расійскі гісторык. Чл.-кар.АНСССР (1976), д-ргіст.н. (1960), праф. (1971). Скончыў Ленінградскі ун-т (1941). З 1948 у Ін-це гісторыі АНСССР, з 1969 заг. сектара. Адначасова ў 1949—53 заг. аддзела час. «Вопросы истории», з 1968 выкладаў у Маскоўскім абл.пед. ін-це, Маскоўскім гіст.-архіўным ін-це. Даследаваў гісторыю эпохі феадалізму Расіі, Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі, займаўся крыніцазнаўствам і гістарыяграфіяй. Адзін з аўтараў канцэпцыі ўтварэння ВКЛ, паводле якой у 1-й пал. 13 ст. на тэр.сучаснай Літвы ўтварылася раннефеад. балцкая дзяржава, што ў сваім развіцці прайшла 3 этапы: канфедэрацыя зямель, потым іх саюз і раннефеад. манархія. Захоп. літ. феадаламі Беларусі лічыў пачаткам пераўтварэння невял. Літ. дзяржавы ў ВКЛ. Пісаў пра сінтэз грамадскага ладу Літвы са значна больш развітымі феад. ін-тамі Беларусі, але не прызнаваў за бел. землямі актыўнай ролі ў стварэнні і развіцці ВКЛ. Падтрымліваў тэзіс пра шматвяковае імкненне беларусаў да ўз’яднання з Расіяй.
Тв.:
Образование Литовского государства. М., 1959;
Древнерусское государство и его международное значение. М., 1965 (у сааўт);
Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства. М., 1982 (разам з Б.М.Флорай, Г.Л.Харашкевіч);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМО́ВАЯ МО́ВА,
мова, на якой створана пісьменнасць і якая мае пісьмовую традыцыю. Пры дапамозе П.м. ажыццяўляюцца зносіны паміж людзьмі, фіксуецца і перадаецца інфармацыя. Для перадачы П.м. ствараюцца сістэмы графічных знакаў (літар, іерогліфаў, лічбаў і інш., гл.Пісьмо), правіл (арфаграфіі, пунктуацыі і інш.), а таксама неабходны матэрыял (папера, скура, тканіна і інш.).
П.м. адрозніваецца ад вуснай мовы тым, што разлічана на зрокавае ўспрыманне, больш позняя па часе ўзнікнення. Яна характарызуецца стройнасцю і паслядоўнасцю выкладання думкі, ужываннем складаных і ўскладненых сінтакс. канструкцый, абстрактнай, спец. і тэрміналагічнай лексікі; адсутнасцю дапамогі з боку жэстаў, мімікі, гукавой інтанацыі.
П.м. неабходная для многіх стыляў мовы. напр., навук., афіц.-дзелавога. Калі П.м. губляе сувязь з жывым маўленнем, то становіцца мёртвай мовай. Існуюць пісьмовыя штучныя мовы.
Пісьмовая беларуская мова пачала фарміравацца ў 13 ст. Зараз яна рэалізуецца ў разнавіднасцях: уніфікаваная, літ. П.м. — агульнапрынятая, без парушэнняў норм сучаснайбел.літаратурнай мовы; неліт. П.м. — з вял. парушэннем агульнапрынятых літ. норм, напр., фанет. транскрыпцыя дыялектнай мовы (гл.Дыялект), сац. жаргонаў і інш.; стылізаваная П.м. — матываваная літ.-гутарковая, літ.-прастамоўная, літ.-дыялектная П.м., якая часта сустракаецца ў мове маст. твораў і служыць для стварэння адпаведнага каларыту.
