КРУГЛАГАЛО́ЎКІ (Phrynocephalus),

род яшчарак сям. агам. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі (ад Каспійскага м. да Кітая). Большасць відаў жыве ў пясчаных, гліністых або камяністых пустынях і паўпустынях.

Самая буйная — К. вушастая (Ph. mystaceus), самая маленькая — К. пясчаная (Ph. interscapularis).

Даўж. 7—25 см. Галава кароткая, закругленая. Тулава пляскатае, часам моцна расшыранае. Лускавінкі па краях пальцаў утвараюць зубчыкі. Хвост здольны закручвацца на спіну. Афарбоўка цела — пал колер грунту. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, павукамі. Адкладваюць яйцы, К. тыбецкая (Ph. theobaldi) яйцажывародная. К. вушастая вызначаецца наяўнасцю ў вуглах рота вял. скурных складак з махрамі па краях. якія нагадваюць вушы (адсюль назва).

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)