі бел. выцінанкі падзяляюцца на замкнёныя (квадратныя, шматвугольныя, круглыя сурвэткі, якія выразалі з веерападобна складзенага ў 8—16 разоў аркуша паперы), рапортныя (паперу складвалі гармонікам, у выніку атрымліваліся фіранкі, падзоры) і сіметрычныя (выразалі з паперы, складзенай папалам, атрымлівалі аздобы на сцены з 2 сіметрычных палавін, напр. птушкі вакол дрэва або вазона). Найб. пашырэнне мелі аднаколерныя выцінанкі, часам — шматслойныя паліхромныя. Узоры пераважна геаметрычныя, радзей раслінныя, зааморфныя, антрапаморфныя, падобныя на вышываныя або маляваныя.

Я.​М.​Сахута.

Выцінанка.

т. 4, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗКАСЦЬ БІЯЛАГІ́ЧНЫХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,

уласцівасць структураваных высокадысперсных асяроддзяў біял. паходжання (клетачнай цытаплазмы, ліквору, лімфы і плазмы крыві і інш.), супраціўляцца перамяшчэнню адной іх часткі адносна другой. У большасці выпадкаў вызначаецца структурнай вязкасцю і ў адрозненне ад нармальных (ньютанаўскіх) вадкасцей (вада, спірт, вазелінавы алей і інш.) лічыцца анамальнай — назіраюцца адхіленні паводле тыпу тыксатрапіі. У анамальных вадкасцях (напр., высокадысперсных біял. асяроддзях і растворах біяпалімераў) за кошт сіл счэплівання часцінак або макрамалекул узнікаюць трывалыя прасторавыя структуры, якія выклікаюць рэзкае павышэнне вязкасці. Абсалютная вязкасць цытаплазмы вагаецца ад 2 да 50 спз (1 спз = 10​−3н∙с/м²), яна мяняецца ў розных частках клеткі і ў розныя перыяды жыцця, залежыць ад т-ры і ўздзеяння апрамянення. Вязкасць крыві ў чалавека ў норме 4—5 спз, пры паталагічных працэсах вагаецца ад 1,7 да 22,9 спз, што паказвае САЭ (скорасць асядання эрытрацытаў).

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)