Літ.:
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́К-МУ́ЗЫКА (ад англ. roc music),
абагульненая назва сукупнасці стыляў і кірункаў сучаснай папулярнай музыкі, першавытокам якой лічыцца рок-н-рол. Сфарміравалася на мяжы 1950—60-х г. у Вялікабрытаніі і ЗША. Да канца 1960-х г. музыка ў выкананні груп «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», і інш. часцей называлася біг-бітам. Тэрмін Р.-м. ўвайшоў ва ўжытак з 1-й пал. 1970-х г. пасля з’яўлення шэрагу калектываў, якія выконвалі гучную, жорсткую па рытме, са скажоным электронікай гучаннем інструментаў музыку. Для Р.-м. характэрны непасрэдная падача муз. матэрыялу, жывое гучанне інструментаў з істотным узмацненнем, жорсткімі рытмавымі структурамі, імкненне выказацца адкрыта, найчасцей ад першай асобы. Як правіла, гэта аўтарская творчасць (музыку і тэксты песень звычайна ствараюць удзельнікі калектыву). У канцы 20 ст. ў сувязі з глабальнай камерцыялізацыяй муз. рынку Р.-м. прайшла значную стылявую эвалюцыю ў бок спрашчэння. Найб. вядомыя калектывы Р.-м. — «Машына часу», «Аракс», «ДДТ», «Аліса», «Наўцілус Пампіліус» (Расія), «Анціс» (Літва), «Магнетык бэнд» (Эстонія), «Ляманты Відаплясава» (Украіна). З бел. калектываў Р.-м. найб. значную ролю адыгралі біт-групы «Пані-Брацця»; «Алгарытмы» (канец 1960-х г.), групы «Сузор’е» (1970—80-я г.), «Бонда», «Мроя» (1980-я г.), «Уліс», «Крама» (1980—90-я г.), «Мясцовы час», «N.R.M.», «Нейра Дзюбель» і А.Шадзько і група «Сястра» (1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮЛЬ-БЮЛЬ,
азербайджанскія музыканты, бацька і сын.
Бацька (сапр. прозвішча і імя Мамедаў Муртуза Мешады Рза аглы, 12.6.1897, г. Шуша, Нагорны Карабах — 26.9 1961), спявак (лірыка-драм. тэнар), педагог. Нар.арт.СССР (1938). Адзін з заснавальнікаў азерб.прафес.вак. школы і муз.т-ра. Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1927), выкладаў у ёй (праф. з 1940). Удасканальваў майстэрства ў Італіі (1927—31). З 1920 у Азерб. т-ры оперы і балета. Сярод партый: Кёр-аглы, Керэм («Кёр-аглы», «Аслі і Керэм» У.Гаджыбекава), Альяр («Нэргіз» А.М.М.Магамаева), Нізамі («Нізамі» А.Бадалбейлі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні). Запісаў больш як 200 азерб.нар. песень (выдаў 3 зборнікі). Выконваў мугамы, нар. песні. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Палад аглы (н. 4.2.1945, г. Баку), кампазітар, эстрадны спявак. Засл. дз. маст. (1973) і нар.арт. (1982) Азербайджана. Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1968, клас К.Караева). З 1975 маст. кіраўнік Эстраднага ансамбля Азербайджана, з 1987 маст. кіраўнік—дырэктар Азерб. філармоніі. Міністр культуры Азербайджана (1988). Выканаўца песень, у т. л. ўласных, у якіх спалучае асаблівасці нац.азерб. музыкі з характэрнымі рытмамі сучаснай эстрады. Аўтар сімфоніі (1980), сімф. паэм, струннага квартэта, вак. цыклаў, сюіт і п’ес для эстр. аркестра, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Здымаўся ў кіно.
Літ.:
Заболотских Б. Соловей из Шуши: Жизнь и творчество нар.арт.СССР Бюль-Бюля. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАТЭ́ХНІКА (ад агра... + тэхніка),
сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).
Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл.Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.
На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл.Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯу псіхалогіі,
сувязь паміж псіхічнымі з’явамі, калі актуалізацыя (успрыманне або ўяўленне) адной з іх выклікае з’яўленне другой. Найб. вядомыя асацыяцыі па сумежжы (у прасторы або часе), падабенстве або кантрасце. У іх могуць спалучацца думкі, адчуванні, успрыманні, рухі або вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці без бачнай знешняй прычыны.
Упершыню пра наяўнасць такіх сувязяў пісаў Арыстоцель. У навук. ўжытак тэрмін «асацыяцыя» ўвёў у 1698 Дж.Лок, які лічыў, што асацыяцыі ствараюць штучныя, неадэкватныя спалучэнні. У 18—19 ст. у трактоўцы асацыяцыі існавалі розныя падыходы і кірункі. Дж.Берклі і Д.Юм разглядалі асацыяцыю як праяву суб’ектыўнай дзейнасці свядомасці. Д.Гартлі лічыў яе вынікам мінулага вопыту чалавека, які адлюстроўваўся ў яго нервовай сістэме. Дж.Міль сцвярджаў, што псіхіка — гэта сістэма асацыятыўных адчуванняў. А.Бэн і Дж.С.Міль прызнавалі магчымасць узнікнення якасна новых псіхічных з’яў з адчування. З паняцця асацыяцыі пры тлумачэнні дынамікі псіхічных працэсаў зыходзілі прадстаўнікі ўсіх асн. кірункаў асацыятыўнай псіхалогіі (гл.Асацыянізм). На пач. 20 ст. К.Г.Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент для выяўлення неўсвядомленых, схаваных афектных утварэнняў (комплексаў). Падобныя эксперыменты выкарыстоўваў Ч.Дарвін для вывучэння эмоцый і Т.Эбінгаўз для даследавання памяці.
У сучаснай псіхалогіі вывучэнне асацыяцыі праводзіцца з мэтай выяўлення спецыфікі розных псіхічных працэсаў і з’яў.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́МБЕЛЬ (Андрэй Ануфрыевіч) (30.10.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. Расія — 13.10.1986),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1962). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1924—27) у М.Керзіна. Скончыў Ленінградскую АМ (1934). З 1947 на пед. рабоце, з 1953 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Яго творчасці ўласцівы апавядальнасць, імкненне да абагульнення, лаканічнасць і выразнасць формы. Першая манум. работа (з У.Рытарам) — рэльефы для Дома ўрада і Дома афіцэраў у Мінску (1932—36). Сярод работ, створаных у гады вайны, скульптура Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэла. У пасляваенны час ім выкананы гарэльеф для Манумента Перамогі ў Мінску — «9 мая 1945 года», помнік Дз.І.Мендзялееву перад будынкам хім. ф-та Маскоўскага ун-та, статуя «Беларусь сацыялістычная» для бел. павільёна на ВДНГ у Маскве, партрэты бел. акцёра П.С.Малчанава, партыз. камандзіраў Дз.Ц.Гуляева, П.З.Калініна і інш. Аўтар Кургана Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (арх. А.Стаховіч, 1969, Дзярж. прэмія Беларусі 1970), мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой (1971). У 1970—80-я г. стварыў партрэты Я.Купалы, А.Блока, І.Шамякіна і інш. У 1995 у Мінску ў яго доме-майстэрні створаны Музей сучаснайбел. скульптуры імя А.Бембеля.
Літ.:
Крэпак Б.А. Андрэй Бембель. Мн., 1988.
Н.В.Шаранговіч.
А.А.Бембель.А.Бембель. Герой Савецкага Саюза М.Ф.Гастэла. 1943.
савецкі вучоны, мысліцель і грамадскі дзеяч; заснавальнік геахіміі, біягеахіміі, радыегеалогіі, цэласнага вучэння аб біясферы, жывой матэрыі (арганізуючай зямную абалонку) і эвалюцыі біясферы ў наасферу (сферу розуму). Сын І.В.Вярнадскага. Акад.АНСССР (Пецярбургскай АН, 1912). Замежны чл. Чэхаславацкай АН (1926), Сербскай АН (1926), Парыжскай АН (1928) і інш. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1885). Навук. і пед. дзейнасць звязана пераважна з Расійскай АН (1906—45) і Маскоўскім ун-там (1890—1911). Адзін з арганізатараў камісіі па вывучэнні натуральных вытворчых сіл Расіі (1915—30), АНУкр. ССР (першы прэзідэнт 1919—21), Дзярж. радыевага ін-та (дырэктар 1922—39), Біягеахім. лабараторыі АНСССР (дырэктар 1927—45; Ін-т геахіміі і аналітычнай хіміі імя Вернадскага), міжнар. камісіі па вызначэнні абс. ўзросту горных парод (віцэ-прэзідэнт 1937—45), Камісіі па ізатопах (1938), Уранавай камісіі (1939). Працаваў у Радыевым ін-це ў Сарбоне (Парыж) разам з М.Кюры-Складоўскай, у Карлавым ун-це (Прага). Распрацаваў тэорыю будовы алюмасілікатаў. Ідэі Вернадскага сыгралі выдатную ролю ў станаўленні сучаснай карціны свету. Яго вучэнне аб узаемаадносінах прыроды і грамадства зрабіла моцны ўплыў на фарміраванне сучаснага экалагічнага ўсведамлення. Стварыў навук. школу рус. мінералогаў і геахімікаў. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Тв.:
Избр. соч. Т. 1—5. М., 1954—60.
Літ.:
Мочалов И.И. В.И.Вернадский — человек и мыслитель. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭДУ́КЦЫЯ (ад лац. deductio вывядзенне),
спосаб вывядзення заключэнняў ад агульнага да канкрэтнага і адзінкавага, ад агульных разважанняў да канкрэтных або інш. вывадаў. У шырокім сэнсе — любы вывад увогуле, без якога не абыходзяцца паўсядзённыя разважанні і працэс пабудовы навук. тэорый. Упершыню тэорыя Д. распрацавана Арыстоцелем, сустракаецца ў творах Баэцыя. Ф.Бэкан недаацэньваў ролю Д. ў працэсе навук. пазнання. Р.Дэкарт супрацьпастаўляў Д. інтуіцыі. Г.Лейбніц выказваў ідэю пабудовы логікі як вылічэння, паставіў задачу вывучэння лагічных уласцівасцей адносін з мэтай пашырэння сродкаў дэдукцыйнага вываду. У сучаснай логіцы Д. разумеюць як абагульнены вывад, у якім з выказванняў, што існуюць, па правілах логікі будуецца новае (заключэнне), а выказванні, з якіх яно атрымліваецца, наз. пасылкамі. Пасылкі размяшчаюцца вольна, тэарэт. ланцуг можа быць вялікім, але заўсёды мае канец. Калі пасылкі праўдзівыя і правілы дэдукцыйнага вываду не парушаны, то заключэнне заўсёды ісціннае. Д. цесна звязана з назіраннем, эксперыментам (гл.Дослед) і індукцыяй. Ужываецца для пабудовы навук. тэорый у матэматыцы, логіцы, а таксама фізіцы, біялогіі, сацыялогіі і інш. навуках. Складанымі з’яўляюцца філас. праблемы, якія звязаны з дэдукцыйнымі вывадамі і даследуюцца ў розных кірунках філасофіі (напр., эмпірызме, рацыяналізме, марксізме і інш.). Метады і правілы Д. вывучаюцца логікай, тэорыяй пазнання і псіхалогіяй. Дэдукцыйныя працэсы, што вывучаюцца матэм. сродкамі, можна аўтаматызаваць з дапамогай ЭВМ.
Літ.:
Логика научного познания. М., 1987;
Пугач Г.В. Познавательная активность человека. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЧАСОПІСЫ,
часопісы, якія асвятляюць пытанні гісторыі, у т. л. тэарэтычныя, і спец.гіст. дысцыплін (археалогіі, этнаграфіі і інш.). Выдаюцца навук. ўстановамі, ВНУ (пераважна універсітэтамі), гіст. т-вамі і асацыяцыямі, музеямі, архівамі, асобнымі гісторыкамі. Падзяляюцца на навук., навук.-папулярныя і папулярныя, паводле зместу — на універсальныя (прысвечаны сусв. гісторыі) і спецыялізаваныя (гісторыя асобных краін ці рэгіёнаў). З’явіліся ў 19 ст. ў Германіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Расіі і інш. краінах у сувязі са станаўленнем гісторыі як навукі. Найб. вядомыя замежныя гістарычныя часопісы: у Вялікабрытаніі «The English historical review» («Англійскі гістарычны агляд», з 1886), «History» («Гісторыя», з 1912); у Германіі «Historische Zeitschrift» («Гістарычны часопіс», з 1859), «Vierteljahrshefte für Zeitgeschichte» («Квартальнік сучаснай гісторыі», з 1953); у Францыі «Revue historique» («Гістарычны агляд», з 1876), «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі», з 1929); у ЗША «The American historical review» («Амерыканскі гістарычны агляд», з 1895); у Польшчы «Wiadomości archeologiczne» («Археалагічныя весці», з 1873), «Kwartalnik historyczny» («Гістарычны квартальнік», з 1887), «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд», з 1905), «Wojskowy przegląd historyczny» («Ваенна-гістарычны агляд», з 1956); у Расіі «Отечественные архивы» (з 1923), «Вопросы истории», «Вестник древней истории» (з 1937), «Военно-исторический журнал», «Новая и новейшая история» (з 1957), «Отечественная история» (з 1957); на Украіне «Український історичний журнал» (з 1957). У Беларусі выдаюцца «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларуская мінуўшчына», «Беларускі гістарычны агляд», «Спадчына».